Баўто́нка ’баўтушка, пойла’ (Касп.), ’корм для коней’ (Інстр. III). Параўн. бо́ўтанка ’корм для цялят’ (Інстр. III). Форма баўто́нка — яўна гібрыдная. Калі ад боўтаць рэгулярна ўтвараецца боўтанка, то ад баўта́ць павінна быць баўта́нка. Баўто́нка, мабыць, узнікла метатэзай з боўтанка пад уплывам баўтаць або ж гэта гіперкарэктная форма (‑о‑ замест этымалагічнага ‑а‑) пры перанясенні націску (бо́ўтанка → (баўта́нка) → баўто́нка). Усё да баўтаць, боўтаць (гл.). Таксама гібрыдным здаецца і рус. дыял. (пск.) болтонка ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Блы́ндаць ’бадзяцца’ (Касп., Арх. ГУ, Янк. I, Сцяшк. МГ, Янк. Мат.), блы́ндзець ’тс’ (Сцяшк. МГ), блэ́ндаць ’тс’ (Янк. Мат.), блы́нда, блэ́нда ’бадзяга’ (Янк. Мат.). Лічыцца запазычаннем з балт. моў. Параўн. лат. blìndêtiês ’бадзяцца’, blinda ’бадзяга, валацуга’, літ. blañdotis, blandýtis ’бадзяцца’. Падрабязна Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50 (там жа літ-pa і ўказанне на некаторыя этымалагічныя цяжкасці). Не выключаецца, што некаторыя формы маглі быць запазычаны з польск. Гл. блэ́ндаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ваг 1 ’рычаг для падняцця цяжару’ (Клім.), вага ’ўмацаваная на сасе перакладзіна, якая служыць для даставання вады са студні’ (Юрч.); ’палка для ўскладання рознага цяжкага грузу на воз’ (Інстр. I); ’рычаг для падымання бярвення’ (Інстр. II). Да вага (гл.). Серб.-харв. ва̑г ’рычаг’ дазваляе меркаваць, што гэта значэнне з’яўляецца праславянскім.
Ваг 2 ’від павіннасці пражай у час прыгону’ (Шатал.). Да вага. Форма м. р. можа быць вытлумачана ўплывам рус. вес.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вапі́ць ’плакаць, быць’ (Нас.). Рус. вопить, ст.-рус. въпити, вопити, укр. вопити, чэш. úpěti, славац. upeť, балг. въпия, серб.-харв. ӳпити, ва̀пити, ц.-слав. въпити. Прасл. *vъpiti < *ъpiti з’яўляецца гукапераймальным. З прасл. слова была запазычана ў прагерманскую мову (Мартынаў, Лекс. взаим., 190–192). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 349–350; Шанскі, 1, В, 160; БЕР, 1, 207–208; Скок, 3, 565; Махэк₂, 669, 705.
Ва́піць ’бяліць вапнаю’ (Касп.). Да вапа (гл. вапна).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жару́шнік ’расліна Rorippa Scop’ (Кіс., 112). Рус. жеру́шник ’тс’. Параўн. рус., укр. жеру́ха, укр. жерлуха, рус. жерлюха ’расліна Nasturtium R. Br. або Lepidium sativum’, польск. żerucha ’Nasturtium’, чэш. řeřicha, ст.-чэш. žeřucha ’Lepidium; Nasturtium’, славац. žerucha ’Lepidium’. Паводле Махэка, чэш. слова ад кораня жэр‑ці (гл.) у сэнсе ’паліць, мець востры смак’. Даль (1, 536), відаць, дапускаў метатэзу жеруха — рѣжуха. Гэтыя версіі могуць быць дастасаваны і да жару́шнік.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Сара, сора́ ’зачэпы на дне ракі’ (ТС). Параўн. рус. на Волзе сор ’усялякая перашкода (камяні, кусты) для цягі судна лінай’, якое Даль (4, 276) дае ў гняздзе сор ’смецце’, а таксама тэрміналагічнае ж. р. сора́ ’пячное і іншае смецце, якое апрацоўваецца для здабычы часціц серабра і золата, якія туды трапілі’. Змяненне рода можа быць абумоўлена прафесійным словаўжываннем. Няпэўна; генетычная тоеснасць або запазычанне рус. сор, сора? Тады няяснымі застаюцца шляхі запазычання.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скрэ́гаць ‘ліпець, хварэць, чуць жыць’ (караліц., Нар. словатв.). Гукапераймальнага паходжання, роднаснае скрыгаць (гл.), з семантычным пераносам ‘выць, ныць, скуголіць’ → ‘хварэць, ліпець’. Параўн. яшчэ скрыпе́ць ‘скрыпець’ і ‘быць чуць жывым, з цяжкасцю падтрымліваць свае сілы’ (швянч., Сл. ПЗБ). Праблематычна Пятлёва (Этимология–1986–1987, 68), якая ўзводзіць да *(s)kręgati, ад кораня *(s)kręg‑, параўн. *kręgnoti ‘згібацца’ (ЭССЯ, 12, 142 і наст.) < і.-е. (s)kreng‑, (s)krengh‑ < і.-е. *(s)ker‑ ‘моршчыцца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скудзе́льніца ‘пралля, якая са сваёй работай прыходзіць да сябровак’ (стаўб., карэліц., Жыв. сл.), ‘папрадуха’ (навагр., дзярж., Нар. сл.). Да кудзе́льны < кудзеля (гл.) з суф. ‑іц(а); укр. куде́льна хижа ‘памяшканне, дзе бываюць вячоркі, дзе прадуць кудзелю’. Скудзе́льство ‘вячоркі’ (Сл. рэг. лекс.), мяркуючы па суфіксацыі (‑ств‑), можа быць паланізмам. Параўн. кудзельніцы ‘тс’, гл. Пачатковае с‑, відаць, ад першаснага с кудзеляй (ісці) або ў выніку збліжэння са старым скудзе́ль ‘гаршчок’ (ТСБМ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стро́піцца ‘спужацца, спалохацца’ (ТС). Відаць, звязана з ст.-польск. strzępać ‘баяцца’, для якога Слаўскі (SOr, 18, 255) дапускае развіццё значэння ад ‘быць нерухомым’ да ‘аслупянець (ад страху)’. Параўн. укр. торопи́тися ‘пужацца, бянтэжыцца’, рус. оторопе́ть ‘збянтэжыцца, атарапець’. Тады стропіцца з *сторопіцца, магчыма, пад уплывам строп (гл.) і моцнай рэдукцыяй другога ‑о‑. Далей гл. атарапець, торап. Магчыма, звязана з троп: збіцца з тропу (гл.), а таксама літ. strópti ‘цвярдзець’ (аслупянець?). Гл. таксама стрэпаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Інвалі́д. Першакрыніца: лац. invalidus ’бяссільны, нядужы’. Для беларускай пасрэднікам магла быць руская (Крукоўскі, Уплыў, 72) ці польская мова. У рускай инвалид у першай палавіне XVIII ст. з франц. invalide (Шанскі, 2, I, 66; Фасмер, 2, 130; Біржакова, Очерки, 363). На карысць польскай крыніцы ст.-бел. инвалидовати ’адмяняць’ (1637 г.) < ст.-польск. inwalidować < с.-лац. invalidare (Булыка, Лекс. запазыч., 30). У польскай была вядома форма inwalid без ‑a на канцы слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)