ІМАЖЫ́ЗМ (англ. imagism ад image вобраз),
школа ў англамоўнай паэзіі 1910-х г., якая аб’ядноўвала англ. (Т.Э.Х’юм, Ф.М.Флінт, Р.Олдынгтан) і амер. (Э.Паўнд, Т.С.Эліят, Х.Дулітл, У.К.Уільямс, Э.Лоўэл) пісьменнікаў. Тэарэтыкі І. (Паўнд, Х’юм) проціпастаўлялі суб’ектыўнаму перажыванню рамантыкаў дакладнае «неакласічнае» адлюстраванне. Змяняючы рэальнасць да асацыятыўнага вобраза, пераважна зрокавага, у якім часам спалучаліся далёкія адзін ад аднаго паняцці і прадметы, імажысты імкнуліся да ўзбагачэння форм англ. верша. З І. звязана ўзнікненне урбаністычных матываў, адмаўленне ад традыц. метрыкі і шырокае распаўсюджанне верлібра, спробы змяніць рыфму. Зрабіў значны ўплыў на развіццё англамоўнай паэзіі 20 ст.
Літ.:
Ионкис Г.Э. Эстетические искания поэтов Англии (1910—1930). Кишинев, 1979.
К.М.Міхееў.
т. 7, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)