нямо́цны, ‑ая, ‑ае.
1. Які лёгка разбіць, зламаць, парваць і пад.; нетрывалы. Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. — Га... нямоцная, — сказаў Пошта. Крапіва.
2. перан. Які лёгка парушаецца; няўстойлівы, ненадзейны. Нямоцны шлюб. □ Нават у пагодныя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся.. [на востраў] у паляшуцкай торбе нялёгка,.. але і гэтая нямоцная сувязь з зямлёю пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Мележ.
3. Які мае невялікую фізічную сілу; слабы здароўем (пра чалавека). Нямоцны чалавек.
4. Які не вызначаецца вялікай сілай; даволі слабы. Нямоцны мароз. // Які дрэнна чуваць; ціхі. Голас, [пастуха] пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася. Мележ. Свіст быў тоненькі, нямоцны, быццам высвіствала нейкая маленькая птушачка. Даніленка.
5. Слабай канцэнтрацыі, ненасычаны. Нямоцны чай. // Які слаба дзейнічае. Нямоцны тытунь.
6. Неглыбокі. Лена спала нямоцным хваравітым сном і не прачнулася ад лёгкага стуку, а блізкае ўздыханне гаспадыні адразу разбудзіла яе. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпыні́цца, ‑пынюся, ‑пынішся, ‑пыніцца; зак.
1. Спыніцца, затрымацца на некаторы час, ненадоўга. Не даходзячы з паўкіламетра якога да вёскі, ён прыпыніўся і прыслухаўся, ці не чуваць чаго. Чорны. Хлопцы прыпыніліся нарадзіцца, як ісці к лесу — ці праз папар, ці загнуць на пасеку, у бок Масткоў. Гартны. Першая [падвода] прыпынілася і стала чакаць астатніх, пакуль падцягнуцца. Васілеўская. // Спыніць свой рух. Цягнік прыпыніўся на глухім паўстанку. Пянкрат.
2. Спыніцца (пра ход, развіццё і пад.). Раптам сівы дзед Змарыўся: Столькі год — не да пацех. Хоць і танец Прыпыніўся, Не сціхае У хаце смех. Дзеружынскі. І жыццё прыпынілася ў дрэве, Бо ўжо сонца рабіну не грэе. Журба.
3. Часова спыніцца дзе‑н., знайсці прыпынак дзе‑н. Таўлай з сям’ёю прыпыніўся ў тым самым сасняку, у адным з зялёных салдацкіх баракаў. Брыль. Як яна маецца, дзе прыпынілася, дзядзька Харытон не ведае. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак., што.
1. Перавысіць мацнейшым гукамі іншыя гукі, зрабіўшы іх нячутнымі. [Салаўіных] песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў. Колас. У вёсцы чуваць былі галасы. Вось іх заглушыў новы стрэл. Лупсякоў. // Зрабіць менш чутным; адбіць (пра пах і інш.). Нішто не магло заглушыць гэтага цёплага прэлага водару вільготнай асенняй зямлі. Шамякін. // Разм. Спыніць работу механізма, дзейнасць якога суправаджаецца гукамі. Якаў заглушыў матор, хоць мог і не паслухаць кладаўшчыка. Кулакоўскі.
2. перан. Зменшыць сілу якога‑н. пачуцця; прыглушыць. Жанчына хацела заглушыць сабе боль і маўчаць, што б з ёй ні рабілі. Сабаленка. Суцешыць Міхася, заглушыць яго гора ніхто не мог. Якімовіч.
3. Разросшыся, не даць расці другім раслінам, перашкодзіць іх росту. Жыта заглушыла васількі. Бялевіч.
4. перан. Задушыць, знішчыць. Ні беднасць, ні эксплуатацыя, ні прыгнёт не маглі заглушыць у працоўным чалавеку яго творчых сіл.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дабро́, ‑а, н.
1. Усё добрае, станоўчае; проціл. зло, ліха. Уяўленні аб дабры і зле так мяняліся ад народа да народа, ад веку да веку, што часта прама супярэчылі адно аднаму. Энгельс. // Удача, поспех. Я табе раю, як прыяцель, які хоча табе дабра. Чорны. Ад ліха ціха і дабра не чуваць. Прыказка.
2. Добрыя справы, учынкі. Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашамі памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў. Якімовіч.
3. Разм. Маёмасць, пажыткі. Поўны куфар дабра. □ Былі тут розныя будынкі: Гуменцы, гумны і адрынкі, Хлявы і стайні, і аборы, Дабра, набытку былі горы. Колас. // Іран. Пра што‑н. непрыгоднае, непатрэбнае. Такога дабра не трэба і дарма. З нар.
•••
Не давядзе (не давядуць) да дабра гл. давесці 1.
Не з дабра — не ад добрага жыцця.
Не к дабру — пра тое, што прадказвае нядобрае або можа прывесці да непрыемных вынікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбунтава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
1. Падняць бунт, паўстанне. [Андрэй Каржакевіч:] У Кранштаце чуваць матросы ўзбунтаваліся. Сіла вялікая. Караблі і гарматы ўсе захапілі. Крапіва. Восенню 1846 года ў бліжэйшых ад Слоніма вёсках узбунтаваліся сяляне. «Полымя». // перан. Рэзка выступіць супраць каго‑, чаго‑н., выказаць пратэст, запярэчыць. Часам [у Ваўчка] ўзнікала жаданне ўзбунтавацца, пакрычаць на Андрэенку і выйсці, а — не мог, сядзеў, бязвольны, і слухаў. Хадкевіч.
2. Прыйсці ў стан непакою, трывогі; узбударажыцца, усхвалявацца. Але калі пачала выступаць Кіра Варакса, усё зноў узбунтавалася ў Комліку. Карпаў. Я прачытаў гэты загад, узбунтаваўся, і першае, што намысліў, — адразу ж пайсці і гаварыць з Віктарам, давесці яму, што ў загадзе дапушчана памылка. Савіцкі.
3. Пакрыцца хвалямі; прыйсці ў рух (звычайна пра ваду). Так і чакай цяпер, што рака вось-вось узбунтуецца. Хадкевіч. Уся пухкая бель [снегу] ўзбунтавалася, узнялася над зямлёй і ляціць са свістам і гікам уздоўж вуліцы Пятроўкі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
му́ха ж. му́ха;
○ ге́сенская м. — ге́ссенская му́ха;
м. цэцэ́ — му́ха цеце́;
◊ з му́хамі — с но́ровом;
му́хі не пакры́ўдзіць — му́хи не оби́дит;
быць — пад му́хай быть под му́хой;
му́хі до́хнуць — му́хи до́хнут;
мруць як му́хі — мрут как му́хи;
чува́ць, як м. праляці́ць — слы́шно, как му́ха пролети́т;
лічы́ць мух — счита́ть мух;
яка́я му́ха ўкусі́ла — (каго) кака́я му́ха укуси́ла (кого);
рабі́ць з му́хі слана́ — погов. де́лать из му́хи слона́;
(бы́ццам, нібы́) му́ху праглыну́ў — (то́чно) му́ху проглоти́л;
як со́нная м. — как со́нная му́ха
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
загавары́ць 1, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.
1. Надакучыць, стаміць працяглымі размовамі. — Што ж гэта я цябе загаварыла зусім! Ты ж, мусіць, не абедаў яшчэ? Асіпенка. // Размовай адцягнуць увагу ад чаго‑н., прымусіць забыцца пра што‑н. — Загаварылі вы мяне, а там яечня гарыць. Беразняк.
2. Ва ўяўленні ў забабонных людзей — уздзейнічаць на што‑н. замовай, магічным словам, загаворамі. Загаварыць кроў. Загаварыць зубы. □ Была нерухомая, зачараваная ціш; быццам бы хтось загаварыў усё: ні зыку, ні голасу не было чуваць. Гартны.
загавары́ць 2, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак.
1. Пачаць гаварыць. // Усчаць гаворку, пачаць размову з кім‑н. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі. // перан. Абазвацца, пачаць дзейнічаць. Кулямёты загаварылі.
2. Навучыцца гаварыць, карыстацца мовай. Дзіця ўпершыню загаварыла.
3. перан. Праявіцца ў дзеяннях, настроях і інш. Прачнулася і загаварыла бязмерная нянавісць пакрыўджаных людзей. Чорны.
•••
Кроў загаварыла гл. кроў.
Сумленне загаварыла гл. сумленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звані́ць, званю, звоніш, звоніць; незак.
1. Выклікаць, ствараць звон, удараючы ў што‑н., чым‑н. Дае дарэктару ён бляху. — Звані ў яе, бі, чым папала, Абы мацней яна гучала — На ўсю Свяржэнскую граду! Колас. Каля адной крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі, — пакупнікоў заклікаюць. Якімовіч. // Ствараць звон (пра які‑н. механізм, апарат). Будзільнік звоніць. Куранты звоняць. Тэлефон звоніць. // Падаваць сігнал званком. Званіць на ўрок. // Удараць у звон, апавяшчаючы пачатак службы ў царкве. Калі з ветрам, дык тут у хвойнічку нават чуваць, як вызвоньваюць гадзіны на замкавай вежы або як звоняць на імшу ў касцёле ці царкве. Чорны.
2. перан. Разносіць чуткі, плёткі; нагаворваць на каго‑н. — Уся вёска звоніць, што калгасам цяпер кіруеш не ты, а Кацубіха. Шамякін.
3. Выклікаць да тэлефона званком тэлефоннага апарата; гаварыць па тэлефоне. — Мне не званілі? — на хаду запытаўся сакратар. — Не, — адказала Зоя. Асіпенка. Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне. Шыцік.
•••
Званіць ва ўсе званы — расказваць усім пра што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Перапісаць асобна часткі чаго‑н. Распісаць тэкст на картачкі. Распісаць ролі.
2. Размеркаваць каго‑, што‑н. паміж кім‑, чым‑н., зрабіўшы аб гэтым адпаведны запіс. Распісаць рацыён. Распісаць маршрут па ўчастках.
3. Разм. Зарэгістраваць чый‑н. шлюб. Старшыня сельсавета распісаў маладых.
4. Размаляваць фарбамі, узорамі, накрыць роспісам (у 2 знач.). Распісаць столь. Распісаць вазу. / у перан. ужыв. За гулам людзей не чуваць ні свісту ветру на вуліцы, ні таго марозу, які паспеў распісаць на розныя ўзоры шыбы вокнаў. Сергіевіч. Дарожны вецер і гарачае жнівеньскае сонца яшчэ больш распісалі загарам .. [Сцёпкаў] і без таго загарэлы твар. Колас. // перан. Разм. Збіць, пакінуўшы на целе рубцы, сінякі. Мікіта расказваў, як белапалякі распісалі бізунамі яго старую спіну. Каваль.
5. перан. Разм. Расказаць, апісаць што‑н. занадта падрабязна, у дэталях. Рэдактар.. распісаў добры пачын дабрадзееўцаў на цэлую паласу сваёй газеты. Шамякін. Яго, лепшага брыгадзіра, знялі з пасады, зняславілі на ўвесь калгас ды яшчэ ў раённай газеце распісалі. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́тня, ‑і, ж.
1. Адзінка ліку, роўная ста (пра аднолькавыя прадметы). Сотня сшыткаў. Дзве сотні машын. □ На сход сышлася да сотні чалавек. Гартны. // Разм. Сто рублёў, сторублёўка. Даць пяцірублёўку і сотню. □ — Сотня ляснула, — не гаварыла, а шыпела жанчына на мужчыну. Трэба разявай не быць. Сачанка.
2. толькі мн. (со́тні, ‑яў). Назва трэцяй з канца лічбы шматзначнага ліку.
3. звычайна мн. (со́тні, ‑яў). Разм. Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Цэлымі сотнямі з’яўляліся новыя людзі. Чорны. Сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох. Бядуля. [Дзед Бадыль:] Даніла Дрыль — пра яго ж на сотні вёрст чуваць. Крапіва.
4. Гіст. Вайсковая адзінка (сто чалавек) у старажытнарускім войску.
5. Вайсковае падраздзяленне ў казацкіх часцях дарэвалюцыйнай Расіі. Казацкая сотня.
6. Ваенная і адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Украіне ў 16–18 стст.
•••
Чорныя сотні — існаваўшыя ў Расіі ў 1905–07 гг. узброеныя банды пагромшчыкаў для барацьбы з рэвалюцыйным рухам, забойства прагрэсіўных дзеячаў і для масавых яўрэйскіх пагромаў.
У сотні крат гл. крат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)