Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНАКУЛЯ́РНЫ ЗРО́К,
зрок абодвума вокамі і фарміраванне пры гэтым адзінага зрокавага ўспрымання (відарысу) аб’екта. Дае магчымасць вызначыць таксама ўзаемнае размяшчэнне прадметаў у прасторы, зрокава меркаваць аб іх аддаленасці. Пры бінакулярным зроку вочы размешчаны так, што адлюстраванне аб’екта трапляе на ідэнтычныя, сіметрычна размешчаныя ўчасткі сятчаткі абодвух вокаў. Калі адлюстраванне выявіцца на несіметрычных участках, вочы рэфлекторна паварочваюцца, пакуль сіметрыя не будзе дасягнута. Адзнака аддаленасці прадметаў і іх узаемнага размяшчэння адбываецца ў кары галаўнога мозга на аснове аналізу і сінтэзу сукупнасці нерв. імпульсаў, якія зыходзяць з сеткаватых абалонак і вочных мышцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДО́Н ((Redon) Адылон) (20.4.1840, г. Бардо, Францыя —6.7.1916),
французскі графік і жывапісец. З 1855 вучыўся ў С.Гарына ў Бардо, з 1861 у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы ў Ж.Л.Жэрома. Зазнаў уплыў Р.Брэдэна, сімвалістаў, мастакоў групы «Набі». На аснове асацыяцый з прыроднымі формамі ствараў свет фантаст. істот, у які ўводзіў рэальныя дэталі, чым дамагаўся эфектаў змяшэння сну з рэчаіснасцю, з хваравіта-містычнымі недагаворкамі: серыі літаграфій «У свеце мары» (1879), «Эдгару По» (1882), «Пачаткі» (1883), «У гонар Гоі» (1885), «Ноч» (1886), «Густаву Флаберу», «Апакаліпсіс св. Іаана» (абедзве 1889), «Заплюшчаныя вочы» (1890) і інш. Пісаў дэкар. нацюрморты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКАІДО́З [ад грэч. sarx (sarkos) мяса + eidēs падобны + ...оз(ы)],
гранулематоз дабраякасны, захворванне чалавека, пры якім пашкоджваюцца многія органы і тканкі, у т. л. скура. Вылучаюць дробнавузельчыкавую, вузлавую і дыфузна-інфільтравальную формы С. скуры. Пашкоджваюцца таксама лімфатычныя вузлы, вочы, косці. Лячэнне комплекснае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭ́І (Proteidae),
сямейства хвастатых земнаводных. 2 роды, 2—6 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы. Еўрапейскі П., або ольм (Proteus anguineus, або P. anguinus) жыве ў падземных (пячорных) вадаёмах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Амерыканскі П. (Necturus maculosus) утварае 5 падвідаў (часта лічаць асобнымі відамі), жыве ў чыстых азёрах з пясчаным дном і багатай расліннасцю. Мяркуецца, што П. — неатэнічныя лічынкі невядомых саламандраў (гл.Неатэнія).
Цела выцягнутае, хвост доўгі, вёслападобны, з плаўніковай складкай. Вонкавых шчэлепаў 3 пары. Кормяцца беспазваночнымі. Апладненне ўнутранае. Даўж. П. еўрап да 30 см, афарбоўка цела бледна-ружовая. Канечнасці слабыя, на пярэдніх па 3 пальцы, на задніх па 2. Вочы пад скурай, рэдукаваныя. Адкладвае да 80 яец або нараджае 2 дзіцяняці. Даўж. П. амер. да 43 см, афарбоўка зменлівая, ад карычнева-чырв. да шэрай з блакітна-чорнымі плямамі. На канечнасцях па 4 пальцы. Вочы прыкметныя. Адкладвае некалькі дзесяткаў яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЦАТНЫ АНГІДРЫ́Д,
ангідрыд воцатнай кіслаты (CH3CO)2O. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1083 кг/м³ (20 °C), tкіп 139,9 °C. У гарачай вадзе пераўтвараецца ў воцатную кіслату, гарыць (т-ра загарання 40 °C). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці ацэтылцэлюлозы, фарбавальнікаў, пахучых рэчываў і лек. сродкаў. Таксічны, раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5∙10−4%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЯКО́Л, 2-метаксіфенол,
арганічнае злучэнне, вытворнае фенолу, CH3OC6H4OH. Бясколерныя крышталі са своеасаблівым моцным пахам, цямнеюць у паветры і на святле, tпл 28,5 °C, шчыльн. 1128,7 кг/м³ (21,4 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці пахучых рэчываў (напр., ваніліну, эўгенолу, санталідолу), лек. сродкаў (напр., фтывазіду, папаверыну). Выклікае анастэзію скуры, экзему, раздражняе дыхальныя шляхі і вочы, ГДК 20 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАРЫ́ЙКА, амацэт,
лічынка міногі. Жыве ў рэках, ручаях, пратоках пераважна ў грунце (адсюль назва).
Даўж. цела дасягае даўж. дарослых міног. Афарбоўка ад жоўта-белай да цёмна-шэрай. Рот у выглядзе трохвугольнай шчыліны. Вочы недаразвітыя. Плаўнікі няпарныя, развіты слаба. Корміцца дэтрытам, дробнымі беспазваночнымі. Ва ўзросце 3—5 гадоў ператвараецца ў дарослую міногу. Раней П. памылкова лічылі самаст. родам міног (Ammocoetes).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЕНАВО́ЧКАхлебная
(Chlorops pumilionis),
насякомае сям. злакавых мушак. Пашырана ў Еўразіі, у т. л. на Беларусі. Шкодзіць пшаніцы, ячменю, аўсу і інш. хлебным злакам.
Даўж. 3—5 мм, цела светла-жоўтае, на спіне чорныя палосы, вочы ярка-зялёныя (адсюль назва). За год 1—2 пакаленні. Самка адкладвае яйцы на лісце злакаў. Зімуюць лічынкі ў сцёблах азімых, акукліваюцца вясной. Лёт З. ў канцы мая.
Зеленавочка: а — дарослая муха; б — лічынка ў сцябле.