ДЖЫГАРХАНЯ́Н Армен Барысавіч
(н. 3.10.1935, Ерэван),
армянскі і расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ерэванскі маст.-тэатр. ін-т (1958). Ў 1955—66 у Рус. драм. т-ры (Ерэван), у 1969—96 у т-ры імя У.Маякоўскага, з 1996 у «Ленкоме» (Масква). Акцёр моцнага тэмпераменту, майстар пераўвасаблення, стварае тонкі і заўсёды дакладны псіхал. малюнак вобраза. Сярод роляў: Стэнлі Кавальскі («Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса), Сакрат і Нерон («Гутаркі з Сакратам» і «Тэатр часоў Нерона і Сенекі» Э.Радзінскага), Хлудаў («Бег» М.Булгакава), Мэндэль Крык («Захад сонца» І.Бабеля). З 1960 здымаецца ў кіно («Добры дзень, гэта я!», «Калі настае верасень», «Жураўлік», «Тэгеран-43») і тэлефільмах («Аперацыя «Трэст», «Нікало Паганіні», «Добры дзень, я ваша цёця», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Сабака на сене» і інш.). Дзярж. прэміі Арменіі 1975, 1979.
т. 6, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)