цяга, ‑і, ДМ цязе, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. цягнуць (у 1, 5, 8, 9 і 15 знач.) і цягнуцца (у 3, 4 і 9 знач.).
2. Рухаючая сіла, а таксама крыніца такой сілы, якая цягне. Электрычная цяга. Конская цяга. ▪ Дым, капаць, вугальны пыл, шлак — звычайныя спадарожнікі паравой цягі. «Маладосць». // Сукупнасць тэхнічных сродкаў і машын (паравозы, электравозы і пад.), якія забяспечваюць эксплуатацыю рухомага саставу.
3. Рух газаў, дыму (галоўным чынам у топачных і вентыляцыйных канструкцыях), які выклікаецца рознасцю ціску. Манька глядзела, як весела гараць у пліце высушаныя дроўцы, і слухала, як гудзе ў коміне дым ад моцнай цягі. Пташнікаў.
4. Імкненне да чаго‑н., прыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Гарасім вучыўся добра, але ў яго з’явілася нейкая хваравітая цяга да свяшчэнных кніг. Чарнышэвіч. Да гэтага Наталя і не западозрывала, што ў яе нутры наспявае нейкая моцная цяга да Рыгора. Гартны.
5. Спец. Стрыжань, прызначаны для перадачы цягавых намаганняў ад адной часткі механізма да другой. Тармазная цяга. Цяга кіравання.
6. У архітэктуры — тынкавальны або каменны паясок, які падзяляе вонкавыя і ўнутраныя сцены, абрамляе столь і пано. Карнізная цяга.
7. Спец. Шлюбны палёт самцоў слонак (вальдшнэпаў) пры пошуках самак. Сотні, а то і тысячы сцяжынак пракладалі мы разам. Пракладалі ў грыбных сасновых барах, на слончынай цязе ля звонкагалосай Рэкты. Карамазаў. // Паляванне ў час такога палёту. Вяртацца з вясенняй цягі. Хадзіць на цягу. Стаяць на цязе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)