мяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Абменьваць адну рэч на другую. На другі дзень пад вечар дзяўчаты пайшлі ў бліжэйшую вёску мяняць на прадукты сякія-такія салдацкія рэчы. Кулакоўскі.

2. Замяняць адно чым‑н. другім аднародным; зменьваць, падменьваць. Мяняць кватэру. Мяняць работу. □ Сапёры рамантавалі мост, мянялі насціл. Ставер. Лена стаяла каля стала, мяняла пласцінкі. Ваданосаў. Я расхінуў сваю плашч-палатку, пакрыў сябе і Віну. Глянуў на гадзіннік — пара мяняць Несцера. Не падымаючыся з зямлі, разбудзіў партызана і паслаў на змену. Карпюк.

3. Рабіць іншым; зменьваць. Чорны пярсцёнак мігцеў перад вачыма і мяняў свой колер, рабіўся шэрым. Лынькоў. // Пераўтвараць. Заўтра цікава будзе расказаць сваім таварышам-рабочым, як іх праца ўжо цяпер пачынае мяняць звыклы воблік наваколля. Няхай. // Адмовіўшыся ад чаго‑н., заменьваць яго чым‑н. іншым. Мяняць погляды. Мяняць рашэнні.

4. Разменьваць грашовыя купюры на больш дробныя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кручо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да крук (у 1–4 знач.); невялікі крук. Павесіць паліто на кручок.

2. Прыстасаванне рознай формы з загібам на адным канцы, якое служыць для зачэплівання чаго‑н. Вязальны кручок. Рыбалоўны кручок. // Прыстасаванне для віцця вяровак. Я прынёс з сяней пакулле, дастаў кручкі, пачаў віць лейцы. Асіпенка.

3. Росчырк, завіток на пісьме. Стаўшы на лаве, Ніна вымае з-за іконы сшытак, які хавае туды ад Толіка. Садзіцца за сталом і пачынае крэмзаць свае кручкі і кружочкі. Брыль.

4. перан. Разм. Зачэпка, прыдзірка да каго‑н. [Гарбулёў] стараўся збянтэжыць Саламона рознымі спосабамі, скампраметаваць яго перад людзьмі. На гэта ў Гарбулёва было шмат кручкоў: Саламон кепска [вало]дае расійскай мовай. Не ведае матэматыкі. Не ведае такту. Бядуля.

5. Неадабр. Тое, што і кручкатвор.

6. Уст. Мера гарэлкі, роўная 250 г. Лабановіч цішком паслаў бабку Параску ў манапольку па кручок гарэлкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. што. Апрацоўваць моцным жарам перад спажываннем (зерне, арэхі, насенне).

2. каго-што і без дап. Моцна пячы (пра сонца, полымя і пад.). Ці то ад выпітага халоднага квасу, ці то частачка Аскольдавай радасці перадалася нам, ісці ў «Малінавы цвет» было лёгка, хоць сонца пражыла па-ранейшаму. Пальчэўскі. // перан. Мучыць (пра смагу). Хаця дзень быў халаднаваты, а ноч вільготная, рэзкая, Грушэўскага пражыла смага — каб хоць крыху вады ў рот узяць, усё было б лягчэй. Мурашка.

пражы́ць, ‑жыву́, ‑жыве́ш, ‑жыве́; ‑жывём, ‑жывяце́; зак.

1. Прабыць жывым які‑н. час; праіснаваць. Як .. [Гінка] магла пражыць з малым дзіцём без куханаў? Корбан.

2. Прабыць які‑н. час, жывучы дзе‑н. або як‑н. Раечка пражыла ў машыніста Герасіма некалькі дзён, не выходзячы з хаты. Лобан.

3. што. Патраціць на існаванне (грошы, сродкі). Пражыць усе грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

справядлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дзейнічае бесстаронна, адпаведна з праўдай, аб’ектыўнымі фактамі. [Пракоп:] — Васіль Міхайлавіч мае заскокі, але справядлівы і не трымае зла. Шыцік. Рэўнасць не дала .. [Юрку] быць справядлівым. Карпаў. [Магнат:] — Ох, боцман. А па службе строгі. Хоць кожны дзень фарбуй антэну — знойдзе прычэпку. Але да ўсіх аднолькава справядлівы. Мыслівец. // Які грунтуецца на правільных, аб’ектыўных адносінах да каго‑, чаго‑н.; аб’ектыўны. Справядлівы ўчынак. □ Выступленне Кацярыны хоць і не зусім справядлівае ў адносінах Вольчынага звяна, усё ж мела поспех у калгаснікаў. Кулакоўскі.

2. Такі, у аснову якога пакладзены патрабаванні справядлівасці. Справядлівы мір. Справядлівая вайна. □ Паспяховае і справядлівае вырашэнне нацыянальнага пытання ў СССР на аснове прынцыпаў марксізма-ленінізма дало новы стымул вызваленчай барацьбе народаў каланіяльных і залежных краін. «Звязда». Маленькі народ [В’етнама], перакананы ў сваёй справядлівай барацьбе, устаяў перад агрэсарам. Кавалёў. // Выкліканы пачуццём справядлівасці; абгрунтаваны, законны. Справядлівае абурэнне.

3. Які адпавядае праўдзе, аб’ектыўным фактам; правільны. Справядлівае абвінавачанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тупаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.

1. Часта і моцна тупаць нагамі пры хадзьбе, бегу і пад. Калі цямнела,.. [вожык] выбірайся з кардоннай скрыпкі, дзе ўнучка зрабіла яму пасцель, тупацеў па пакоі, тыцкаўся лычыкам у сподак. Даніленка.

2. Часта стукаць, тупаць нагамі аб падлогу, зямлю. Глянуў на абцасы, — Былі ў іх моладасць і часы, Калі рабілі выкрунтасы І на ігрышчы тупацелі, А тут хадзіць больш не хацелі. Колас. Хромавых блішчастых ботаў не шкадуе [Лёнька] і тупаціць нагамі так, што ўгінаецца падлога і з яе ўздымаецца шызы пыл. Навуменка. З таптухай і аднаму ўправіцца няцяжка... сунь у ваду і тупачы, гані рыбу ў яе. Мележ. // Стукам, тупатам ног выражаць злосць, нязгоду, нездавальненне кім‑, чым‑н. Рыгор тупацеў перад .. [свінаркамі], нібы разгневаны певень, і нешта злосна выкрыкваў ахрыплым голасам. Шашкоў. [Ганька] таксама тупацела нагамі, калі Джэк упарціўся і не хацеў больш танцаваць з Джэмай. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упо́перак, прысл. і прыназ.

1. прысл. У шырыню, па шырыні чаго‑н.; проціл. удоўж. Клава шпарка перабегла ўпоперак гасцінец і апынулася дома. Чорны. Разрэваныя ўпоперак дошкі на тых жа ваганетках адвозяць да цыркульных піл, дзе яны ператвараюцца ў роўныя брускі. Рунец. Перакручаныя дзверы віселі ўпоперак на адной завесе. Пальчэўскі. // Пасярэдзіне. [Сяргей:] — Схапіў я.. [пана] ўпоперак і павалок у пакой. Машара.

2. прысл.; перан. Насуперак. [Паддубны:] — Там жа, перад народам, расстралялі сабаку. [Камлюк:] — Правільна! Караць бязлітасна такіх! Яны ж са сваім марадзёрствам упоперак нам... М. Ткачоў.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «упоперак» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па шырыні чаго‑н. А раніцою на Дняпры ля плёса, Упоперак вялікае ракі, Вялі выпрабаванне землясоса Славутыя балтыйцы-маракі. Астрэйка. — Дадому, Дамка! — злосна загадаў аграном і першы стомлена патупаў упоперак кусцістых радкоў руні. Даніленка.

•••

Удоўж і ўпоперак гл. удоўж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сцерагчы́ ’берагчы, пільнаваць, вартаваць’, ’уважліва сачыць’, ’падпільноўваць’, ’засцерагаць’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Сержп. Прымхі), сьцярэ́жч, сьцярэ́ч ’тс’ (Бяльк., Мат. Маг.), сцерэгці́ ’тс’ (ТС), сцяро́гць (стярогть) ’тс’ (Шн. 2); сюды ж сцеражо́ны ’асцярожны’ (Нас., Варл.), сцеражны́ ’тс’ (мядз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стеречи ’сцерагчы’ (Карскі 2–3, 277; Альтбаўэр). Укр. стеречи́, рус. стере́чь, стараж.-рус. стеречи, польск. strzeć ’сачыць, захоўваць’, в.-луж. wostregajuczy (wostrjegajucy) ’вартуючы’, ст.-чэш. střieci, чэш. stříci, славен. strẹ́čі ’сцерагчы, вартаваць’, ст.-слав. стрѣгѫ, стрѣшти ’сцерагчы, сачыць, назіраць’. Прасл. *stergti, *stergǫ тлумачылі як кантамінацыю дзвюх асноў, якія прадстаўлены ў грэч. στέργω ’люблю’ і ст.-літ. sérgmi ’сцерагу’, літ. sérgiu, sérgiti ’тс’, sárgas ’стораж’, лат. sar̂gât ’вартаваць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 716; Младэнаў, 611; Фасмер, 3, 757. Іншыя (Траўтман, 257; Міклашыч, 293; Махэк₂, 587; Сольмсен, AfslPh, 24, 577) набліжаюць славянскае слова толькі да балцкіх слоў, што праблематычна ў фанетычных адносінах; гл. Бязлай, 3, 325–326. Борысь (583) узводзіць да і.-е. *sterg‑ ’клапаціцца аб кім-небудзь, даглядаць, сачыць’; Бязлай (там жа) — да і.-е. *ster‑g ’быць цвёрдым, непахісным’ > ’непахісна сачыць, узвышацца’ > ’чакаць, назіраць, засцерагаць’; агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 757; Шустар-Шэўц, 1363–1364; ЕСУМ, 5, 410–411. Адносна захавання г перад суфіксамі інфінітыва гл. Карскі, 1, 373.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́вы ’супрацьлеглы леваму; справядлівы, праўдзівы; невінаваты, маючы рацыю’ (ТСБМ, Ласт.), ’роўны’ (пін., Сл. ПЗБ), пра́ву ’прамы’ (ТС), ст.-бел. правы ’правы, неілжывы, невінаваты’ (Стан.), укр. пра́вий ’тс’, рус. пра́вый ’тс’, польск. prawy ’тс’, чэш., славац. pravý, в.-луж. prawy, н.-луж. pšawy ’тс’, славен. pravi ’правы, прамы; правільны’, серб.-харв. пра̏в, prȃvi ’прамы; невінаваты; правільны’, балг., макед. прав ’прамы, справядлівы, сапраўдны’, ст.-слав. правъ ’прамы; правільны, справядлівы’. Прасл. *pravъ(jь) звязваюць з *pьrvъ (гл. першы) і значэннем ’які стаіць наперадзе, першы’, корань той жа, што і ў *per (гл. перад) (Бязлай, 3, 105; Сной₂, 559); іншыя збліжэнні: лац. probus ’добры, сумленны, прыстойны’ (< *prō‑, гл. пра-), ст.-інд. prabhúh̥ ’выдатны; хто перавышае іншых’, ст.-англ. fram ’моцны, дзейны, смелы’, ст.-ісл. ’той, што стаіць наперадзе; хто імкнецца наперад’ (гл. Фасмер, 3, 352; ЕСУМ, 4, 551; БЕР, 5, 581). Паводле Мартынава (Балто-слав.-итал. изогл., 15–16; Язык, 61–62), роднаснае лац. pravus ’крывы, разбэшчаны, злавесны’, змяніўшаму значэнне ’прамы, спрыяльны’ на супрацьлеглае ў выніку семантычнай перабудовы. Першаснае значэнне ’прамы, просты’ лепш захавалася ў паўднёваславянскім арэале, аднак вядома і на іншых тэрыторыях, параўн. пра́ва ’прама’ (калінк., З нар. сл.). Згодна з Німчуком (Давньорус., 46), пераход ’прамы’ > ’правы’ звязаны са становішчам рук пры паказванні (“една випрямлена — prava, друга ненапружена — lěva”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мост, му͡ост, міст, мыст ’збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку’, ’падлога’, ’памост, насціл (у лодцы, на паду пад стог і інш.)’, палес. мосток ’ганак, сходцы перад уваходам у хату’, паўн.-усх. масткі ’падлога ў сенцах’ (ТСБМ, Нас., Бес., Яруш., Юрч., Др.-Падб., Грыг., Сцяшк., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. ПЗБ, Растарг., Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.; ДАБМ, к. 336), нараўл. мост ’дно ў калодзежы’ (Нар. сл.), маставі́на ’дошка ці бервяно ў памосце’ (Др.-Падб., Ян.). Укр. міст, рус. мост, ст.-рус. мостъ, польск. most, н.-, в.-луж. móst, чэш., славац. most, славен. mȏst, серб.-харв. мо̑ст, макед., балг. мост, ст.-слав. мостъ. Прасл. mostъ. Не зусім яснае слова. Напэўна выходзіць са ст.-в.-ням. mast ’шост, мачта’, англасакс. moest ’тс’, ст.-ірл. maide ’палка’ (< *mazdi̯os) (Мерынгер, 21, 303; Фасмер, ZfSlPh, 2, 55 і інш.). Фасмер (2, 662) сумняваецца таксама ва ўзвядзенні прасл. mostъ да *mot‑tos ’тое, што пастаўлена, накідана, збудавана’ і ў збліжэнні яго з дзеясловам metati ’кідаць’, хаця Махэк₂ (374), выводзячы mostъ з mesti ’тс’, прыводзіць у пацвярджэнне літ. прыклад, дзе pamestas азначае ’перакінуты (праз раку)’ і аналагічна франц. jeter le pont ’збудаваць (г. зн. ’перакінуць, накідаць’) мост’. Сюды ж маставік ’мостабудаўнік’ (ТСБМ), якое з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 110), як, відаць, і маставая ’брукаваная або асфальтаваная вуліца’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Над1, прыназ., рэдка нада (нада мной); укр. над, надо, рус. над, надо, польск. nad, nade, чэш. nad, nade, славац. nad, nado, в.-луж., н.-луж. nad, nade, nado; славен. nad, серб.-харв. над, нада, балг. над, макед. над. Прасл. *nadъ роднаснае да на; праблему складае паходжанне ‑dъ, якое звычайна трактуецца як узмацняльнае. Найбольш пашыраная версія тлумачыць з’яўленне гэтага элемента пад уплывам антанімічнага podъ (Фасмер, 3, 37; Махэк₂, 387; Бязлай, 2, 210 і інш.). Згодна са Стангам (Scando-Slavica, 3, 236), ‑dъ у nadъ, podъ, perdъ аднолькавага паходжання са ст.-прус. ‑dau у pirsdauперад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’пасля’, што разглядаецца як іменная флексія месн. скл., паколькі некаторыя прыназоўнікавыя формы з ‑dъ узніклі на базе назоўнікаў і прыслоўяў; напрыклад, балг. зад ’за’, якому ў іншых славянскіх мовах адпавядаюць толькі назоўнікавыя і прыслоўныя функцыі, развіло прыназоўнікавае значэнне ў гістарычны час на Балканах, гл. ESSJ SG, 1, 127–128 (з л-рай). У народна-дыялектнай мове сустракаюцца выпадкі канкурэнцыі на і над, параўн.: Над сонца надышоў похмарок (ТС).

Над2 у выразе: Як нема на наду, так чорт даў хаду (пра запаслівасць, гаспадарлівасць) (саліг., Нар. сл.). Рэдкая паралель да серб.-харв. на̂д, на́да ’надзея’, параўн. яшчэ славен. nȃda ’тс’, гл. надзея. Аднак не выключана, што тут выступае аддзеяслоўны назоўнік, утвораны ад на́дзіць ’вабіць, прыцягваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)