ажы́ць, ажыву, ажывеш, ажыве; ажывём, ажывяце; зак.

1. Вярнуцца да жыцця; зноў стаць жывым, аджыць. І вось зараз, каб так давялося І бабулька мая ажыла, Дык пачула б, што ў нашую вёску Песня зноў з Украіны прыйшла. Чарнышэвіч.

2. Абудзіцца з надыходам вясны, аджыць, зазелянець. У выніку многіх турбот дубок ажыў і наступнаю вясною добра разбіўся. Лужанін. // Разм. Зноў набыць адчувальнасць, здольнасць дзейнічаць (пра часткі цела). // Пажвавець, акрыяць духам.

3. перан. Зноў стаць бадзёрым, жыццярадасным; ажывіцца, павесялець. Чалавек ажыў, забыўся на свае ранейшыя сумныя трывогі. Чорны.

4. перан. Праявіцца з новай сілай; адрадзіцца (пра думкі, пачуцці, уяўленні і пад.). У чалавека ажыла прага да ратунку. І тое, што ў ратунак ён не верыў, яшчэ больш павялічвала яго імкненне. Чорны. І адразу ў піянераў Ажыла размовы плынь: Як патрэбна жыць, каб змераць Свет завоблачных вышынь? Кірэенка.

5. Напоўніцца жыццём, рухам, дзейнасцю. Страсянула старая званком — і ў адзін момант усё ў школе ажыло, загуло, як у раістым вуллі. Кулакоўскі. Дарогі раптам ажылі. Абозы раненых і бежанцаў пайшлі, Як хвалі, бурай гнаныя, на ўсход. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спабо́рніцтва, ‑а, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спаборнічаць; імкненне выявіць перавагу над кім‑н. у дасягненні чаго‑н. Эканамічнае спаборніцтва сацыялізма з капіталізмам. □ Хутка паміж братамі пачалося нейкае ўпартае і своеасаблівае спаборніцтва: кожны стараўся паказаць сябе лепшым, больш учэпістым гаспадаром. Ракітны. Перадаючы змест мастацкага твора сродкамі другой мовы, перакладчык міжвольна ўступае з аўтарам у творчае спаборніцтва. Шкраба.

2. Масавы сацыялістычны грамадскі рух працоўных, накіраваны на выкананне і перавыкананне планаў шляхам павышэння прадукцыйнасці працы і ўдасканалення вытворчасці. Выклікаць на спаборніцтва. □ Раўняйся па лініі ўдарных брыгад! Хто спаборніцтвам там не ахоплены? Крапіва. Калектыву МТС уручалі пераходны Чырвоны сцяг за першынство ў рэспубліканскім спаборніцтве механізатараў. Хадкевіч. Цэхі адзін за другім уступалі ў перадсвяточнае спаборніцтва. Данілевіч.

3. звычайна мн. (спабо́рніцтвы, ‑аў). Спартыўная сустрэча для выяўлення пераможцы. Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. □ Перадавалі.., хто з вучняў перамог у школьных лыжных спаборніцтвах. Шамякін.

4. Спец. Спрэчкі бакоў у спаборным судовым працэсе. Спаборніцтва бакоў у судзе.

•••

Сацыялістычнае спаборніцтва — эфектыўны метад сацыялістычнай і камуністычнага будаўніцтва, павышэння працоўнай і грамадска-палітычнай актыўнасці мае; сродак эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схі́льнасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць, цяга, імкненне да якіх‑н. заняткаў, дзейнасці. Думаючы пра свае творчыя схільнасці, Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля прызнаецца, што яго цягне да прозы. Бугаёў. [Андрэй:] — З маленства ў мяне была схільнасць да моў .. У малодшых класах я марыў вывучыць мовы ўсіх народаў зямлі. Шамякін. Рана выявілася ў хлопчыка схільнасць да паэзіі. Гіст. бел. сав. літ. // Наяўнасць якіх‑н. задаткаў (фізічных, разумовых, маральных); нахіл да чаго‑н. Схільнасць да прастуды. □ Лабановіч заўважыў схільнасць рэдактара да самавыхвалення і вырашыў скарыстаць гэта. Колас. Схільнасць шукаць усяму прычыну з’яўляецца ў сталейшым узросце. Грамовіч.

2. Прыхільнасць, слабасць, любоў да чаго‑н. Калі да чаркі схільнасць маеш, То грошы, браце мой, нідзе ты не схаваеш Сам ад сябе. Корбан. З .. імем [Ц. Гартнага] звязана свая, адметная мастацка-стылёвая лінія ў беларускай прозе 20‑х гадоў. У свой час яе называлі «натуралістычнай», падкрэсліваючы гэтым азначэннем схільнасць Ц. Гартнага да бытапісальніцтва. Адамовіч. // Сімпатыя да каго‑н. Сваю сардэчную схільнасць Канстанцін Міхайлавіч неаднойчы выказваў Танку ў вочы. Лужанін.

3. Унутраная ўласцівасць. У гутарковай мове назіраецца схільнасць не скланяць лічэбнікі, асабліва састаўныя. Граматыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́ка ’труна для мошчаў святых’ (ТСБМ), ’дамавіна’ (Ласт.). Параўн. рус. ра́ка ’склеп, каўчэг, куфэрак’, ст.-рус. рака ’куфэрак з мошчамі святых’, палаб. rakåi/råtʼåi ’каробачка, скрыня’, чэш. rakev ’труна’, славац. rakev ’скрыня’, славен. raka ’магіла, склеп’, rakev ’труна’, серб. ра̏ка ’пахавальны склеп’, ’выкапаная магіла’, балг. ра́ка ’куфэрак з мошчамі святых’, ст.-слав. рака ’тс’. У беларускую мову трапіла, імаверна, з ц.-слав. мовы. Як і paкавіна2 (гл.), узыходзіць да *raky з метатэзай *ork‑ > *rak‑, што можа ўспрымацца як пранікненне з германскіх, параўн. гот. arka, ст.-в.-ням. arahna/archa, звязаныя з семантыкай ’зачыняць’ і роднасныя да лац. arco ’каўчэг’, arca ’скрыня, склеп’ < arceō ’зачыняю, затрымліваю’ (Праабражэнскі, 178; Фасмер, 3, 437–439; БЕР, 6, 169–170; ESJSt, 12, 746). Гл. таксама Жураўлёў, Язык и миф, 204 (з літ-рай).

Рака́ ’прыродны вадаём, які пастаянна цячэ’ (ТСБМ, Бяльк.), рэка́ (ашм., Сл. ПЗБ; ТС), параўн. укр. ріка́, рус. река́, польск. rzeka, в.-луж. rěka, палаб. rʼéka, чэш. řeka, славац. rieka, славен. reka, серб. ре́ка, харв. rijéką, балг. река́, ст.-слав. рѣка. Большасць этымалогій адносіць прасл. *rěka да і.-е. *erei‑ ’цячы’, параўн. ст.-інд. rayah/ráyas ’струмень’, rīyatē ’рухаецца, пачынае цячы’, ri‑ ’даць цячы’, rī‑ ’цячы’, rīti‑ ’рака’, rītís ’рух, бег’, retas ’цячэнне’, rīnas ’той, што цячэ’, с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, с.-н.-ням. rîn ’ток вады’, гальск. Renos ’рака Рэйн’, венг. Rajna ’тс’. Традыцыйна звязваецца з прасл. *rěj‑ati ’цячы’, *rei‑/*roi‑ > *roika > *rěka (Фасмер, 3, 464 з аглядам папярэдняй літ-ры). Рэшткі дыфтангічнага вымаўлення *rej‑/*roj‑ у некаторых слав. мовах, напрыклад, харв. rijeka, яшчэ больш пацвярджаюць гэту тэорыю. Брукнер (461) параўноўвае польск. rzeka з польск. zdrój ’крыніца’ < *roj‑ ’усё, што выцякае, пырскае’. Параўн. таксама праро́й ’праліўны дождж’ (бяроз., Шатал.), рус. дыял. заройный дождь ’залева’, ст.-рус. нарои ’раз’юшанасць, імкненне’. Адсюль рака можа азначаць не проста тое, што цячэ, а што цячэ бурліва, імкнецца, рве (Этимология–1978, 98), таму звязана з рынуць, рынуцца ’імкліва кінуцца’, рус. рвениеімкненне’, нарыв ’тое, што імкнецца прарвацца’, рьяный ’імклівы’, што таксама ад праслав. *roj‑/rьj‑/*rьu‑. Параўноўваючы лац. rīvŭs ’паток, струмень’ з прасл. *rěka следам за Марцінэ (Word 12, I, 3), Мартынаў (БЛ, 5, 64–65) узнаўляе развіццё: прасл. *rěka < *roi‑u‑ka < і.-е. *roi‑u‑/*rei‑u > лац. rīvŭs. Важна, што лац. rīvŭs адначасова азначае і ’канал’, параўн. ням. rinnen ’цячы, працякаць’, а Rinnen ’жолаб, канава’. У гаворках сустракаецца атаясамліванне назвы ракі і рэчышча: рэчанне ’рака і рэчышча’, за рэчаннем ’за ракой’, параўн. таксама рача́ліна ’месца стоку талай і дажджавой вады’ (навагр., Нар. словатв.), гл. Можна меркаваць, што рака, як і ручай, азначалі роў, а не паток вады, і належалі да этымалагічнага гнязда з каранямі *rъv‑/*rū‑ > *ryti/*rъvati ’рваць’; тады *ryti < *rūti < *routi/*roiti ’рыць’, а не ад *rějati ’цячы’. Адсюль *rěka < *roi‑ka ’тое, што прарывае зямлю’, а не ’тое, што цячэ па зямлі’, параўн. рус. маск. ру́тина ’глыбокае месца ў рацэ’. Лявіцкі (2, 88) мяркуе, што герм. rain з семай ’мяжа, край леса, край канавы’ з’яўляецца пашырэннем і.-е. *rei‑/*roi‑ ’драпаць, рэзаць, секчы’, што абвастрае ў *roi‑ka > *rěka семантыку ’мяжа’, а гэта функцыя спрадвечна была ёй уласціва. Пры розных версіях слова ўзыходзіць да адной і.-е. базы *rei‑/roi‑, што магло азначаць ’рваць, рыць’ і ’цячы, імкнуцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., кім-чым.

1. Умець абыходзіцца з чым‑н., умела карыстацца чым‑н. Валодаць зброяй. Валодаць шпагай. □ Лагуновіч вельмі любіць тэхніку і людзей, якія валодаюць ёю дасканала. Казека. // Добра ведаць якую‑н. справу, быць майстрам у якой‑н. галіне. [Васіль] валодаў цяслярскай справай, быў нядрэнным мулярам і плытагонам. Няхай. Андрэй Вуйскі так валодаў нямецкай мовай, як не валодалі ёю многія немцы. Шамякін.

2. Падпарадкоўваць сваёй уладае, волі, уплыву; кіраваць. Валодаць аўдыторыяй. // Ахопліваць (пра пачуцці, імкненні, думкі). [Турсевіч:] — І нейкія асаблівыя думкі пачынаюць валодаць табою. Колас. Валодала мной у той час юнацкае імкненне шукаць прыгожы х, сапраўды ідэальных людзей. Навуменка.

3. Дзейнічаць, рухаць часткамі свайго цела. Убачыўшы катэры, матросы з апошняй сілы падаліся насустрач, але стомленыя рукі ўжо слаба валодалі. Кулакоўскі. [Дубік] далонь ушчэнт пашчапаў, тры пальцы, кажа, валодаць не будуць. Скрыган. Часта перад тым, як ісці дадому.., [Захар Зынга] ужо ледзьве валодаў нагамі. Чорны.

4. Мець у сваёй уласнасці, уладаць. Валодаць маёмасцю. // Мець якія‑н. якасці, уласцівасці. Не толькі ў нашым сяле, а і ў суседніх лічылася, што Нямко валодае незвычайнай сілай. Кулакоўскі.

•••

Валодаць пяром — умець выразна і пераканаўча выказваць свае думкі на паперы.

Валодаць сабою — трымацца спакойна ў любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пуд1 ’мера вагі (16 кг)’, (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Бяльк., Мат. Гом.), ст.-бел. пудъ ’адна з асноўных адзінак меры і вагі ў ВКЛ, звычайна мёду, воску, радзей інш. (ад 15 да 18,7 кг)’ (Ст.-бел. лексікон), у дамове смаленскага князя з Рыгай 1229 г. слова мела агульнае значэнне ’вага’, ’вагавы эталон’ (Скурат, Меры, 113), пра што сведчыць прыметнік пудъный: А соль весите пудънымъ ременемъ по старому закону (дамова Полацка з Рыгай 1405 г.); сюды ж вытворнае пудовня ’адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў, роўная пуду’ (Нас. гіст.), ’мерка, у якую змяшчаўся пуд пэўнага рэчыва’, адзначанае і ў сучасных народных гаворках: пудо́ўня ’пуд’ (Ян.), а таксама пудо́вік, пудаві́к ’тс’ (Мат. Гом.), пу́дзіць ’купляць пудамі што-небудзь; купляць на вагу’ (Нас.); укр. пуд, рус. пуд. Запазычана са ст.-нардыйск. pund ’фунт’, параўн. ст.-ісл. pund ’тс’, продкамі ўсходніх славян у праформе *pǫd‑ > пудъ (Векслер, Hist., 104). Крыніцай агульнагерманскага слова з’яўляецца аблатыўная форма лац. pondo, выдзеленая са спалучэння libra pondo ’вагой у адну лібру’, якая ўжывалася як нескланяемы назоўнік у якасці сіноніма да libra. У адпаведнасці з рэгулярнымі фанетычнымі зменамі зыходнае слова было перааформлена ў ст.-в.-ням. pfunt, якое з XIV ст. у форме фунт (гл.) замацавалася ў славянскіх мовах.

Пуд2 ’страх, сполах, ляк’ (ТСБМ; Гарэц.; Шат., брасл., віл., ст.-дар., круп., Сл. ПЗБ; Бяльк.; петрык., светлаг., калінк., Мат. Гом.; ТС, Маш., Шн. 2; капыл., Жыв. сл.; докш., Янк. Мат.), ’сполах жывёл’ (Варл.), укр. пуд ’страх’, польск. pęd ’рух, імкненне’ > бел. пэнд (гл.), чэш. pud ’інстынкт’. Самастойныя ўтварэнні ў кожнай са славянскіх моў ад прасл. *pǫditi ’гнаць, прыспяшаць’, ці, паводле Когена (Запіскі, 2, 239), ’піхаць, цясніць’, гл. пудзіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

душы́ць 1, душу, душыш, душыць; незак., каго-што.

1. Пазбаўляць каго‑н. жыцця, сціскаючы горла, насільна спыняючы дыханне. [Ваўкі] часта падкопваліся пад хлявы і душылі авечак. Бядуля. // Наваліўшыся на каго‑н., моцна прыціскаць, прычыняць боль. Паліцэйскія з дзікай лютасцю накінуліся на Петрычука і пачалі біць, душыць яго. Анісаў. // перан. Прыгнятаць, не даваць развівацца чаму‑н. Царызм жорстка душыў культуру прыгнечаных народаў, падаўляў іх імкненне да нацыянальна-культурнага развіцця. Казека.

2. Перашкаджаць дыханню. Душыў каўнер нявыбеленае сарочкі, адчуваліся лёгкія мурашкі ўздоўж потнай спіны. Нікановіч. // Падступаць пад горла, пазбаўляючы магчымасці свабодна дыхаць (пра смех, кашаль і пад.). Кашаль душыць. // перан. Моцна ўзбуджаць (пра пачуццё злосці, гневу і пад.). Нянавісць да Стафанковічаў душыла Любу. Чорны.

3. перан. Прыгнятаць, гнясці, мучыць (пра думкі, перажыванні і пад.). Міколу душыла трывога за брата. Якімовіч. — Нейкая туга на дзеўку навалілася. Нешта душыць яе. Памізарнела, аж страх бярэ, — скардзіцца маці суседкам. Бядуля.

4. Заглушаць, не даючы праявіцца. Нехта ўсхліпвае побач, нехта душыць прыглушаныя слёзы. Лынькоў.

5. перан. Разм. Карміць пастаянна адной і той жа стравай. А гаспадыня ўсё нас бульбай з кіслым малаком душыць. Крапіва.

6. Мяць, расплюшчваць. Душыць ягады. // Расплюшчваючы, знішчаць. Душыць вусеняў. // Збіваючы з ног і падбіраючы пад сябе, калечыць, нішчыць. Танк душыў ворагаў.

душы́ць 2, душу, душылі, душыць; незак., каго-што.

Апырскваць або націраць духамі, адэкалонам. Душыць валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рой1 ’сям’я пчол або інш. насякомых, якія ўтвараюць адасобленую групу на чале з маткай’, ’мноства, вялікая колькасць насякомых, птушак, якія носяцца ў паветры’, ро́ем ’чарадой, гуртам, у вялікай колькасці’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., ТС, Сцяшк., Сл. ПЗБ; воран., ашм., віл., З нар. сл.). Укр. рі́й, рус. рой, польск. rój, н.-луж. roj, в.-луж. rój, чэш., славац. roj, славен. rȍj, серб. ро̑ј, харв. rȏj, чак. rọ̑j, макед. рој, балг. рой, ро́ят ’рой’, ц.-слав. рои ’замяшанне, мітусня, беганіна, узбуджэнне, непарадак’; ’бунт, сварка’; ’натоўп’; ’чарада, куча’. Сюды далучаюць славац. zdrój, польск. zdrój ’крыніца’. Прасл. *rojь — першапачаткова ’плынь, струмень, паток’, потым — ’вылятанне пчол з мацярынскай сям’і’, — якому адпавядае ст.-інд. ráyas ’плынь, імкненне, бег, паспешнасць, раз’юшанасць’, riṇā́ti ’выпускае на волю’, лац. rīvus ’паток’ < і.-е. *h​3roi̯Ho‑ ’цячэнне, струмень, плынь; бег, ход’ (Траўтман, 243; Уленбек, 245; Фасмер, 3, 496; Брукнер, 461; Махэк₂, 515; Шустар-Шэўц, 2, 1232; Скок, 155–156; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 627–628; БЕР, 6, 311–312; ESJSt, 13, 775–776). Роднаснымі да прасл. *rojь з’яўляюцца прасл. *rějati ’цячы’, *rěka ’рака’, *ristati ’спаборнічаць’, *riskati ’бегчы, імкнуцца хутка’, ’шныраць’, ’гойсаць’, *rinǫti ’рынуцца’. Сюды ж: ро́йніца, раёўня, ро́йнік ’посуд, у які збіраюць рой пчол’, ройі́льня, ройны́ця ’тс’ (Жыв. НС, Сл. Брэс., З нар. сл., Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Гл. таксама райнік.

Рой2 ’запаленне малочнай залозы’ (шальч., Сл. ПЗБ). Няясна.

Рой3 ’гайня ваўкоў’ (глыб., ЛА, 1; астрав., лельч., ЛА, 5) — пад уплывам народнай этымалогіі нібыта адносіцца да рой1 ’мноства, стада, стая’, таму і знешняе падабенства. Аднак лексема ўзыходзіць да руя́ ’тс’, ’зграя, стада ваўкоў у перыяд цечкі’ (Сл. ПЗБ), гл., магчыма, з польск. ruja ’цечка, гон’ < ст.-чэш. řújě, říjě ’перыяд цечкі ў аленяў’, суч. říje < прасл. *reuti/*rou‑ti ’раўці, рыкаць’ > бел. раўці (гл.). Параўн. лат. raunas laiks ’марцаванне катоў’. Не выключаецца ад’ідэацыя лексем юр, юра́ ’гайня ваўкоў’ (ЛА, 5).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ця́га, ‑і, ДМ цязе, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. цягнуць (у 1, 5, 8, 9 і 15 знач.) і цягнуцца (у 3, 4 і 9 знач.).

2. Рухаючая сіла, а таксама крыніца такой сілы, якая цягне. Электрычная цяга. Конская цяга. □ Дым, капаць, вугальны пыл, шлак — звычайныя спадарожнікі паравой цягі. «Маладосць». // Сукупнасць тэхнічных сродкаў і машын (паравозы, электравозы і пад.), якія забяспечваюць эксплуатацыю рухомага саставу.

3. Рух газаў, дыму (галоўным чынам у топачных і вентыляцыйных канструкцыях), які выклікаецца рознасцю ціску. Манька глядзела, як весела гараць у пліце высушаныя дроўцы, і слухала, як гудзе ў коміне дым ад моцнай цягі. Пташнікаў.

4. Імкненне да чаго‑н., прыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Гарасім вучыўся добра, але ў яго з’явілася нейкая хваравітая цяга да свяшчэнных кніг. Чарнышэвіч. Да гэтага Наталя і не западозрывала, што ў яе нутры наспявае нейкая моцная цяга да Рыгора. Гартны.

5. Спец. Стрыжань, прызначаны для перадачы цягавых намаганняў ад адной часткі механізма да другой. Тармазная цяга. Цяга кіравання.

6. У архітэктуры — тынкавальны або каменны паясок, які падзяляе вонкавыя і ўнутраныя сцены, абрамляе столь і пано. Карнізная цяга.

7. Спец. Шлюбны палёт самцоў слонак (вальдшнэпаў) пры пошуках самак. Сотні, а то і тысячы сцяжынак пракладалі мы разам. Пракладалі ў грыбных сасновых барах, на слончынай цязе ля звонкагалосай Рэкты. Карамазаў. // Паляванне ў час такога палёту. Вяртацца з вясенняй цягі. Хадзіць на цягу. Стаяць на цязе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́ркаць ’таўхаць кароткімі штуршкамі’, ’рэзкімі рухамі дакранацца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Юрч.), ’даваць, прапаноўваць’ (Нас., Юрч. Вытв.), ’тыкаць’ (Нас., Ласт.): то́ркаць у зубы ’груба падаваць, паказваць’ (Юрч. Фраз.), ’пратыкаць’ (Сцяшк.), ’штурхаць’, ’будзіць’, ’усоўваць, садзіць’ (ТСБМ, Нас.; калінк., Сл. ПЗБ), тарка́ць ’тс’ (Нас.), ’чапаць, кратаць’, ’кляваць’ (ТС; нараўл., З нар. сл.), то́ркаты ’тузаць; падсоўваць’ (драг., З нар. сл.), ’упікаць, дакараць, лаяць’ (Сл. Брэс.; малар., Нар. лекс.), ст.-бел. то́ркати ’бадаць, калоць рагамі’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ркацца ’варушыцца, калывацца’ (ТС), ’совацца, заходзіць’ (Юрч. СНЛ), то́ркнуцца ’даткнуцца’ (Ласт.), то́рнуць ’штурхаць, усадзіць, ткнуць, даць’ (Сл. ПЗБ, Юрч., Жд. 2), торкену́ць ’таўхануць, штурхануць’ (ТС), торк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (ТСБМ), ’тыц’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), торьк ’тс’ (мсцісл., Нар. лекс.; Бяльк.), торк‑торк — пра тузанне (Сержп. Прык.). Укр. то́рка́ти ’чапаць, зачапляць’, ’штурхаць’, ’рушыць’, торка́тися ’дакранацца’, рус. то́ркать ’штурхаць, грукаць’, ’ірваць’, ’выцягваць’, польск. torknąć ’ткнуць’, ’піхнуць, падштурхнуць’, ’ударыць’, ’зачапіць’, н.-луж. starkaś, starcyś ’штурхаць, піхаць’, в.-луж. storkać ’штурхаць’, ’таўчы’, чэш. trkati ’басці, калоць’, ’кідацца (у вочы)’, strkat ’штурхаць’, ’перакідаць з месца на месца’, ’падсоўваць’, славац. trkať ’басці’, славен. tŕkati ’грукаць, штурхаць’, otŕkniti ’зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым’, якое Бязлай (Linguistica, 8/1, 64), адносячы да ізаляваных славенскіх лексем, супастаўляе з літ. trìkti ’штурхаць’, ’быць перашкодай’, trė̃kti ’псаваць’, trãknys ’пацяруха’, харв. кайк. tȑkati ’грукаць у дзверы’, серб. тр́кати ’бегаць туды-сюды’, балг. тъ́ркам ’перашкаджаць’, ’церці’, ’расціраць’, ’драць’, дыял. то́ркам ’моцна калоць’, макед. трчка ’бегаць’, трча ’мітусіцца’. Прасл. *tъrk‑/*stъrk‑, роднаснае літ. tùrkterėti ’штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490), відаць, гукаперайманне (Фасмер, 4, 83). Да і.-е. *(s)ter(H)‑k‑ ’зацвярдзець’ (Шустар-Шэўц, 1361). Першаснае значэнне — ’біць па нечым цвёрдым’ (Сной₂, 784). Махэк₂ (651) у якасці роднаснай прыводзіць польск. trykać ’басці’. Аднак Скок (3, 504), разглядаючы лексему як анаматапеічную, звязвае яе з літ. treñkti ’грукаць, грымець, трэснуць, шпурнуць з сілай’, ’біць кулаком’, нова-в.-ням. Drang ’націск’, ’імкненне’ і адносіць да і.-е. асновы *trenq‑, якая ў славян без назалізацыі. Куркіна (Этимология–1974, 45–47) мяркуе, што іншаславянскія сувязі застаюцца не зусім яснымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)