імкне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. імкнуцца (у 1 знач.). Не ўстоіць на месцы Пятрок, Яму трэба рух і імкненне. Колас. Зноў вясна адрадзіла імкненні Да бурлівых і радасных сноў. Багун.

2. Настойлівая цяга, парыў, рашучая мэтанакіраванасць да чаго‑н. Імкненне к подзвігу жыло ў душы Савы, і таму ён так высока ацаніў Андрэя за яго ўчынак з дзедам. Пестрак. А сэнс жыцця якраз і заключаецца ў яго няспыннасці, у поступу да лепшага, найдасканалейшага, у яго нястомным імкненні да хараства. Карпаў. // звычайна мн. (імкне́нні, ‑яў). Намеры, жаданні. [Аленка] уся была поўна няясных імкненняў, яшчэ невядомага ёй адчування і радасці за парогам яе роднай ваколіцы. Колас. [Бондар] усё роўна не патрапіў бы выказаць словамі сваіх пачуццяў і сам толькі туманна разумеў прычыны сваіх імкненняў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытры́млівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прытрымацца.

2. чаго. Імкнуцца быць, знаходзіцца бліжэй да чаго‑н. Прытрымлівацца правага боку дарогі. □ [Драчам] даводзіцца быць асабліва асцярожнымі і прытрымлівацца цёмных купін або знаходзіцца ў цяні траў. Самусенка.

3. чаго. Кіравацца чым‑н., выконваць што‑н., дзейнічаць згодна з чым‑н. Прытрымлівацца чаргі. Прытрымлівацца традыцый. □ Цімох і цяпер прытрымліваецца старых спосабаў помсты і змагання. Колас. — А я, ведаеце, прытрымліваюся мудрага правіла: каб быў парадак у рабоце, трэба перш за ўсё навесці яго ва ўласным доме. Шамякін. // Быць згодным з чым‑н. (думкай, поглядам і пад.). Большасць з .. [вучоных] прытрымлівалася думкі, што ракета з’явілася ахвярай сутыкнення з метэарытам. Гамолка. [Мірон] прытрымліваўся погляду, што чалавек усё можа зрабіць, калі толькі захоча. Гурскі.

4. Зал. да прытрымліваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягну́цца, цягну́ся, ця́гнешся, ця́гнецца; цягніся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размяшчацца на вялікай адлегласці, прасторы.

Уздоўж ракі цягнуўся луг.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Валачыся па зямлі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічвацца ў даўжыню, шырыню ад нацягвання.

Рызіна цягнецца.

4. да каго-чаго. Выцягвацца, цягнуцца ў якім-н. напрамку.

Дзіця цягнецца ручкамі да цацкі.

Расліны цягнуцца да сонца.

5.(1 і 2 ас. не ўжыв.). Доўга, марудна праходзіць, працягвацца.

Справа цягнецца два гады.

Час цягнецца марудна.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рухацца ў адным напрамку, адзін за адным.

Па дарозе цягнуўся абоз.

7. перан., за кім-чым. Імкнуцца да каго-, чаго-н.

Ц. да ведаў.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павольна распаўсюджвацца слабым струменем (пра пах, дым і пад.).

Ад кастра цягнуўся пах дыму.

9. 3 цяжкасцю ісці, плесціся (разм.).

Стары ледзь цягнуўся.

10. Адставаць ад іншых па якіх-н. паказчыках (разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Мы́каць1, му́каць, мі́каць ’раўці (аб карове, цяляці)’ (ТСБМ, Юрч., Гарэц.; дзярж., ДАБМ, к. 300), ’ціха мычэць’ (ц.-бел., лельч., там жа; Нас.). Рус. пск., валаг., калін., арханг. мы́кать ’тс’. Гукапераймальнае. Ад аднаразовага выклічніка мы‑ы! (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 79).

Мы́каць2, му́каць, мы́каты ’часаць лён на грэбені і скручваць яго ў мычкі’ (Гарэц., Юрч., Бяльк., Ян.; іван., петрык., лельч., Уладз.), мы́кнуць ’зрабіць трохі мычак’ (Юрч.). Укр. ми́канець ’расчасанае і падранае з мычкі пачассе’, ми́канка ’горшы гатунак прадзіва’, ми́кати ’торгаць, рваць, цягнуць’, рус. мы́кать ’мыкаць лён, пачассе’, польск. mykać ’рваць лён’, ’часаць лён’, ст.-чэш. mykati ’часаць воўну’, славац. mykať, славен. míkati ’часаць’. Прасл. mykati. Да імкну́цца (гл.).

Мы́каць3 ’раздаваць, марнатравіць’, ’насіцца’ (Юрч.). Рус. валаг. мы́кать ’траціць час’. Семантычна блізка стаіць да мы́кацца (гл.).

Мы́каць4 ’мармытаць, неразборліва гаварыць’ (ТСБМ, Шат.), любан. мы́каць‑пы́каць ’тс’ (Нар. словатв.), мы́кнуць ’буркнуць, крыкнуць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Гукапераймальнае. Утворана ад м‑м‑м! (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 72).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пну́цца ’напружвацца, натужвацца, пяцца’, лезці, праціскацца праз натоўп наперад’ (Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк. МГ, ТС, Растарг., Стан.), ’сердаваць, злавацца’ (Ян.), пнуць ’перці, напіраць’ (Растарг.), ’штурхнуць, піхнуць’ (Ян., ТС). Укр. пнутися (< пʼя́сти) ’нацягваць’, рус. пнуть, пинать ’даваць выспятка, штурхаць, удараць нагою’, стараж.-рус. пяти, пнути ’штурхануць’, польск. piąć (się) ’звязваць’, ’караскацца уверх, лезці’, ’віцца (аб раслінах)’, ’рушыць, накіравацца’, н.-луж. pěś, в.-луж. pjeć ’нацягваць, напружваць’, ’злучаць’, чэш. pnouti se ’ўзвышацца’, ’віцца, паўзці’, славац. pnúť sa ’тс’, славен. pẹ́ti ’цягнуць’, ’імкнуцца’, pẹ́ti se ’ўзыходзіць, паднімацца’, серб.-харв. пе́ти се ’паднімацца, лезці ўверх, узыходзіць (на гару)’, макед. напне се ’нацягнуцца’, ’напружыцца’, ’націснуць, наваліцца’, балг. пъ́на ’нацягваю’, напъ́на се ’напружыцца’, ст.-слав. съ‑пинати ’звязваць’. Прасл. *pęti (), pьnǫti, роднасныя літ. pìnti ’плясці’, лат. pît ’заплятаць’, ’путаць (каня)’, літ. pynė̃ ’каса (валасоў)’, арм. hanum ’тку, сшываю’, ст.-грэч. πένομαι ’(цяжка) працую’, гоц. spinnan ’прасці’, нова-в.-ням. spinnen, spannen ’нацягваць’, ’напружвацца’, тахар. A pänw‑, тахар. B pänn‑ ’цягнуць’, ’напружваць’ (Фасмер, 3, 292; Махэк₂, 464–465; Бязлай–Сной, 3, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыбо́г ‘уладар зямных і нябесных вод (атаясамліваўся з Міколам Вясеннім або Лысым)’ (Жлоба, Народная педагогика Полесья: по материалам этнографических исследований, Брест, 2002, 182–183), страж.-рус. Стрибогъ ‘бог вятроў’, параўн. вѣітри, Стрибожи внуци ў “Слове пра паход Ігаравы”. Лічыцца запазычаннем з ст.-іран. *Srībaɣa; паводле Мартынава (Этнагенез, 6–7), ‘добры бог’, супрацьпастаўлены *Dužbaɣa ‘злы бог’, суадносным з стараж.-рус. Дажьбогъ (< прасл. *dъžbogъ). Гл. таксама Фасмер, 3, 777 (з аглядам версій і літ-ры). Трубачоў (Этногенез₂, 197–198) лічыць прасл. *stribogъ і *da(djь)bogъ культурнымі інавацыямі славян, а не індаеўрапейскімі архаізмамі, першае з якіх уяўляе кампазіт з імператыўнай формай дзеяслова *sterti ‘распаўсюджваць, распасціраць’ у спалучэнні з іменем *bogъ ‘бог’; гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 398; Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 272; Тапароў, СБЯ, 1983, 120; Жураўлёў, Язык и миф, 171–172. Сувязь з стрыбаць (гл.) і ням. streben ‘прагнуць, імкнуцца’ (Брукнер, KZ, 50, 195) малаверагодная, паколькі гэта быў бы просты аддзеяслоўны дэрыват, параўн. стрыбок ‘скачок’. Гл. яшчэ Зайкоўскі, Бел. міф.₂, 492–493; ЕСУМ, 5, 439–440.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спабо́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Імкнуцца перасягнуць каго‑н. у чым‑н., старацца дабіцца лепшых вынікаў у чым‑н. Спаборнічаць у вучобе. Спаборнічаць у сіле і спрыце. □ Вавёркі не могуць спаборнічаць з бабрамі па аб’ёму корму, які яны нарыхтоўваюць. Самусенка. — Я вас выклікаў сюды не для таго, каб спаборнічаць у дасціпнасці, — гэтак жа памяркоўна, як і раней, казаў Паўловіч. Радкевіч.

2. Удзельнічаць у сацыялістычным спаборніцтве з мэтай дасягнуць высокай прадукцыйнасці працы. [Антось:] — Тэ-эмпы! Учора толькі прыехалі і ўжо спаборнічаюць. Паглядзім, паглядзім!.. Кулакоўскі. [Пракоп:] — Я ўжо брыгаду выбраў, спаборнічаць паспрабуем, хоць у іх па машыне пяць чалавек працуе, а ў нас чатыры. Карпаў.

3. Прымаць удзел у спаборніцтве (у 3 знач.). Спаборнічаць у стральбе з лука. □ — Не біцца, — зноў паправіла.. [Паўліка] сястра, — а весці бой на рапірах, спаборнічаць. Шыловіч.

4. Спец. Быць адным з бакоў у спаборным судовым працэсе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

берагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Захоўваць цэлым, не расходаваць. — Можа трошкі віна і знайшлося б, — усміхнулася настаўніца, — але мы яго беражом для раненых. Маўр. // Вельмі эканомна, беражліва расходаваць. Пры другіх абставінах Платон Дулеба і сам арганізаваў бы абстрэл самалётаў, але цяпер трэба было берагчы кожны патрон. Шчарбатаў. // Ашчадна карыстацца якімі‑н. рэчамі, імкнуцца захаваць іх у найлепшым стане. — Ты кнігу беражы, сынок, Прыходзь часцей у госці! Агняцвет.

2. Клапатліва ахоўваць каго‑, што‑н., засцерагаць ад чаго‑н. [Арына] сама любіла і берагла свайго бацьку. Кавалёў. [Маці:] — Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка. [Пітолін:] — Неяк раз на зборы перад усімі праводзіў гутарку, як трэба берагчы баявыя традыцыі. Грамовіч. // Захоўваць у памяці, помніць. Берагчы наказ бацькоў.

•••

Берагчы сваю шкуру — клапаціцца, думаць толькі пра сябе.

Берагчы як зрэнку вока — старанна, беражліва захоўваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шар, ‑а; мн. шары, ‑оў; м.

1. У матэматыцы — геаметрычнае цела, якое ўтворана вярчэннем круга вакол свайго дыяметра. Паверхня шара. Плошча шара. Радыус шара.

2. Прадмет, які мае такую форму. Більярдны шар. □ Каляровыя шары Пралятаюць угары, Як за птахам птах у вырай. А. Александровіч.

3. Уст. Прадмет такой формы для галасавання, а таксама сам голас за або супраць. Пытанне аб дапушчэнні Скарыны да экзаменаў было вырашана, па прапанове Мусаці, балатыроўкай шарамі. Алексютовіч. Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны. Караткевіч.

•••

Зямны шар — планета Зямля.

Паветраны шар — а) сферычны аэрастат; б) дзіцячая цацка ў выглядзе абалонкі, напоўненай паветрам або газам, лягчэйшым за паветра.

Чорны шар — выбарчы шар, які азначае: «супраць абрання».

Пробны шар — а) (уст.) шар, які выпускаецца для выпрабавання ўмоў палёту; б) пра які‑н. учынак, прыём, пры дапамозе якога імкнуцца высветліць што‑н.

Хоць шаром пакаці гл. пакаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арэ́х1, орі́х, горі́х ’выпадкова не ўзараны ўчастак зямлі’ (Выг. дыс., 6) з огрэх ’тс’, у выніку выпадзення г.

Арэ́х2, гарэ́х. Рус. орех, укр. горіх, оріх, польск. orzech, чэш. ořech, славац. orech, с.-луж. worjech, палаб. vrex, славен. ôreh, серб.-харв. о̀рак, мак. орев, балг. орех (значэнне ў асноўным супадае з беларускім, апрача сербскахарвацкага, македонскага, балгарскага, дзе гэта слова абазначае толькі ’грэцкі арэх — Juglans’); ц.-слав. ст.-рус. орѣхъ (Сразн.). Параўн. літ. ríešas, ríešutas (з памянш. ‑ut‑), лат. riẽksts ’тс’, ст.-пруск. buccareisis ’Buchecker’; праводзяць паралелі таксама з грэч. ἄρυα, алб. ar̄e ’арэх’ (гл. Фасмер, 3, 151–152; Фрэнкель, 731, і літаратуру, якая там прыводзіцца), прычым часта імкнуцца тлумачыць яго як не і.-е. вандроўнае слова (Махэк₂, 418). Малаверагодна тлумачэнне Ільінскага ад дзеяслова rěšiti (ИОРЯС, 20, 4, 153), Голуб-Копечны (257) суадносяць слова арэх з балта-слав. *rēks‑ ’лупіць’ (?) — прасл. *o‑rěši‑ti (?). Ці не трэба звязаць арэх, літ. ríešas, з літ. ríešas сустаў (рукі, нагі)’, якое звязваецца з і.-е. *u̯reikʼǒ‑ тое, што верціцца’ (Фрэнкель, 731).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)