Рубе́ль1 ’грашовая адзінка, роўная 100 капейкам’, ’банкнот і манета такой вартасці’ (ТСБМ), ст.-бел. рубель ’грашовая адзінка, роўная 100 грошам’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж рублёвы ’які каштуе адзін рубель’ (ТСБМ), рублёўка ’манета або казначэйскі білет вартасцю ў адзін рубель’ (ТСБМ). Як назва грашовай адзінкі ва ўсіх славянскіх мовах з рус. рубль ’рубель’, якое ад рубить ’сячы’ (гл. руб), паводле Фасмера (3, 511), “абрубак грыўны”. Параўн. укр. карбо́ванець пры карб ’засечка; рубец’, карбува́ти ’рабіць нарэзы; рэзаць; сячы’, карбо́ваний ’пакрыты разьбой; парэзаны’ (ЕСУМ, 2, 388). Гл. таксама рубель2.

Рубе́ль2 ’тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе сена, снапы і пад.’ (ТСБМ), ’жордка, да якой прымацоўваюць бярвёны пры складанні плытоў сплаўнога лесу’ (стол., лельч., петр., Маслен.), ’тоўстая рухомая жэрдка, на якой стаяць, крыючы страху саломай’, ’кладзь, якая агароджвае застаронкі ў станку (курэні)’ (ТС), рубэ́ль ’жэрдка ў нажной ступе’ (Клім.), ’прылада для ўціскання сена ці саломы на возе або машыне’ (пін., стол., Сл. Брэс.). Ст.-рус. рубль ’кляп, адсечаны кавалак’ (Сразн., 3, 182). Але, магчыма, новы беларускі аддзеяслоўны назоўнік з суф. ‑ель ад рубіць (гл.) са значэннем выніку дзеяння як бурдзе́ль ’пракіслая страва’ ад бурдзе́ць ’пракісаць’, круце́ль ’перавясла’ і ’падобныя’. Параўн. балг. ръ́бел ’адбітая частка прылады для рэзання, сячэння; зазубрына на вастрыі прылады’, н.-луж. rubjel ’абрубак палкі’ (< прасл. *robьlь ’адсечаны кавалак’, Шустар-Шэўц, 2, 1249).

Рубе́ль3 ’драўлянае прыстасаванне для разгладжвання бялізны’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. дыял. рубе́ль ’тс’, ’жэрдка з зарубкамі па краях, якой прыціскаюць сена’. Фасмер (3, 511) выводзіць ад рубить (гл.). Відаць, да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чалаве́к, -а, мн. лю́дзі, -е́й і (у спалучэнні з колькаснымі словамі) чалаве́кі, чалаве́к, чалаве́кам, чалаве́камі, (аб) чалаве́ках, м.

1. Найбольш развітая жывая істота, якая валодае мысленнем і маўленнем, здольнасцю ствараць прылады працы і мэтанакіравана іх выкарыстоўваць.

Сучасны ч.

Ч. — разумная істота.

2. Муж; мужчына (разм.).

Пражыла жанчына са сваім чалавекам доўгае жыццё.

3. Асоба, якой уласцівы высокія маральныя і інтэлектуальныя якасці.

З яго будзе ч.

Жыццё зрабіла з яго чалавека.

4. Ужыв. ў знач. займенніка: ён, нехта, той.

Ч. не аглянецца, як міне год.

Трэба ратаваць чалавека.

5. У часы прыгоннага права: дваровы слуга, лакей, а пазней — афіцыянт, слуга ў тракціры, рэстаране (уст.).

|| памянш.-ласк. чалаве́чак, -чка, мн. -чкі, -чкаў, м. (да 1 знач.).

|| прым. чалаве́чы, -ая, -ае (да 1 знач.)

Божы чалавек (уст.) — старац.

Добры чалавек — ласкавы зварот да незнаёмага.

Малады чалавек — зварот да маладога мужчыны або мужчыны маладзейшага ўзросту.

|| прым. чалаве́чы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Чалавечая постаць.

Чалавечыя слабасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Рукая́тка ’частка прылады, за якую трымаюцца пры карыстанні’, ’частка машыны, прыбора, за якую бяруцца рукою для перамяшчэння, павароту і пад.’, рукая́ць ’рукаятка’ (ТСБМ); рукавя́тка ’тс’ (Касп.), рукавя́тка, рукава́тка ’кассё’, рукавя́тка, рукава́дка, рукая́тка ’ручайка’ (Сл. ПЗБ), рукая́тка ’ручка ў матавіле’, ’жменя лёну’ (міёр., Ск. нар. мовы), рукъвя́тка ’ручайка’ (круп., Нар. сл.). Укр. рукоя́тка, рукі́вʼя, рус. рукоя́ть, дыял. рукоя́тка, польск. rękojeść, чэш. rukojeťrukověť ’кіраўніцтва’), славац. rukoväť ’рукаятка’ і ’кіраўніцтва’, славен. rokovet ’пучок, жменя’, серб.-харв. ру̏кове̄т ’тс’, балг. ръкова́дка ’тс’, макед. раковатка ’тс’, ст.-слав. рѫкоѣть, рѫковѣть ’жменя, ахапак’. Прасл. *rǫkojětь, *rǫkovětь ’тое, што ахопіць рука’ — складаныя словы з *rǫkou̯ (дэрыват ад *rǫka, гл. рука) і *jęti ’браць’ (параўн. стараж.-рус. яти ’браць’, гл. яць, няць). Падрабязней гл. ESJSt, 13, 781 (з літ-рай); Фасмер, 3, 515.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блок 1, ‑а, м.

Прасцейшае прыстасаванне для падняцця грузаў у выглядзе кола з жолабам, цераз якое перакінуты вяроўка, канат або ланцуг.

[Англ. block.]

блок 2, ‑а, м.

Аб’яднанне дзяржаў, палітычных партый, груповак для сумесных дзеянняў. Ваенны блок. Блок камуністаў і беспартыйных.

блок 3, ‑а, м.

1. Частка якой‑н. пабудовы, прылады, машыны і пад., якая сама складаецца з дэталей, элементаў. Блок цыліндраў. Блок матора. □ [Максім:] — Сам жа [Косця] прасіў паказаць будаўніцтва суцэльнымі блокамі. Грамовіч.

2. Штучна зроблены з бетоннай сумесі будаўнічы камень у выглядзе вялікай цагліны. Пустацелы блок. Шлакабетонны блок.

3. Комплекс будынкаў, якія маюць аднолькавае прызначэнне. Блок цэхаў жалезабетонных вырабаў. Хірургічны блок. Лагерны блок. □ Блокамі называюць баракі. Іх дзесяткаў чатыры, усе выходзяць тарцамі на адзіную вуліцу. Карпюк.

[Фр. bloc — аб’яднанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

снасць, ‑і, ж.

1. зб. Сукупнасць інструментаў, прылад, прыстасаванняў для якога‑н. занятку. Яго [бурштын] не краналі тапор і піла. Тады не было гэтай снасці. Бялевіч. [Руцкі:] — Вясна на дварэ, сеяць трэба, снасць патрэбна, колы трэба. Чорны. Снасць зарыпела, нешта злёгку трэснула, і воз з сенам, здрыгануўшыся, выкаціў на пагорак. Ляўданскі. Кабета .. каялася, што не пакінула агародную снасць на сваім участку. Кулакоўскі. // Прылады і прыстасаванні для рыбнай лоўлі. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [дзядзькі Марціна] адмысловая. Колас. — Рыбку? — запытаў Шэмет, паказваючы на снасці. [Мужчына:] — Думаю прайсці. Бывае, што карась бярэ. Лобан.

2. Канат, вяроўка і пад., якія служаць для кіравання парусамі і пад. Матросы пад камандай боцмана ўмацоўвалі снасці, прыбіралі з палубы ўсё, што нельга было замацаваць. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суга́к ’касцяное або драўлянае шыла з плоскім вастрыём для падплятання лапцей’, ’роўная тонкая палачка, якая прасоўваецца ў вушкі асновы лапцей’ (Бяльк.; маг., ЛА, 4), ’жалезны прут’ (Маш.), ’пруток з дроту для прапальвання дзірак у дрэве’ (Пятк. 2), ’спічак, швайка, шыла’ (глус., Янк. 3.; Мат. Гом.), ’завостраная палачка падплятаць лапці’ (Сцяшк. Сл.). Укр. суга́к ’жалезнае (або касцяное) шыла для праколвання дзірачак у пасталах, для развязвання вузлоў’. Паводле ЕСУМ (5, 465), з сува́к ’шыла, засаўка, хамуцік’ (гл. суваць), набліжанае да гак. Не выключана сувязь з соўгаць (гл.) з пераходам оў > у, параўн. саўга́к (пра старога чалавека), су́гнуць ’хуткім рухам пасунуць, усадзіць’ (дзятл., Сл. ПЗБ), сугану́ць ’саўгануць, рэзка перамясціць’ (Юрч. Вытв.), або з укр. суга́к, польск. suhak ’антылопа’ < караім. soɣak (sohak) ’малады алень, антылопа’ (Slavica Tarnopolensia, 1, 69), з рагоў якіх вырабляліся прылады. Гл. сайга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́па ‘ марудна, павольна (пра рост)’ (шчуч., свісл., Сл. ПЗБ), ту́по ‘вельмі павольна (пра хадзьбу)’ (Клім.). Параўн. славац. tupo ‘абыякава’, ‘тужліва, сумна’, ‘нудна’. Паводле Махэка₂ (661), апошняе ўзыходзіць да прасл. *tǫpiti, самастойнага дзеяслова, не звязанага з прыметнікам *tǫpъ ‘тупы’, параўн. чэш. tupit ‘пазбавіць хуткасці’, польск. tępić ‘знішчаць, вынішчаць’; раней — ‘прыніжаць, дыскрэдытаваць’, што знаходзіць адпаведнікі ў тупі́ті ‘тупіць, вынішчаць’ (Вруб.), ст.-бел. тупети ‘слабець’, тупитися ‘тс’ (ГСБМ, дзе звязваецца з тупый ‘тупы’). Борысь (631) значэнне ‘нішчыць, пераследаваць’ выводзіць з больш ранняга ‘пазбаўляць вастрыні, рабіць тупым (напрыклад, рэжучыя прылады)’. Кралік (634) дзеяслоў «з духоўнай сферы» славац. tupiť ‘прыгнятаць, зневажаць’ выводзіць з ‘наступаць, прыціскаць’, адкуль otupný ‘аднастайны, нудны’. Сюды ж, відаць, тупава́ты (пра гліну) ‘гліна нязначнай вязкасці’ (Нар. словатв.), ‘глухаваты’: тупава́ты на ву́шы (луцэ., Сл. ПЗБ), тупова́ты ‘разумова абмежаваны, някемлівы’ (ТС), дзе прысутнічае сема ‘слабы, непаўнавартасны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туле́йкі ‘лыка для пляцення лапцяў’ (Растарг.). Параўн. укр. туле́йка ‘дэталь у возе (колца, што злучае вось з насадам)’ (Нікан., Трансп.), тулі́йки ‘дробнае пер’е ў курэй, якое цяжка выскубаць’; тулі́йка ‘ніжняя частка рога’; рус. туле́йка ‘верхняя частка лапаты, куды ўстаўляецца чаранок’, ‘унутраная частка шапкі’ (СРНГ), польск. tulejka, tuleja ‘трубка’, ‘лейка’, чэш. tulejka, tulajka ‘трубчатая частка прылады для ўстаўкі чаранка’, славац. tuľajka ‘абойма, насадка’, серб. ту́лајка ‘трубачка’, ‘жалезны абруч, які злучае часткі возу’, балг. туле́йка ‘частка сякеры, куды ўстаўляецца тапарышча’. Вытворнае ад прасл. *tulěja/*tulьja ‘трубка’, якое генетычна звязваецца з прасл. *tulъ ‘калчан’, *tuliti ‘гнуць, прыціскаць’, гл. тул2, туліць. У канкрэтным выпадку гутарка ідзе пра скрутак лыку ў выглядзе трубкі, параўн. в.-луж. tulawa ‘дудачка з вярбы’, славен. tuljáva ‘катушка, шпулька, цэўка’, ‘кароткая трубка’ і інш. (Махэк₂, 648; Борысь, 653; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401; Скок, 3, 520–521; Шустар-Шэўц, 1557; Бязлай, 4, 246; ЕСУМ, 5, 672).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жура́ўка1 ’калодка з адтулінай (дзіркай) у верхнім камені жорнаў, у якую ўстаўляецца млён’ (Сл. паўн.-зах.; свісл., Шатал.), ’выемка ў ткацкім станку, куды закладаецца навой’ (петрык., Шатал.). Рус. пск. журавка, журавль ’рукаятка руля, румпель’. Магчыма, перанос назвы птушкі, вядомы для намінацыі прылад у рус. дыялектах: кур. жураве́ль ’дэталь прасніцы — драўляная дошчачка’, ленінгр. жура́в ’верацяно’. Тут, аднак, акцэнтуецца наяўнасць адтуліны, дзіркі, выемкі, што збліжае з назвамі самаробных цацак, зробленых з косці з дзіркай: жужулачкі, журжа1, у той час як перанос назвы журавель хутчэй на доўгі, высокі прадмет. Можа, перанос паводле функцыі часткі прылады для калодзежа, але гэта менш верагодна. Няясна.

Жура́ўка2 ’дзіцячая гульня’ (Бяльк.). Рус. смал. жура́вль ’абрадавая гульня для сустрэчы жураўлёў’, укр. жураве́ль ’від танца’, польск. дыял. żóraw ’гульня’ (Карловіч). У бел. для назвы гульні выкарыстоўваецца форма ж. р. назвы птушкі. Цікава, што і ў балтыйцаў назва жураўля выкарыстоўваецца як назва гульні (Мюленбах-Эндзелін, 1, 548; LKŽ, 3, 272), а ў балт. мовах назва птушкі ж. р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пра́ца, ‑ы, ж.

1. Працэс уздзеяння чалавека на прыроду; чалавечая дзейнасць, накіраваная на стварэнне матэрыяльных і культурных каштоўнасцей. Фізічная праца. Наёмная праца. Прадукцыйнасць працы. Прылады працы. □ Мірная праца і радасць шчаслівага сямейнага жыцця — вось яе светлы сённяшні дзень. Брыль.

2. Работа, якая патрабуе затраты фізічнай ці разумовай энергіі. Гануля была ў бацькоў адной дачкою і, яшчэ будучы дзіцём, дапамагала маці ў цяжкай сялянскай працы. Гурскі.

3. Вынік творчай, разумовай дзейнасці; твор. Друкаваная праца. Матэматычная праца. Лінгвістычная праца. // толькі мн. (пра́цы, прац). Назва навуковых часопісаў, зборнікаў. Працы Інстытута Мовазнаўства Акадэміі навук БССР.

4. Тое, што і работа (у 4 знач.). Хадзіць на працу.

•••

Біржа працы гл. біржа.

Герой Сацыялістычнай Працы гл. герой.

Інспекцыя працы гл. інспекцыя.

Сізіфава праца — цяжкая да знясілення марная праца (ад імя міфічнага цара Сізіфа, прыгаворанага багамі вечна каціць на гару камень, які, дасягнуўшы вяршыні, падаў назад).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)