хва́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Удалы, спрытны; маладзецкі. Пахмурна і ўрачыста выглядалі хвацкія хлопцы з пачэснага каравула. Лынькоў. [Клаўдзія Пятроўна:] — Я і не ведала, што ты [Харытон Ігнатавіч] ў мяне такі хвацкі прамоўца. Васілёнак.

2. Разм. Вельмі добры, слаўны. [Дзед:] — Кара цяпер добра здымаецца, свісцёлкі дужа хвацкія будуць. Рылько. Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі. Навуменка. // Вясёлы, заліхвацкі. З балалайкай у Андрэя заўсёды спалучалася ўяўленне шырокай вуліцы рускага сяла, хвацкай прыпеўкі. Пестрак. З прыемнасцю чуў, як падпяваў сабе гэты вясковы хвацкі танцор, слоў не знаходзячы ад весялосці. Брыль.

3. Разм. Спрытны, умелы. Хвацкія рукі ў дзеда. □ Паглядзеў пан на работу ды кажа: — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць, — і падаў Паўлюку сцізорык, дзе было многа ножыкаў і розных іншых прычындалаў. С. Александровіч.

4. Разм. Прыдатны для выкарыстання, ёмкі. Хвацкі рубанак. □ Даніла тым часам нікнуў за шафу і дастаў адтуль вельмі ж хвацкую кавеньку. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Даставаць, набіраць чым‑н. знізу або з глыбіні, захопліваючы невялікімі часткамі што‑н. вадкае ці сыпкае. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас. Па полі шырокім ідзе хлебароб — у цяжкіх ботах, спаважнай хадой. Чэрпае жменяй адборнае зерне з сявенькі і сее спакойна, упэўнена. Брыль. Малашкін чэрпаў з талеркі бульбяны суп з вермішэллю і маўчаў. Пестрак. // У час руху па чым‑н. вадкім, сыпкім захопліваць, набіраць. Каменне падала густа, бляшанка падскоквала на хвалях, нахілялася, чэрпала ваду, але ўпарта не хацела ісці на дно. Савіцкі.

2. перан. Набываць, браць, запазычваць што‑н. адкуль‑н. Чэрпаць веды. Чэрпаць сілы. □ Кожны з нас прыпасае радзімы куток, Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны. Панчанка. Беларуская савецкая літаратура чэрпае сваё натхненне ў рэвалюцыйным абнаўленні краіны. Пшыркоў.

•••

Чэрпаць (браць) каўшом — многа, празмерна браць, атрымліваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разо́ра, ‑ы, ж.

1. Доўгая канаўка на паверхні зямлі, праведзеная плугам у час ворыва. Роўная істужка разоры ціха развіналася следам за Сёмкам, нідзе не адыходзячы ад мяжы на болей, чым ставала ўлегчыся вывернутай плугам зямлі. Гартны. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. Самая меншая Кулініна дачка борздзенька бяжыць уперадзе. Кідае ў вузкую разору палавінкі бульбін. Паўлаў.

2. Паглыбленне ў выглядзе канаўкі, зробленае плугам або лапатай на полі і агародзе для сцёку вады і для праходу. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса. Колас. З дарогі звярнулі [Андрэй з Апанасам] на поле і ішлі разораю праз маладое жыта. Пестрак.

3. Прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі, Бруіліся ў цяньку іх хвалі І ў луг чуць значнаю разорай Ішлі спакойна між чаротаў. Колас. Скура на руках таўшчала, трэскалася на пальцах і далонях, пакідаючы глыбокія разоры. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Развіць (што‑н. звітае, туга скручанае). Тады ..[хлапчукі] узялі палку і з яе дапамогай сяк-так раскруцілі дрот. Ваданосаў.

2. Разгарнуць, разраўняць (што‑н. скручанае). Раскруціць вуду. □ [Віктар] разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак. — Дрэнна скручваецца пергамент. Але як скруціцца, то і не раскруціш. Караткевіч.

3. Разгарнуць, зняць (што‑н. наматанае, накручанае). Міхась і праўда, шукаючы ў кішэнях ключа ад машыны, намацаў невялікі тугі скрутак. Раскруціў паперу — грошы. Б. Стральцоў. Кастусь Серада, зняўшы шапку, сеў на табурэтку, расшпіліў ватоўку, раскруціў з шыі шалік. Шахавец. // Вызваліць ад таго, чым закручаны, укручаны хто‑, што‑н. Вера раскруціла .. [дзіця] і, узяўшы на рукі, пайшла на прыём. Дамашэвіч.

4. Прымусіць круціцца з узрастаючай хуткасцю. Раскруціў паступова ЛАЗ цяжкія калёсы, І паціснуў руку свайму вучню настаўнік. Нядзведскі. Раскруціў пугу-канаплянку і ляснуў ёю на ўсю сілу. Сабаленка.

5. Пашырыць у дыяметры. Раскруціць дзірку.

6. Расшрубаваць, расківаць. [Сяргей:] — Трэба дастаць ключ і на пад’ёме раскруціць рэйкі. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Там ’у тым месцы, не тут’; ’потым, затым, далей’; узмацняльная часціца ў спалучэннях (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Федар. 4; калінк., З нар. сл.; Вруб.), та́ма ’тс’ (Нас., Бяльк., Растарг.; калінк., З нар. сл.; Скарбы, Шатал., Мат. Гом., Мат. Маг., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 5), та́ме, та́мма ’там, вунь там, у тым месцы’ (ТС), ст.-бел. тамъ, тамо ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж ускладнены часціцамі та́мака ’тс’ (Нас., Касп., Шат., Стан., Ласт.; калінк., З нар. сл.), та́макава, та́макай ’тс’ (Сцяшк. Сл.), та́майка ’тс’ (Скарбы), та́мка ’там, трохі далей’ (Сл. ПЗБ, Варл.), та́макі ’тс’ (ТС, Мат. Гом.), та́мачы ’тс’ (Жыв. сл., Сл. ПЗБ), та́мацька ’тс’ (Нас., Бяльк.), та́мачка, та́мачкі ’тс’ (Ласт., Сержп. Отч., Сцяшк. Сл., Касп.), тамо́чка ’тс’ (ТС). Укр. там, та́мо, та́мʼе ’тс’, рус. там ’тс’, польск. tam ’там; туды’, н.-луж. tam ’там; туды’, в.-луж. tam, tamie ’тс’, чэш. tam ’тс’, славац. tam ’тс’, славен. tam, tamkaj ’там’, серб.-харв. та̏мо ’там; туды’, балг. там, та́мо, таме́ ’тс’, макед. таму ’там, туды’, ст.-слав. тамо ’там’, рэдка ’туды’. Прасл. *tamo, дзе корань *ta‑ той жа, што ў прасл. *tako > так (гл.) і ў аблаўце — у прасл. *tъ > той (гл.), а суфікс *‑то той жа, што ў прасл. *semo ’тут; сюды’, *kamo ’куды’, *ovamo ’ў той бок’. Праславянскі корань *ta‑ ўзводзяць да індаеўрапейскага займеннікавага кораня *to‑, *tā‑, *tio‑ (Покарны, 1086–1087) і супастаўляюць праславянскае слова з лат. nuo tāmадтуль’, грэч. τημος ’тады, у той час’ (Фасмер, 4, 17; Чарных, 2, 227; Борысь, 626).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звод 1, ‑у, М ‑дзе, м.

Разм. Выміранне, знікненне каго‑, чаго‑н. І была.. [груша] такая магутная і свежая.., што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца. Караткевіч. — На ўсё пайшоў звод, — з нейкай маркотай заключыў паляшук і змоўк, аб чымсьці задумаўшыся. Колас.

звод 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Выпуклае або крывалінейнае перакрыцце, што злучае сцены, апоры якога‑н. збудавання; скляпенне. Звод аркі. □ Жалезны лямант і скрыгат узлятаюць аж пад высокія зводы даху і адтуль ападаюць ужо сцішаным рэхам. Сабаленка. Цяпер агледзець можна печ, як ляльку, Усе карнізы, нішы, под і звод, І той пяколак, дзе шукаць запалку, Калі куранты данясуць свой звон. Пысін.

звод 3, ‑у, М ‑дзе, м.

Сукупнасць тэкстаў, дакументаў і пад., сабраных разам і размешчаных у пэўнай паслядоўнасці. Звод законаў. Звод правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. □ Дакастрычніцкая творчасць Янкі Купалы — гэта бадай поўны звод паэтычных звестак аб паднявольным жыцці беларускага селяніна. Лужанін.

звод 4, ‑у, М ‑дзе, м.

Рэдакцыя рукапіснага тэксту, якая адрозніваецца ад іншых сціскаў гэтага помніка асаблівасцямі мовы. Стараславянскі помнік рускага зводу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкме́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можна прыкмеціць, распазнаць, адрозніць вокам, поглядам. Цяпер я стаю на месцы, прытуліўшыся да сцяны, каб не быць прыкметныя, і чакаю. Галавач. Над левым брывом у Кірылы Пракопавіча досыць прыкметны шрам. Паслядовіч. [Рэня] прыглядалася да яго няскладнай фігуры.. і ў куточках яе губ блукала, хавалася ледзь прыкметная ўсмешка. Лынькоў. // Адчувальны, значны. Звычайнае вячэрняе пахаладанне не было нават прыкметным. Чарнышэвіч. Небагата баек напісаў Я. Колас, але ў развіцці гэтага жанру ў беларускай літаратуры яны пакінулі прыкметны след. Казека.

2. Які прыцягвае да сябе ўвагу, кідаецца ў вочы; адметны. Яшчэ на.. [пасажыры] было надта прыкметнае паліто — пера[н]іцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна. Карпюк. У такой, як Алеся, касынцы яна. У чырвонай касынцы, прыкметнай здалёк. Куляшоў.

3. Які выдзяляецца сярод падобных, мае свае асаблівыя адзнакі. Быў .. [Слесарэнка] чалавек прыкметны. Амаль двухметровага росту, спакойны, чарнявы, смелы і рашучы ў баі. Бураўкін. Агрыпіна ведала і помніла сям’ю Грушкаў, тым больш, што хата іх прыкметная: пры шляху — адна. Пестрак.

4. Які з’яўляецца, служыць прыкметай, адзнакай. Прыкметны знак. □ Адтуль зусім не цяжка знайсці прыкметны выварацень. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. прыпек, ‑пякла, ‑пякло; заг. прыпячы; зак.

1. каго-што. Разм. Пратрымаўшы доўгі час на агні, на жары, падпаліць. Прыпячы пірагі. // Трохі, злёгку спячы; апячы. Прыпячы руку правам. □ А запалка дагарэла і — чуць не прыпякла пальцаў — стухла. Баранавых.

2. каго-што і без дап. Моцна прыгрэць (пра сонца). На другі дзень, калі шчодра прыпякло гарачае веснавое сонейка, расада раптам пачала вянуць... Якімовіч. // безас. Пра адчуванне моцнай гарачыні. Наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Шамякін. У Каляды тлела гімнасцёрка, але ён не заўважаў гэтага, вёў агонь, аж пакуль добра не прыпякло. Гурскі. // перан.; безас. Прыйсціся цяжка, крута. Чаго ж.. [Томчак] даў цягу адтуль у Польшчу? Відаць, прыпякло. Бажко. — На тваім месцы і я каго-небудзь супакойваў бы. А калі самому прыпякло... Асіпенка.

3. што. Прыкласці што‑н., змазаць чым‑н. едкім, пякучым (для лячэння, дэзінфенкцыі); прыпаліць. Прыпячы парэз ёдам.

4. што і чаго. Разм. Спячы дадаткова, у дадатак да ўжо спечанага. Прыпячы хлеба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убо́р, ‑у, м.

Убранне, адзенне; строі. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы. Асіпенка. [Сяргей з Таняй] спыніліся каля палаткі з дзявочымі ўборамі. Машара. Выходзіць Домна Іванаўна — маці паэта, вясковая кабета ў простым чысценькім уборы. С. Александровіч. // Адзенне, убранне, прызначанае на якія‑н. пэўныя акалічнасці. Шлюбныя уборы. □ Усе леснікі былі ўжо ў зборы, у лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Тое, што і галаўны ўбор. Дождж, я верыў, дабрадзей, І чакаў яго штодзень. Дачакаўся І — на двор, З галавы здымаю ўбор. Калачынскі. // Якое‑н. упрыгожанне або дадатак да ўбрання чаго‑н. Хоць гаспадар і ўздыхнуў па ім [кані], ды зняў сядло з уборам залатым. Дубоўка. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (лісце, снег, іней і пад.). Бярозы былі ў прыгожым уборы, на ветры трапяталася зялёнае, з ружовым адценнем лісце. Гурскі. Пахіліліся галіны пад белым уборам. Лынькоў. Мне на плечы ніцыя акацыі Сыплюць свой пялёсткавы ўбор. Шымук.

•••

Галаўны ўбор — агульная назва рэчаў, якія надзяваюцца на галаву (шапкі, капелюшы і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Хутка ўстаць, падняцца з месца. Сёмка паволі ўзняўся з канапы. Следам за ім борздзенька ўскочыў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак. Не помнячы сябе, Грэчка стаў адпаўзаць назад, потым ускочыў і пабег. Мележ.

2. Скочыць на каго‑, што‑н. Сувязны ўскочыў на каня і паскакаў. М. Ткачоў. Салдат спрытна ўскочыў на падножку і ў момант апынуўся ў прасторнай кабіне самазвала. Васілевіч. Ускочыць на падаконнік, адвярнуць шпінгалеты — секунда часу. Вось толькі не была б прыбіта цвікамі рама. Хомчанка. // у што. Скочыць у сярэдзіну чаго‑н. Ускочыць у лодку. □ Лабановіч выбег на платформу і ўскочыў у першы пасажырскі вагон. Колас.

3. перан. Узнікнуць (аб прышчах, нарывах і пад.). Ускочылі мазалі на руках. □ На лбе ўскочыў гуз, але Андрыян не адчуваў болю. Марціновіч.

4. у што. Імкліва ўвайсці, сілай уварвацца куды‑н. Раптам адчыніліся дзверы і за мной у хату ўскочылі ўзрадаваныя дзеці. Ляўданскі. Група прарыву ўскочыла ў лес і адным ударам выбіла адтуль фашыстаў. Новікаў.

5. у што. Трапіць, папасці выпадкова куды‑н. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі.. ускочылі ў правал. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)