віда́ць, у форме інф., у знач. вык.
1. Можна бачыць, разгледзець. З-пад хвой-красунь, як на далоні, Відаць і хаты і двары. Колас. Праз два маленькія акенцы дзень нясмела лез у сярэдзіну, і было відаць праз іх, як шарэла на дварэ. Чорны.
2. Можна зразумець. Сэнс байкі добра відаць.
3. Быць відавочным, вынікаць. З гэтага відаць, што... □ Гаварыў.. [Іваніцкі] шчыра, гэта відаць было з прамовы. Мурашка.
4. у знач. пабочн. Як здаецца, мабыць; напэўна. Чалавек, відаць, валодаў сабою добра. Чорны. Было ясна, што маці захварэла. І, відаць, моцна. Якімовіч.
•••
Ад зямлі не відаць — вельмі маленькага росту.
Відам не відаць — ніякіх прыкмет, нідзе не відаць.
Канца (канца-краю) не відаць (няма) — пра тое, чаго вельмі многа, што цягнецца без канца.
Па ўсім відаць; як відаць — напэўна, відавочна.
Свету (белага) не відаць — нічога не відаць (у часе мяцеліцы, завірухі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
джа́ла, ‑а, н.
1. Колючая частка органа самаабароны і нападу некаторых насякомых (пчол, вос, шэршняў і інш.), якая знаходзіцца на канцы брушка. Хто іх на свеце не знае, шэршняў тых, з джалам вялікім, а з выгляду жоўтых. Дубоўка. // Колюча-смокчучы хабаток некаторых насякомых (мухі, камара, авадня і інш.). Адчуўшы ранішні прыпек і джала авадня, Конь стаў пад голлем у цянёк. Бялевіч.
2. Доўгі, раздвоены на канцы язык ядавітай змяі. Летам.. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала і высоўвала джала, то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка.
3. Вастрыё колючага ці рэжучага інструмента, прылады. І вострае джала разца гоніць спружыністыя стружкі. Гартны.
4. перан. Пра абвостранае пачуццё, успрыманне. Перад.. вачамі [Ніны] успыхнулі вогненныя вострыя іскры, што пранізалі галаву безліччу пякучых джал. Мележ. // чаго. Пра што‑н. вострае, едкае. Джала сатыры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
душы́цца 1, душуся, душышся, душыцца; незак.
1. чым і ад чаго. Задыхацца (ад кашлю, смеху, слёз і пад.). Душыўся .. [Міхалкаў бацька] кашлем доўга, аж заходзіўся. Чорны. На беразе стаялі Алік і Валерык і аж душыліся ад смеху. Шашкоў. // Прагна, паспешліва есці. Немец аж душыўся гэтай сытай ядой, недалікатна напіхаючы повен рот. Чорны. // перан. Разм. Карміцца аднастайнай ежай (звычайна нізкаякаснай). Душыцца поснай бульбай. // перан. Цяжка і многа працаваць. На пятнаццаць гадзін з дня ў дзень душылася [маці] на фабрыцы за кавалак хлеба. Якімовіч. // перан. Разм. Жыць у цеснаце. — Багацейшая ды мацнейшыя сем’і ўжо ў хатах. Ну і мне надакучыла ў зямлянцы душыцца з сям’ёй. Чарнышэвіч.
2. Штурхацца ў цеснаце, у натоўпе. Людзі душыліся, піхаліся, імкнуліся стаць бліжэй да каменя. Пестрак.
3. Зал. да душыць 1 (у 1, 6 знач.).
душы́цца 2, душуся, душышся, душыцца; незак.
Апырсквацца або націрацца духамі, адэкалонам. Душыцца адэкалонам. Часта пачаў душыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гу́шча, ‑ы, ж.
1. Густы асадак (стравы, раствору і пад.) на дне пасудзіны. Высахла чарніла ў .. пляшцы — адна гушча была на дне. Баранавых. Сёрбай юшку, на дне гушча! Прымаўка.
2. Разм. Тое, што і гушчар. — Ты падумай толькі: пушча! Дзень ідзеш і два ідзеш, І такая табе гушча — Вокам цемры не праб’еш! Колас. Там, у гушчы, дзе дрэваў Звон рачулкі, птахаў спевы, Хатка ёсць. Кірэенка.
3. Месца найбольшага скопішча каго‑, чаго‑н. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. // перан. Глыбіня, асяроддзе чаго‑н. Рыгор уваходзіў у гушчу рабочага жыцця, у вадаварот грамадскай працы. Гартны. Выхадзец з гушчы працоўных мас, К. Чорны быў шчырай і сумленнай душой народа. Хведаровіч.
4. Абл. Каша. Марыля паставіла якраз на стол гушчу наліваную — пшанічную кашу з малаком, калі ў хату зайшоў Павал. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загляну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Глянуць куды‑н., унутр чаго‑н.; кінуць позірк на тое, што трэба разгледзець, убачыць. Заглянуць у вочы. Заглянуць за шафу. Заглянуць пад ложак. □ Цыбаты бялявы хлопчык .. заглянуў у адчыненае акенца машыны. Гамолка. // перан. Пранікнуць куды‑н., асвятліць прамянямі (пра сонца, месяц і пад.). Святло месяца заглянула ў акно, і ў хаце стала неяк весялей і святлей. Кавалёў. // перан. Бегла пачытаць асобныя месцы (у кнізе, газеце і пад.). Заглянуць у кнігу.
2. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Ёсць над Сожам гарадок. Просім, ягамосці: Ехаць будзеце здалёк, Загляніце ў госці. Калачынскі. Невысокі рухавы стары, да якога мы заглянулі ў хату, сустрэў нас ветліва. С. Александровіч.
•••
Заглянуць наперад (у заўтрашні дзень) — задумацца над будучыняй, уявіць яе сабе.
Заглянуць у душу (нутро і пад.) каму, чыё — адгадаць чые‑н. думкі, пачуцці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вучы́цца, вучуся, вучышся, вучыцца; незак.
1. Засвойваць, набываць якія‑н. веды, навыкі, звычкі. Вучыцца грамаце. Вучыцца іграць па нотах. Вучыцца майстэрству. □ Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. На дубе са зламанай вершалінай, у вялікім гняздзе, вучыліся лятаць бусляняты. Даніленка. // Быць вучнем, студэнтам навучальнай установы. Вучыцца ў 9 класе сярэдняй школы. Вучыцца на 3 курсе інстытута. □ На другі дзень у школе былі ўсе дзеці, якія павінны былі вучыцца. Шамякін.
2. за каго, на каго. Разм. Набываць якую‑н. прафесію, спецыяльнасць у працэсе вучобы. Вучыцца за слесара. Вучыцца на агранома. □ [Маці:] — Так я і стала бухгалтарам, хоць пры іншых умовах магла б вучыцца за інжынера ці агранома. Гаўрылкін.
3. безас. Разм. Пра ўмовы вучобы, навучання. [Антось:] — Скажу толькі, што я сваім дзецям не вораг і хацеў бы, каб ім жылося і вучылася, як найлепш. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
борт 1, ‑а, М ‑рце; мн. барты, ‑оў; м.
1. Верхні край бакавой сценкі, а таксама бок марскога або рачнога судна, самалёта. Дзень, калі мы ступалі на борт парахода, быў для нас сапраўдным святам. Лынькоў. Блізка берагу.. Пятрусь надумаўся перайсці ад кармы да свайго месца — бакавога вясла. Пры гэтым пераходзе ён ступіў адной нагой на борт, і... усе апынуліся ў вадзе. Дубоўка. Над галовамі часта праляталі самалёты — цяжкія бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі на бартах і вёрткія тупарылыя «ястрабкі» з чырвонымі зоркамі. Якімовіч. // Сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і пад. Каля вагі стаяў цёмна-зялёны грузавік з адкінутымі бартамі. Паслядовіч.
2. Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і пад.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.
•••
Апынуцца (аказацца) за бортам гл. апынуцца.
Выкінуць за борт гл. выкінуць.
[Фр. bord.]
борт 2, ‑у, м.
Адна з разнастайнасцей зярністых утварэнняў алмазу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
1. Ачуняць, аднавіць свае сілы, здароўе (пасля хваробы, ранення). Захварэлі Шарык з Юркам у адзін дзень. Але Юрка паправіўся першы. Брыль. [Назарэўскі] расказаў, што не мог адразу ехаць, бо ранены і яшчэ не паправіўся. Чорны. / Разм. Пра часткі цела. Сёлета нага паправілася — дала жонка рады, націраючы бадзягай. Чыгрынаў. // Стаць паўнейшым, патаўсцець. На выгодзе жывучы, .. [Пракоп] паправіўся і скруглеў. Вітка.
2. Палепшыцца, змяніцца на лепшае. Перад світаннем паляцела навальніца. «Добра, як, — меркаваў Сяльчонак, — яравыя паправяцца. Трава таксама». Асіпенка. // Разм. Стаць лепшым у маральных адносінах, выправіцца. Я ведаў бацькаву лупцоўку і абяцаў паправіцца. Дамашэвіч. Не апошні ж .. [Сяргей] быў чалавек у вёсцы... Спадзявалася [Анісся], а мо паправіцца... Усё магло стацца, не такіх папраўлялі. Лынькоў.
3. Выправіць сваю памылку (звычайна пры выказванні). — Прагледзіце яшчэ раз з Дорай... з Дорай Змітраўнай, — паправіўся .. [Дзімін], — падумаеце. Карпаў.
4. Прыняць больш зручную позу. Лабановіч паправіўся на возе, дастаў папяросы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пары́ў, ‑рыву, м.
1. Раптоўнае і рэзкае ўзмацненне (ветру). Бура налятала парывамі, як дзікі звер, які вырваўся на волю з жалезнае клеткі, усім цяжарам налягала на стрэхі будынін, з шумам ганяючы па іх патокі снегу. Колас. Сонца пякло моцна і парывамі ўзнімаўся вецер і гнаў па шашы пыл. Чорны.
2. перан. Уздым духоўных сіл, энергіі, імкненне да чаго‑н., да ажыццяўлення якіх‑н. мэт. Працоўны парыў. □ Было прыемна, што расце такая здаровая, жыццярадасная моладзь з высакароднымі парывамі да працы. Дуброўскі. «Я хачу на волю!» Гэта было тады яе [Ганны] гімнам, крыкам душы, бяссільным парывам. Няхай. // чаго. Моцнае, нечаканае праяўленне якога‑н. пачуцця (радасці, злосці, захаплення і пад.). Іншым разам Кацярына кінулася б .. [Паходню] насустрач, акрыяла душою, а цяпер чамусьці ў яе не было ніякай радасці, ніякага парыву пачуццяў. Ваданосаў. Праца — багатае слова, Гэта парывы натхнення, Гэта дзень заўтрашні, новы, Светлых агнёў зіхаценні. Тарас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́яць 1, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., што.
1. Звеяць, правеяць усё, многае. Павеяць увесь авёс.
2. і без дап. Веяць некаторы час. Павеяць да абеду зерне.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць веяць; падзьмуць (пра вецер і пад.). Пад дзень пасеяў вецер, і сцяг горда калыхаўся над горадам. Якімовіч.
4. безас. чым. Абдаць павевам (цеплыні, паху і інш.). Пачынала цямнець. З лугу павеяла прыемнай свежасцю, але было цёпла і ціха. У паветры адчувалася мяккая парнасць. Дайліда. На водшыбе лугавым Павеяла дымам начлежным. Калачынскі. // перан. Перадавацца, распаўсюджвацца ад чаго‑н. Цішынёй і бязлюддзем павеяла ад гарадка, ахутанага асенняй смугой. Хадкевіч. Цеплынёй і ласкай павеяла ад гэтай простай дзявочай усмешкі. Дамашэвіч. Мы ўваходзім у прасторную залу. І адразу павеяла суровым подыхам першых дзён вайны. В. Вольскі. // Адчуцца (пра набліжэнне чаго‑н.). Павеяла вясной. Над борам праляцелі гусі на бераг родны свой. Пушча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)