разле́злы, ‑ая, ‑ае.
1. Які падраўся, пранасіўся, распоўзся (пра адзенне, тканіну і пад.). Разлезлы мех. Разлезлыя валёнкі. □ Потым [Іван] павольна пакрочыў, [пакідаючы] ў снезе разлезлымі, перавязанымі дротам ботамі няўклюдныя сляды. Навуменка. Зразумела, меў бы Шурка іншае адзенне, каб змяніць гэты разлезлы .. балахон, усё было б проста. Мехаў.
2. Вельмі прамоклы, размоклы. Міця Царыкаў ганяў камбайн па разлезлай гразі двара, а Кавалёва з Паньковым прыслухоўваліся да рытмічнага гулу матора. Дуброўскі. Машыну трэсла і кідала на разлезлых ад апошніх дажджоў ускраінных вулках, пакуль не ўз’ехалі на цэнтральную вуліцу. Хадкевіч. // Раскіслы. Салёны разлезлы агурок.
3. Разм. Які страціў фігуру, празмерна растаўсцеўшы; распоўзлы. Павязаная хусткай галава з насунутай на вушы пілоткай робіць немца падобным на старую разлезлую бабу. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)