разI в разн. знач. раз, род. ра́зу м., мн. разы́, род. разо́ў;

в пе́рвый раз пе́ршы раз;

в тот раз той раз, таго́ ра́зу, тады́;

вот тебе́ и раз! вось табе́ і на (раз)!;

раз (и) навсегда́ раз (і) назаўсёды;

раз-два и гото́во раз-два і гато́ва;

раз-два и обчёлся раз-два і ўсё;

раз-друго́й раз-другі́;

раз за ра́зом раз-по́раз, раз за ра́зам;

раз от ра́зу што да́лей, то…; дале́й-бо́лей;

раз плю́нуть раз плю́нуць;

в са́мый раз а) (в подходящее время, вовремя) у са́мы раз, са́мы раз, са́мая пара́, са́ма што; б) (впору) як раз, у са́мы раз, са́мы раз;

ино́й раз, друго́й раз і́ншы раз, другі́ раз, часа́мі, ча́сам;

не раз не раз;

ни в ко́ем ра́зе ні ў я́кім ра́зе;

дать раза́ раз сту́кнуць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

след, ‑у, М следзе; мн. сляды, ‑оў; м.

1. Адбітак ступні нагі, капыта, лапы на якой‑н. паверхні. Калі Мікола праходзіў па гліне, дык ногі гразлі і сляды ад іх заставаліся на памосце. Бядуля. Вось зайчык бег, — паказаў Косцік.. — Дзе? — Во сляды, бачыш, во! Гэта і гэта. Дзвюма ножкамі... Ці, праўда, чатырма. Брыль. // Адзнака таго, што тут хадзілі; дарога, шлях. След конь чуў добра сам, і яго не трэба было кратаць лейцамі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. Мая Дуброўка!.. Успаміны Вядуць на мой юнацкі след. Бялевіч. // Паглыбленне, паласа і пад. на паверхні чаго‑н. пасля перамяшчэння па ёй. Пракладаецца першы след па новай саннай дарозе. Машара. [Незнаёмы:] — Вось паслухай, якім чынам утвараецца белаваты след за самалётам. Шыловіч. // Вынік чыёй‑н. дзейнасці, якой‑н. падзеі і пад. [Лявон:] — Чалавек павінен па сабе след на зямлі пакінуць. Інакш ён не чалавек... Б. Стральцоў. След гэтай гаворкі астаўся ў Алесі надоўга. Скрыган. [Тварыцкаму] хацелася і ашчаслівіць дачку, і адарвацца, адрачыся, ачысціцца ад свайго мінулага, знішчыць у сабе ўсе яго сляды. Кудраўцаў.

2. Адбітак, які‑н. знак ад ціснення, дотыку і. пад. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Вешалка толькі адарвалася, і на каўняры відзён след ад цвіка. Васілевіч. Вашамірскі расшпільваўся і паказваў .. рубцы — сляды кіпцюроў. Бядуля. // Тое, што, застаўшыся пасля каго‑, чаго‑н., з’яўляецца яго прыкметай, сведчыць аб чым‑н. Тут [у лесе] зусім не відно слядоў чалавека: ні сцежкі, ні ссечанага дрэва. Шамякін. / у перан. ужыв. Мы раз-пораз угадваем у творчасці ранняга Чарота сляды вучобы ў Купалы. Перкін.

3. Уцалелая частка чаго‑н., астаткі чаго‑н. Сляды пазалоты. □ У штабе тым [сельсавеце] усё заўжды Праверана, знаёма: Дзе вапна ёсць, Дзе глін сляды, І колькі тон, вядома. Астрэйка. Даўніх вогнішчаў сляды Зараслі травою. Гілевіч. / у перан. ужыв. Бачу я на твары Дзіцячай, шчырай радасці сляды. Агняцвет.

•••

У адзін след; у два (тры і пад.) сляды (дыскаваць, баранаваць) — разрыхляючы ўзараную зямлю, праходзіць з бараной, дыскамі па адным і тым жа месцы адзін або некалькі разоў.

Без следу — зусім бясследна (знікнуць, згінуць і пад.). Без следу згінуў камарыны кут, як быццам тут за ноч адбыўся цуд. А. Вольскі.

Блытаць сляды гл. блытаць.

Браць (узяць) след гл. браць.

Заблытаць сляды (след) гл. заблытаць.

Замесці сляды (след) гл. замесці.

Зблытаць сляды (след) гл. зблытаць.

Здвоіць след гл. здвоіць.

(І) след прастыў (прапаў) — пра знікненне каго‑, чаго‑н.

І следу не засталося гл. застацца.

І следу няма гл. няма.

Лавіць бягучага воўка след гл. лавіць.

Напасці (трапіць, натрапіць) на след гл. напасці.

Па гарачых (свежых) слядах — зараз жа, адразу пасля якой‑н. падзеі.

След у след — адзін за адным, ставячы нагу туды, куды ступаў той, хто ішоў наперадзе.

Як след — як трэба, як мае быць. Здалёк разгледзець жанчыну як след было цяжка. Лупсякоў. [Баба Іваніха:] — Цяпер, глядзі, бярыся як след за кніжкі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зачапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

1. чым, за што. Закрануўшы што‑н., страціць магчымасць рухацца. Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася. Якімовіч. Міхаська ад страху кінуўся бегчы, зачапіўся за нейкі корань і расцягнуўся на зямлі. Сіняўскі. // Павіснуць на чым‑н., застацца дзе‑н. Страшны чалавек аказаўся даволі ёмкаю плашкаю.., а яго рука — кавалкам рызмана, што нейкім спосабам зачапіўся за вішнёвую галінку і матляўся на ветры. Колас. Шурпаты язык у Амелькі, ды словы на ім, што ваўчкі пры дарозе, — зачэпяцца, не скінеш. Лынькоў. // Разм. Ухапіцца, учапіцца. За Цімоха Будзіка ўхапіўся .. [Саўка] цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт, каб зачапіцца за яе рукамі і не апусціцца з галавою ў цёмнае прадонне багны. Колас. // перан. Замацавацца, асесці дзе‑н. [Туркевіч] раіў мне ісці настаўнікам у беларускую школу на вёсцы або наогул як-небудзь зачапіцца на вёсцы, бо ў горадзе жыць — пагібель. Гарэцкі. — Пераплылі мы .. [рачулку] дзвюма ротамі хто на чым, зачапіліся на беразе. Корбан.

2. Разм. Узяцца на кручок (пра рыбіну). Лешч зачапіўся.

3. перан. Палічыць што‑н. за повад, прычыну для чаго‑н.; прыдрацца. Шмат у каго гарэла вока на гэтае пыльнае месца [млынара], але не было за што зачапіцца, каб зняць чалавека і паставіць другога. Сабаленка. // Пачаць (справу і пад.). — Добра, што хоць каробка ўцалела, ёсць за што зачапіцца, — падумаў сам сабе Азаркевіч і ўздыхнуў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́несці, ‑несу, ‑несеш, ‑несе; пр. вынес, ‑ела; зак., каго-што.

1. Несучы, выдаліць адкуль‑н., выставіць за межы чаго‑н. Вынесці мэблю з кватэры. Вынесці смецце. □ — Прыхавай шрыфт дзе-небудзь, — папрасіў Мікола. — Вынесі з хаты. Навуменка. // Змясціць частку чаго‑н. асобна, за межамі цэлага, сістэмы. Вынесці дробавы лік за дужкі. // Завесці што‑н. куды‑н. І зімою Галя не гуляла: то пойдзе карове дасць, то вынесе свінням, то дроў унясе ў хату. Сабаленка.

2. Хутка вывезці, вымчаць куды‑н. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. Конь мігам вынес.. [байца] за сяло. Мележ.

3. Захапіўшы ў агульны паток, прынесці, прыбіць куды‑н. Плынь вынесла лодку на сярэдзіну ракі. □ Гаманкі натоўп пасажыраў вынес мяне на прыстанцыйную плошчу. Савіцкі.

4. перан. Атрымаць, набыць у выніку знаёмства, вывучэння чаго‑н. Вынесці ўражанне. □ Ад знаёмства з.. людзьмі я вынес два неразлучныя пачуцці — захапленне і ўдзячнасць. Брыль.

5. Вытрымаць, перажыць, перанесці. Не такія, як сёння, удары прыходзілася вынесці вось гэтай пасівелай без пары галаве. Брыль.

6. Прапанаваць на абмеркаванне, вырашэнне. Вынесці пытанне на разгляд сходу.

7. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: утварыць дзеянне, якое адпавядае значэнню гэтых назоўнікаў. Вынесці падзяку, пастанову. Вынесці прысуд, вымову.

•••

Вынесці на сваіх плячах — вытрымаць на сабе ўвесь цяжар выканання якой‑н. справы, працы.

(Ледзь) вынесці ногі — пазбегнуць небяспекі, выратавацца. Яшчэ немаведама, як вынесці адсюль ногі, а .. [Блішчынскі] ужо бядуе, што не ўдасца трапіць на курсы. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асадзі́ць 1, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., што.

Умацаваць што‑н. на чым‑н., надзець на што‑н.; прымацаваць. Асадзіць касу. // Уставіць у аправу, у рамку; аправіць. // Паставіць асаду ў вокны, дзверы. Асадзіць акно.

асадзі́ць 2, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., каго-што.

1. Прымусіць рэзка спыніць, запаволіць бег. [Карла] ураз асадзіў каня, крута яго павярнуў і паскакаў прэч пад агульны рогат касцоў. Зарэцкі. // Прымусіць адступіць, падацца назад, асесці. [Багацель:] — Спачатку асадзі крыху назад, хай буферы вагонаў сціснуцца, а потым і перавядзі рэверс на пярэдні ход. Васілёнак. Кнігаўка крычыць, адводзіць драпежніка за Вятранку, а на птушанят ужо заглядзелася гадзюка: маленькія, але прагныя вочкі яе асадзілі іх у траву, пякуць, гатовы праглынуць. Бажко. // Прымусіць апусціцца ўніз. Уначы прайшоў дождж, патушыў пажары, асадзіў пыл і дым. Шамякін.

2. Разм. Зваліць ударам. Вось.. [Міхал] аднаго дзябёлага фашыста штыком пракалоў, другога прыкладам асадзіў, завязалася барацьба з трэцім. Гурскі.

3. перан. Прымусіць каго‑н., хто страціў у чым‑н. пачуццё меры і пад., перамяніць тон, прыціхнуць, змоўкнуць; абарваць ​1 (у 5 знач.). Цытвараў даўно назіраў за Чыжыкавым, падбіраў факты і меркаваў у зручны момант выступіць і асадзіць яго, калі не зусім, то на доўгі час. Алешка.

асадзі́ць 3, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., каго-што.

Акружыць войскам умацаваны пункт. Асадзіць горад, крэпасць. // перан. Акружыць, стоўпіцца вакол каго‑, чага‑н., дамагаючыся чаго‑н.

асадзі́ць 4, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., што.

Прымусіць вылучыцца з раствору, вадкасці і апусціцца на дно ў выглядзе асадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

1. што. Выканаць якую‑н. павіннасць, абавязак; прабыць вызначаны тэрмін дзе‑н. Цімох Будзік.. адбыў два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы, сядзеў як крымінальнік. Колас. Фёдар недзе ў Сібіры адбыў пакаранне за ўдзел у нейкай рэвалюцыйнай справе. Корбан. // Выканаць што‑н. фармальна, як бы з-пад прымусу. Корч не любіць, каб рабілі абы-як, абы адбыць. Мележ. А з паперай той у канторы толькі фармальнасці адбылі, па кнігах пазапісвалі: калі мясцком накіроўвае, значыць, ведае каго! Шынклер.

2. Паехаць, адправіцца куды‑н. З Цэнтральнага штаба паведамілі, што партызан Уладзімір Струн пасля лячэння ў шпіталі выпісаўся і адбыў на фронт. Сабаленка.

3. што. Правесці, зрабіць, закончыць што‑н. [Вадзіцель:] — Дык ты, брат, як адбудзеш усе там справы ў вашым бюро, заходзь начаваць да мяне на Пушкінскі пасёлак. Васілевіч. Як вяселле адбылі, Тады прыкмеціў, Вочы карыя былі... На цэлым свеце Прыгажэйшых не знайсці. Дзяргай.

4. Абысціся, абмежавацца чым‑н. нязначным, лёгкадаступным. [Дзед Мікола:] — А небарака Васіліса, наша паварыха, зусім разгубілася: што варыць? Тут варэнікамі, пельменямі ці пловам не адбудзеш. Скрыпка. Дзякуем не адбудзеш. Прымаўка.

5. Прабыць дзе‑н. пэўны тэрмін; закончыць сваё знаходжанне дзе‑н. І вось ужо адбылі, адгасцявалі, збіраюцца ехаць: Пятро з сынком Валодзькам зноў — у той свой далёкі Тамбоў, а Адам з Мікіткам паедзе ў Віцебск. Ракітны.

•••

Не адбудзе, не прыбудзе — не будзе ні выгады, ні страты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касы́, а́я, ‑о́е і ко́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны, накіраваны пад вуглом да гарызантальнай паверхні; не адвесны. Касы лівень. □ Вось жанчыны дайшлі да рога вуліцы, і касы барвовы промень сонца ўдарыў ім у вочы. Мікуліч. Ішоў косы сцюдзёны дождж, на ветры разбіваўся і плыў несканчоным туманам. Скрыган. // Які ідзе нахільна да прамой лініі, перасякае што‑н. наўскос. Касы почырк. Сшытак у касую лінейку. □ Касыя, доўгія цені ад прысадаў слаліся на брук. Мурашка. // Накіраваны ўбок, які ідзе збоку. Касы пагляд.

2. Скрыўлены, перакошаны, несіметрычны. Струхнелыя, абклееныя старымі афішамі, з касымі вокнамі і дзвярамі дамы нагадваюць катакомбы. Філімонаў. // Размешчаны збоку, не ў цэнтры. Касы каўнер. Насы прабор валасоў.

3. Касавокі. Услед за ім [Зосіным бацькам] пераступіў парог Васіль Бераг, малады і моцны, але.. сутулы і касы, з лёгкім рабаціннем на белым пляскатым твары. Гартны. // Які глядзіць коса, косіць (пра вочы). Уласюк пагладзіў свае пышныя, чорныя вусы, зірнуў на Лабановіча касымі вачамі. Колас.

4. перан. Недружалюбны, падазроны, недаверлівы (пра позірк, погляд). [Містэр Лаяна] бачыў і панурыя твары, і касыя позіркі, і тлеючыя аганькі нянавісці ў апушчаных вачах. Лынькоў.

5. у знач. наз. касы́, ‑ога, м. Разм. Заяц. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Мікола ўсміхнуўся — пашанцавала касому! Краўчанка.

•••

Касы парус гл. парус.

Касы трохвугольнік гл. трохвугольнік.

Касы сажань у плячах гл. сажань.

У касы сажань ростам гл. сажань.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Прайсці, праехаць каля каго‑, чаго‑н., пакінуўшы яго ззаду або збоку. Мінуў Сцёпка сяло, у поле выйшаў. Колас. [Рыгор і Ліба] зацішылі хаду, каб абысці роў, і моўчкі мінулі першыя дзве хаты. Гартны. // (часта з адмоўем). Прайсці, праехаць міма. Ехаў .. [Васіль Іванавіч] у Турчу, але не мінуў ніводнай вёскі, дзе .. прадаваліся кнігі. Дубоўка. // перан. Не закрануць, абысці. Няшчасце мінула мяне. Куля мінула салдата. □ Будзь шчасліва, дзяўчынка, ў нядолі Хай пацеха цябе не міне! Купала.

2. безас. каго-чаго (ужываецца з адмоўем). Пазбегнуць чаго‑н. Чула сэрца, што праборкі І папругі не мінуць. Колас. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне. Астрэйка.

3. Скончыцца, прайсці (пра час, пару, падзеі і пад.). Ішлі спачатку месяцы; потым мінуў год, другі. Ракітны. Вось і лета мінула, пастав восень... Краўчанка. Як бы там ні было, небяспека мінула. Мележ. / Пра пачуцці, перажыванні. Хваля страху мінула. Бядуля.

4. Споўніцца (пра ўзрост). І мужны юнак з непакорнай душою — Яму яшчэ толькі семнаццаць мінула — Прабег да пшаніцы шырокай мяжою, І родная ніва яго захінула. Гілевіч.

•••

Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.). рук — а) стаць чыім‑н. незаконным набыткам; б) не пазбегнуць каго‑н., апынуцца ў чыім‑н. распараджэнні. — Ага! Папаўся такі, не мінуў маіх рук! Лынькоў. — Пойдзе [Іліко] ў парабкі да таго ж Сімона! Ён не міне яго рук! Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Перамяшчэнне якога‑н. арганізаванага атрада людзей з пэўнымі мэтамі, заданнем. Турысцкі паход. □ Пасля трох дзён марскога паходу ўсім хацелася хутчэй ступіць на бераг. Хомчанка. Сотню коннікаў, сотню пяхоты, абоз і фурманкі з параненымі — усё гэта, як суцэльную баявую адзінку, трэба было зберагчы ад разгрому. Гэта быў цяжкі, марудны паход. Брыль. Адабраўшы дваццаць пяць самых дужых партызан, Рыгор загадаў рыхтавацца да выступлення ў паход. Барашка. // Разм. Арганізаванае наведванне чаго‑н. або выхад куды‑н. Гэты наш першы паход у кіно з’явіўся пачаткам многіх паходаў. Ракітны. Вось добрая прапанова, — падтрымлівае .. [Краўчанка] маладога рабочага, — арганізаваць паход на руднік. Мікуліч.

2. Ваенныя дзеянні, аперацыі супраць каго‑, чаго‑н.; ваенная кампанія. Пасля правалу двух паходаў Антапты, разгрому Калчака і Дзянікіна міжнародны імперыялізм зрабіў новую спробу задушыць маладую Савецкую дзяржаву. «Звязда». [Юстын] апавядаў мне пра паход Напалеона. Бядуля. // перан. Арганізаваныя дзеянні, накіраваныя на барацьбу з кім‑, чым‑н. Паход за эканомію і беражлівасць.

3. Разм. Невялікі лішак (у вазе, суме і пад.). Я вывернуў мех і падаў Зусю. Ён насыпаў мукі і, зважыўшы яе на шалях, сказаў мне: — Глядзі, які пуд, яшчэ з паходам. Сабаленка.

•••

Крыжовы паход (гіст.) — захопніцкі паход феадалаў Заходняй Еўропы ў 11–13 стст., які праводзіўся па пачыну каталіцкай царквы ў краіны Блізкага Усходу, у Прыбалтыку супраць славянскіх народаў ва Усходняй Еўропе пад лозунгам барацьбы з «нявернымі», ерэтыкамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго. Даць магчымасць увайсці, дазволіць пасяліцца ў вялікай колькасці. Напусціць людзей у пакой. Напусціць жыхароў у кватэру.

2. чаго. Даць доступ куды‑н. вялікай колькасці чаго‑н. Ілья напусціў у ванну халоднай вады, пачапіў на кран сваю авоську і старанна памыў рукі. Васілёнак. — Заходзь, Ваня, заходзь! Чаго стаіш на парозе? Ды зачыняй дзверы, а то холаду напусціш! — зашаптаў камбрыг. Карпюк.

3. што. Спусціць, апусціць на што‑н. Напусціць на лоб валасы. Напусціць шапку на вочы.

4. што і чаго. Разм. (часта са словамі «на сябе»). Надаць сабе, сваім паводзінам нейкі выгляд, характар. Напусціць на сябе важнасці. □ Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі. Кірыла напусціў на сябе выгляд вінаватага — не павітаўся з рэдактарам за руку, ціха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Шамякін.

5. каго. Разм. Накіраваць для нападу. Напусціць сабак на звера. // перан. Падбіць, падгаварыць да дзеяння супроць каго‑, чаго‑н. [Віктар:] — Цяпер каб адных бежанцаў напусціў на гэтыя маёнткі, то.. за адзін дзень усё ператрушчылі б. Лобан.

6. што. Ва ўяўленні забабонных людзей — з дапамогай нейкай вышэйшай сілы наслаць на каго што‑н. Ніколі ў Курганішчы не было так ціха, як цяпер.. Нібы нейкі чараўнік напусціў сон на гэты шумлівы хутар. Бядуля.

7. што і чаго. Дадаць, павялічыць у памерах пры раскроі. Кравец напусціў на два пальцы паводле меркі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)