пульсава́ць, ‑суе; незак.
1. Рытмічна біцца, мець пульс (пра сэрца, артэрыі і пад.). На лбе ўсхвалявана пульсавала тонкая сіняватая жылка. Гамолка. // Рытмічна рухацца па крывяносных сасудах (пра кроў). У такіх роздумах Людвік і дабег да свайго лагера. Нейкі час не прыслухоўваўся, як пульсуе кроў у дзяўчыны, ці трымаецца ў грудзях дыханне. Кулакоўскі. І зноў з усіх ног бягу прэч ад школы... Бягу, а ў скронях б’е, пульсуе, аж звініць кроў — гэта праўда, усё праўда, што я думаў... Сачанка.
2. перан. Рытмічна рухацца; актыўна праяўляцца. Над Дняпром, над Волгай, над Масквой-ракою, — скрозь жыццё пульсуе, шпаркае такое. Дубоўка. Творчая фантазія пульсуе тут моцна, і актуальнасць праблематыкі не слабее. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Мы́кацца ’кідацца туды-сюды’ (Бяльк.), мы́каць ’насіцца, вазіцца з чым-небудзь’ (Юрч.). Укр. лемк. ми́катися, рус. мы́каться, н.-луж. mykaś, польск. mykać się, pomykać, чэш. mykati se ’тс’, серб.-харв. ми̏цати се ’рухацца, варушыцца, перасоўвацца’. Да імкну́цца (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кішэ́ць ’мітусліва рухацца ў розных напрамках’ (ТСБМ, Шат., Сл. паўн.-зах., Сержп., Нік. Напаў., КЭС, лаг.). Укр. кишіти, рус. кишеть ’тс’. Перш за ўсё гаворка пра насякомых, чарвей, змей. Адсюль параўнанне са ст.-чэш. ksenci (*kъš‑en‑ьcь) ’малькі, вывадак земнаводных’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 33). Усходнеславянскія лексемы адпавядаюць прасл. kyšěti, якое генетычна суадносіцца з літ. kušė́ti ’кішэць’, kùšti ’пачаць рухацца (для масы жывых істот)’, kuštė́ti ’шавяліцца, варушыцца, развівацца’ (параўн. значэнне чэшскай паралелі), лат. kustêt ’рухацца, шавяліцца, варушыцца’ (Фасмер, 2, 242). У якасці іншых індаеўрапейскіх паралелей прапануюцца ст.-грэч. κυκάω ’змешваць, муціць, бурліць, мітусіцца’, κυκεών ’мешаніна’, κυκητής ’падбухторшчык’. Магчымасць супастаўлення прасл. kyšěti з літ. kušė́ti (ū: ŭ) і ст.-грэч. κυκάω выцякае з рэгулярнасці суадносін x ∼ š ∼ k, што ў сваю чаргу сведчыць аб k̑ як адной з крыніц прасл. x. Прасл. kyšěti < *kyxěti, літ. š у kušė́ti з і.-е. k̑, а k у старажытнагрэчаскіх формах пацвярджае гэту рэканструкцыю (Мартынаў, Слав. акком., 124–125).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
капашы́цца, ‑пашуся, ‑пошышся, ‑пошыцца; незак.
Разм.
1. Шавяліцца, бязладна, мітусліва рухацца. У .. канаўцы капашылася мноства маленькіх галавасцікаў. Даніленка. Санліва папіскваючы, капашыліся ў галлі дрэў птушыныя вывадкі. Ракітны.
2. Корпацца, важдацца, капацца, будучы занятым якой‑н. справай. Меншыя дзеці капашыліся на агародзе, большыя — пілавалі, калолі і складалі дровы. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заце́рці, затру́, затрэ́ш, затрэ́; затро́м, затраце́, затру́ць; зацёр, -це́рла; затры́; -цёрты; зак.
1. што. Тручы, зрабіць нябачным, знішчыць.
З. надпіс.
З. мокрыя сляды на падлозе.
2. каго-што. Сціснуць, пазбавіць магчымасці свабодна рухацца.
Ільды зацёрлі карабель.
З. у натоўпе.
3. перан., каго (што). Наўмысна перашкодзіць каму-н. праявіць сябе, прасунуцца па службе (разм.).
З. маладога спецыяліста.
4. што. Прыгатаваць расціраннем, замешваннем.
З. муку.
|| незак. заціра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
імкну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; незак.
1. Хутка рухацца, накіроўвацца куды-н.; старацца трапіць куды-н., быць дзе-н. або стаць кім-н.
Ручаі імкнуцца да ракі.
І. ў Парыж.
Усёй душой і. да сябра.
2. Настойліва дамагацца чаго-н., старацца дасягнуць чаго-н.
І. да свабоды.
І. да міру.
3. перан. Адчуваць цягу да каго-, чаго-н.
І. да авіятараў.
|| наз. імкне́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
напра́мак, -мку, мн. -мкі, -мкаў, м.
1. Лінія руху, бок, у які накіраваны рух, дзеянне.
Ісці ў паўночным напрамку.
Змяніць н.
2. перан. Шлях развіцця чаго-н.
Н. развіцця краіны.
3. Участак фронту.
Баі на заходнім напрамку.
4. Грамадская, навуковая і інш. плынь.
Рэалістычны н. у літаратуры.
5. у знач. прысл. напра́мкам. У кірунку да чаго-н.
Пайсці напрамкам да лесу.
◊
Браць (узяць) напрамак — пачынаць рухацца, ісці ў якім-н. напрамку.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
шмы́гаць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).
1. Хутка хадзіць, рухацца каля каго-, чаго-н., паміж кім-, чым-н.
Па вуліцы шмыгаюць машыны.
2. Праходзіць, выходзіць хутка, незаўважана.
Як убачыць мяне, шмыгае за дзверы.
3. чым. Тое, што і шморгаць (у 3 знач.).
Ш. носам.
|| аднакр. шмыгну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ і шмыгану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.
|| наз. шмы́ганне, -я, н. (да 1 і 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
кра́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Рухацца, варушыцца. Ледзь-ледзь краталася толькі бляшанае лісце асін. Броўка. На левай вудзе кратаўся паплавок. Ваданосаў.
2. перан. Абуджацца, узнікаць (пра пачуцці, думкі і пад.). [Стараста] быў узбуджаны і ўсхваляваны, але гэта ўсё не дасягала глыбіні душы, і недзе ў схаваным кутку краталася радасць. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
буксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
Круціцца, не рухаючыся з месца (пра колы аўтамабіля, паравоза і пад.). Матор раве, заднія колы буксуюць, а машына стаіць. Хомчанка. // Пра аўтамабіль і пад., у якога колы круцяцца на адным месцы. Ехаць прыйшлося доўга, машыны часта буксавалі. Новікаў. // перан. Не рухацца наперад, таптацца на адным месцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)