Ве́льма (Шат., Бяльк.), ве́льмі (Нас., Касп., Бяльк.). Ст.-рус., ст.-слав. вельми, укр. ве́льми, рус. дыял. вельми́, вельмо́, польск. wielmi, чэш. velmi, серб. вео̀ма ’вельмі’ (< *вельма) і г. д. Прасл., магчыма, *velьmi, *velьma. Утварэнне ад асновы *vel‑ ’вялікі’ (параўн. прасл. *velьi̯ь і *velikъ ’вялікі’). Калі ўзяць да ўвагі націск у рус. вельми́ і серб. вео̀ма (што можна сведчыць аб прасл. *velьmí, *velьmá), то бел. і ўкр. словы (з націскам на першым складзе) здаюцца некалькі падазронымі. Запазычанне з польскай мовы? (да таго ж спрадвечна ўкр. форма была б *вільми!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́дле1 ’згодна з чым, адпаведна чаму’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Запазычанне з польск. (ГБЛМ, 1, 145). Падрабязна гл. вэдле.

Во́дле2 ’побач, вакол’ (Нас.). Рус. во́дле, во́дли і во́зле, укр. відля, візля, візлі, польск. wedla, wedle, чэш. vedle, славац. veďla, славен. vàdlje, серб.-харв. ва̀дље ’адразу, у тую ж хвіліну’. Звязваецца звычайна з рус. длина, прасл. *dьlgъ і інш. Параўн. таксама ст.-рус. д(ь)ля ’даўжыня’ (Брукнер, 89; Фасмер, 1, 334, 517). Паводле Праабражэнскага, 1, 90, зыходнай формай была vъ‑dьli, а ст.-чэш. форму vedlé Голуб-Копечны (98) рэканструююць як *vъdьlьje.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́харэц ’зух’ (Бяльк.). Няясна; параўн. рус. ухарь ’тс’, якое Фасмер (4, 178) лічыць вытворным ад выкл. ух, гл. вух, ух, хутчэй ад дзеяслова ухать, гл. вухаць; параўн. таксама бранск. ву́ха ’бойкі, вынаходлівы хлопец’ і мсцісл. уга́р ’разудалы’ (Юрч. Сін.). Магчыма, звязана з вухры́ць ’настаўляць, вучыць’ (гл.); параўн. наву́хрыць ’намуштраваць’, падву́хрыць ’падвучыць каго, падбіць’ (Бяльк.). Прымаючы пад увагу мсцісл. угар, можна дапусціць сувязь з польск. ogar, чэш. ohař, ц.-слав. огаръ ’ганчак’, далейшая гісторыя якога застаецца няяснай (магчыма, запазычанне з усходніх моў; гл. Фасмер, 3, 117; Махэк₂, 410 і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́мерхацца ’прагаладацца, аслабець ад вялікай затраты сілы’ (БРС, Касп., Янк. III, Касп., Мат. Гом.), вы́мірьхацца ’тс’ (З нар. сл., маг.), вы́мяркацца ’захацець есці пасля хадзьбы’ (Бір. Дзярж.), виме́рхувать, ви́мерхать ’стаміцца’ (Ліс.). Укр. ви́мерховати ’прагаладацца’; параўн. таксама польск. merchać, myrchać ’раскідваць, мяшаць салому, прыводзіць яе да непрыгоднасці’. У беларускай мове, відавочна, запазычанне з укр., дзе яно ўтворана ад дыял. ме́рха, ми́рха ’падла’. Параўн. таксама чэш. mrcha ’кляча’; ’падла; сцерва (лаянка)’, польск. marcha, mercha ’кляча; сцерва’, славен. mrha (лаянка), запазычаныя з с.-н.-ням. marhe ’конь, кляча’ (Брукнер, 322; Клюге, 1960, 454, 463; Махэк₂, 379).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́салапіць (БРС, Нас., Гарэц., Грыг., Чач., Клім., Бес., Шн., 2, Нік., Оч., Шпіл., Янк. БФ), вы́салапіцца ’выказацца’ (Мат. Гом.). Укр. ви́солопити ’тс’, рус. вы́солопить (толькі пагран. рус. гаворкі). Беларуска-ўкраінская ізалекса, якая не мае адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах. Слова-крыніцу (*salpiti) Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 46) прапаноўвае аднесці да літ.-лат. лексічнай групы: літ. sul̃pti, sul̃piti ’ссаць, прысёрбваць’, лат. sulpît ’ссаць, аблізваць’. У сувязі з тым што бел. і ўкр. формы паслядоўна фіксуюць поўнагалоссе, гэта запазычанне павінна было адбыцца да метатэзы плаўных. Гл. яшчэ салупаць і Трубачоў, Слав. языкозн., 177.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́йда! выклічнік (БРС, Яруш.), гайда́ (Касп., Нас., Сцяшк., Ант.). Рус. айда́, гайда́, укр. гайда́. Запазычанне з цюрк. моў: тат. aida, äidä. Ёсць і ў іншых слав. мовах. Гл. Фасмер, 1, 64; Корш., AfslPh, IX, 500; Локач, 61. Памылкова Брукнер (170), здаецца, не лічыў hajda запазычаннем. У нас адзначана гайда́ ’разгул’, што, відавочна, з’яўляецца пераносным, метафарычным ужываннем слова гайда́ як выклічніка. Параўн. у Федар. (4, 98): «на дзень гайды́, а на век беды». Ад гайда́ ’разгул’ утворан дзеяслоў гайда́чыць ’весці разгульнае, бестурботнае жыццё’ (Нас.). Параўн. і ўкр. га́йда ’вісус, гарэза’.

Гайда́ ’разгул’ (Нас.). Гл. гайда!

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарба́та ’чай’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. дыял. зах. герба́та, гарба́та ’тс’. Запазычанне з польск. herbata (дыял. harbata) ’чай’. У першай частцы гэтага слова лац. назва расліны наогул (herba), у другой бачаць паўд.-кіт. назву чаю . Як думаюць некаторыя даследчыкі (агляд гл. у Слаўскага, 1, 416), у польск. мову назва трапіла праз гал. herba thee (адсюль і іт. erba tè). Гл. Слаўскі, там жа; Брукнер, 171. Паводле іншай версіі (Слаўскі, там жа), у другой частцы слова трэба бачыць лацінізаваную форму назвы чаю ‑thea (такая форма засведчана даўно).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Грамада́ ’натоўп, гурт; вясковая абшчына’ (БРС, Шат.), таксама грама́да (Касп.). Прасл. *gromada (: *gramada). Параўн. рус. грома́да, укр. грома́да, польск. gromada, чэш. hromada, далей паўд.-слав. (пераважна ў значэнні ’куча’, ’каменне’, ’гара’ і да т. п.): балг. грома́да, серб.-харв. гро̀мада, грома́да, славен. grmáda, gromáda. Роднаснае: ст.-інд. grāma‑ ’натоўп, гурт; вёска, абшчына’, лац. gremium ’бярэмя, ахапак, звязак’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 103; Фасмер, 1, 460–461, Слаўскі, 1, 347–348 (апошні спецыяльна адзначае сувязь з балт. мовамі, аднак Трубачоў, там жа, мяркуе, што літ. grãmatas хутчэй запазычанне са слав.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гі́ліць ’біць мяч гілкай’, гілка ’палка, якой падкідваюць мяч у час гульні’ (Бяльк.). Трубачоў (Эт. сл., 7, 221) вельмі непераканаўча аб’яднаў пад праформай *gyliti далёкія па семантыцы словы: серб.-харв. ги̏лити ’шчыкатаць’, ги́льати ’хадзіць па гразі, вадзе, снегу’, рус. дыял. ги̏лить ’смяшыць, балакаць’ і рус. дыял. паўд. ги́лить, гыли́ть ’падкідваць мяч’, укр. гили́ти ’падбіваць мяч гилкою’. Лепш меркаваць, што ў бел. мове і паўд.-рус. гаворках гэта проста запазычанне з укр. Параўн. укр. ги́лка, гі́лка ’галінка; палка для падбівання мяча; гульня ў мяч’. Непераканаўча таксама (аб укр. словах) Рудніцкі, 1, 614.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дакла́дны ’дакладны’ (БРС). Укр. докла́дний ’тс’. Запазычанне з польск. dokładny ’тс’. Параўн. дакла́днасць, дакла́дна. Польск. слова з такім значэннем вядома ў помніках з XVIII ст. і звязана з дзеясловам dokładać (się), dokład. Слаўскі (1, 154) прыводзіць як паралель ст.-польск. dołożny ’дакладны’ (< dołożyć) і рус. приле́жный (< прилега́ть).

Дакладны́ (БРС): дакладна́я запіска < рус. докладна́я записка (а гэтыя словы да докла́д > бел. дакла́д). Адносна рус. докладна́я (уласна дакладная записка) падрабязна ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 157. Ужо ў сярэдзіне XV ст. ужывалася слова докладная («а докладную писал чернец Иринарх…»), якое ўзнікла на базе словазлучэння докладная грамота.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)