Ма́ціца ’перламутр’ (ТСБМ), пярловыя маці́цы ’пацеркі з жэмчуга’, крывавыя маціцы ’пацеркі з граната’ (Малч.); ма́ці́ца, ма́тіца (шчуч., беласт., бяроз.) ’галоўны корань у дрэве’, воран. маці́чны кароне ’тс’ (Сл. ПЗБ); ма́ціца, мацяры́к ’тс’ (Сцяшк. Сл.); ма́ціца, ма́тіца ’падоўжная бэлька ў будынку, трам’ (Нар. сл., Касп., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Мат. Маг.), ’бярвенні, якія кладуцца ўпоперак зруба ў верхнім вянку’ (шкл., лун., рас., Шатал.), ст.-бел. матица ’вінаградная лаза’, ’перламутр’ (XVI ст.). Яшчэ ст.-рус. матица ’асноўная, апорная частка чаго-небудзь’, жемчужная матица ’ракавіна жэмчуга’ (XVII ст.), польск. macica, в.-луж. maćica, чэш. matice, славац. matica, славен. mática, серб.-харв. ма̏тица, макед., балг. матица. Прасл. matica — вытворнае ад mati > ма́ці1 (гл.). (Бязлай, 2, 171; БЕР, 3, 685–686; Булахоўскі, Выбр. пр., 3, 352). Гл. таксама маці́ца.

Маці́ца ’матка, uterus’ (Нас.; гродз., шальч., воран., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 50), паходзіць з польск. macica ’тс’. Відавочна, толькі ў паўн.-зах. зоне. Параўн. яшчэ ст.-рус. матица ’тс’ (XVII ст.) < прасл. matica ’пачатак, крыніца чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турча́ць, турчэ́ць ‘адзывацца гукамі (пра насякомых, земнаводных, птушак, хатніх жывёл і інш.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Варл., Растарг., Шатал., Сл. ПЗБ, Юрч. Вытв., Мат. Гом.), ‘муркаць, варкатаць’ (Байк. і Некр., Растарг.): кошка турчы́ць (Сержп. Прымхі), ‘крычаць, шумець’ (Абабур.), ‘гаварыць пустое’ (рагач., Мат. Гом.), ‘туркатаць, тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы)’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., ДАБМ, камент., 895; ашм., Сл. ПЗБ), ‘цуруліць’ (жлоб., добр., ветк., Мат. Гом.), ‘дзюрчаць’ (воран., Сл. ПЗБ, Юрч. Сіш), турчы́ць ‘бурліць (пра бягучую ваду)’ (в.-дзв., воран., слонім., клец., слаўг., чавус., ЛА, 2). Да ту́ркаць1 (гл.), дзеяслоў працяглага дзеяння на гукапераймальнай аснове. Параўн. Фасмер, 4, 126; ЕСУМ, 5, 681. Сюды ж вытворныя турча́нне ‘пранізлівы крык жабаў’ (Нас.), ‘балбатня, пустое плявузганне’ (Нас.), турчэ́нне ‘птушыны свіст’ (Юрч. Вытв.), турчо́к ‘цвыркун’ (смарг., Шатал.; полац., ЖНС; в.-дзв., луцэ., Сл. ПЗБ, Рэг. сл. Віц.), турчу́к, ту́рчык ‘мядзведка’ (Сл. ПЗБ), ту́рчык ‘голуб, туркаўка’ (Байк. і Некр.), турчы́ца ‘жаба, якая ўвесну моцна квакае’ (Сцяшк. Сл.), ту́рчалка ‘туркаўка’ (лельч., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нагне́тка ’?’: Як‑бы з руты ды нагнетак / Букет велькі май уклаў (Цётка). Няясна, якая кветка маецца на ўвазе; фармальна слова вельмі падобна да польск. nogietek ’наготка’, сустракаецца і ў форме nogietka (Steffen. Słownik Warmiński. Wrocław, 1984), аднак не выключана, што гэта іншая расліна, лекавыя ўласцівасці якой могуць выкарыстоўвацца ў народнай медыцыне, напрыклад для лячэння навярэджванняў, параўн. тураўск. нагнёт ’ціск, прыгнёт’, чэрв. нагне́сці ’набіць’, воран. нагнётка ’мазоль’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разбіра́ць1 ’разнімаць на састаўныя часткі’, ’сартаваць’ (ТСБМ), ’парадкаваць мясную тушу’ (ТСБМ; трак., дзятл., гарад., Сл. ПЗБ), ’разбураць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), розбіра́ць ’разумець, цяміць’, ’раздзіраць, расскубваць’, ’разнімаць тушу пасля забою’ (ТС). Ад раз- і браць (гл.)

Разбіраць2 ’слаць пасцель’ (ваўк., Сл. ПЗБ), розбіра́ць ’распранаць’ (ТС), разбіра́цца ’распранацца’ (Сцяшк.), разабра́цца ’распрануцца’ (воран., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.). З польск. rozbierać ’распранаць’, ’слаць ложак’, rozbierać się ’распранацца’, rozebrać się ’распрануцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Камя́к, камякі́, камяке́ ’сціснуты, змяты, злеплены кавалак мяккай масы’ (ТСБМ), ’камы, бульбяная каша’ (навагр., свісл., лун., Шатал.; стаўб., З нар. сл.; Федар. Рук.; слонім., Шн. 3; лях., барыс., дзярж., ганц., пух., ст.-дар., Сл. паўн.-зах.; Мал., Янк. БП, Гарэц., Сцяшк., Жд. 3); ’няўдала спечаны, глейкі хлеб’ (КЭС, лаг.; ашм., Сл. паўн.-зах.); шчуч. ’галушка’, ’засохлая гразь’, воран. ’макуха’ (Сл. паўн.-зах.). Прадуктыўнае ў бел. гаворках утварэнне з суфіксам ‑ʼак, да ком, камы1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маўклі́вы, моўклі́вы ’негаваркі, неахвочы да гутаркі’, ’нямы’, ’зразумелы без слоў’ (ТСБМ, Касп., КЭС, лаг., ігн., воран., Сл. ПЗБ). Да маўча́ць (гл.). Прасл. форма прыметніка mьlk‑(ъ)livъ або mьlkl‑ivъ (калі б ён быў утвораны на базе іменнай асновы на ‑l‑). Яго па форме можна супаставіць з серб.-харв. му̀кљив ’мокры, вільготны, сыры (напрыклад, аб дрэве, мокрым у сярэдзіне)’, чэш. mlklý, mlkvý, славац. mľkvy ’сыры, недаспелы’ (падрабязна аб іх гл. Петлева, Этимология–77, 35–38).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́дла ‘крыло’ (Байк. і Некр.; воран., Шатал.), скры́длы мн. л. ‘тс’ (Сцяшк., Інстр. 2), скры́дла, скры́дло, скры́длы, скры́для ‘крыло’, ‘рагач у калаўроце’ (паст., смарг., гродз., шальч., Сл. ПЗБ), скрыдэ́лка памянш. (лаг., КЭС), скры́далкі ‘плаўнікі’ (рас., Шатал.), сюды ж скра́дла ‘крылле’: пявун як замахае сваім скрадлам (Мат. Гом.). З польск. skrzydło ‘крыло’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 83). Ст.-бел. скридло, скрыдло кан. XVI — пач. XVII ст., з ст.-польск. (Булыка, Лекс. запазыч., 204). Гл. крыло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́йка1 ’лаянка’, ’вымова’ (Нас.), укр., рус. лайка ’тс’, ’буркун, сварлівы’. Да ла́яць, ла́яцца (гл.). Утворана, як бойка, сварка і інш. Аб суф. ‑к‑a гл. Сцяцко, Афікс. наз., 46–48.

Ла́йка2 ’жэрдка ў ёўні для прыціскання снапоў’, ’жэрдка ў ёўні, на якую насаджвалі снапы для сушкі’ (воран., Шатал.). Відавочна, у выніку перастаноўкі й ∼ л. Параўн. малар. ялка ’елка, яліна’ (Нар. лекс.), бых. яллё ’шост, які выкарыстоўваўся пры плаванні на лайбах і берлінах’ (Рам., 8).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перш ’раней, некалі, уперад’, ’спачатку’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Вяр., Шат., ТС, Растарг., Бяльк.; астрав., смарг., глыб., швянч., Сл. ПЗБ; докш., Янк. Мат.; Хрэст. дыял.), ’перш-наперш’ (сміл., Станк.; паст., ваўк., воран., Сл. ПЗБ), пэрш ’тс’ (кобр., кам., Сл. ПЗБ) — прыслоўе ў форме вышэйшай ступені (ад пе́ршы1 — гл.) утворана па ўзору суплетыўных форм менш, лепш, больш, горш. Сюды ж перш‑на́перш ’перш за ўсё’ (ашм., Стан.), перш‑напершу, перш‑на́пярш ’тс’ (віл., пух., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прасціна́1 ’прадмет пасцельнай бялізны’ (ТСБМ, Сцяшк.), прасціня́, прастаня́ ’тс’ (Сл. ПЗБ), прасці́нка ’тс’ (Нас.). Рус. простыня́, дыял. про́стынь, ц.-слав. простыни ’тс’. Прасл. *prostyni ад просты, г. зн. ’прамое палатно, не сшытае і не падшыванае’ (Фасмер, 3, 381, з літ-рай). Аб суфіксе *‑yni гл. Слаўскі, SP, 1, 139–141. У бел. словах адбылося, відаць, больш позняе набліжэнне да прадуктыўнага словаўтваральнага тыпу на ‑ін‑.

Прасціна́2 ’няўдобіца’ (воран., Сл. ПЗБ). Ад просты з суф. ‑іна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)