разварот, ‑у, М ‑роце, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. развярнуць (у 4 знач.) і развярнуцца (у 2 знач.).
2. Паварот з мэтай змяніць напрамак руху. Падляцеўшы да рачулкі, .. [самалёт] крыху знізіўся і зрабіў разварот. Даніленка. Нечакана перад самым ровам танк зрабіў разварот на дзевяноста градусаў. М. Ткачоў. // Выгіб, паварот, які ўтвараецца чым‑н. (дарогай, вуліцай і пад.). Трамвайныя лініі рабілі разварот і перасякалі асфальт вуліцы ў двух месцах. Пташнікаў.
3. Дзве сумежныя старонкі разгорнутай кнігі, часопіса, сшытка і пад. Разварот газеты. ▪ Гэта была карта — карта на ўвесь разварот часопіса. Ракітны.
4. Разм. Шырыня, размах у развіцці, у праяўленні чаго‑н. Разварот падзей. // Магчымасць разгарнуцца, праявіць сябе, паказаць сябе. [Баравы:] — Вось і мая такая думка: трэба не даваць .. [варажбітцы] тут ніякага развароту. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)