злы, ‑ая, ‑ое.
1. Поўны пачуцця злосці, варожасці, нядобразычлівасці; злосны. Злы чалавек. □ [Галя з мужам] злую мачыху з яе дачкою больш да сябе і на парог не пускалі. Якімовіч. // Які выражае злосць. Злыя вочы. □ Увесь натоўп, што сабраўся тут, праводзіў.. жанчыну зняважлівымі, злымі позіркамі. Няхай. // Сярдзіты на каго‑н. Злы на ўсіх і на самога сябе за такі зварот справы, Васіль увесь тыдзень працягаўся .. нудны і маркотны. Гартны. // Прасякнуты злосцю, нядобразычлівасцю. Іван здагадаўся аб яго злых намерах. Ваданосаў.
2. Сярдзіты, куслівы, злосны (пра жывёл). Злы сабака.
3. Які прычыняе, тоіць у сабе зло. Смерць дзяцей, хвароба злая Тут знайшлі прытульны кут. Колас.
4. Суровы, цяжкі. Злая гадзіна. Злая доля. □ Думкі пра сына былі цяпер адзіным апірышчам .. [Антонавай] душы, у гэты злы і брыдкі час яго жыцця. Чорны.
5. Ужываецца для абазначэння вышэйшай ступені якой‑н. якасці, дзеяння, стану і пад., выражанага назоўнікам. Злы мароз. □ Абветраны злымі вятрамі.., бурат.. аб’язджае незлічоную атару і цягне бясконцую стэпавую песню. Корбан. // Вельмі напружаны, інтэнсіўны. Не знайшлі таго акопа, Дзе я ляжаў пад злым агнём. Прыходзька.
•••
Злы геній гл. геній.
Злы дух гл. дух.
Злыя языкі гл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зга́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. згас, ‑ла; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць; патухнуць, загаснуць. Ракета прарэзала заслону дажджу, зашыпела ў вышыні і згасла. Шамякін. Пад вечар згаслі яркія кастры. Танк. / Пра канец дня і надыход ночы. Дзень згас.
2. перан. Знікнуць, кончыцца (пра пачуцці, надзеі і пад.). Не згасне той запал агністы, З якім пад шолах кумача Кляліся сэрцам урачыста Ва ўсім браць прыклад з Ільіча. Бялевіч. На задні план сышлі згрызоты, Агонь і жар у сэрцы згас. Колас. / Пра жыццё, сілы. Яшчэ ў грудзях не згаслі сілы, Яшчэ не слабнуць сэрца крылы, Не адцвіла ў душы вясна! Гілевіч. // Зачахнуць, памерці (пра чалавека). [Маці] хутка згасла на непасільнай працы, як свечка на ветры, у свае трыццаць дзевяць год. Клышка. Згас стары дзядок без болю, Раз ці два адно зяхнуў. Колас. // Страціць жывасць, выразнасць (пра вочы, позірк, усмешку). Вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула.. [Васіля], усмешка на чырванашчокім твары згасла. Мележ.
3. перан. Страціць значэнне, забыцца. Ніколі не згасне слава аб тых, хто аддаў сваё жыццё ў імя людскога шчасця. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гледзіць і праглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак.
1. што. Бегла прачытаць што‑н., азнаёміцца з чым‑н. Але наўперад гэтыя брашуркі і лісткі трэба было прагледзець, адабраць, бо шмат якія з іх ужо аджылі свой век і страцілі надзённую актуальнасць. Колас. Камандзір палка прагледзеў дакументы і з цікавасцю пачаў слухаць тлумачэнне. Машара. [Дзед:] — Цяпер пойдуць дні рэпетыцый. Трэба праглядзець увесь рэпертуар гэтага года. Караткевіч. // Агледзець што‑н. з мэтай праверкі. Інакш кажучы, стала ясна: трэба нанава прагледзець звяно за звяном і пачаць з гарачых цэхаў. Карпаў. [Настаўнік] праглядзеў сшыткі вучняў трэцяга класа. Кавалёў.
2. каго-што. Не заўважыць, празяваць, прапусціць. Ваню Чакая Уля прагледзела. Спадзявалася ўбачыць уперадзе, а ён вынырнуў ззаду. Паўлаў. [Верка:] — Гэта ж бачу, пайшоў [Кастусь] на канюшню, глядзела, глядзела і ледзь не праглядзела. Гаўрылкін. // перан. Удзяліць недастаткова ўвагі каму‑, чаму‑н.; не даглядзець. [Шыковіч:] — І я не сказаў бы, што сын мой Уладыслаў — гультай і [лежабок]. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелі. Шамякін.
3. што і без дап. Правесці некаторы час у разглядванні чаго‑н., у назіранні за чым‑н.
•••
Вочы прагледзець — углядаючыся, доўга чакаць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкме́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можна прыкмеціць, распазнаць, адрозніць вокам, поглядам. Цяпер я стаю на месцы, прытуліўшыся да сцяны, каб не быць прыкметныя, і чакаю. Галавач. Над левым брывом у Кірылы Пракопавіча досыць прыкметны шрам. Паслядовіч. [Рэня] прыглядалася да яго няскладнай фігуры.. і ў куточках яе губ блукала, хавалася ледзь прыкметная ўсмешка. Лынькоў. // Адчувальны, значны. Звычайнае вячэрняе пахаладанне не было нават прыкметным. Чарнышэвіч. Небагата баек напісаў Я. Колас, але ў развіцці гэтага жанру ў беларускай літаратуры яны пакінулі прыкметны след. Казека.
2. Які прыцягвае да сябе ўвагу, кідаецца ў вочы; адметны. Яшчэ на.. [пасажыры] было надта прыкметнае паліто — пера[н]іцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна. Карпюк. У такой, як Алеся, касынцы яна. У чырвонай касынцы, прыкметнай здалёк. Куляшоў.
3. Які выдзяляецца сярод падобных, мае свае асаблівыя адзнакі. Быў .. [Слесарэнка] чалавек прыкметны. Амаль двухметровага росту, спакойны, чарнявы, смелы і рашучы ў баі. Бураўкін. Агрыпіна ведала і помніла сям’ю Грушкаў, тым больш, што хата іх прыкметная: пры шляху — адна. Пестрак.
4. Які з’яўляецца, служыць прыкметай, адзнакай. Прыкметны знак. □ Адтуль зусім не цяжка знайсці прыкметны выварацень. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Вызначыць, пазнаць па якіх‑н. прыкметах. [На дарозе] быццам нешта чарнела. Праз мінуту няцяжка было распазнаць, што рухаецца калона аўтамашын. Беразняк. Гук не сціхаў і быў ужо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колас. — А то гляджу — сама Мілка ідзе ў цэх. У вачах ні смутку, ні адчаю, ні роспачы. Глядзіць мне ў вочы, смяецца. Не распазнаць: натуральна ці прытвараецца. Мыслівец. // Разгадаць, зразумець значэнне, характар, асаблівасці каго‑, чаго‑н. Цяпер .. [Кастравіцкі] ведаў, бадай, пэўна, што жонка расчаравана ў ім.. і як бы нанава стараецца яго распазнаць, шукаючы ў ім перш за ўсё благое. Навуменка. [Язэпу] хацелася хутчэй распазнаць нораў свайго буланчыка. Якімовіч.
2. Адрозніць, вылучыць сярод падобных. Авечку латкамі, бывае, значаць, каб распазнаць у табуне лягчэй. Таўлай. [Нічыпаравы] словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ. Чарот.
3. Пазнаць у падрабязнасцях, дэталях. Як толькі вынырнулі з лесу, шафёр спыніў машыну, каб распазнаць мясцовасць, а галоўнае — дарогу. Пестрак. [Аксіння Мелехава] баялася мужчын, праклінала сябе за маладую бяздумнасць, за жаданне як хутчэй да канца распазнаць свет. Мыслівец. Усё ахвота зразумець, распазнаць. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Націснуўшы ці сціснуўшы, зламаць, змяць, расплюшчыць, раздушыць. Расціснуць ягаду. □ Я расціснуў цыгарэту ў попельніцы і дастаў з палічкі над сталом пачак махоркі, купленай на выпадак. М. Стральцоў. «Хаця б іх [памідоры] не расціснуць, — з’яўляецца думка, і я ўсхопліваюся, каб паставіць мех пры сцяне. С. Александровіч. [Кастусь:] — Пане старшы, я вінаваты перад вамі. Дужаўся з Аляшкевічам і расціснуў ваш гадзіннік. С. Александровіч. // Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, пакалечыць, забіць. [Кюблер] спыніўся перад .. [дзяўчынкай] і падумаў, што калі з размаху адчыніць дзверы, то гэтую малую можна расціснуць на блін, бо дзверы даставалі да самай сцяны. Шамякін. / у безас. ужыв. — Адкрытыя дзверы былі, а Пецечка ручкаю за канцік узяўся. Вагон — то-орг. А яму — расціснула ручаньку... Савіцкі.
2. Перастаўшы сціскаць, раскрыць (пальцы, зубы, губы і пад.); разняць, расшчаміць. Расціснуць кулак. □ Апусціўшы вочы, .. [чалавек] з цяжкасцю расціснуў пальцы і кінуў доўбню ў агонь. Караткевіч.
3. Разм. груб. Выпіць (спіртныя напіткі). [Шыковіч:] — Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расціснем. Шамякін. — Ну, выпілі мы. Зяць прыехаў. Дык чаму ж з радасці бутэльку не расціснуць? Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. □ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.
2. у знач. наз. ро́дныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.
3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. □ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.
4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.
•••
Родны склон гл. склон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́ссып, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. рассыпа́ць — рассы́паць (у 1 знач.).
2. Разм. Пра што‑н. рассыпанае ў вялікай колькасці. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Брыль. // перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н., быццам бы рассыпанага на паверхні. Мацвей Сымонавіч за якія два дзесяткі метраў убачыў россып лісічак. Мяжэвіч. На траве ляжаў бліскучы россып вадзяных кропель. Савіцкі. Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор на Млечным шляху, аж пакуль стамляюцца вочы. Галавач.
3. Спец. Лес, які сплаўляецца асобнымі бярвеннямі, а не плытамі.
4. Спец. Страты пры пагрузцы і перавозцы сыпкіх рэчываў.
5. Спец. Адкладанні, у складзе якіх маюцца крупінкі, крышталі карысных мінералаў (золата, плаціны і пад.). Алмазны россып.
6. Спец. Вялікая колькасць каменных глыб рознай велічыні і формы, якія ўтвараюцца пры выветрыванні горных парод. Пароды, якія выветрываюцца, утвараюць вялікія каменныя россыпы.
7. у знач. прысл. ро́ссыпам. Хто куды, у розныя бакі; урассыпную. Зноў пачуўся ўсё большы і большы гул матораў. Людзі кінуліся россыпам. Гурскі.
8. у знач. прысл. ро́ссыпам. У рассыпаным, разрозненым стане. Лес сплаўляюць россыпам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэа́кцыя 1, ‑і, ж.
1. Дзеянне або ўчынак, які з’яўляецца адказам на якое‑н. уздзеянне. Здарылася дзіўнае: вучні заапладзіравалі маім словам. Хлопцы гучна і весела запляскалі. Дзяўчаты сарамліва апусцілі вочы. Такая неспадзяваная рэакцыя збянтэжыла мяне і трохі спалохала. Шамякін. Смех выклікаў у дзяўчат дваякую рэакцыю. Васілевіч.
2. Спец. Адказ арганізма на тое ці іншае знешняе раздражненне або ўздзеянне. Рэакцыя вока на святло. □ Такія рэакцыі прынята лічыць за паказчык актыўнага цячэння інфармацыі. «Весці». // Рэзкая перамена ў самаадчуванне слабасць пасля моцнага напружання, узбуджэння. Рэакцыя пасля перанапружання.
3. Фізіка-хімічнае ўзаемадзеянне паміж двума або некалькімі рэчывамі.
•••
Ланцуговая рэакцыя — рэакцыя, пры якой прадукты яе могуць зноў уступаць у злучэнні з зыходнымі прадуктамі.
Рэакцыя замяшчэння — хімічнае ператварэнне, пры якім у малекуле злучэння атамы аднаго элемента становяцца на месца атамаў другога элемента.
[Ад лац. re — проці і actio — дзеянне.]
рэа́кцыя 2, ‑і, ж.
Палітыка жорсткага падаўлення рэвалюцыйнага руху і грамадскага прагрэсу, якую вядуць эксплуататарскія класы ў барацьбе за захаванне або зварот сваіх правоў і палітычнага панавання. // зб. Рэакцыянеры, рэакцыйныя сілы. Міжнародная рэакцыя. Прошукі рэакцыі. □ І ў Купалы і ў Коласа вораг .. заўсёды называецца сваім спецыяльным імем: «пан», «ксёндз» — цэнтральныя фігуры польскай рэакцыі. Таўлай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаі́цца, стаюся, стоішся, стоіцца; зак.
1. Схавацца і прытаіцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Аўгіня асцярожна ўвайшла ў двор, ціхенька расчыніўшы веснічкі, і стаілася за вуглом, каб не папасціся каму на вочы. Колас. Стаіўся на печы і я, не дыхну, чакаючы, што скажа свякруха. Адамчык. Адсюль відаць хмызняк перад дарогай, у якім стаіліся, замерлі штурмавыя групы. Ваданосаў. // Прытаіцца, чакаючы каго‑, што‑н. Змоўкла і Аксана. Стаілася, напружылася, ператварылася ўся ў слых — яна, па ўсім відаць было, хацела першая пачуць Мішэлеву хаду. Сачанка. [Дзяркач] выцягнуў шыю і насцярожыўся, як той кот, што стаіўся над мышынай норкай. Чавускі. // Прыціхнуць, зменшыць актыўнасць. Шаройка, пасля таго, як яго знялі з брыгадзіра, стаіўся, прыціх, нават на вуліцы рэдка паказваўся. Шамякін. / Пра лес, бор, дрэвы і пад. Наставала мяккая, лагодная ноч. Лес стаіўся, натапырыўся, — слухаў. Злягаўся снег. Пташнікаў. Недзе ў сінечы неба спяваў жаўрук. Яго трапяткая песня звінела над полем, як струна на скрыпцы. І ўсё навокал сцішылася, нават вецер стаіўся ў леташняй парудзелай траве. Асіпенка.
2. Не прызнацца ў чым‑н. Але цяпер .. [Ганя] стаілася. Нічога не адказала. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)