ЭКСПРО́МТ (ад лац. expromtus гатовы),
1) у літаратуры — невялікі верш, складзены хутка, без абдумвання, пад уражаннем пачуццяў, выкліканых якой-н. з’явай ці падзеяй; адзін з відаў імправізацыі. Э. звычайна невялікі па аб’ёме і просты па кампазіцыі. У маст. л-ры да Э. адносяць эпіграмы, мадрыгалы, жарты, лірычныя вершы. Прыклад Э.:
Адолець можна ўсё...
Ісці па першапутку
Праз непагадзь, праз дождж і снег,
Каб толькі вочы — з радасці і смутку —
Даверліва глядзелі ў вочы мне.
(М.Пракаповіч. «Адолець можна ўсё...»)
Э. сустракаюцца ў творчасці сучасных бел. паэтаў (Р.Барадулін, М.Рудкоўскі і інш.).
2) У музыцы — інстр. п’еса імправізацыйнага характару; адзін з жанраў камернай музыкі.
Як самаст. жанр (пераважна для фп.) пашырыўся ў 19 ст. ў перыяд станаўлення рамант. кірунку ў музыцы. Сярод класічных Э. творы А.Глазунова, Э.Грыга, Ф.Ліста, А.Лядава, А.Скрабіна, П.Чайкоўскага, Ф.Шапэна, Ф.Шуберта. Э. стварылі бел. кампазітары А.Багатыроў, Я Глебаў, Дз.Лукас, К.Цесакоў і інш.
А.А.Майсейчык (у літаратуры).
т. 18, кн. 1, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)