чахнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чах, ‑ла; незак.
1. Расці дрэнна, слаба; сохнуць, вянуць. А мох, што ўсё лета чах і рыжэў, зараз стаяў зялёным, сакавітым. Карпюк. А на полі пахлі нівы, Дзікім пырнікам цвілі. Броўка. // Абл. Глухнуць, пераставаць гучаць. Так ён [Юхім] шаптаў гарачкава, і чах Ягоны шэпт у тр[ысняг]овым шуме. З. Астапенка.
2. Станавіцца слабым, нядужым, хваравітым. Бацька мой — царства яму нябеснае — чах, чах ад тых пабояў, ды не вытрымаў: слабое было здароўе. Даніленка. // Мучыцца, пакутаваць, нудзіцца. Чахне, сохне, адарваны Ад роднае нівы, Пад салдацкай царскай палкай Тарас нешчаслівы. Купала.
чахнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чахнуў, ‑нула; зак.
Разм. Гучна, нечакана стрэліць, ударыць і пад. — Чахні паўзверх галоў, разбягуцца, — параіў Лазавік. — Кароткай чаргой. Хомчанка. [Тата:] — А Рыжуха як ірване ўбок, цераз канаву ды ў кусты. А тут — як чахне! Далей нічога не памятаю... Каліна. // Хуткім рухам адрэзаць, ссячы што‑н. — Гэтай сасне год дзевяноста, .. а мы з табою, Санкоўскі, за пяць хвілін яе чахнулі — і няма. Дзіўна... Пестрак. Прымерыўся і чахнуў [Казік] лязом [брытвы] па валасінах. Шыловіч.
чахнуць 3, ‑не; незак.
Паступова астываць. Прысак чахне.