Трэ́пці ‘стаптаны, зношаны абутак’ (паст., Сл. ПЗБ; чэрык., ЛА, 4). Няясна; відаць, можа быць звязана з трэпаць (гл. трапаць2) ці трапятаць (гл.), параўн. польск. trzepiot, trzpiot ‘легкадумны, несур’ёзны чалавек’. Меркаванне Грынавяцкене — з літ. trèpčiai ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 5, 142) — цяжка прыняць па фанетычных і лінгвагеаграфічных прычынах. Хутчэй кантамінацыя трэ́пы1 і тапці (гл.) або запазычанне з польск. trepcie (Вілен. сл.), мн. л. ад trepek, trepka ‘прымітыўны абутак на драўлянай падэшве, прымацоўваўся да нагі пры дапамозе раменьчыкаў’, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інжыне́р. Запазычанне з польск. inżynier, націск пад рускім уплывам. У польск. з франц. ingénieur (SWO, 315), якое ўзыходзіць да лац. ingenium ’вынаходлівасць, трапная выдумка’. Ст.-бел. инъенеръ (1601 г.) са ст.-польск. ingenier (Булыка, Лекс. запазыч., 91). У рускай мове инженер (XVII ст.) таксама запазычана праз польскае пасрэдніцтва; гл. Шанскі, 2, I, 76–77; Біржакова, Очерки, 363; супраць Фасмер (2, 133) называе нямецкую крыніцу. Недакладна Гіст. лекс., (245) адносіць да неалагізмаў XIX ст.; Крукоўскі (Уплыў, 77) лічыць запазычаным з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інфарма́цыя. Запазычанне з лац. informatio ’ўяўленне аб чым-н.’ праз польскае пасрэдніцтва (SWO, 305). Тым жа шляхам рус. информация (з 1702 г.) (Фасмер, 2, 136; Шанскі, 2, I, 108; Біржакова, Очерки, 364, поруч з польскай называе беларускую і ўкраінскую як магчымыя крыніцы запазычання). Ст.-бел. информация, информацыя ’разуменне, высвятленне, паведамленне’ (1588 г.) са ст.-польск. informacyja; дзеяслоў информовати ’інфармаваць, асвядомліваць’ (1588 г.) < ст.-польск. informować < лац. informare (Булыка, Лекс. запазыч., 49). Недакладна Крукоўскі (Уплыў, 77), які лічыць слова новым запазычаннем з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плуг ’прылада з металічным нарогам для ворыва’ (ТСБМ; Зн., дыс.; Бес., Тарн.; Сцяшк. МГ; Бяльк.; Сл. ПЗБ), ’вузенькі шнур зямлі, які можа запяць плуг пры ворыве’ (слаўг., Яшк.); укр. плуг, рус. плуг, стараж.-рус. плугъ, польск. pług, палаб. pläug, н.-луж. pług, в.-луж. płuh, чэш. pluh, славац. pluh, славен. plȕg, серб.-харв. плу̏г, макед. плуг, балг. плуг(ът), серб.-ц.-слав. плугъ. Прасл. *plugъ. Многія (Мерынгер, JF, 16, 184; 17, 100; 18, 244; Уленбек. AfslPh, 15, 490; Ван–Вейк, IF, 23, 366; Мее, Études, 179; Фасмер, 3, 287) выводзілі лексему з герм. *plōga‑ ’плуг’, якое, аднак, у германскіх мовах з’яўляецца ізаляваным і этымалагічна няясным (запазычанне нібыта адбылося яшчэ да перамяшчэння зычных у ст.-в.-ням. мове, г. зн. да V–VI стст. н. э. ці са ст.-в.-ням. pfluog (Смулкова, Słown., 42). Цяжка давесці і кельта-рэцкае паходжанне герм. *plōga (у сувязі са згадкай у Плінія (Naturalis historia, 18, 172) пра новую прыладу працы (plaumorati < *ploum aratrum) з альпійскай вобласці, якое параўноўваюць (Вальдэ-Гофман, 2, 320, 324) са ст.-італ. ploxemum, ploxenum ’палукашак на возе’, ці з лац. plaustru, plostrum ’xypa’ (Клюге, 17, 545). Пра запазычанне герм. *plōga з прасл. plugъ гаварыў яшчэ Я. Грым (Geschichte der deut. Spr., 1850, 1, 40), але прасл. лексема, паводле яго, была ўтворана з *plyti ’плыць’; гэтаксама з *plyti і суф. *‑gŏ‑ ўтваралі лексему *plugъ Вондрак (Vergl. Gr., 1, 470), Міклашыч (252), Машынскі (JP, 36, 1956, 1) — з і.-е. *pleu̯‑/*plou̯‑ ’ліцца’, ’сунуцца, цягнуць’, Фасмер (3, 287) рашуча адхіляе запазычанне герм. *plōga са слав. У той жа час Мартынаў (Лекс. взаим., 175–178) пераканаўча даводзіць спрадвечнасць прасл. *plugъ (< plužiti ’цягнуць па зямлі’) і запазычанне слав. лексемы германцамі. Скок (2, 690) мяркуе, што герм. (гоц. *plōgs) было запазычана з балтаслав. мовы. Гл. таксама Бязлай (3, 61–62). Трубачоў (Этногенез, 212) лічыць plōg‑ цэнтральнаеўрапейскай інавацыяй, што адлюстроўвае тэхнічнае ўдасканаленне больш ранняга рала (< *ordlo) — ’рала на калёсах’ (“плывучае рала”). Сюды ж плуга́р ’араты’ (в.-дзв., рагач., Сл. ПЗБ; Нар. Гом.; Ян.), плуга́тар, плуга́тнік ’тс’ (Сл. ПЗБ; ЛА, 3), плужок ’акучнік’ (Дзмітр.; лід., Сл. ПЗБ); плугава́ць, плу́жыць ’абганяць бульбу’, плужкаваць ’тс’ (гродз., ЛА, 2; Сцяшк. МГ; Скарбы), плужь́щь ’тс’ (Шат.: сміл., Стан.), плужы́ца ’акучнік’ (беласт., Смул.).

Плуг2, зборн. плуганнё ’галлё, бярвенні, якія плывуць па рэчцы так шчыльна, што па іх можна перайсці на другі бераг’ (віл., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, генетычны звязана з літ. plùkdas ’лёд, што плыве па рацэ’, plū̃koti ’трымацца на паверхні вады, плаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рак1 ‘жыхар Турцыі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Зайка Кос.), ту́рок ‘тс’ (ТС, Вруб.), ‘Турцыя, Турэччына’: немца, турка ваяваць (Карскі 2-3, 397), ту́ркі ‘тс’: Куды цябе мамка аддае: / Ці ў туркі, ці ў татары (барыс., Песні сямі вёсак), ту́рак ‘упарты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом., Зайка Кос.), ту́рок ‘чалавек з разумовымі недахопамі’ (ТС), ту́рык ‘дурань’ (Юрч. Вытв.), ст.-бел. турокъ (1480 г.), турчинъ, турчынъ (1499 г.) ‘жыхар Турцыі’ (ГСБМ). Параўн. укр. ту́рок, рус. ту́рок, стараж.-рус. турокъ (XV ст.). Запазычанне з тур. türk ‘турак, цюрак’, звязанае (паводле ЕСУМ, 5, 682) з türk ‘грубы, жорсткі, разбойніцкі’, уйг. türk ‘сіла; моцны’, чагат. ‘жорсткі, храбры’, якія зводзяцца да ст.-цюрк. türk ‘цюркская дынастыя’, якую кітайцы называлі Tu‑küz ці Ту‑кю (Фасмер, 4, 125). Запазычанне адсылаецца і да манг. türkün ‘бацькі і родзічы замужняй жанчыны’. Гл. таксама Фасмер (4, 83–84). Сюды ж турча́нка ‘жанчына турэцкай нацыянальнасці’ (ТСБМ), Турэ́ччына ‘Турцыя’; Турцыя — са ст.-польск. Turcja, якое з новалац. Turcia, гэтаксама прыметнік турэцкі са ст.-польск. turecki < Turek ‘турак’ (Фасмер, 4, 126); ту́рка ‘турак’ (Байк. і Некр.), турэцкі баго́н — нейкая расліна (ТС), турэцкіе агуркі — бальшые і доўгіе (Ян.), турэцкі рамонак ‘рамонак пахучы, Matricaria matricarioides (L.)’ (лельч., Нар. лекс.).

Ту́рак2 ‘бубны (масць у картах)’: бубен, або званок, або турак (Наша Ніва, 2002, 15 лют.). Відавочна, адпавядае польск. turek ‘чырвоная кветка’ на базе колеру бубновай карты або значэння ‘палявая кветка’, што можа атаясамлівацца са званочкам (Варш. сл.), дакладней — з контурам кветкі «званковай» (бубновай) карты. Сувязь з Turek ‘турак’ застаецца няяснай.

Ту́рак3 ‘грыб курачка, Rozites casperata (Fr.) P. Karsten’ (кам., маладз., смаляв., Сярж.–Яшк.). Заходняя лакалізацыя назвы сведчыць пра магчымае запазычанне польск. turek ‘від грыба з вялікай апушанай шапачкай арэхападобнай формы пясчанага колеру’ (Варш. сл.). Мяркуецца, што грыб нагадвае турэцкі галаўны ўбор, адсюль зыходнае Turek, гл. турак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́рбара ’рэвень’ (Жд.). Скарачэнне запазычанага з польск. мовы *рэбарбара, *рабарбара (< польск. rabarbara, rebarbara), якое паходзіць з лац. rhabarbarum, reubarbarum (падрабязней гл. Брукнер, 456; Махэк, Jména rostl., 86). Польск. barbara азначае зусім іншую расліну (Barbaraea) і не можа быць крыніцай бел. слова, нягледзячы на фанетычную блізкасць.

Барбара1 (ст.-бел.) ’прылада катавання’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54). Чартко, там жа, бачыць тут запазычанне з ням. Barbarei ’варварства, дзікасць’. Этымалогія вельмі няпэўная. Хутчэй ст.-бел. слова трэба параўноўваць з укр. барба́ра, байба́ра́ ’бізун, пуга і г. д.’ Усё гэта запазычанні з польск. barbara ’тс’ < уласн. імя Barbara (матывацыю гл. Брукнер, 15). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 126 (параўн. яшчэ ўкр. ванда́ ’арапнік, доўгі бізун’ < Wanda). Аб называнні прадметаў уласнымі імёнамі людзей гл. падрабязна Банфантэ, RL, IV, 19–28. Параўн. барба́ра2.

Барба́ра2 ’кол у плытагонаў’ (нёманск., гродз., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Відаць, таго ж паходжання, што і барба́ра1 (гл.), г. зн. запазычанне з польск. Параўн. barbara ’доўгі, тоўсты канат’ (< уласн. імя Barbara); параўн. яшчэпольск. дыял. barbaro, jadwiga ’драўляны крук для падвешвання катла над агнём’. Гл. яшчэ Махэк₂, 46 (пад barbora, дзе прыводзяцца розныя назвы прадметаў ад жаночага імя).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

База́р1 ’рынак, базар’ (БРС, Бяльк.). Рус. база́р, укр. база́р. Запазычанне з цюрк. моў (з цюрк. дыял. bazar, параўн. тур. і г. д. pazar < перс. bāzār). Гл. Праабражэнскі, 1, 12; Локач, 23; Фасмер, 1, 106. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 10, дзе ўказваецца на тат. мову як на крыніцу запазычання.

База́р2 ’плошча, пляц’ (Яшкін, Лысенка, ССП). Таго ж паходжання, што і база́р1 (гл.). Семантычны зрух такі ж, як і ў рус. дыял. база́р ’вуліца’. У правінцыі базары раней заўсёды былі і цэнтрам «грамадскага» жыцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балага́н (БРС) ’будова для хавання бульбы’ (Шушк.), балага́нчик (Касп.). Рус. балага́н, укр. балага́н. Запазычанне (праз цюрк. мовы) з перс. balaχanä ’верхні пакой, пакой над галоўным уваходам’. Локач, 17; Фасмер, 1, 112. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 18–19.

Бала́ґан ’беспарадак’ (тураў., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Націск і выбухное ґ сведчаць аб запазычанні з польск. дыял. bałagan. Але (паводле Варш. сл.) у польск. няма такога значэння. Таму лепш лічыць запазычаннем з рус. мовы. Аб паходжанні слова гл. балага́н (якое таксама мае пераноснае значэнне ’беспарадак’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ванцак ’хвароба жывата’ (Сцяшк. МГ); ’падучая’ (Шат., Касп.); ’рэзь у жываце’ (БРС). Фанетычна пераробленае запазычанне з польскай мовы, на што ўказвае, у прыватнасці, наяўнасць насавога. Польск. wąsad і памылковае wąsacz ’боль у крыжы’ (адкуль беларускае ванцак ’хвароба жывата’). Брукнер (605) тлумачыць wąsad, як ’тое, што ўсаджана’ і параўноўвае з чэш. úsad ’боль у крыжы’, балг. усади ’хвароба скаціны’. Форма ванцак тлумачыцца перараскладаннем запазычанага слова на ванц‑ і ‑ак, на падставе чаго ўзніклі ванцяць ’абняславіць’ (гл.) і ванцаты ’нервовы, шалёны’ (гл.). Параўн. Вярэніч, БЛ, 11, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ват ’ват валочаць па затокам (лавіць рыбу)’ (Серб.), ва́та (Шат.). Параўн. рус. ва́та ’сетка для лоўлі рыбы’, укр. ва́та ’тс’, польск. wata. Першакрыніцай з’яўляецца ням. Wate ’тс’ (аб ням. слове Клюге, 842), а паводле Рудніцкага, 1, 324, запазычанне прама з с.-в.-ням. wate (Шалудзька (Нім., 25) лічыўся з пасрэдніцтвам польск. wata < с.-в.-ням. Wate, wade). У форме вата слова зафіксавана ў ст.-бел. мове (з XVI ст.); Булыка (Запазыч., 57) бачыць першакрыніцу ў ням. Watta (?). Бел. форму ват (калі гэта не памылковы запіс) вытлумачыць цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)