шы́на, ‑ы, ж.

1. Металічны абруч, нацягнуты на вобад кола, полаза для большай трываласці. — Ого, пры кузні, браце, такі камень надта ж патрэбен — шыны на колы нацягваць. Арочка. Конь тузануўся рыўком: зашаргацелі шыны — сані лёгка пайшлі па лёдзе. Лецка. Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкія, з шырокімі новымі палазамі, акутымі яшчэ ўвосень у калгаснай кузні тоўстай іржавай шынай. Пташнікаў.

2. Суцэльная гумавая пакрышка, абалонка з напоўненай паветрам гумавай камерай, якія надзяваюцца на вобад кола для паляпшэння руху, павелічэння амартызацыі. Гумавыя шыны лёгка скакалі па карэннях, і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.

3. Спец. Прыстасаванне ў выглядзе некалькіх дошчачак і бінтоў або жгутоў для накладвання павязкі, якая забяспечвае нерухомасць пашкоджаных частак цела. Правая нага.. [японца], узятая ў шыны, была падваокана і выцягнута над ложкам. Лынькоў.

4. У электратэхніцы — медны, алюмініевы або стальны праваднік (прамавугольнага ці круглага сячэння), які выкарыстоўваецца для вялікіх токаў.

[Ням. Schiene.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эне́ргія, ‑і, ж.

1. Адна з асноўных уласцівасцей матэрыі — агульная колькасная мера руху і ўзаемадзеяння ўсіх яе відаў. Закон захавання энергіі. □ Дзяленне ядзер урану суправаджаецца выдзяленнем вялікай колькасці энергіі. «Маладосць». // Здольнасць якога‑н. цела, рэчыва і пад. выконваць якую‑н. работу або быць крыніцай той сілы, якая можа выконваць работу. Шмат часу забірала .. вырашэнне такіх пытанняў, як выкарыстанне энергіі марскіх прыліваў і адліваў або атрыманне яе з арктычнага холаду. Шахавец. Невядомых скарбаў і энергій у прыродзе вельмі многа. Бядуля. // Разм. Электрычны ток. Свая электрастанцыя давала энергію. Гурскі.

2. Дзейная сіла, спалучаная з настойлівасцю ў дасягненні пастаўленай мэты. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. — Аса! аса! — дружна крычалі студэнты, пляскаючы ў далоні і захапляючыся хараством і нястрымнай энергіяй дзяўчыны. Дуброўскі. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Колас.

•••

Ядзерная (атамная) энергія — унутраная энергія атамнага ядра, якая вылучаецца пры ядзерных рэакцыях.

[Ад грэч. enérgeia — дзеянне, дзейнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

другі́, ‑ая, ‑ое.

1. Ліч. парадк. да два (у 1 знач.). Другі па парадку. Другі дом з краю. Другая дзея п’есы. □ Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. На другой старонцы [газеты] быў надрукаваны ўказ аб прысваенні пачэсных званняў настаўнікам. Корбан. // Які робіцца або адбываецца паўторна. На гэтых папялішчах і пачалося другое нараджэнне калгаса. Якімовіч. // Ужываецца ў спалучэнні «адзін — другі» пры проціпастаўленні, пералічэнні. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. [Барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў.

2. Не такі, інакшы, непадобны да гэтага або ранейшага. Зусім другі голас чуе Паўлік — дабрадушны, ласкавы. Сташэўскі. За край небасхілу пралезла раўніна, І воблік зямлі стаў адменны, другі. Танк. // Процілеглы. Пераехаць на другі бераг ракі. □ Павел загадаў двум рабочым перайсці на другі бок пакгауза. Лынькоў.

3. Не гэты, іншы. Людзі гавораць, кахае Хлопца дзяўчына другая. Прыходзька. — Другім разам прыходзьце. Зараз няма калі. Спяшацца трэба. Кандрусевіч. / у знач. наз. другі́, ‑ога, м.; друга́я, ‑ой, ж. Другога слухай, а свой розум май. Прыказка. Сам не гам і другому не дам. Прымаўка. // у знач. наз. другі́я, ‑іх. Астатнія, іншыя. Штось новае кожны бачыў І сам у сабе і ў другіх. Колас. О, не хадзі к другім за радай, — У пушчы сонца не шукай! Купала.

4. Які замяняе першага, сапраўднага. Другая радзіма. Быць другім бацькам для дзяцей.

5. перан. Не галоўны, другарадны. На другіх ролях. На другім плане. // Які выконвае дапаможную партыю. Другая скрыпка. // Ніжэйшы, горшы па якасці за першы. Другі сорт. Каюта другога класа.

6. Разм. Некаторы, іншы, які-небудзь. І зробіць яшчэ Сцёпка такія выбрыкі ў паветры, што і артыст другі пазайздросціць. Колас. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

7. у знач. наз. друго́е, ‑ога, н. Страва, якая падаецца пасля першай. — Што там у цябе сёння на другое? — адставіўшы пустую талерку і адсопваючыся, спытаў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак.

8. у знач. пабочн. друго́е. Па-другое. — А другое, усе мы гарапашнікі, неўзабаве будзем мець уласныя надзелы зямлі. Бажко.

•••

Адзін другога варты гл. адзін.

Адзін за другім гл. адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Другая маладосць гл. маладосць.

Другая натура гл. натура.

Другі раз; другім разам гл. раз.

Другое дыханне гл. дыханне.

З другой оперы гл. опера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апо́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца на самым канцы чаргі, шэрагу падобных прадметаў, з’яў. На апошняй платформе, хутаючыся ў каўнер кажуха, стаяў вартавы. Мележ. Зораў у апошні раз паспрабаваў адгаварыць Каленіка ад задуманага ім плана. Паслядовіч. Апошняму госцю лыжка ў качарэжніку. Прыказка. // Перадсмяротны. [Зарэччы:] Сябры, таварышы мае, Мой час апошні настае. Бачыла.

2. Адзіны, астатні. І мы не раз з табою ў бітвах Сухар апошні раздзяляла. Прыходзька. // Які падыходзіць к канцу, канчаецца. Сабраўшы апошнія сілы, плюнуў Васіль проста ў вочы палкоўніку. Лынькоў. // у знач. наз. апо́шняе, ‑яга, н. Тое адзінае, што засталося. [Туляга:] [Гарлахвацкі] шчыры, душэўны. Гатоў з чалавекам апошнім падзяліцца. Крапіва.

3. Які адбыўся непасрэдна перад чым‑н. Але гэта былі не апошнія словы развітання. Янкоўскі. // Які толькі што з’явіўся, самы новы. Апошнія паведамленне Апошняе дасягненне тэхнікі. Апошняя мода. □ Праходзяць суседзі і ціха пытаюцца Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія. Панчанка. Асабліва.. [Зоя] любіла кінаартыстаў, запісвала новыя песні з апошніх фільмаў і адчувала сябе шчасліваю. Грахоўскі. // Які толькі што мінуў (пра тэрмін, час). Гэта вада фактычна і была.. адзінай ежай [Мірона і Віктара] за апошнія суткі. Маўр.

4. Канчатковы, рашаючы, заключны. Апошняя цана. Апошняе слова. □ Ведаю — страт яшчэ будзе нямала І ў пераможным апошнім баі. Танк.

5. Вышэйшы, крайні. Апошні сродак. □ Міхалка заўважыў, што бацька гатоў быў пайсці на самую апошнюю сваю прыніжанасць, абы накарміць сваіх дзяцей. Чорны.

6. Самы нязначны з усіх падобных; дрэнны. [Байсак:] — Калі я п’ю, я не чалавек тады, я апошняя жывёліна, без волі, без розуму. Лынькоў. // Непрыстойны (пра брыдкія словы). Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі. Якімовіч.

7. Гэты, толькі што названы. Стала відаць, хто што думае і хто чаго хоча, і хто сам не ведае, што яму думаць і чаго хацець. А гэткія, апошнія, таксама былі. Чорны.

•••

Апошні акорд гл. акорд.

(Апошні) крык моды гл. крык.

Апошні з магікан — апошні прадстаўнік чаго‑н.

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) гл. слова.

Апошняя гадзіна гл. гадзіна.

Апошняя дарога гл. дарога.

Да апошняга — поўнасцю, да канца, без астачы.

Да апошняга каліва гл. каліва.

Да апошняй капейкі гл. капейка.

Да апошняй кроплі (каплі) крыві гл. кропля.

Да (апошняй) ніткі гл. нітка.

З апошніх сіл гл. сіла.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні гл. першы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яшчэ́, прысл.

1. Дадаткова, у дадатак да таго, што было або што ёсць. Падліць яшчэ малака ў шклянку. □ [Зелянюк:] — Мне трэба забегчы яшчэ ў адно месца. Зарэцкі. — А ну яшчэ яшчэ паддай! — грымнуў Сёмка-матрос. Лынькоў. // Зноў, паўторна. Пасля камандзіроўкі прыеду яшчэ сюды. □ Страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкнуць яшчэ разок. Шамякін.

2. Пакуль што, да гэтых пор, да гэтага часу. Пад гімнасцёркай вызначаліся вострыя, неакрэплыя яшчэ плечы. Мележ. Іван яшчэ не ведаў, што рабіць, але Пятро сілком пацягнуў яго за сабой. Новікаў. Яшчэ ў лагчынах цёмны снег ляжыць, Ды пахне ўжо смалою і бяростаю. Свірка.

3. (пры абазначэнні часу, месца). Ужо. Купала развіваў традыцыі страснага, баявога, публіцыстычна завостранага верша, тыя традыцыі, што склаліся ў яго паэзіі яшчэ да Кастрычніка. Гіст. бел. сав. літ. Вучыся гаспадарыць яшчэ тавар пасучы. Прыказка.

4. Указвае на магчымасць, дастатковасць падстаў для ажыццяўлення якога‑н. дзеяння. [Воўк:] — Не забівай мяне, Іван Світаннік, я табе яшчэ спатрэблюся. Якімовіч.

5. (пры вышэйшай ступені прыметнікаў і прыслоўяў). Больш, у большай ступені. Стары Жук яшчэ ніжэй згорбіўся. Брыль. Зроблена нямала. Але наперадзе яшчэ больш работы. «Звязда». Аднак жа на табе: Ірынка крыкнула на ўвесь клас, што яна таксама хоча расказаць пра сваю маму яшчэ лепш. Няхай.

6. у знач. уступальнага злучн. Указвае на верагоднасць умоў ці на іх суадноснасць з чым‑н.; хоць. Яшчэ не выспаўся Міколка як след пасля начных прыгод, прачнуўся і падумаў: «А што ж будзе там, ля пакгаўза?» Лынькоў.

7. у знач. узмацняльнай часціны. Ужываецца пры займенніках і прыслоўях, каб падкрэсліць якую‑н. прымету, факт і надаць пэўную выразнасць таму, аб чым гаворыцца. [Сцяпан:] — Брук паслужыў бы яшчэ ўга колькі! А то ж даўмеліся: пускаць па бруку трактары! Гіль. Ганна Сцяпанаўна аж не вытрымала, спыніўшы дачку ў спальні, параіла: — Чалавек пакутуе, будзь з ім ласкавейшай. — Яшчэ чаго! Шыцік. // у знач. абмежавальнай часціцы. Ужываецца, каб падкрэсліць, удакладніць якую‑н. прымету, факт. [Алесь:] — От каб малачка, ды яшчэ кісленькага... Запіць кашу, га? Капыловіч. — Што вы, Сцяпан Гаўрылавіч?! — жахаецца Валуйка. — Гэта ж водаахоўны лес. Ды, апрача ўсяго, яшчэ маладняк. Не, не, гэта немагчыма. Мяжэвіч.

•••

Вось яшчэ! гл. вось ​2.

Гэта яшчэ кветачкі гл. гэта.

Калі яшчэ гл. калі ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. у што. Быць цвёрда перакананым, упэўненым у чым‑н. Верыць у перамогу. □ Веру, братцы, ў нашу сілу, Веру ў волі нашай гарт. Цётка. [Усевалад:] — Я не веру, каб чалавек з такой чулай і харошай душой, як у вас, быў помслівы і зласлівы. Скрыган. // у каго. Лічыць каго‑н. здольным здзейсніць надзеі, спадзяванні. [Надзя:] — Я верыла ў.. [Косцю], як у чалавека верыла. Разумееце, чалавека. Лынькоў.

2. у што і чаму. Прымаць за праўду, лічыць верагодным, адпаведным рэчаіснасці. Верыць у сны і прыкметы. Верыць кожнаму слову. Верыць чуткам. □ Выйду, гляну на палі, даліны — Жнуць камбайны спелыя аўсы, І не лёгка верыць успамінам Пра царскія, змрочныя часы... Лойка.

3. каму. Давяраць каму‑н. Заўважыўшы, што Васіль верыць яму, Андрэй падышоў здалёк і да галоўнага. Пальчэўскі. [Марына:] — Ты сябра мой даўні, І я табе веру. Прыходзька.

4. Быць веруючым. Верыць у бога.

•••

Верыць (паверыць) на слова — лічыць (палічыць) праўдзівымі словы, не пацверджаныя доказамі.

Не верыць сваім вушам (вачам) — вельмі здзіўляцца, пачуўшы, убачыўшы што‑н. нечаканае. Глянуў Віктар — і вачам сваім не верыць. — А дзе ж човен? Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́здзіць, езджу, ездзіш, ездзіць; незак.

1. Тое, што і ехаць (у 1 знач.), з той розніцай што «ездзіць» азначае дзеянне, якое паўтараецца ў розных напрамках. Ездзіць у горад. Ездзіць на машыне. □ Дзед Астап ездзіў часам з другімі партызанамі на разведку. Лынькоў. Костусь ездзіў, хадзіў, клапаціўся: жніво ішло, а рукамі, відаць было, нічога зрабіць нельга будзе. Чорны. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. (карыстаючыся транспартам). Яшчэ казаў мой прадзед у свой час, Што будуць ездзіць к нам не за пянькою, А каб вучыцца мудрасці у нас. Прыходзька. — Я так марыў увесь час, што мы будзем жыць суседзямі. У нядзелю мы ездзілі б адзін да аднаго ў госці... Шамякін.

2. Умець карыстацца якім‑н. сродкам перамяшчэння. Умела ездзіць на матацыкле. // Разм. Катацца на каньках, лыжах.

3. перан. Разм. Рухацца, соўгацца па чым‑н. Стары сядзеў неспакойна, круціўся, ездзіў па лаве. Мележ.

4. Разм. Быць, працаваць кім‑н. (пра некаторыя прафесіі). Вася ў дальніх паяздах ездзіць правадніком. Ракітны.

•••

Ездзіць вярхом на кім — мець уладу над кім‑н.

Ездзіць на чыёй спіне, на чыім карку — выкарыстоўваць каго‑н. у сваіх інтарэсах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́хаць, еду, едзеш, едзе; едзем, едзеце, едуць; заг. едзь; незак.

1. Рухацца па сушы, па вадзе пры дапамозе якіх‑н. сродкаў перамяшчэння. Ехаць чыгункай. Ехаць у трамваі. Ехаць вярхом. Ехаць на лодцы. □ Паабапал і ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннікаў. Лынькоў. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім. Якімовіч. // Рухацца, каціцца (пра сродкі перамяшчэння). Гасцінцамі ехалі то туды, то сюды вайсковыя абозы. Чорны.

2. Накіроўвацца куды‑н., выкарыстоўваючы якія‑н. сродкі перамяшчэння; ад’язджаць; рабіць паездку. Ехаць за граніцу. Ехаць на фронт. □ Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў. Колас.

3. перан. Разм. Выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду з каго‑, чаго‑н. — На татку едуць, пакуль татка не з’ездзіцца, — сказаў, як стары, Вова недзе чутыя словы. Гурскі. — Склалі дзесяць год таму назад сякі-такі планік і з таго часу едзем на ім. Кулакоўскі.

4. Ссоўвацца, саслізгваць са свайго месца. Шапка едзе на вочы.

•••

Далей (ехаць) некуды гл. некуды.

На тройках ехаць — вучыцца пасрэдна, без асаблівага старання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. У беспарадку пераплесціся, перавіцца, зблытацца (пра ніткі, валасы і пад.). Ніткі заблыталіся.

2. у чым. Аказацца аплеценым чым‑н., пазбаўленым магчымасці рухацца. Муха заблыталася ў павуцінні. □ Жоўты лісток з бярозы заблытаўся ў траве і вісеў у ёй. Чорны. Яська паправіў валасы на таткавай галаве, у іх заблытаўся дзядоўнік. Лынькоў.

3. перан.; у чым і без дап. Аказацца ў цяжкім становішчы з-за сваёй нявопытнасці, няўмеласці, памылкі і пад. — Нешта заблытаўся наш рахункавод, а я — няхай мне сорамна будзе прызнацца — таксама ў бухгалтэрыі не надта моцны. Брыль.

4. перан. Збіцца, страціць сувязь у думках, выказваннях і пад. Заблытацца ў разважаннях. □ Старшыня, які не чакаў такога павароту справы, заблытаўся і гаварыў, замест адказаў на пытанні Андрэя.., зусім іншае. Галавач.

5. перан. Стаць цяжкім для разумення, ускладніцца. Пытанне заблыталася.

6. Разм. Збіцца з дарогі, заблудзіць. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Карагу] крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас. Горад вялікі, заблытацца ў ім не штука. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. завёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца, зрабіцца наяўным. Грошы завяліся. // Узнікнуўшы, распладзіцца, размножыцца. [Дзядуля] даглядае дрэўцы, абразае сухія галінкі, падвязвае маладыя парасткі вінаграду, сочыць, каб не завяліся ў садзе якія шкоднікі. Бяганская. // Арганізавацца, наладзіцца. — У нашым раёне яшчэ дзве трусіныя фермы завяліся. Адна — у «Партызане», а другая... у Пажарках. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Устанавіцца, пачацца. З першых дзён Зеленюковага прыезду ў Сівец у іх завялася з Віктарам цёплая дружба. Зарэцкі. Так завяліся ў містэра Лаяна шырокія сувязі як у дзелавым, так і ў афіцыйным свеце. Лынькоў.

3. Разм. Пачаць бойку, спрэчку і пад. з кім‑н. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Раз ён завёўся за нешта са сваёй сястрой Марцэляй. Колас. — Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. .. Дык што ты, і мяне знішчыш? — горача насядаў Ходас на Косцю. — Завёўся ўжо! — папракнула яго Вера. Шамякін.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць дзейнічаць у выніку заводу ​2 (у 1 знач.). Гадзіннік завёўся. Матор завёўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)