блі́зка,
1. Прысл. да прым. блізкі (у 1, 2, 4 і 5 знач.).
2. у знач. вык. У хуткім часе, хутка. Жніво і ўборка з поля былі блізка. Чорны. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее. Колас.
3. прыназ. з Р. Разм. У прасторавым значэнні. Блізка горкай рэчкі Сарыярві Жыў сабе ды гаспадарыў Паво. Багдановіч. Сеў каля паваленай яліны блізка сцежкі, што ў гушчар вядзе. А. Вольскі. // У часавым значэнні. Блізка апоўначы зноў змоўкла малатарня: чысцілі транспарцёр. Савіцкі.
4. прысл. Разм. Амаль, прыблізна. Экзамены цягнуліся блізка тыдзень. Колас. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Чорны. Прыцягнулася ў гэта мястэчка Прузына ўжо блізка году. Ядвігін Ш.
•••
Блізка што — амаль што.
І блізка няма — зусім няма. Сімон, які ведаў, што важных дакументаў і блізка няма.., цяжка ўздыхнуў. Самуйлёнак.
І ні блізка; ні блізка; ані блізка — ні ў якім разе, ні за што.
Прымаць (браць) блізка да сэрца гл. прымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́пля, ‑і; Р мн. ‑пель; ж.
1. Невялічкая акруглая часцінка якой‑н. вадкасці; кропля. Капля расы. Каплі поту на твары. □ З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Капля слёз на зрэбнай кашулі Здавалася капляй крыві. Чарот.
2. толькі мн. (ка́плі, ‑пель). Разведзенае на чым‑н. лякарства, якое прымаецца па пэўнай колькасці такіх часцінак. Сардэчныя каплі. Мятныя каплі: Выпіць капель.
3. перан.; толькі адз., чаго. Разм. Самая нязначная колькасць чаго‑н. Газы ў лямпе засталася адна капля. // у знач. прысл. ка́плю. Зусім нямнога, чуць-чуць. Удзяліць каплю ўвагі.
•••
Да (апошняй) каплі — усё без астатку (выпіць, расходаваць і пад.).
Да апошняй каплі крыві — ахвяруючы ўсім, не шкадуючы жыцця (змагацца, біцца, абараняцца і пад.).
Капля за капляй — паступова, патрошку.
Капля ў каплю — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).
Капля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым‑н. вялікім.
Ні каплі — ніколькі, ані.
Ні каплі ў рот не браць гл. браць.
Як дзве каплі вады — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загавары́ць 1, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.
1. Надакучыць, стаміць працяглымі размовамі. — Што ж гэта я цябе загаварыла зусім! Ты ж, мусіць, не абедаў яшчэ? Асіпенка. // Размовай адцягнуць увагу ад чаго‑н., прымусіць забыцца пра што‑н. — Загаварылі вы мяне, а там яечня гарыць. Беразняк.
2. Ва ўяўленні ў забабонных людзей — уздзейнічаць на што‑н. замовай, магічным словам, загаворамі. Загаварыць кроў. Загаварыць зубы. □ Была нерухомая, зачараваная ціш; быццам бы хтось загаварыў усё: ні зыку, ні голасу не было чуваць. Гартны.
загавары́ць 2, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак.
1. Пачаць гаварыць. // Усчаць гаворку, пачаць размову з кім‑н. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі. // перан. Абазвацца, пачаць дзейнічаць. Кулямёты загаварылі.
2. Навучыцца гаварыць, карыстацца мовай. Дзіця ўпершыню загаварыла.
3. перан. Праявіцца ў дзеяннях, настроях і інш. Прачнулася і загаварыла бязмерная нянавісць пакрыўджаных людзей. Чорны.
•••
Кроў загаварыла гл. кроў.
Сумленне загаварыла гл. сумленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га 1, нескл., м.
Скарочанае абазначэнне слова гектар (ужываецца звычайна пры лічэбніках). 50 га. Пасеяць 40 га пшаніцы. □ Раўняйся па лініі ўдарных брыгад! Хто спаборніцтвам там не ахоплены? Каб зацвілі сотні тысяч га Пад ільном ды пад каноплямі. Крапіва.
[З пачатковых літар слоў «гекта» і «ар».]
га 2, часціца.
1. Тое, што і а 3 (у 1 знач.). «Юзік! — паўтарыў ён мацней. — Юзік!» — «Га? Што?» Чорны. Рачкоўскі зусім неспадзявана для Карызны павесялеў: — А праўда, Сымоне, слаўна жылося там, га? Зарэцкі.
2. Абл. Тое, што і а 3 (у 2 знач.). — Тата, га, тата, а заўтра хто павядзе каня? — запыталася яна. Гартны.
га 3, выкл., часта з працяглым вымаўленнем (га-а-а!).
1. Выражае здзіўленне пры апазнанні каго‑н., радасць сустрэчы з кім‑н. — Га, Пятрусь, і ты тут? — сустрэў Петруся Карусь Акалот. Колас.
2. Гучны выкрык, якім хочуць напалохаць каго‑н. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам... Раптам вылецеў з-за куста і гукнуў на ўсю моц: — Га-а! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гразь, ‑і, ж.
1. Вязкая, размяклая ад вады глеба. Непралазная гразь. □ Кажуць: вясной бочка вады — лыжка гразі, а ўвосень лыжка вады — бочка гразі. З нар. Брычка ехала па гразі, калёсы плюхаліся ў глыбокія калдобіны, конь ішоў размашыстай хадой, і пырскі з-пад яго ног ляцелі ва ўсе бакі. Чарнышэвіч.
2. толькі мн. (гра́зі, ‑яў). Марскі або азёрны іл, які мае лекавыя ўласцівасці. Лячыцца гразямі.
3. Разм. Бруд, нечыстоты. Лазняў болей — больш здароўя, Гразь жа нам нясе хваробу. Крапіва. У хату.. [Якіма] хоць і носа не паказвай — бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд. Колас.
4. перан. Разм. Пра што‑н. ганебнае, подлае, нізкае. Ганна сэрцам тут пачула Гразь душы яго і бруд. Колас. З усходу вецер-буралом Змятае гразь на сваім шляху. Купала.
•••
Абліць граззю гл. абліць.
Выцягнуць з гразі гл. выцягнуць.
Зарасці граззю гл. зарасці.
Затаптаць у гразь гл. затаптаць.
Змяшаць з граззю гл. змяшаць.
Не ўдарыць (не упасці, не пляснуцца) тварам у гразь гл. ударыць.
Як гразі чаго — вельмі многа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.
1. Марудна або з цяжкасцю дасягнуць якога‑н. месца. Толькі пад самую раніцу дабраўся.. [Васіль], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Лынькоў. Дзе пехатою, а дзе на спадарожных машынах, дзядзька за тыдзень дабраўся з Гродна ў свае Дабрынічы. Дамашэвіч. // Капаючы, разграбаючы і пад., наблізіцца да чаго‑н., здабыць што‑н. Капцы не былі яшчэ канчаткова прыкіданы зямлёй, і дабрацца да бульбы было зусім проста. Ермаловіч. // Пашыраючыся, распаўсюджваючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У цяньку, куды пасля ночы не паспела дабрацца сонца, траву пакрывае шараваты іней. Ляўданскі. // Дайсці пры чытанні, размове і пад. да якога‑н. месца, падзеі. Здалося Цімоху — дабраўся да «цэнтра» размовы Койніш. Шынклер. // перан. Прыкладаючы намаганні, дасягнуць разумення чаго‑н. Дабрацца да ісціны. □ [Антон з Мікітам] няхутка дабраліся да сэнсу ігры гэтых літар і слоў. Ракітны.
2. Разм. Атрымаць магчымасць узяцца за каго‑, што‑н., расправіцца з кім‑н. [Другі рыбак:] Яшчэ дабяромся мы да паноў! Не вырвуць каты з нашых рук мазольных Азёр і невадоў! Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збо́ку, прысл.
1. З краю, не ў сярэдзіне, не ў цэнтры. Збоку ад дарогі. □ Недзе далёка збоку, на левым краі, за ракою засакатаў кулямёт. Краўчанка. У цэнтры сядзіць суддзя — высокі мужчына з дабрадушным тварам. Паабапал яго — два народныя засядацелі. А збоку за сталом — сакратарка. Дадзіёмаў. // Побач, поплеч. Разам з маці, Галейша Ганнай, выйшлі і сталі моўчкі збоку Жэня, Міця і Соня. Пальчэўскі.
2. З месца, аддаленага ад каго‑, чаго‑н. Хлопцы не раз бачылі трактары на полі. Але там яны глядзелі на іх збоку. Якімовіч. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Лынькоў. // перан. З пазіцыі старонняга, незацікаўленага чалавека. Так, збоку, новымі вачамі глядзела [Галя] сёння і на свой цэх, на людзей, з якімі працуе ўжо некалькі год. Арабей. — Канечне, — кажа [Мурашова], — збоку ўсё вельмі лёгка здаецца. Скрыган.
3. у знач прыназ. з Р. Побач з кім‑, чым‑н., паблізу каго‑, чаго‑н. Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч.
•••
Збоку прыпёку — пра каго‑, што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зва́нне, ‑я, н.
1. Афіцыйна прысвоенае найменне, якое вызначае кваліфікацыю ў галіне якой‑н. дзейнасці або службовае становішча. Воінскае званне. Званне інжынера. Званне ўрача. Вучонае званне. □ Аксіння Хвядосаўна Снягір — удава, муж яе, былы раённы работнік, загінуў у канцы вайны ў званні маёра. Шамякін. // Ганаровае найменне, якое прысвойваецца за якія‑н. заслугі і з’яўляецца адным з відаў узнагароды. Званне Героя Сацыялістычнай Працы. Званне заслужанага настаўніка. // Найменне, якое ўказвае на прыналежнасць да якой‑н. арганізацыі, групы і пад. Змагацца за званне брыгады камуністычнай працы.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — саслоўная прыналежнасць, саслоўны стан. Мяшчанскае званне. Духоўнае званне. // Уст. Тытул. Графскае званне.
3. Разм. Прозвішча, імя, мянушка. — Празвалі людзі Здрокам, і, напэўна, памрэш з гэтым казяўчыным званнем. Кандрусевіч.
•••
Адно званне — пра тое, што, захаваўшы сваё найменне, страціла асноўныя якасці, вартасці.
Ані звання каго-чаго — зусім не існуе, і ў паміне няма. — Але наконт прыватнаўласніцкага перажытку я вам магу сказаць пэўна: у мяне яго няма ані звання. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вінава́ты, ‑ая, ‑ае; ‑ват, ‑а.
1. Які правініўся ў чым‑н., зрабіў злачынства. Прызнаць вінаватым. □ [Толя:] — Тут не адзін дырэктар вінаваты. Не ўсе навучыліся дабро сваё, сваю працу як след шанаваць. Брыль. Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым. Маўр. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Віноўнік. І правы і вінаваты.
2. Які з’яўляецца прычынай чаго‑н. Алеська.. скрыва пазірала і на Любу, быццам тая вінавата была ў яе гневе. Мурашка. Шышак — безліч, а спадчыны сасна не пакінула. Мабыць, вінавата проста месца. Навуменка.
3. толькі поўн. ф. Які выяўляе ўсведамленне сваёй віны. Вінаваты голас. Вінаватая ўсмешка. □ Ліда спадылба вінаватым позіркам глядзіць на брата. Пальчэўскі.
4. Які вінен каму‑н., мае доўг. [Паўлік:] — Бацька мой.. не мог ніяк з даўгоў выбрацца — Сегенецкаму вінаваты быў гэтулькі, што маці.. па паўлета дарэмна яму жала. Чорны. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Той, хто вінен каму‑н., мае доўг. [Ціток:] — Хай мне паадрабляюць усе вінаватыя. Лобан. Не плаціць багаты, а вінаваты. Прыказка.
•••
Богу душою не вінаваты (вінны) — зусім не вінаваты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вунь, часціца.
1. указальная. Ужываецца для ўдакладнення месца ці месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Вунь там, каля тых дубоў. Вунь дзе ён вынырнуў. А вунь, што гэта за дрэва? □ Вунь дзе ён, наш «саманны завод», каля самай дарогі, у глінішчах. Брыль.
2. вылучальная. Вылучае або падкрэслівае значэнне таго ці іншага слова ў сказе. Глядзі, вочы вунь у іх зусім зліпаюцца. Вунь і нядаўна іх бачылі на вуліцы. □ І ці не Яноль толькі выглядае гэта вунь там з-за елкі? Колас. [Тэкля:] — На дварэ ўжо восень, лісты вунь асыпаюцца. Краўчанка.
3. узмацняльная. У спалучэнні з займеннікамі ўказвае на меру або ступень якасці чаго‑н. Вунь глядзіце, колькі каменняў выбралі. Бядуля. [Дзямід:] — Вунь след які глыбокі ды шырокі. В. Вольскі.
4. у знач. прысл. У тым месцы, не тут. Вунь відаць вёска. □ Стой! Здаецца, вунь зірнула, Як бы зорка, як бы сонца! Ах, не тое!.. Адвярнула!.. Гэта шышка на сасонцы. Купала.
•••
Вунь (яно) што! Вунь (яно) як! — вокліч для выказу здзіўлення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)