найсці́ 1, найду, нойдзеш, нойдзе; пр. найшоў, ‑шла, ‑шло; заг. найдзі; зак.

1. на каго-што. Ідучы, сустрэць каго‑н., натрапіць на што‑н. Паварочваючы на сваю вуліцу, .. [Ігнась] найшоў раптам на Дуба. Мурашка. Расказаў [Сашка], чаму ён заступіўся за Петрыка, як найшла на іх бойку Марыя Іванаўна. Сіняўскі. // Ідучы, наскочыць на што‑н. Найсці на купіну. Найсці на пень.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); на што. Насунуўшыся, пакрыць сабою. На сонца найшла хмара. // без дап. Надысці. І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы. Лынькоў. Найшла хмара, вакол пацямнела, закапаў дождж. Дуброўскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ў вялікай колькасці. А я пэўна ведаў, што, як толькі мы прыедзем, абавязкова нойдзе поўная хата людзей. Сабаленка. // Пранікнуць у якое‑н. месца, набрацца куды‑н. У канторы поўна дыму — найшло праз адчыненыя вокны. Пташнікаў. [Сцёпка] ад балота заставу пакідае, каб у канал вада не найшла, рабоце не шкодзіла. Колас.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; на каго. Апанаваць, ахапіць каго‑н. (аб настроі, пачуццях і пад.). Сум найшоў на чалавека. Найшла бесклапотнасць. Найшла трывога на людзей. □ Момантнае забыццё найшло на чалавека. Чорны. Нейкае заспакаенне найшло на.. [Ніну], і яна вярнулася назад, села за раяль і зноў зайграла. Лобан.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, з’явіцца раптам. Найшла бяда.

•••

Найшла каса на камень гл. каса.

найсці́ 2, найду, нойдзеш, нойдзе; пр. найшоў, ‑шла, ‑шло; заг. найдзі; зак.

Разм. Тое, што і знайсці (у 1 знач.). Найшлі доктара. Нягледзячы на познюю пару, ён устаў і ўважліва выслухаў хворую. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тума́н 1, ‑у, м.

1. Згушчэнне драбнейшых кропелек вады або ледзяных крышталікаў у прыземных слаях атмасферы, што робіць паветра непразрыстым. Над лужком, пад агародамі, бясконцым выбеленым палатном расцягваўся і клубіўся туман, той, што шмат абяцае грыбоў. Ракітны. Ці ж не з табой [сяброўкай] я сустракаўся У полі жніўнаю парой, Калі туман вячэрні слаўся Па свежай пожні пад гарой. Гілевіч. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ. З Нёмана, з шырокіх паплавоў на вёску наплываў бялёсы туман. Шчарбатаў. Стаяў туман, мароз круты. А. Александровіч. // Разм. Непразрыстая заслона дыму, пылу і пад. Махорачны туман. □ Дым чорны, як сажа, велізарнымі клубкамі віўся ўгару і расплываўся туманам. Нікановіч.

2. перан.; які або чаго. Тое, што перашкаджае добра бачыць, што засцілае зрок. Позірк .. [Любін], упаўшы на фотакартку мужа ў зашклёнай рамцы, заслаўся густой пеляной туману. Васілевіч. Што з табою, галубка? Чаму твае вочы Заслаў Слёзны туман? Кірэенка. Вочы .. [Настачкі] завалакліся туманам суму. Бядуля. // Тое, што перашкаджае правільна ўспрымаць і разумець навакольны свет, ацэньваць факты, надзеі. Рэлігійны туман. □ Паслухаць было, што казалі аб .. [Іване] людзі, але нейкі туман пайшоў на дзяўчыну, нічога не бачыла. Брыль. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі, праганяючы надакучлівы туман хмелю. Хадкевіч. / у вобразным ужыв. Мурам астрожным твой лёс адгароджаны, Дзень твайго шчасця яшчэ не народжаны — Сум туманамі ляжыць. Васілёк.

3. перан. Загадкавасць, няпэўнасць, незразумелае. У тумане будучага. □ Але .. [сын] не знаходзіў адказу, усё было як бы ў нейкім дзіўным тумане. Краўчанка.

•••

Сухі туман — памутненне паветра з-за наяўнасці ў ім дыму, пылу, гару.

Пусціць туман у вочы гл. пусціць.

Туман у вачах у каго — страта здольнасці ясна бачыць, успрымаць, усведамляць падзеі з-за моцнага хвалявання, хваробы і пад.

Туман у галаве ў каго — цяжар у галаве (ад стомленасць хваробы і пад.).

(Як) у тумане — а) няясна, невыразна, цьмяна (бачыць, помніць і пад.); б) няясна ўспрымаючы, разумеючы (жыць, хадзіць і пад.).

тума́н 2, ‑а, м.

Іранская залатая манета, якая была ў абароце да 1932 г.

[Перс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́к, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разлічваць — разлічыць.

2. Плата за работу, паслугі, па рахунках і пад. [Ганна:] — Э, — э, мілая вы мая, няма чаго казаць аб разліку. Будзем здаровы — разлічымся. Васілевіч. // Звальненне з поўнай выплатай заробленых грошай. Дамашнія справы, разлік на службе затрымалі хлопца на некалькі дзён. Дуброўскі. Пакуль Славік узяў разлік, атрымаў характарыстыку, прайшло колькі часу, і на першую машыну мы спазніліся. Даніленка.

3. перан. Расплата, пакаранне. Кароткі разлік. Разлік за недагляд будзе суровы. // звычайна мн. (разлі́кі, ‑аў). Узаемныя крыўды, непаразуменні. Толькі на час такіх важных для ўсяго народа падзей, як вайна супроць чужаземцаў, забываюцца старыя спрэчкі і разлікі паміж асобнымі родамі і сем’ямі. В. Вольскі.

4. Намер, меркаванне. Павел прадзёўб паглыбленне з такім разлікам, каб выбух выкінуў пліту ўгару, уставіў апошні зарад і адбегся за сцяну. Шыцік. І бачу, бяруцца [зладзеі] напрасцяк на касу, намагаюцца хутчэй да берагу даплысці — відаць, быў у іх нейкі хітры разлік. Краўчанка. // Спадзяванне на што‑н. [Юра] спадзяваўся сустрэць .. [у бары] Ніну, бо, па яго разліках, яна яшчэ не магла паехаць. Навуменка. [Міхась:] — А мне здаецца, што гэта — толькі педагагічны прыём. Разлік на давер’е, самая модная ў наш час тэндэнцыя. Савіцкі.

5. Карыслівыя намеры, меркаванні. Выратаваць Мірона можа толькі новы грамадскі лад, калі на крэўныя сувязі і на суадносіны паміж людзьмі не будуць мець уплыву матэрыяльныя разлікі. Каваленка. // Разм. Выгада, карысць. А сам я мяркую: разліку няма, каб праца мая прападала дарма. А. Вольскі. На поплаве, дзе пасвяцца каровы, агонь раскладаць няма разліку. Навуменка.

6. Беражлівасць у расходаванні сродкаў. Ты любіш ціха, добра жыць — З разлікам і выгодай. Броўка.

7. Група байцоў, якая абслугоўвае гармату, мінамёт, кулямёт і пад. Ля вясковых могілак ужо бегалі артылерысты. Там спынілася гаўбічная батарэя, і артылерыйскія разлікі ўстанаўлівалі гарматы. Чыгрынаў. Толькі што пры мне старшына роты даў добры наганяй зараджаючаму мінамётнага разліку Уразбаеву. Хомчанка.

•••

Безнаяўны разлік — разлік шляхам пералічэння сум з рахункаў даўжнікоў на рахункі крэдытораў.

Гаспадарчы разлік — метад планавага сацыялістычнага вядзення гаспадаркі прадпрыемства, заснаваны на самаакупаемасці, без дапамогі сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

Наяўны разлік — разлік грашыма, якія маюцца ў наяўнасці.

Брацца (прымацца) у разлік гл. брацца.

Браць (узяць) у разлік гл. браць.

Звесці разлікі гл. звесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. навёў, ‑вяла, ‑ло; заг. навядзі; зак.

1. каго. Прывесці ў вялікай колькасці. Навесці дзяцей поўную хату.

2. каго-што на каго-што. Ведучы, прывесці, вывесці куды‑н. Часам і сляпы на дарогу навядзе. З нар. // Ведучы, прымусіць наткнуцца, натрапіць на што‑н. Навесці на працягнуты дрот.

3. перан.; каго на што. Накіраваць (на думку, сумненне, размову і пад.); садзейнічаць з’яўленню (думкі, сумнення і пад.). Максім думаў, як бы зручней навесці .. [Вайцяхоўскага] на размову аб партызанах. Машара. Вялікая любоў да літаратур братніх народаў навяла.. [Купалу] на думку аб перакладах. Палітыка.

4. перан.; што на каго-што. У спалучэнні з назоўнікамі «жах», «сум», «смутак» і пад.: выклікаць, унушыць. Нерухлівая постаць ляжаўшага чалавека навяла на.. [дзеда Талаша і Нупрэя] страх. Колас. Адным сваім выглядам.. [Адам] мог навесці жах па чалавека. Чорны. Усё маўчыць, бы сон зацяты Навялі тут ведзьмары. Колас.

5. што на каго-што, у каго-што. Накіраваць што‑н. у бок каго‑, чаго‑н. Навесці бінокль. □ Міша ўзяў ліхтарык і навёў яго на другі бераг... Няхай. // Нацэліць, зрабіць наводку (у 2 знач.). Даўгавус маўчаў. Тады наведвальнік выхапіў з кішэні рэвальвер і навёў яго на гаспадара. Лупсякоў. Называйце гадаў паімённа, Што ў дзяцей гарматы навялі. Панчанка.

6. перан.; каго на каго-што і без дап. Данесці, даказаць на каго‑н. Азлоблены рэўнасцю,.. [Іван] прасачыў Грышку з Прахорам, калі яны спалі, схаваныя ў Сымонавым гумне, і навёў паліцыю. У. Калеснік. «Засада... — трывожна падумаў Лявон. — Відаць, нехта навёў...» Дайліда.

7. што. Пабудаваць (пра мост, пераправу). Сапёры навялі тады пантонную пераправу. Гэта такі часовы мост, які трымаецца на паплаўках. Юрэвіч. / у перан. ужыв. Прыйшла зіма. Мароз навёў масты без малатка, цвікоў і без сякеры. Дубоўка.

8. перан.; што. Прывесці што‑н. да пэўнага стану, надаць адпаведны выгляд. І спяшае кожны бляск навесці Перад тым, як стаць у строй. Пысін. Дзень у мяне быў у запасе, і я вырашыў навесці парадак у сваім жыллі. Ракітны.

9. што. Зрабіць інструмент прыгодным для карыстання. Навесці брытву. // Паставіць стрэлкі гадзіннікавага механізма на пэўны час. [Несцяровіч] павесіў трубку, навёў будзільнік на сем гадзін раніцы і кінуўся ў пасцель. Чорны. // Надаць музычнаму інструменту патрэбны лад. Старац-лірнік на прызбе сядзеў Пад акном мужыка беларуса, Навёў струны і песню запеў Пра мінулыя часы прымусу. Чарот.

10. каго. Разм. Нарадзіць, напладзіць у нейкай колькасці.

•••

Навесці крытыку — пакрытыкаваць каго‑, што‑н.

Навесці лад — тое, што і навесці (у 8 знач.).

Навесці на дарогу — тое, што і наставіць на дарогу (гл. наставіць).

Навесці на розум — тое, што і наставіць на розум (гл. наставіць).

Навесці (свае) парадкі — зрабіць усё па-новаму, па-свойму, перарабіць старое.

Навесці цень на ясны дзень — наўмысна ўнесці няяснасць у якую‑н. справу, заблытаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сустрэ́ць, ‑стрэну, ‑стрэнеш, ‑стрэне; зак., каго-што.

1. Ідучы насустрач, па дарозе спаткаць каго‑н. Сустрэў я неяк Сеньку на вуліцы, спыніў яго. Краўчанка. Дзяцей сустрэну — дружным хорам Вітаюць ветліва мяне. Лойка. Часам пройдзе стары [Цыпрук] вярсту-другую і жывой душы не сустрэне. Бядуля. Кіламетры за два ад дому .. [Сцяпан] сустрэў Дубіцкага Антося. Чарнышэвіч. // Убачыць, спаткаць што‑н. (што трапляецца на шляху). Ці параконны плуг сустрэну — На сэрца сум наводзіць ён: Не дачакацца мне на змену Сталёвых трактарных калон. Крапіва. На шчасце наша, ча шляху сустрэлі статак хвой. Астрэйка. // Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., спаткаць чый‑н. погляд. [Маша] ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма. Шамякін. І не чакаў Федзя сустрэць, як калісьці ў вучнёўскую пару, адкрыты позірк Любы. Грамовіч. // Знайсці, убачыць, выявіць вывучаючы што‑н. Упамінанні аб многіх вершах Пестрака можна сустрэць у водгуках рэдакцый розных часопісаў. Хромчанка. У творах ранняга пісьменніка нярэдка можна сустрэць дыялектызмы, словы вузкага мясцовага значэння. Кудраўцаў. // Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Сустрэла добрага чалавека, пакахала, пажаніліся. «Звязда». [Чырвонаармеец:] — Не заўсёды сустрэнеце такога камандзіра, як наш. Ляўданскі. // перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Сустрэць падтрымку. □ Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Цяжкая, суровая доля нам выпала... Мы цвёрда сустрэлі каварны ўдар! Глебка.

2. Выйсці спаткаць, прывітаць каго‑н.; прывітаць, прыняць каго‑н. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і Мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе?.. Сустрэне яго хто-небудзь, ці не сустрэне? Колас. Лясовіч прасіў, каб хто-небудзь з МТС сустрэў яго на вузлавой станцыі за сто кіламетраў ад Лашыч. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Дзіцячы пісклівы плач сустрэў яго [Коршака]. Мурашка. Сустрэлі [Андрэя з сям’ёю] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком. Пестрак. // Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, падыход і пад. чаго‑н. Сустрэлі Толю ў Міхасёвай сям’і як роднага. Якімовіч. Ветліва сустрэў пастаноўку «Паўлінкі» маскоўскі глядач. Ярош. Клас сустрэў Святлану Мікалаеўну напружанай цішынёй. Шахавец. / у перан. ужыв. Льваў сустрэў дэлегатаў яркім сонечным днём. Васілевіч.

3. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго‑н. Я ішоў і сустрэў Новы дзень, што ўваходзіў у горад. Танк. Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі ўсходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым. Панчанка. Так радасна сустрэць Дзень Першамая — Працы і вясны. Астрэйка.

4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Пайшоў на фронт, загінуў сын — Сустрэў суровы лёс. Непачаловіч. Цяпер .. [Чыгунок] грае, з усмешкай глядзіць на дзяўчынку, якой больш пашанцавала, якую шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця. Брыль.

•••

Сустрэць у штыкі — аднесціся крайне варожа, з непрыязнасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́снуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. каго-што і на што. Налягаць сваім цяжарам на каго‑, што‑н. [Паранены:] — Здыміце процівагаз, ён цісне плячо мне. У процівагазе бінт, дастаньце яго... але раней вы можа дасталі б вады мне... — ціха гаварыў ён засмаглымі, пачарнелымі ад пылу губамі. Лынькоў. // З сілай налягаць на каго‑, што‑н.; націскаць. Жанчыны аднастайна згіналі нагу ў палене, з усёй сілы ціснулі ёю на тупы, загнуты край рыдлёўкі, потым увішна пераварочвалі чорны пласт зямлі. Асіпенка. Мікалай Сямёнавіч не стаў адразу ціснуць на запалую ў гняздзе кнопку званка. Пінчук. // Спец. Дзейнічаць сілай напружання. Газ цісне на сценкі пасудзіны. // Сілаю, цяжарам набліжаць да чаго‑н.; прыціскаць. Рэчавы мяшок з акрайцам хлеба і адной бляшанкай кансерваў ціснуў.. [Адама] да зямлі, як каменная гара. Паслядовіч. Да Міколы падсаджваецца тоўсты чалавек, і Мікола адчувае, як нахабна цісне ён яго да сцяны. Гаўрылкін. // перан. Прыгнятаць, выклікаць адчуванне цяжкасці. А сум цісне і цісне сэрца, і я супастаўляю створаныя мною характар і вобраз жанчыны з вобразам тае, з якой мы апынуліся на розных берагах. Дуброўскі. Надвор’е неяк цісне на цябе, псуе настрой. Васілёнак. // перан. Аказваць уплыў на каго‑н., звычайна непажаданы. — Ты ж ведаеш, што на мяне таксама ціснулі. Таму і кажу: самае вернае — нейкі разумны кампраміс. Савіцкі.

2. каго-што. Сціскаць, мяць. Насця Закрэўская.. ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў. Чорны. // Моцна абнімаць. Сябры ціснулі адзін аднаго ў абдымках. Кухараў. І ціснуў да сябе Пятрусь дзяўчыну. Нікановіч. // Перашкаджаць дыханню (пра адчуванне болю ў грудзях, сэрцы). Цісне кашаль грудзі — Маці занядужала. Глебка. / у безас. ужыв. Нясцерпна ціснула ў грудзях, калола пад лапаткай. Кандрусевіч.

3. што і без дап. Быць цесным, сціскаць цела (пра адзежу, абутак). Новыя чаравікі ціснуць. □ Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

4. што. Выціскаць (сок). Ціснуць сок з яблыкаў. // Разм. Рабіць (віно, гарэлку) саматужным спосабам; гнаць. Насадзіўшы вінаград, [Ной] Ціснуў сам і піў віно. Крапіва.

5. каго-што. Наступаючы, прымушаць здаваць свае пазіцыі, адступаць (пра войскі). — Зводка — цуд! — радасна ўсклікнуў Косця. — На ўсіх франтах нашы ціснуць фашыста. Курто.

6. Павялічвацца, узмацняцца (пра холад, мароз). Ціснуў мароз, і па ўсім было відно, што зіма, не ў прыклад мінулым, будзе суровая. Лупсякоў.

7. Разм. Ужываецца для абазначэння інтэнсіўнага, энергічнага руху або дзеяння. Цяпер наш дзядзька не чытае, А больш пад ногі паглядае Ды кіне вока, ці не блісне Жаданы шнур, ды далей цісне. Колас. [Марат:] — А ты сябруеш з ім [Санеевым]. Давай, Алег, не адкладвай. Цісні да яго. Ярашэвіч.

8. каго-што. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, друкаваць. Ціснуць артыкул. // Канчаць, завяршаць якую‑н. творчую работу. Ціснуць дысертацыю.

•••

Ціснуць капейку — а) зарабляць грошы. [Буднік:] — Казённай службы саромецца не трэба. Служы, Мікіта! Цісні капейкі! Галавач; б) збіраць грошы, не траціць.

Ціснуць на (усе) педалі — прыкладаць усе намаганні для дасягнення, выканання чаго‑н.

Ціснуць руку — а) націскаць руку пры сустрэчы, развітванні. Я матулю сваю абдымаю, Свайму бацьку я цісну руку. Астрэйка; б) віншаваць. Кастуся віншавалі. Давалі яму хто што мог. Прыходзілі камандзіры, ціснулі руку. Ваданосаў.

ці́снуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ціскаць (у 1 знач.).

2. Зак. да ціскаць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труд1 ‘праца’ (неалагізм, Юрч. Сін.), ‘цяжкая праца’ (в.-дзв., шальч., люб., паст., ашм., Сл. ПЗБ), ‘праца, работа’ (Вруб.), ‘вялікі ўчынак’ (Некр. і Байк.), ‘пакуты, цярпенне, цяжкасці’ (Варл.; маладз., Янк. Мат.), труда́ ‘цяжкае становішча, цяжкасць, мука’ (Бяльк.), труды́ ‘вялікія намаганні’ (Юрч. СНЛ), ‘мітрэнгі, цяжкасці, перажыванні’ (Барад.), ‘турботы, клопаты, намаганні’ (Скарбы), ‘пакута, цяжкасць’ (Сцяц.), ‘мука, нясцерпны боль’ (Гарэц.; шальч., мядз., Сл. ПЗБ), ‘цяжкая хвароба, вялікія мукі’ (Пан.), тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць да болю працай, хадой і да т. пад.’ (ТСБМ, ТС), ‘таміць, турбаваць’ (Ласт.), трудзі́цца ‘працаваць’ (мёрск., Нар. лекс., ТС), ‘цяжка працаваць’ (в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), ‘мучыцца, пакутаваць’ (Гарэц., Бяльк., Пан.; брасл., глыб., Сл. ПЗБ), ‘вельмі мучыцца ад фізічнага болю’ (Юрч. Сін.), ‘недаядаць’ (в.-дзв.), ‘вяліць, рыхтаваць тытунь для курэння’; ‘брадзіць (пра раствор)’ (паст., віл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трудъ ‘работа, напружанне фізічных і разумовых сіл’, ‘вынік працы’, ‘пакута, цяжкасць’ (ГСБМ), ‘праца’, ‘стомленасць’, ‘бяда’, ‘праклён’ (Альтбаўэр), трудити ‘таміць работай’, ‘турбаваць, гнясці’, трудитися ‘цяжка працаваць’, ‘клапаціцца, турбавацца’, ‘пакутаваць, мучыцца’ (ГСБМ). Укр. труд ‘праца, работа’, рус. труд ‘цяжкая працяглая хвароба’, стараж.-рус. трудъ ‘запал, стараннасць’, ‘праца’, ‘клопат’, ‘пакуты’; ‘хвароба’, ‘гора, скруха, смутак’, польск. trud ‘цяжкая праца, вялікія намаганні’, ‘утома, змора’, ст.-польск. trud ‘мука, пакута’, ‘страта сіл’, каш. trud ‘намаганне, напружанне’, чэш. trud ‘напружанне, цяжкасць’, ‘клопат’, ст.-чэш. ‘тс’, ‘катаржная праца’, ‘пакута, мука’, ‘мучэнне’; славац. trudсум’, ‘цяжкая праца’ (у апошнім значэнні запазычана з рускай мовы, гл. Махэк₂, 654), славен. trûd ‘праца, стараннасць’, харв. trûd, серб. труд ‘праца, намаганне, старанне’, макед. труд ‘тс’, ‘праца (дзейнасць)’, ‘праца (твор)’, балг. ‘праца, намаганне, вынік працы’, ст.-слав. троудъ ‘пакуты, мука, намаганні’, ‘барацьба’. Прасл. *trudъ ‘намаганне, цяжкая праца’ — роднаснае літ. triū̃sas ‘праца, клопаты’, triū̃sti ‘рабіць карпатлівую працу’, ‘завіхацца каля дома, па гаспадарцы’, лат. traûds ‘крохкі’, с.-в.-ням. drôʒ ‘цяжар, груз, бярэмя’, ‘прыкрасць, непрыемнасць’, лац. trūdere ‘ўдараць, піхаць, прымушаючы гнаць, штурхаць’, ірл. trot (< *trudno‑) ‘спрэчка’, што да і.-е. *tr‑eu̯‑d‑ ‘церці, расціраць, мяць, ціснуць’ < *ter‑/*tr‑ ‘церці’. Мяркуецца, што пачатковым значэннем у прасл. trudъ было ‘цяжкая ноша, цяжар’ (Фасмер, 4, 107–108; Брукнер, 575; Махэк₂, 654; Скок, 3, 514; Чарных, 2, 266; Сной₂, 789; ЕСУМ, 5, 654–655). Сюды ж вытворныя трудавы́ ‘які вымагае працы’, ‘зароблены працай’ (Нас.), трудава́ць ‘турбаваць, непакоіць’ (Нас.), ‘цяжка раджаць, мучыцца пры родах’ (ігн., Сл. ПЗБ), трудові́к ‘працаўнік’ (столін., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трудлі́вы ‘тс’ (Ян.), трудаві́ты ‘тс’ (іўеў., Сл. ПЗБ), трудава́нне ‘намаганне’, ‘цярпенне пры хваробе’ (Нас.).

Труд2, трут ‘сып, высыпка’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Рэг. сл. Віц.), труд ‘адзёр’ (Арх. Вяр.), ‘благая хвароба, праказа’ (Варл.), трут ‘прышч’ (Сцяшк. Сл.). ст.-бел. трудъ, трондъ ‘праказа’ (XV ст., апошняе — з польск.), трудоватый ‘хворы на праказу, пракажоны’ (ГСБМ). Параўн. рус. смал. труд: водный труд ‘вадзянка’, стараж.-рус. трудъ ‘немач, хвароба’, польск. trǫd ‘праказа; працяглая заразная хвароба’, ст.-польск. trędowacina ‘кароста, высыпка на целе’, в.-луж. trudownik ‘залозніца, Scrophularia L.’, чэш. trud ‘вугор, прышч’, славен. trôd/trôt ‘колікі, калаццё’, харв. чак. trûdi ‘гемарой’, серб. тру̂д ‘розныя хваробы’, макед. дыял. тръ́дои ‘гемарой’, ст.-слав. трѫдъ ‘крывавы панос’. Прасл. *trǫdъ ‘нейкая скураная хвароба’, роднаснае літ. trandìs ‘караед’, ‘моль’, ‘гнілізна, спарахнелае дрэва’, trandė́ti ‘быць паточаным моллю, чарвяком’, trendė́ti ‘псавацца’, лат. trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд. tr̥nátti ‘расколвае, прадзірае’, ст.-грэч. τερηδών ‘шашаль, дрэваед’, уэл. trwyddo ‘вярцець’ < і.-е. *tre(n)d‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 3, 110; Махэк₂, 654; Голуб-Копечны, 391; Брукнер, 575; Булыка, Запазыч., 326; Скок, 3, 514–515). Борысь (641) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *trou̯dъ было ‘нешта спарахнелае, сатлелае, сточанае шашалем’, у сувязі з чым гл. трут. Гарачава (Этимология–1980, 110) следам за Брукнерам (577) і Скокам (3, 515) *trudъ і *trǫdъ лічыць фанетычнымі дублетамі, параўн. тыпалагічна блізкія лац. laborare ‘цярпець, пакутаваць’ і ‘працаваць’. Гл. таксама K. R. Grinda «Arbeit» und «Mühe». Untersuchungen zur Beteutungsgeschichte altenglischer Wörter, München 1975, што, відаць, сведчыць пра ўніверсальны характар семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)