рост, ‑у, М ‑сце, м.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. расці. // Павелічэнне колькасці. Рост насельніцтва. Рост пагалоўя жывёлы. // Узмацненне, павышэнне. Зіма Сталінграда была зімой магутнага росту партызанскіх сіл, іх пераможнага наступу. Шамякін. Для Максіма Танка з’езд [пісьменнікаў СССР] быў вялікай падзеяй, ідэі, узнятыя там, знайшлі ў ім гарачага прыхільніка і дапамаглі яго творчаму росту. У. Калеснік.

2. Вышыня чалавека або жывёлы. Гэта быў невялікага росту, прысадзісты, шыракаплечы чалавек год пад трыццаць. Мяжэвіч. Сярэдняга росту .. мужчына ў афіцэрскім кіцелі і простых кірзавых ботах, размахваючы жоўтай палявой сумкай, нёс на сваім смуглявым твары вясёлую ўсмешку. Паслядовіч.

•••

Ва ўвесь рост, на ўвесь рост — а) стоячы, прама; б) поўнасцю, на ўсю фігуру (пра фігуру чалавека на фатаграфіі, партрэце і пад.); в) перан. патрабуючы неадкладнага вырашэння; г) перан. поўнасцю, як мае быць, як належыць. Словам, гаспадар абудзіўся ў Мікіце ва ўвесь рост. Колас.

У касы сажань ростам гл. сажань.

У поўны рост, на поўны рост — тое, што і ва ўвесь рост.

У рост чалавека — прыблізна такой вышыні як чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ата́ва ’маладая трава, якая вырасла на месцы скошанай у той жа год’. Рус., укр., балг. отава, серб.-харв. о̀тава, польск. otawa, чэш., славац., славен. otava, в.-луж. wotawa ’тс’. Праслав. *otava выводзяць звычайна ад дзеяслова *otyti ’растлусцець, вырасці’ (ад *tyti), адкуль (з аблаўтам) *otaviti ’заставіць расці’ і далей — *otava (як слава пры слыць, забава пры забыць). Параўн. ст.-чэш. otaviti sě ’акрыяць’, сучаснае чэш. zotaviti ’асвяжыць, даць сілу’. Іначай Махэк, 345: *ot‑aviti sę ’зноў з’явіцца’, што семантычна лепш супастаўляецца з чэш. otavče ’асенняе куранё’ і ўказанымі значэннямі, аднак сустракаецца з пэўнымі фанетычнымі цяжкасцямі і патрабуе ўдакладненняў у рэканструкцыі семантыкі прэфікса *оt‑ (па балтыйскаму ўзору). Махэк₂ (422) прызнаў гэту этымалогію памылковай. Голуб-Копечны лічаць асноўным ot‑ ’зноў’, а ‑ava суфіксальным. Параўнанне з літ. atólas атава’ і іншымі балтыйскімі формамі, зробленае Міклашычам і падтрыманае Траўтманам, 16, выклікала пярэчанні Эндзеліна (Мюленбах-Эндзелін, 1, 149), які тлумачыў балтыйскае слова іначай (параўн. Фрэнкель, 22). Вывядзенне слова з цюрк. от ’трава’ (Міклашыч, 228; Дзмітрыеў, Строй, 541; Курс суч., 161) выклікае пярэчанні. Супрун, Зб. Крымскаму, 128–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыць ‘таўсцець’ (Скарбы): razumny sochnie, a durny tyje (ваўк., Федар. 4), ты́яць ‘тлусцець, паўнець’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. ти́ти ‘тлусцець’, рус. ты́ти, стараж.-рус. тыти ‘сыцець, паўнець, гладчэць’; польск. tyć ‘тс’, н.-, в.-луж. tyś ‘квітнець’, чэш. týt, славац. tyť, серб. ти̏ты ‘паўнець, тлусцець’, ‘буйна разрастацца’, харв. tȉti ‘тс’, балг. ту́чен ‘тлусты’, макед. тучен ‘тлусты’, ‘урадлівы’, ст.-слав тыти ‘паўнець’. Прасл. *tyti ‘гладчэць’, ‘набухаць, набрыньваць’ роднаснае літ. tùkti ‘тлусцець’, лат. tȗkt ‘пухнуць, набрыньваць’, вал. tyfuрасці’, лац. tumēre ‘быць раздутым’, ст.-інд. tū‑ya‑ ‘моцны, хуткі’, авест. tavás‑ ‘моцны’ < і.-е. *teu̯(ə)‑/*tou̯‑/*tū̆‑ (Фасмер, 4, 144; Скок, 3, 475; Брукнер, 587; Махэк₂, 655; Голуб-Копечны, 399; Борысь, 657; ЕСУМ, 5, 575; ESJSt, 17, 1003). Параўн. таксама тыл, тук. Апафанічны варыянт прасл. *tyti ў форме *toviti захаваўся ў харв. tòviti ‘адкормліваць жывёлу’, otâva ‘другі сенакос’ (Скок, 3, 475; Куркіна, Этимология–1976, 25), гл. атава і, магчыма, товіст ‘тоўсты’ (гл.), вывядзенне якога з *tl̥stъ (гл. Карскі 1, 257) выклікае пэўныя фармальныя цяжкасці, у такім выпадку значэнне магло быць ‘адкормлены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Пажыўшы або папрацаваўшы дзе‑н. некаторы час, прыстасавацца, прызвычаіцца да гэтага месца, абстаноўкі. Партызаны Ларывончыкавага атрада гэтак прыжыліся да таго густога, здавалася, непраходнага лесу, ажно некаторыя забываліся, што яны на вайне. Сабаленка. Ганялі .. [Сакалоўскага] з цэха ў цэх — нідзе не прыжыўся. Шынклер. Кінуў [бацька] зямлю, увесь набытак і падаўся ў горад. Там і прыжыўся. Сачанка. Для мяне было ясна, што яна служыць там аддана, як могуць служыць толькі працавітыя, сумленныя і адзінокія старыя жанчыны, якія з цягам часу прыжыліся ў чужой сям’і. Карпюк. [Прадзед] адстаў ад свайго табара ды так і прыжыўся ў вёсцы. П. Ткачоў.

2. Прыстасаваўшыся да новых умоў, пачаць добра расці, развівацца (пра жывёл, расліны). Маладыя дрэўцы, пасаджаныя мінулай восенню і вясной, прыжыліся. Хадкевіч. Прыжыліся буслы ў горадзе: Адчуваюць сябе як дома. Сіпакоў. // Прырасці, зрасціся з чым‑н. Прышчэпак добра прыжыўся.

3. Замацавацца дзе‑н., за чым‑н. Палявая, Лугавая, Аляксандраўская, Мікалаеўская — так называюцца вуліцы. Але назвы гэтыя не прыжыліся, завуць па-ранейшаму. Навуменка. Каўбойскія фільмы, як гэта ні дзіўна, трывала прыжыліся на італьянскіх экранах. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чах, ‑ла; незак.

1. Расці дрэнна, слаба; сохнуць, вянуць. А мох, што ўсё лета чах і рыжэў, зараз стаяў зялёным, сакавітым. Карпюк. А на полі пахлі нівы, Дзікім пырнікам цвілі. Броўка. // Абл. Глухнуць, пераставаць гучаць. Так ён [Юхім] шаптаў гарачкава, і чах Ягоны шэпт у тр[ысняг]овым шуме. З. Астапенка.

2. Станавіцца слабым, нядужым, хваравітым. Бацька мой — царства яму нябеснае — чах, чах ад тых пабояў, ды не вытрымаў: слабое было здароўе. Даніленка. // Мучыцца, пакутаваць, нудзіцца. Чахне, сохне, адарваны Ад роднае нівы, Пад салдацкай царскай палкай Тарас нешчаслівы. Купала.

ча́хнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чахнуў, ‑нула; зак.

Разм. Гучна, нечакана стрэліць, ударыць і пад. — Чахні паўзверх галоў, разбягуцца, — параіў Лазавік. — Кароткай чаргой. Хомчанка. [Тата:] — А Рыжуха як ірване ўбок, цераз канаву ды ў кусты. А тут — як чахне! Далей нічога не памятаю... Каліна. // Хуткім рухам адрэзаць, ссячы што‑н. — Гэтай сасне год дзевяноста, .. а мы з табою, Санкоўскі, за пяць хвілін яе чахнулі — і няма. Дзіўна... Пестрак. Прымерыўся і чахнуў [Казік] лязом [брытвы] па валасінах. Шыловіч.

ча́хнуць 3, ‑не; незак.

Паступова астываць. Прысак чахне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Захворваць шаленствам (пра жывёлу).

2. Прыходзіць у крайняе раздражненне, гнеў; вар’явацца, лютаваць. Шалець ад злосці. □ Б’ючы, .. [Яўхім] не толькі не спатольваўся, а шалеў яшчэ больш. Мележ. Толькі дарэмна бандыты З лютае злосці шалеюць, — Не задушыць ім свабоды, Не заняволіць Карэі! Танк. // перан. Вельмі бурна, інтэнсіўна праяўляць сваё дзеянне, сілу. Шалее вецер. □ Шалелі ўдалечыні салаўі, выдумляючы самыя мудрагелістыя грэлі. Хадкевіч. Плынь вады, справа адносна запаволеная, часам аж шалее злева, пад зараснікамі вербалозаў, што густа навісаюць над вадою з крутых лугавых абрываў. Кірэенка. Каторы дзень шуміць наўкола, Шалее лютая зіма, Аж дрэвы хіляцца да долу. Каторы дзень цябе няма. Танк.

3. Рабіць учынкі, пазбаўленне разважлівасці, здаровага розуму; паводзіць сябе як шаленец. Маладыя лейтэнанты проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка. А Любка шалела, цалавалася з усімі афіцэрамі. Лынькоў.

4. перан. Вельмі хутка расці, буяць. Рэдкі і маленькі, на пяску.. [ячмень] цяпер зусім пасох і пакорчыўся. Але ў ім шалеюць баравікі — беленькія, з чорнымі галоўкамі і тоўстым карэннем. Пташнікаў.

•••

Шалець з раскошы — перабіраць, капрызіць (пра асоб, якія перанасычаны ўсім, маюць усё ў дастатку).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Батва́ ’расліна Beta сісlа; зяленіва наогул’ (Нас.), ’сцяблы і лісце гуркоў’ (ДАБМ, 863), ’лісце і сцяблы бульбы’ (Лысенка, Жыт.), батві́на ’сцябло буракоў’ (Нас.), батоўе ’бацвінне’ (Нас., Касп.), ’сцяблы і лісце гарбузоў, бульбы’ (ДАБМ, 864, 866), бата́ўе ’сцяблы і лісце гуркоў’ (ДАБМ, 863), бато́ўкі ’сцяблы і лісце буракоў’ (ДАБМ, 868), бацві́нне ’сцяблы буракоў; вараная капуста; боршч’ (Нас., БРС), ’лісце буракоў’ (Сцяшк. МГ), ’сцяблы і лісце гуркоў’ (ДАБМ, 863), ’бацвінне, бураковае лісце’ (Бяльк.), ’бацвінне; халаднік’ (Касп.), ’бацвінне’ (Шат.). Рус. ботва́, бо́товь, ботви́нья, укр. ботва́, ботви́на, ботви́нє, польск. boćwina, botwina і г. д. (гл. Фасмер, 1, 200). Ад і.-е. *bheu̯ā‑расці’ ўтворана *bhu̯ət (> прасл. bvot‑ > bot‑), што дае рус. боте́ть, славен. naboteti ’таўсцець, тлусцець і г. д.’ Чаргаваннем вакалізму атрымліваюцца далей розныя асновы (bat‑, but‑, bъt‑), ад якіх ёсць шмат вытворных (рус. буте́ть ’таўсцець’ і да т. п.), параўн. далей грэч. φυτόν ’расліна’, слав. byti ’быць’, bylije. Бел. буцве́ць ’гнісці, чарнець ад вільгаці’ (Інстр. II, Бір. Дзярж. КЭС, лаг.), таксама бутне́ць (КЭС, лаг.) адносіцца да гэтага вялікага гнязда слоў. Гл. Фасмер, 1, 200–201, 253; падрабязна Айцэтмюлер, ZfslPh, 22, 363–372. Да беларускай праблематыкі параўн. яшчэ Сцяц. Нар., 41–42.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тынь1 ‘ ціна, твань’ (Нас., Гарэц.), ‘плесень’: у клеці дужа ты́ньню пахніць (Юрч. Вытв.). Параўн. рус. смал. тынь ‘зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай, ціна’, ‘балоцістае, топкае месца’ (СРНГ), што ўтварае адзін арэал з беларускімі словамі. Верагодна, звязанае з тынець, гл.

Тынь2 зборн. ‘колле, плахі для пабудовы тыну’ (Нас.), сюды ж ты́нне? ‘платы, парканы’: пайшла ў вандроўку па‑пад тынню (Я. Колас). Параўн. польск. дыял. tynia ‘тонкая дошчачка або кіёк для плоту’ (MSGP), укр. попідти́нню ‘пад плотам, пад плятнём’ (Т. Шаўчэнка) ад ти́ння зборн. да тин ‘тын’, рэдкае рус. тынь ж. р. ‘агароджа, плот’, звычайна ты́нье зборн. ‘калоды паміж слупамі ў сценцы’. Вытворнае ад тын з старым канчаткам на ‑ь са значэннем зборнасці, параўн. ст.-рус. чудь, сербь як назвы плямён (Фасмер, 1, 305).

Тынь3 — выклічнік раптоўнага дзеяння: дабавіў туды капусты і тынъ! — усё перамяшаў (Рамза, Бел. гутарк.). Да тыняцца, гл.

Тынь4 ‘месца на рацэ або возеры, якое зарасло трысцём’ (шкл., Мат. Маг.). Узыходзіць да прасл. *tyti ‘разрастацца, таўсцець’, параўн. серб. тити̏ ‘густа расці’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 214); паводле Мартынава (Лекс. взаим., 146–147), слова таго ж паходжання, што і тын (гл.) < *tynъ, якое з’яўляецца славянскім пранікненнем у германскія мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; заг. адскоч; зак.

1. Аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. хутка, скокам. [Хлопцы] рынуліся да труса, але з страшэнным крыкам адскочылі назад: нешта так ўкусіла іх за ногі, што аж уваччу пацямнела. Маўр. Як толькі.. [Турсевіч] адышоўся. Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў. Колас. // перан. Размясціцца ў аддаленні. Ніводнага гуку ні на прыстані, ні на вёсцы, што адскочыла ў поле ад стромкага берага. Ракітны.

2. Ударыўшыся, стукнуўшыся аб што‑н., адляцець у процілеглым напрамку ці ўбок. Я падняў нават кій, намерваючыся запусціць ім у жалезную бочку.., але ў апошнюю хвіліну стрымаўся, бо пабаяўся, што адскочыць кій ад бочкі і яшчэ трапіць каму-небудзь у галаву. Карпюк.

3. Разм. Пачаць расці, адрасці. Пад яловаю лапай з сонечнага боку адскочыў кусцік зялёнай, па-вясноваму свежай травы. Лужанін.

4. Аддзяліцца, адарвацца, адляцець. На дзвярах вісеў замок. Даміра пакратаў за думку, яна адскочыла. Асіпенка. [Дзераш] разы чатыры ўдарыў.., потым падважыў пешняй, і цэлая ёмкая і важкая скіба гліны адскочыла. Шынклер.

5. Разм. Адлучыцца на кароткі час. [Вэня:] — Пакуль ты будзеш гэтым займацца [калоць свіней], я пехатой адскочу на хутары, прыгавару пару япрукоў. Чорны.

•••

Недалёка адскочыць — быць амаль аднолькавым з кім‑н. у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кача́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Тое, што і каціцца ​1 (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Мяч качаецца па падлозе. // Пераварочвацца, перавальвацца з боку на бок (пра чалавека, жывёлу). На падлозе, счапіўшыся, качаліся бацька і незнаёмы паліцай. Шамякін. Конь пачаў кідацца ў бакі, качацца па зямлі і стукаць нагамі. Чорны. // Ляжаць, валяцца (у пяску, гразі і пад.). Качацца па снезе. □ Зранку і да самага вечара галышамі качаюцца тут дзеці, то ў пяску, то ў вадзе. Колас.

2. Ляжаць без справы, без сну. [Сомік] начамі падоўгу качаўся, не мог заснуць. Крапіва.

3. Разм. Хварэць, быць хворым. — Я таксама хутка пачну працаваць. Здароўе папраўляецца. Праўда, сёння яшчэ першы раз выйшаў. Дагэтуль качаўся ўсё. Машара. — [Сын] з месяц качаўся з прабітым плячом. Грахоўскі.

4. Разм. Гадавацца, расці без догляду, у цяжкіх умовах (пра дзяцей). [Марыля:] Як толькі нарадзіўся [сын], дык і то сябе паказаў — грудзей не прыняў, так, без малака, качаўся. Купала.

5. Паддавацца качанню ​2. Перасохлая бялізна дрэнна качаецца.

6. Зал. да качаць.

•••

Качацца (з) жыватом — хварэць на жывот.

Качацца са смеху — моцна смяяцца.

Качацца як сыр у масле — жыць у дастатку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)