Ста́цыя ‘станцыя’ (гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стацыя, стацэя ‘пастой, месца адпачынку’, ‘забеспячэнне’ (Ст.-бел. лексікон), стацея: стацеи давати/поднимати ‘прымаць і карміць князя з яго світаю ў час паездак па правінцыі, а таксама яго пасланцоў і даваць ім фурманкі для праезду ў наступны маёнтак’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 130). З лац. statio ‘пастой’ праз ст.-польск. stacyja, польск. stacja ‘пастой, прыпынак, станцыя’ (Булыка, Лекс. запазыч., 84; Сл. ПЗБ, 4, 583). Сюды ж стаце́йка ‘чыстая палавіна хаты’ (Сцяшк. Сл.), што адлюстроўвае захаванне старой семантыкі, параўн. станцыя (гл.), польск. stacja ‘кватэра’ і інш. Гл. Брукнер, 512; Фасмер, 3, 746, 748; ЕСУМ, 5, 396, 403.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)