дуга́, і́, ДМ ‑дузе́; мн. ду́гі (з ліч. 2, 3, 4 дугі́), дуг; ж.

1. Частка конскай збруі з сагнутага тонкага ствала дрэва, якая служыць для прымацавання аглобляў да хамута. Хутка Гнеды стаяў у аглоблях, пад жоўтаю кантоваю дугою. Гартны. Аднаго дня брычка са званочкам пад дугою пад’ехала да ганка пана Казіміра. Пестрак.

2. Частка акружнасці або круглаватай крывой лініі. Апісаць дугу. // у знач. прысл. дуго́й. У форме дугі, выгнутай лініі. Бровы дугой. □ Лес абгінаў сяло дугой. Шамякін.

3. Разм. Прыёмнік току на трамвайных вагонах. Ад слупа да слупа нацягнуты трасы, а да іх падвешаны правады, з якіх тралейбусныя штангі і трамвайныя дугі здымаюць ток. Жычка.

•••

Электрычная дуга; вольтава дуга — дугавы разрад паміж вугальнымі або металічнымі блізка размешчанымі электродамі.

Сагнуцца ў дугу гл. сагнуцца.

Сагнуць у дугу гл. сагнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

застая́цца, ‑стаюся, ‑стаішся, ‑стаіцца; зак.

1. Доўга прастаяць без работы, без руху (часцей пра каня). Коні застаяліся, астылі — іх цяжка было стрымліваць. Кулакоўскі.

2. Спыніўшыся, доўга прастаяць на адным месцы (думаючы, разглядаючы што‑н. і пад.). Застаяцца перад карцінай. □ Як прыйшла я на ток малаціць — У задуменні застаялася. Багдановіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Доўга стаяць, не перасыхаючы, не сцякаючы (пра ваду). У каляінах застаяліся брудныя лужыны. Новікаў. // Страціць свежасць, сапсавацца, знаходзячыся доўга ў нерухомасці (пра ваду, паветра). У калодзежы многа вады, але яна застаялася, гнілая. Жычка.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Разм. Застацца на доўгі час не выкарыстаным. Цікавыя кнігі па паліцах не застаяцца. Летам асвяжальны напітак у магазіне не застаіцца. □ У лясніцтве кут парожн[і] .. Не застаіцца, не згуляе, Паноў к сабе ён прыцягае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́за, ‑ы, ж.

1. Перыяд, стадыя, этап у развіцці якой‑н. з’явы, працэсу і пад. К. Маркс у сваёй рабоце «Крытыка Гоцкай праграмы» ўпершыню ў гісторыі сфармуляваў навуковыя палажэнні аб дзвюх фазах развіцця камуністычнага грамадства. Лушчыцкі. Следства, як відаць, зацягвалася на доўгі час, яно як бы набывала кабінетную фазу. Чорны. // У біялогіі — пэўны этап у індывідуальным развіцці арганізма. Фазы спеласці збожжа. Фаза цвіцення расліны.

2. Спец. Пэўны момант у змене формы ці стану чаго‑н. Фазы месяца.

3. У хіміі — аднародная частка якой‑н. неаднароднай сістэмы. Фазы сплаву.

4. У геалогіі — найменшая адзінка часу, якой адпавядае пэўны характар парод.

5. У фізіцы — велічыня, якая характарызуе стан хістальнага працэсу ў кожны момант часу.

6. У электратэхніцы — асобная група абмотак генератара, а таксама далучаны да яе провад, па якім ідзе электрычны ток.

[Ад грэч. phasis — з’яўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сці, ся́ду, ся́дзеш, ся́дзе; сеў, се́ла; сядзь; зак.

1. Прыняць сядзячае становішча.

Сесці на лаўку.

С. пад бярозай.

2. у што і на што. Заняць месца, размясціцца дзе-н. (для паездкі).

Сесці ў самалёт.

С. ў аўтобус.

3. за што, на што і з інф. Пачаць якую-н. справу, работу, прыняўшы сядзячае становішча.

С. за даклад.

С. за кнігу.

С. на камбайн.

С. на тэлефон (перан.: званіць доўга і ў многія месцы; разм.).

4. Быць пазбаўленым волі, змешчаным у турму згодна з прыгаворам суда.

5. Спыніць рух, палёт; апусціцца з вышыні.

Матылёк сеў на кветку.

Сонца села за лес.

Самалёт сеў на аэрадром.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асесці, паглыбіцца ў зямлю.

Сцяна села.

7. на што. Абмежаваць сябе ў чым-н., падпарадкаваць сябе якому-н. рэжыму.

С. на дыету.

С. на адну зарплату.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выскачыць, з’явіцца (пра фурункул і пад.; разм.).

На руку села балячка.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра пару, электрычны ток і пад.).

У машыне сеў акумулятар.

Голас сеў (стаў хрыплым).

|| незак. садзі́цца, саджу́ся, са́дзішся, са́дзіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Рыдня, рыдзіонка ’хата’ (Дмитриев, 241), рэдня́, рыдня́ ’тс’ (Доўн.-Зап., Шн., 23, 191), рыделька ’тс’ (Дэмб.), рыдзелька (свянц., лепей.), рыдзелка (арш.), грэдзенька (віц.), рыдля (Шн.). Нікольскі сцвярджае, гэта месца жыцця святых, суадносячы лексему з дзеясловам рыць, ад якога і паходзіць ры́для ’будыніна, ніжнія вянкі якой знаходзяцца ў зямлі’. Разам з тым ён дапускае, што рыдля — ’гумно’, у якім ток выраўноўваецца рыдлёўкай. Апошняе здаецца непраўдападобным. Хутчэй за ўсё тут маецца семантычны перанос: ’жыллё’ — ’гаспадарчы будынак’. Але гэту лексему не трэба атаясамліваць з брэсц. рыдля ’драўляны каркас у цаглянай сцяне’ (гл.). Бел. рыдня нельга аддзяліць ад віц. грыдня ’дом, хата’, ’гумно, дзе складалі збожа’, ці ад грыня, у якім ‑дн‑ перайшло ў ‑нн‑, а апошняе ў ‑н‑. Калі ўлічыць, што пачатковае г‑ у бел. гаворках магло перад зычнымі знікаць, можна сцвярджаць, што ўсе вышэй пададзеныя варыянты ўзыходзяць да ст.-бел. гридня ’прыбудова да княжацкага палаца, дзе знаходзілася варта або слугі’, ’зала для гасцей’, ’турма’, якое з’яўляецца працягам стараж.-рус. гридня ’памяшканне для целаахоўнікаў’. Апошняе паходзіць ад гридь ’грыдзь’ < ст.-сканд. griđi ’целаахоўнік’ (Фасмер, 1, 458; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 65–66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палі́цца 1, паліцца; незак.

1. Мець у сабе раскладзены агонь (пра печ, пліту і пад.). Паліліся печы, і роўныя слупы дыму ўздымалася ў неба. Шчарбатаў. У доме.. горача палілася часовая печ, зробленая з жалезнай бочкі; трубы былі выведзены ў акно. Шамякін. / у безас. ужыв. Было ўжо зусім холадна, і раніцою і вечарам палілася ў печы. Парахневіч.

2. Зал. да паліць ​1 (у 1–3 знач.).

палі́цца 2, ‑льюся, ‑льешся, ‑льецца; ‑льёмся, ‑льяцеся і ‑ліюся, ‑ліешся, ‑ліецца; ‑ліёмся, ‑ліяцеся; пр. паліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. паліся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць ліцца (у 1–3 знач.). На дварэ закіпеў лівень, і звонка са страхі палілася вада, разбіваючыся на пырскі. Адамчык. Раптам палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток. Чорны. І пальецца ў цішы Песня — водгук душы, Песня радасці... смутку... і болю... Трус.

2. Паліць, абліць сябе; абліцца. Паліцца з вядра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аслабані́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

Разм.

1. што. Зрабіць пустым, парожнім, нічым не занятым. Госці.. павесілі верхнюю вопратку на вешалку, якую Вольга гасцінна аслабаніла ад свайго адзення. Корбан. Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч. // Пакінуць, вызваліць што‑н. [Начальнік:] — У дваццаць чатыры гадзіны аслабаніць гэту кватэру. Лынькоў.

2. каго-што. Тое, што і вызваліць (у 1, 2 знач.). Аслабаніць ваеннапалонных. Аслабаніць горад.

3. каго-што. Вызваліць каго‑, што‑н. з таго або ад таго, што трымае, не адпускае. Аслабаніць сініцу з сіла. // Даць палёгку каму‑, чаму‑н. Аслабаніць рукі. // перан. Перастаць абцяжарваць, скоўваць каго‑н. у яго дзеяннях, учынках. Аслабаніць ад апекі.

4. каго. Дазволіць не выконваць які‑н. абавязак. [Кацярына:] — Ад усякіх іншых работ аслабаніце, каб можна было сядзець усё лецечка толькі на сваім участку. Кулакоўскі. // Вызваліць, зняць з пасады. Абдумаўшы грунтоўна коўзкае пытанне, Заяву падала [Ліса:] «Прашу аслабаніць па ўласнаму жаданню». Валасевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бру́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Нячысты, нямыты, з прыкметнымі слядамі пылу, бруду на паверхні. Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі. Лынькоў. Уздыхае барадаты, а потым ідзе назад у сенцы, цяжка ступаючы бруднымі патрэсканымі нагамі па гладкай, як ток, зямлі. Мурашка. Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль. / у знач. наз. бру́днае, ‑ага, н. Да чыстага бруднае не прыстае. Прымаўка. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Цьмяны дрыготны агонь асвятліў раскошную хату — амаль пустую і страшэнна брудную. Зарэцкі.

2. Такі, дзе асноўны колер выступае невыразна, няярка. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Лобан.

3. Прызначаны для адкідаў. Бруднае вядро. // Які мае дачыненне да чаго‑н. нячыстага, маркага. Брудная работа.

4. перан. Грубы, непрыстойны, агідны. Брудная лаянка. Брудныя думкі. Брудныя плёткі, намеры.

5. перан. Які выклікае маральную агіду. Брудная справа. Брудная роля. Брудная душа. □ [Ціхан] прызнаўся Мальвіне, што даўно хацеў уцячы з-пад начальства Мачуліна, бо той — чалавек нікчэмны і брудны. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Варушы́ць ’варушыць, пераварочваць’ (Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.); ’рухаць’ (Яруш., БРС), варушы́цца ’рухацца, катацца’ (Касп., Гарэц., БРС, Яруш., КЭС, лаг.). Сюды ж вару́хаць, вару́хацца ’рухаць, рухацца, кратацца’ (Др.-Падб.), варо́хаць (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вороши́ть, ворохну́ться ’варухнуцца’, укр. ворухну́ти ’варухнуць’, воруши́ти ’варушыць’. Відаць, утварэнне ад прасл. *vorxъ ’куча, ворах’: укр. во́рох, ц.-слав. врахъ, балг. врахток, снапы, прыгатаваныя для абмалоту’. Прасл. vorxъ з *vorsъ. Няясна, ці сюды ж польск. zawroch ’вецер са снегам, віхар’. У аблаутнай форме сюды прасл. *veršti (*verx‑ti) *vьrxǫ ’малаціць’, ц.-слав. врѣшти вьрху ’тс’, балг. връха́ ’малачу’, серб. вре́ћи, славен. vršiti ’малаціць збожжа, пускаючы жывёлу таптацца па ім’. І.‑е. *u̯ers‑: лат. vârsms (vàrsmis) ’збожжа, прыгатаванае для абмалоту, ворах правеянага зерня’, грэч. ἔρρω ’цягнуся, валачуся і да т. п.’ (*u̯ersi̯ō), лац. verrō ’цягну, валаку, замятаю’ (*versō), ст.-в.-ням. wërran ’блытаць, заблытваць, рабіць беспарадак’ (першаснае значэнне і.-е. *u̯ers‑ ’валачы, цягнуць’). Укр. ворухну́ти, воруши́ти з ворохну́ти і да т. п. як рэзультат укаючага вымаўлення ‑о‑ не пад націскам або хутчэй пад уплывам семантычна блізкага дзеяслова тыпу ру́хати (бел. ру́хаць). Аб гэтым сведчыць і бел. форма варушы́ць (замест фанетычнага *варашы́ць). Гл. Фасмер, 1, 355.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пас 1, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма. Малатарня ўжо стаяла напагатове, злучаная пасам з Ладуцькавым трактарам «Беларусь». Хадкевіч. Глуха застукала турбіна, ляснуў пас, тонка заспяваў ненагружаны генератар. Шамякін.

2. Тое, што і пояс (у 1 знач.), пасак. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны, Ходзіць, рукі залажыўшы За той пас раменны. Колас. // Паласа. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ. Кудысьці ўдаль рассцілаецца жаўтаваты пас гладкай, нібы ток, дарогі. Бядуля.

пас 2, ‑а, м.

Перадача мяча, шайбы і пад. каму‑н. з ігракоў сваёй каманды ў спартыўнай гульні. Дакладны пас.

[Ад англ. pass — перадаваць.]

пас 3, выкл.

1. Пры гульні ў карты — вокліч аб адказе ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.

2. перан.; у знач. вык. Разм. Няма сіл, магчымасцей; вымушаны адмовіцца што‑н. рабіць (зрабіць). Аматар траскатні з трыбуны ўзнімае «шквал» Пра статыстычны «вал», Як аб прагрэсе, дасягненні веку... А што дае канкрэтнаму ён чалавеку, Як паляпшае дабрабыт ён мас — Аратар «пас». Валасевіч.

[Ад фр. (je) passe — прапускаю, не гуляю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)