ІНЕ́РЦЫІ ЗАКО́Н,

закон механікі, паводле якога цела пры ўзаемным ураўнаважанні ўсіх сіл, што на яго дзейнічаюць, захоўвае стан спакою або раўнамернага прамалінейнага руху, пакуль прыкладзеныя сілы не вымусяць яго змяніць гэты стан. Адкрыты Г.​Галілеем у 1632, сфармуляваны І.​Ньютанам як першы з Ньютана законаў механікі.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАСПАРЫ́Я (ад іза... + спора),

раўнаспоравасць, утварэнне ў раслін спор аднолькавага памеру. Характэрна для папарацей (акрамя водных — сальвініі, марсіліі, азолы), хвашчоў, дзеразовых (за выключэннем селагінелы). У залежнасці ад умоў жыўлення і асвятлення ў некат. хвашчоў з аднолькавых спор развіваюцца дробныя (мужчынскія) зарасткі з антэрыдыямі ці буйныя (жаночыя) з архегоніямі. Пры рэгуляванні ўмоў прарастання спор можна змяніць пол зарастка.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСІРО́ЎКА (ням. Lasierung літар. пакрыццё палівай),

прыём тэхнікі жывапісу. На высахлыя шчыльныя слаі фарбы наносяць тонкія слаі празрыстых або паўпразрыстых фарбаў. Л. дазваляе змяніць, узмацніць або аслабіць колеравыя тоны, дасягнуць іх лёгкасці і гучнасці, узбагаціць каларыт, надаць яму большае адзінства і гармонію. Вядома са старажытнасці. Пашырана ў практыцы жывапісцаў 16—19 ст. як завяршальны этап стварэння карціны. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў кірунках жывапісу, арыентаваных на класічную традыцыю.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙНЕРЫ,

рускія пісьменнікі, браты. Ураджэнцы Масквы.

Аркадзь Аляксандравіч (н. 31.1.1931). Скончыў Маскоўскі юрыд. ін-т (1953); Георгій Аляксандравіч (н. 10.2.1938). Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1963). Аўтары дэтэктыўных раманаў «Я, следчы...» (1969), «Візіт да Мінатаўра» (кн. 1—2, 1971—72), «Гонкі па вертыкалі» (ч. 1, 1971, поўн. выд. 1974), «Месца сустрэчы змяніць нельга» (1975, пазней «Эра міласэрнасці»); аповесцей «Гадзіннік для містэра Келі» (1967), «Вобмацкам апоўдні» (1968), «Двое сярод людзей» (1969), «Горад прыняў» (1978), нарысаў, п’ес і кінасцэнарыяў.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБНАЎЛЕ́НЦЫ,

апазіцыйны рух у рус. правасл. царкве ў 1920—40-я г. Узніклі пасля Кастр. рэвалюцыі. Выступалі за «абнаўленне царквы», за яе лаяльныя адносіны да Сав. дзяржавы; мелі на мэце змяніць традыц. формы рэліг. дзейнасці, не закранаючы асновы веравучэння і культу. Змагаліся супраць кіраўніцтва афіц. рус. царквы, якое ў пач. 1920-х г. займала антысав. пазіцыі.

Асн. групы абнаўленцаў: «Жывая царква», «Царкоўнае адраджэнне», «Саюз абшчын старажытнаапостальскай царквы». З пераходам кіраўніцтва патрыяршай царквы на шлях лаяльнасці рух абнаўленцаў пачаў затухаць. Многія з іх парвалі з рэлігіяй, некаторыя вярнуліся ў старую царкву. Пасля смерці аднаго з лідэраў абнаўленства А.​І.​Увядзенскага (1946) рух спыніўся.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЦКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (25.1.1938, Масква — 25.7.1980),

рускі паэт, акцёр, аўтар і выканаўца песень. У лірыка-рамантычных, камічных і сатыр. песнях, баладах, спавядальных вершах (зб. «Нерв», 1981; «Я, вядома, вярнуся...», 1988) адчувальныя матывы рус. гарадскога раманса. Творы Высоцкага вызначаюцца шчырай пранікнёнасцю і лірызмам (асабліва вершы і песні пра вайну), кожны з іх напісаны «нервам» паэта. З 1964 у Маскоўскім т-ры на Таганцы. Сярод роляў Хлапуша («Пугачоў» паводле С.​Ясеніна), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава) і інш. Здымаўся ў маст. фільмах «Вертыкаль», «Кароткія сустрэчы», «Месца сустрэчы змяніць нельга» і інш. Трагічны герой Высоцкага — асоба нязломная, бунтар-адзіночка, які ўсведамляе сваю асуджанасць, але застаецца непахісны да канца. Дзярж. прэмія СССР 1987.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ (Яўген Аляксандравіч) (9.10.1926, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.3.1992),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1951) і Школу-студыю МХАТ (1956; з 1983 праф. у ёй). У 1957—70 у Маск. т-ры «Сучаснік». З 1971 у МХАТ (з 1989 у МХАТ імя А.​Чэхава). Яго мастацтву ўласцівы тонкасць псіхал. аналізу, трапнасць сац.-быт. характарыстыкі персанажа, разнастайнасць фарбаў (ад лірыкі да едкага сарказму): Кароль («Голы кароль» Я.​Шварца), Серабракоў, Фірс, Шабельскі («Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сал», «Іванаў» Чэхава), Пётр Хромаў («Сталявары» Г.​Бокарава, Дзярж. прэмія СССР 1974). З 1957 здымаўся ў кіна- і тэлефільмах: «Сцеражыся аўтамабіля», «Бег», «Старыя-разбойнікі», «Дзямідавы», «Па сямейных абставінах», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАЖЫ́ЗМ (англ. imagism ад image вобраз),

школа ў англамоўнай паэзіі 1910-х г., якая аб’ядноўвала англ. (Т.​Э.​Х’юм, Ф.​М.​Флінт, Р.​Олдынгтан) і амер. (Э.​Паўнд, Т.​С.​Эліят, Х.​Дулітл, У.​К.​Уільямс, Э.​Лоўэл) пісьменнікаў. Тэарэтыкі І. (Паўнд, Х’юм) проціпастаўлялі суб’ектыўнаму перажыванню рамантыкаў дакладнае «неакласічнае» адлюстраванне. Змяняючы рэальнасць да асацыятыўнага вобраза, пераважна зрокавага, у якім часам спалучаліся далёкія адзін ад аднаго паняцці і прадметы, імажысты імкнуліся да ўзбагачэння форм англ. верша. З І. звязана ўзнікненне урбаністычных матываў, адмаўленне ад традыц. метрыкі і шырокае распаўсюджанне верлібра, спробы змяніць рыфму. Зрабіў значны ўплыў на развіццё англамоўнай паэзіі 20 ст.

Літ.:

Ионкис Г.Э. Эстетические искания поэтов Англии (1910—1930). Кишинев, 1979.

К.​М.​Міхееў.

т. 7, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭСТА́ЦЫЯ,

1) службовая — вызначаны заканадаўствам парадак праверкі кваліфікацыі і дзелавых якасцяў работнікаў праз перыядычную ацэнку іх ведаў, вопыту, навыкаў і здольнасцяў да выканання канкрэтных абавязкаў па дадзенай спецыяльнасці ці пасадзе. Праводзіцца не радзей як 1 раз у 3—5 гадоў атэстацыйнай камісіяй, прызначанай вышэйстаячымі органамі ці адміністрацыяй, узгодненай з прафсаюзамі. Па выніках атэстацыі камісія можа прапанаваць адміністрацыі заахвоціць работніка, змяніць службовы аклад, уключыць у рэзерв на больш высокую пасаду, панізіць на пасадзе ці звольніць. Канчатковае рашэнне прымае кіраўнік адміністрацыі не пазней як праз 2 месяцы пасля атэстацыі.

2) атэстацыя рабочых месцаў — праверка рабочых месцаў на адпаведнасць нарматыўным параметрам.

3) атэстацыя прадукцыі — афіцыйнае вызначэнне якасці прадукцыі з выдачай спец. дакумента.

4) У бухгалтэрыі — аўдытарскае заключэнне, якое пацвярджае дакладнасць фін. справаздач (гл. Аўдыт).

Н.​А.​Карповіч.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫГАРХАНЯ́Н (Армен Барысавіч) (н. 3.10.1935, Ерэван),

армянскі і расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ерэванскі маст.-тэатр. ін-т (1958). Ў 1955—66 у Рус. драм. т-ры (Ерэван), у 1969—96 у т-ры імя У.​Маякоўскага, з 1996 у «Ленкоме» (Масква). Акцёр моцнага тэмпераменту, майстар пераўвасаблення, стварае тонкі і заўсёды дакладны псіхал. малюнак вобраза. Сярод роляў: Стэнлі Кавальскі («Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса), Сакрат і Нерон («Гутаркі з Сакратам» і «Тэатр часоў Нерона і Сенекі» Э.​Радзінскага), Хлудаў («Бег» М.​Булгакава), Мэндэль Крык («Захад сонца» І.​Бабеля). З 1960 здымаецца ў кіно («Добры дзень, гэта я!», «Калі настае верасень», «Жураўлік», «Тэгеран-43») і тэлефільмах («Аперацыя «Трэст», «Нікало Паганіні», «Добры дзень, я ваша цёця», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Сабака на сене» і інш.). Дзярж. прэміі Арменіі 1975, 1979.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)