Славу́ты ‘агульнавядомы; праслаўлены’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж ст.-бел. словутичъ ‘слаўны, славуты (пры звароце да каго-небудзь’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. славу́тний ‘тс’, рус. дыял. слову́тный ‘славуты, шанаваны, багаты’, преслову́тый ‘праслаўлены’, стараж.-рус. словутьнъ, ст.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, польск. sławętny, sławetny (набліжана да sławaБрукнер, 499), каш. słavutny, słavuty, чэш., славац. slovutný. Дэрываты ад *slovǫtъ, першаснага незалежнага дзеепрыметніка цяп. часу ад прасл. *slovǫ, *sluti, гл. слыць (Фасмер, 3, 673; Махэк₂, 557). Паўночнаславянская інавацыя *slovǫtъ, *slovǫtьnъ. Славэ́тны ‘знаны, праслаўлены’ (Ласт.) запазычана з польскай. Гл. яшчэ Басай-Сяткоўскі, Słownik, 320–321 (адмаўляецца чэшскае паходжанне слова).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́раста ‘выбраны або прызначаны ў абшчыне, арцелі; адказны класа, гурту і пад.’ (ТСБМ, Бяльк., Рам. 3), ‘сват на вяселлі’ (пін., Шатал.), ста́руста ‘тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. староста ‘службовая асоба, якая кіравала паветам у ВКЛ’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́роста, рус. ста́роста ‘тс’, польск., в.-луж. starosta ‘стараста абшчыны’, славац. starosta ‘тс’, чэш. starosta ‘правадыр, начальнік’. Параўн. яшчэ стараж.-рус. староста ‘стары; старшыня; стараста; кіраўнік, эканом’. Прасл. *starosta. Да стары; гл. Фасмер, 3, 747; Брукнер, 514; Махэк₂, 574; Борысь (575) мяркуе, што першапачаткова гэта быў абстрактны назоўнік на ‑ostь: *starostь, які потым перайшоў у катэгорыю назоўнікаў на ‑а тыпу слуга, ваявода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́цыя ‘станцыя’ (гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стацыя, стацэя ‘пастой, месца адпачынку’, ‘забеспячэнне’ (Ст.-бел. лексікон), стацея: стацеи давати/поднимати ‘прымаць і карміць князя з яго світаю ў час паездак па правінцыі, а таксама яго пасланцоў і даваць ім фурманкі для праезду ў наступны маёнтак’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 130). З лац. statio ‘пастой’ праз ст.-польск. stacyja, польск. stacja ‘пастой, прыпынак, станцыя’ (Булыка, Лекс. запазыч., 84; Сл. ПЗБ, 4, 583). Сюды ж стаце́йка ‘чыстая палавіна хаты’ (Сцяшк. Сл.), што адлюстроўвае захаванне старой семантыкі, параўн. станцыя (гл.), польск. stacja ‘кватэра’ і інш. Гл. Брукнер, 512; Фасмер, 3, 746, 748; ЕСУМ, 5, 396, 403.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траці́на ‘трэцяя частка чаго-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Шат.; ашм., Стан.), траці́на, трацці́на (треццина) ‘тс’ (Нас.), ‘трэцяя частка надзелу зямлі’ (Нас., Сл. ПЗБ, Ян., Кал.), трайціна́ ‘тс’ (Сцяц. Сл.), трэці́на ‘тс’ (ТС, Лекс. Бел. Палесся), трацы́на ‘тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. третина, треттина, третына ‘трэцяя частка чаго-небудзь, у тым ліку зямельнага надзелу’ (ГСБМ). Параўн. укр. трети́на, дыял. трити́на, польск. trzecina, чэш. třecina, славац. trecina, славен. tretjina, серб., харв. трећина, балг. трети́на. Утворана ад трэці (трэйці) пры дапамозе суф. ‑іна са значэннем часткі ад цэлага (Сцяцко, Афікс, наз., 213), аналагічна ў іншых славянскіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тухтаць ‘пакаваць’: тухтала, што мела, у дзеравяны сынаў куфэрачак (Ц. Гартны, (гл. Каўрус, Словаклад). Зыходнае значэнне, відаць, ‘піхаць, запіхваць, набіваць’. Магчыма, рэдкая паралель да славен. tuhtati, што ў дыялектах мае значэнне ‘тушыць, душыць, хаваць’, а таксама ‘заносіць на рахунак’ (Gregorič, Kostelski slovar, Ljubljana, 2014), зыходным для якога Сной (у Бязлай, 4, 245) лічыць дзеяслоў інтэнсіўнага дзеяння прасл. *tuchъtati з *tušiti ‘гасіць’ (раней Махэк₂, 662), гл. тушыць. Сюды ж сучаснае беларускае прозвішча Тухта́ (Бірыла, Бел. антр., 1), магчыма, першапачатковая мянушка, якую параўноўваюць з рус. тухты́рь ‘заўсёды незадаволены чалавек’ (Бірыла, Бел. антр., 2), хутчэй дэвербатыў ад тухтаць са значэннем ‘хто складвае, хавае, назапашвае нешта’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́чыць ‘адкормліваць, рабіць тлустым’ (Нас., Ласт., Янк. БП): pańskaje oko kania tuczyć (ваўк., Федар. 4), ст.-бел. тучити, тучыти ‘адкормліваць’, ‘напаўняць’ (ГСБМ), ‘адкарміць, насыціць’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. ту́чи́ти ‘рабіць тлустым, даглядаць’, рус. дыял. (зах.) ту́чить ‘угнойваць (зямлю)’ (Даль), польск. tucznić ‘рабіць тлустым, тучным’, чэш. tučit ‘станавіцца тлустым’, славац. tučiť ‘адкормліваць’, славен. дыял. túčiti ‘зрабіць тлустым’, макед. тучи ‘рабіць тлустым; карміць тлустым’. Прасл. *tučiti ‘рабіць тлустым, адкормленым’, вытворнае ад *tukъ ‘жывёльны тлушч’ (Борысь, 652), гл. тук1; апафанічныя варыянты *tyti (гл. тыць) і *toviti ‘адкормліваць’ (магчыма, сюды прыметнік то́віст ‘тоўсты’, гл.), падрабязней гл. Скок, 475; Куркіна, Этимология–1976, 25; Глухак, 628.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́ждзень ‘тыдзень’ (ТС, ПСл, Нар. Гом., Арх. Вяр.), ты́ждень ‘тс’ (Растарг.), ты́ждэнь ‘тс’ (Бес., Сл. Брэс.; лельч., Нар. лекс.), ты́ждэн ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), ты́ждань ‘тыдзень’ (калінк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ты́ждынь ‘тс’ (зах.-пал., Бел. дыял. 3), ты́жджэнь ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ, ТС, Альп.), тэ́ждынь ‘тс’ (драг., Сл. Брэс.), ты́джань і ты́жань ‘тс’ (Ян., ПСл), ст.-бел. тыждень, тыйжьдень ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. ти́ждень, ст.-чэш. týždeň, славац. týždeň. Гл. тыдзень. Пра мажлівасць другаснага спалучэння жд у палескіх гаворках сведчаць прыклады прыежда́ць ‘прыязджаць’, адʼежда́ць ‘ад’язджаць’ і інш. (ТС). Сюды ж тыжднёўка ‘тыдзень’, тыжнёваць ‘знаходзіцца тыдзень у пэўным месцы’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэало́гія ‘багаслоўе’ (ТСБМ), тэолёгія ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. теология, феология ‘тс’ (1595 г., ГСБМ). Запазычаны са ст.-польск. teologia ‘тс’, якое з лац. theologia, а апошняе са ст.-грэч. θεολογίᾱ ‘навука пра багоў’ ад θεός ‘бог’ і ‑λογία < λόγος ‘слова’ (Булыка, Лекс. запазыч., 162; ЕСУМ, 5, 546–7). Параўн. таксама ст.-бел. теологъ, што са ст.-польск. teolog ‘тс’; другасныя варыянты, фанетычна набліжаныя да грэчаскіх формаў феологъ, феолокгъ. Таго ж паходжання народнае тэлялёг ‘багаслоў’; студэнт-багаслоў; чалавек, што чытае ў царкве святыя кнігі’ (Нас.), магчыма, іранічна і фармальна набліжанае да гукапераймальных слоў таляхаць, талялёхаць і інш., гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэтэ́ра1 ‘цяцера, Tetrao tetrix’ (пін., Бел. дыял. 4), ст.-бел. тетеря, цецера ‘тс’ (1710–1711 гг., ГСБМ); сюды ж тытыру́к ‘цецярук’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. тете́ря, рус. тете́ря ‘цяцера’. Заходнепалескі фанетычны варыянт да цяцера (гл.) на базе гукапераймальнага *ter‑, *tir‑, прадстаўленага ў літ. teterva, лат. teteris, прус. tatarvis ‘цяцерка’, ст.-інд. tittirah ‘курапатка’ і пад.

Тэтэ́ра2 ‘вясельны гасцінец’, памянш. тэтэ́ронька (Сл. Брэс.). Параўн. укр. тетеря ‘кулінарны выраб’, рус. тетеря ‘тс’. Няясна, гл. ЕСУМ, 5, 562; паводле Шымкевіча (Корнеслов, 2, 83), укр. тетеря ‘рэшткі кіслага аржанога цеста, прыпраўленага соллю’ ідэнтычна тетеря (птушка), гл. тэтэра1; матывацыя пераносу няясная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інсты́нкт ’неўсвядомленая цяга, імкненне да чаго-н.’, ’чуццё, прадчуванне чаго-н.’ (ТСБМ), инсты́кт ’унушэнне’, ’цяга, унутранае пабуджэнне’ (Нас.). Ст.-бел. инстинктъ, инстиктъ, инстынктъ ’пабуджэнне, чуццё’ (1620 г.) (Булыка, Лекс. запазыч., 136; Гіст. лекс., 108). Запазычанне з лац. instinctus ’пабуджэнне’ праз польск. instynkt (XVII ст.). Рус. инсти́нкт у XVIII ст. праз нямецкую (Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 87). Памылковае дапушчэнне аб запазычанні з рус. у пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 252, 272; Крукоўскі, Уплыў, 77), паколькі слова зафіксавана ў ст.-бел. мове і лексікаграфічных крыніцах XIX ст., аднак замацаванне слова ў навуковай тэрміналогіі адбылося, безумоўна, пад рускім уплывам; параўн. таксама націск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)