заглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак., што.
1. Перавысіць мацнейшым гукамі іншыя гукі, зрабіўшы іх нячутнымі. [Салаўіных] песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў. Колас. У вёсцы чуваць былі галасы. Вось іх заглушыў новы стрэл. Лупсякоў. // Зрабіць менш чутным; адбіць (пра пах і інш.). Нішто не магло заглушыць гэтага цёплага прэлага водару вільготнай асенняй зямлі. Шамякін. // Разм. Спыніць работу механізма, дзейнасць якога суправаджаецца гукамі. Якаў заглушыў матор, хоць мог і не паслухаць кладаўшчыка. Кулакоўскі.
2. перан. Зменшыць сілу якога‑н. пачуцця; прыглушыць. Жанчына хацела заглушыць сабе боль і маўчаць, што б з ёй ні рабілі. Сабаленка. Суцешыць Міхася, заглушыць яго гора ніхто не мог. Якімовіч.
3. Разросшыся, не даць расці другім раслінам, перашкодзіць іх росту. Жыта заглушыла васількі. Бялевіч.
4. перан. Задушыць, знішчыць. Ні беднасць, ні эксплуатацыя, ні прыгнёт не маглі заглушыць у працоўным чалавеку яго творчых сіл.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)