ВЫСО́ЦКІ Уладзімір Сямёнавіч

(25.1.1938, Масква — 25.7.1980),

рускі паэт, акцёр, аўтар і выканаўца песень. У лірыка-рамантычных, камічных і сатыр. песнях, баладах, спавядальных вершах (зб. «Нерв», 1981; «Я, вядома, вярнуся...», 1988) адчувальныя матывы рус. гарадскога раманса. Творы Высоцкага вызначаюцца шчырай пранікнёнасцю і лірызмам (асабліва вершы і песні пра вайну), кожны з іх напісаны «нервам» паэта. З 1964 у Маскоўскім т-ры на Таганцы. Сярод роляў Хлапуша («Пугачоў» паводле С.Ясеніна), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава) і інш. Здымаўся ў маст. фільмах «Вертыкаль», «Кароткія сустрэчы», «Месца сустрэчы змяніць нельга» і інш. Трагічны герой Высоцкага — асоба нязломная, бунтар-адзіночка, які ўсведамляе сваю асуджанасць, але застаецца непахісны да канца. Дзярж. прэмія СССР 1987.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)