ж 1, нескл., н.

1. Восьмая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «жэ». Друкаванае ж. Курсіўнае ж.

2. Звонкі, шыпячы, зацвярдзелы зычны гук. Зацвярдзелае ж. Звонкае ж.

ж 2, (пасля зычных) жа ​1, злучн.

1. супраціўны. Злучае сказы з адносінамі супрацьпастаўлення, супастаўлення і неадпаведнасці. Звычайна ў гакі ясны летні вечар усюды.. гуляюць дзеці, усюды іх смех, крыкі, гоман. У гэты ж вечар дзяцей нідзе не было; і ад гэтага рабілася жудасна. Шамякін. [Маці і каханая] сваімі думкамі праводзілі .. [Рыгора] ў далёкую дарогу, сваімі ж сумненнямі выказвалі баязлівасць, каб гэтыя праводзіны не былі апошнімі. Гартны. Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, — яны ж мне каменні давалі. Багдановіч.

2. далучальны. Ужываецца для далучэння сказаў з паведамленнем дадатковага або тлумачальнага характару. Вепры, дзе жыў Мартын Рыль, былі па дарозе на дзедаву вёску. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры тры-чатыры. Колас.

ж 3, (пасля зычных) жа ​2, часціца.

1. узмацняльная. Ужываецца для ўзмацнення значэння папярэдняга слова або сэнсу таго, што выказваецца (пытання, сцвярджэння, наказу, ступені інтэнсіўнасці якога‑н. дзеяння або пачуцця і пад.). Ці ж мог пасля ўсяго гэтага Васіль паслухмяна цягнуцца за Чарнушкамі? Мележ. Слаў жа ты, песня, дзень радасны свята. Танк. А коні бягуць — падганяць не трэба — дарога чыстая, дарога слізкая, чаму ж не бегчы. Лынькоў. Нейкі час Васілька стаяў і баяўся зварухнуцца, — надта ж незвычайна было ўсё ў гэтай хаце. Крапіва.

2. Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў пры супастаўленні, параўнанні, каб падкрэсліць падабенства, супадзенне, аднолькавасць. Яны і на фабрыку прыйшлі з аднаго і таго ж мястэчка, жылі ў горадзе ў адным доме. Лынькоў. // Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў, каб падкрэсліць развіццё, засяроджана дзеі ў адным месцы, часе. На тых жа багнах, дзікіх, сумных, Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт. Колас. Як толькі Грамадой пачуў пра гэта, у той жа дзень склікана была сямейная нарада, на якую запрасілі і свата — Андрэя Каржакевіча. Крапіва. // Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў, каб падкрэсліць нязменнасць, пастаянства. У шуме любой ракіты, Здавалася мне, напевы Адны і тыя ж гучаць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Жабанець, жэбоніты ’бубнець, ціха і невыразна гаварыць’ (пін., Нар. лекс., 107). Укр. жебоні́ти, дыял. жубоні́ти, жубе́лити ’бубнець, манатонна гучаць, гусці’. Параўн. рус. кур. жабта́ться, жебта́ться ’наракаць, скардзіцца’, паўн. жу́борить, жу́брить ’жаваць’, ’есці марудна, няясна гаварыць’, укр. бубоні́ти, залебоні́ти ’бубнець, лепятаць, гусці’, серб.-харв. жу̏борити, жубо́рити, жа̑морити, славен. žuboriti, žamóriti ’мармытаць, вурчаць, гусці’, серб.-харв. жа̑мор ’шэпт’, балг. жабу̀ркам, жубо̀ря, макед. жуборка, жуберка ’цурчаць’, н.-луж. žeboriś ’наракаць, скардзіцца’, чэш. мар. žemořit ’жабрачыць’. Грынчанка (1, 469) дае хутчэй за ўсё народна-этымалагічнае тлумачэнне ўкр. дзеяслова ў форме жабоні́ти: «размаўляць… падобна да няяснага шуму, які ствараюць часам жабы (без гучнага квакання)». Фасмер (2, 32) лічыць, што рус. жабтаться, жебтаться не трэба аддзяляць ад жабо́та ’клопат’. Аднак іх, верагодна, не трэба аддзяляць і ад шептаться. Зубаты (1, 2, 126) непераканаўча параўноўваў рус. словы з літ. gėbė́ti ’магчы’. Сувязь палес. слова з рус. няпэўная. Наяўнасць бел. забабоны, бубнець, укр. бубоніти, залебоніти, забобони ўказвае на магчымасць кораня ‑бон‑ (‑бън‑) са значэннем гаварэння, аднак існуюць і ўкр. варыянты лебедіти, жубелити, а таксама іншыя слав. варыянты тыпу жубор‑, жабор‑, жамор‑. Гэта дае падставу для параўнання з непалаталізаванымі словамі блізкіх значэнняў: гоман (гамана, гам), гаманіць (гл.), рус. гомон, гомонить, укр. гомін (гамір, гам), гомонити ’тс’, польск. gomon, gomonić ’тс’, чэш. hamoniti, дыял. hobořit, мар.-славац. hamár (чэш. і славац. homoniti Махэк₂, 159, лічыць русізмам). Не выключаецца і сувязь з гаварыць (гл.). У чэш. і славац. пашыраны дзеяслоў žebroniti, žabroniti, žobronit ’настырна выпрошваць, жабрачыць’, які ўзводзіцца да žebrati (Голуб-Копечны, 443; Махэк₂, 724), гл. жабрак; гэта слова магло (са стратай ‑r‑) быць запазычана ва ўкр. або ўзаемадзейнічаць з усх.-слав. словам тыпу *жуборѣти. Для слав. слоў гэтага тыпу існуе балт. паралель: літ. žaberiúoti, žabaruoti, žèbelioti, žebeliúoti ’балбатаць’, žiaũberoti ’жаваць, як конь’, ziõburoti ’злёгку зяваць’, лат. zabelêt ’слюнявіць’, zabene ’хто многа і невыразна гаворыць’, zabelet ’высмейваць’, літ. žaberêt ’скардзіцца’, žabelêt, žabinât ’гаварыць лухту’, žebinât ’марудна есці, жаваць’. Фрэнкель (1283, 1293) для першых чатырох слоў дапускаў магчымасць запазычання з ням. sabbeln‑ ’слінявіць, балбатаць’, што ў святле слав. паралелей мала верагодна. Буга (1, 495; З, 695) параўноўваў перадапошняе з рус. жуборить, жубрить ’есці цяжка, жаваць марудна’. Лічыць названыя слав. паралелі запазычанымі з балт. цяжка, хутчэй тут агульныя словы, а пачатковае ж — варыянт да з (як зябры‑жабры і інш.). Тады трэба суадносіць жуборить з рус. зубарить, зуборить ’кпіць, часаць зубы, балбатаць’, а таксама ўлічыць рус. дыял. зубанить, зубенить, зубаниться, зубониться ’марудна есці, спрачацца, кпіць’ для этымалогіі жабанець як балта-слав. слова. Для серб.-харв. жу̏борити ’цурчаць’. Ільінскі (ИОРЯС, 16, 4, 25) устанавіў і.-е. праформу *gʼheu‑b(h)‑or; у Покарнага (1, 447–449) gʼheu‑ ’ліць’, але няма варыянта гэтага кораня з ‑b(h)‑, а gʼhēu‑: gʼho(u)‑: gʼhəu‑ са значэннем ’зяваць’ з падаўжэннем gʼheubh выступае ў словах са значэннямі ’жменя; прорва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Утвараць голасам музыкальныя гукі; выконваць вакальныя творы, пець. Спяваць песню. □ Над Нёманам, Беразіной Яе [песню] спяваюць партызаны. Танк. // Умець пець. Марцін добра спяваў, танцаваў, весяліў людзей вострым словам. Брыль. Бадай ніхто так з хлопцаў не спяваў у Ельнічах, як Ляткоўскі. Вітка. // Цёхкаць, шчоўкаць, свістаць (пра пеўчых і іншых птушак). Яны [салаўі] спяшаліся спяваць, Яны сябе не шкадавалі, Як быццам свет уратаваць Сваёю песняю жадалі. Дайнека. // перан. Гаварыць, чытаць нараспеў. — Вечар добры, вечар добры! — неяк асабліва ласкава спявае .. [Амэля] ў адказ на прывітанне Антака Мазалеўскага. Васілевіч.

2. каго-што і без дап. Выконваць оперную партыю; выступаць на сцэне, у тэатры спеваком, спявачкай. Спяваць Анегіна. □ Спяваў на сцэне млява Ленскі Пра залатыя дні вясны. Панчанка.

3. перан.; без дап. Быць прасякнутым пачуццём радасці, усхваляванасці, захаплення. Хіба можна злавацца, калі спявае ўся твая істота? Шамякін. Спявай ты, Беларусь, у радасці спявай! Купала. Ты скажы такое слова, Каб душа спявала, Ад каторага б на сэрцы Рана зажывала. Русак.

4. перан. Меладычна гучаць (пра музычныя інструменты). [Юра] трос грыф: гітара сама спявала і плакала. Васілевіч. Спявалі мяхі распісныя, Скакалі між пальцаў лады. Калачынскі. // Рыпець, пішчаць, свістаць (пра розныя прадметы). Над пшанічным полем спявалі кулі. Чорны. Калі ж ішоў у свіран ураджай, — Спявалі пілы і сякеры ў лад. Астрэйка. / Пра завыванне ветру, мяцеліцы і пад. Ой ты, вецер, не шумі, Не спявай так нудна! Колас. Віхура, відаць, яшчэ не зусім уляглася. Усю ноч спявала пад акном. Машара.

5. што. Усхваляць, услаўляць у вершах, песнях каго‑, што‑н. Пісьменнік хоча адгукнуцца на ўсё, што адбываецца ў савецкай краіне. [Максім Танк] спявае гімны вызваленню. Бугаёў. І паэт, як добры, пільны гаспадар, спявае славу працы. «ЛіМ». / у паэт. ужыв. Гімн чалавечай працы Спяваюць кельмы гучна. Аўрамчык.

6. Разм. Многа гаварыць аб чым‑н. з карыснай мэтай. Ён [Богут] перад ёю выдыгае, як закаханы, малады. «Мальвіна, жонка дарагая!» — Спявае ён на ўсе лады. І распытаў, як гасцявала. Колас. // Гаварыць іншае, чым раней. Пасля сходу ён пачаў інакш спяваць.

•••

Спяваць асанну (кніжн.) — узносіць, усхваляць каго‑н.

Спяваць на новы лад — а) пець новыя песні; б) гаварыць па-іншаму, не так, як раней.

Спяваць славу — расхвальваў, праслаўляць каго‑н. [Паходня:] — Ты з большым здавальненнем слухаў, як спяваў табе славу Бабейка: «Паважаны таварыш дырэктар», «таварыш Ваўчок распарадзіўся». Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́пацца, ‑плецца; заг. сыпся; незак.

1. Падаць (пра што‑н. сыпкае, дробнае або пра многія прадметы). Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. Цяпер Ніна бачыць, што вугаль сыплецца ў паравоз з тэндэра. Арабей. Віця не паспеў апамятацца, як адчуў, што за каўнер сыплюцца валасы, а галаву прыемна казыча халаднаваты метал. Нядзведскі. // Асыпацца. Выбухі грымелі адзін за адным. Няспынна сыпалася лісце і хвоя. Шамякін. [Брыгадзір:] — Якая муха цябе ўкусіла? Сыплецца жыта, а ты [Аксіння] — дамоў. Вярцінскі.

2. Ляцець, разлятацца ва ўсе бакі (пра што‑н. сыпкае, дробнае або многія прадметы). Іскры вогненным дажджом так і сыпаліся ў .. [электразваршчыка] з-пад рук. Краўчанка. Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл. Грахоўскі. Пырскі ад нявысах[л]ай гразі і лужын градам сыпаліся навокал. Якімовіч. Сыпаліся іскры з каменя, а кнот не запальваўся. Кулакоўскі. / у перан. ужыв. Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху. Колас. / Пра частыя, дробныя гукі. У травяністых нізоўях скрыпелі дзеркачы, у кустоў’ях сыпаўся адчайны салаўіны пошчак. Кірэйчык.

3. Ісці, выпадаць (пра часты, дробны дождж, снег і пад.). На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Брыль. Неба ноччу нізкае, чорнае, з яго сыплецца і сыплецца імжа. Пташнікаў. // Ліцца, цячы частымі, дробнымі кроплямі (пра слёзы, пот і пад.). [Ганну] ахапіў жаль, яна не мела сілы стрымаць слёз, якія сыпаліся з пачырванелых вачэй. Гурскі. Горача стала, буйныя кроплі поту сыпаліся з твару [Алёшкі]. Якімовіч.

4. перан. Ляцець, навальвацца ў вялікай колькасці на каго‑н.; паступаць у вялікай колькасці з усіх бакоў. З розных кірункаў у .. [танк] сыпаліся кулі. Мележ. Ішла калектывізацыя. Пастрэльвалі, выходзячы з лясоў, банды, сыпаліся з-за мяжы варожыя адозвы. Лужанін. // Бесперапынна або з усіх бакоў гучаць, чуцца. За .. [Янушэўскім] наўздагон сыплюцца моцныя слоўцы, смех. Якімовіч. Дзе толькі ..[Цвірка] з’яўляўся, сыпаліся жарты, чуліся смех і песні. Сяргейчык.

5. Разм. Разбурацца ў выніку выпадання нітак па абрэзаным краі (пра тканіну).

6. перан. Разм. Імкліва бегчы; ісці, ехаць і пад. у спеху. Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з лесу і сыпацца з узгорка ў лагчыну. Чорны. Квактуха з крыкам адступае, а за ёю сыплюцца кураняты. Брыль.

7. Зал. да сыпаць (у 1, 3 знач.).

•••

Манна з неба не сыплецца гл. манна.

Пясок сыплецца з каго гл. пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць у якім‑н. напрамку або на якую‑н. адлегласць. Працягнулі трохі валы дубовыя сані па пяску ды сталі, як укапаныя. Якімовіч. / у безас. ужыв. І ўсё ж удар быў нечаканы — Мікола адразу ж паваліўся і яго трохі працягнула па глыбокім снезе. Новікаў.

2. што. Выцягнуць, выпрастаць (руку, нагу і пад.). Ладуцька працягнуў руку і лёгка тузануў Зайцава за край гімнасцёркі. Кулакоўскі. // Паднесці, падаць выцягнутай рукой. — Вось, вазьмі, Андрэйка, — працягнула мне дзяўчына невялікі пакунак. Даніленка. А праз некалькі дзён, у нядзелю, прыйшоўшы з мястэчка, бацька паклікаў мяне з двара і працягнуў новенькі жоўты буквар. Ляўданскі.

3. што. Пацягнуць, расцягнуць упоперак чаго‑н. або ў якім‑н. напрамку. Мітынг адкрыў Васіль Лазавенка.. Дзяніс Гоман і Максім у гэты момант працягнулі на мастку істужку. Шамякін. // Правесці, пракласці. Працягнуць тэлефонную лінію. Працягнуць дарогу. □ Намаганні Максіма хутчэй працягнуць лінію да Лядцаў былі дарэмныя. Шамякін. Мікола зрабіў столік пад бачкі і ванначкі, выпрасіў у мамы і перанёс туды невялічкі куфэрак, працягнуў электраправодку. Шыловіч.

4. каго-што. Прапусціць, правесці праз што-н; уцягнуць у што‑н. Працягнуць нітку ў іголку. □ Не заўсёды ўдавалася працягнуць лодку цераз гэтыя заломы. Прыходзілася рассякаць бярвенні, што збіліся тут у кучу, або з дапамогай агню прапальваць у іх праходы. Гавеман. // што. Дамагчыся прыняцця недазволенымі метадамі (пастановы, рашэння і пад.). Працягнуць рэзалюцыю на сходзе. // Спец. Вырабіць, прапускаючы метал праз адтуліну патрэбнага памеру. Працягнуць дрот.

5. што. Спец. Апрацаваць дэталь працяжкай (у 2 знач.).

6. чым. Правесці чым‑н. па якой‑н. паверхні. Хомчык устаў. Па салдацкай звычцы працягнуў пальцамі па поясу і паправіў гімнасцёрку. Пестрак. Сыпаліся слёзы, Беглі над прыполам, Быццам хто па сэрцу Працягнуў нажом. Броўка.

7. што. Прымусіць доўга гучаць. Працягнуць ноту. // Працяжна вымавіць, сказаць што‑н. — Тпру-у, — працягнула Вера. Кулакоўскі. — Я хачу сма-а-ч-нага-а — працягнула .. [дзяўчынка]. Васілевіч.

8. што. Прадоўжыць, узнавіць пасля перапынку. [Ладынін:] — Таварышы, аб усім іншым пасля. Працягнем наш сход. Шамякін. Ну дык зноў працягнем наш паядынак, яшчэ і яшчэ раз уп’ёмся радасцю барацьбы. Гарбук.

9. каго-што. Разм. Раскрытыкаваць, абсмяяць (звычайна ў друку). — Кабеты, Чаго стаім? Не час, У вусную газету Яшчэ працягнуць нас. Калачынскі.

10. Пражыць, праіснаваць некаторы час. «Не працягне бацька больш дня», — падумаў Васіль і адчуў, што на вачах закіпелі слёзы. Даніленка. — На нішчымніцы доўга не працягне, ды пры такой яшчэ цяжкай рабоце... Пальчэўскі.

•••

Ногі працягнуць (выцягнуць, выпруціць, выпрастаць) — памерці.

Працягнуць руку дапамогі каму — тое, што і падаць руку дапамогі каму (гл. падаць).

Як руку працягнуць — вельмі блізка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сціх, ‑ла; зак.

1. Перастаць чуцца; заціхнуць (пра гукі, шумы і пад.). Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр. Рэха глуха пакацілася па сасняку і сціхла. Пестрак. Праз нейкі час перастрэлка сціхла. Сяргейчык. // Перастаць утвараць гукі. Недзе ў лесе спалохана крыкнула птушка і сціхла. Мележ. Лёдзя пачула стракатанне матацыкла, які, неўзабаве наблізіўшыся, раптам сціх. Карпаў. Гармонік ужо сціх, і ў цішыні, што наступіла, Сцяпан добра чуў, як у кустах за пуняй конь скубе траву. М. Стральцоў. // Стаць нячутным. Не паспеў сціхнуць гул самалётаў, якія ўзляцелі, а па старце ўжо з’явілася звяно другой эскадрыллі. Алешка. // Перастаць страляць (пра агнястрэльную зброю). Батарэя выйшла [са] строю, толькі адна Вітушкава гармата яшчэ страляла, але і тая хутка сціхла. Гурскі. Міхась спалохаўся, адхапіў палец з курка — аўтамат сціх. Якімовіч. // Стаць бязлюдным, бясшумным. Ад заняткаў вольныя Лета дні цяклі. Сціхлі класы школьныя, Як без пчол вуллі. Куляшоў.

2. Перастаць гаварыць, спяваць, крычаць; замоўкнуць. Андрэй Пніцкі перабраў перад сходам у сваёй гаворцы ўсё, а тут раптам сціх і ўважна слухаў. Чорны. Нехта .. суняў яго [Пацяроба] раз’юшаны лямант: — Сціхні ты ўжо. Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі. Пад акном сціхлі, нехта некаму кінуў: «Пачынай!» — і звонкія галасы завялі [песню]. Палтаран. [Слухачы] ведалі — пакрычыць начальнік і сціхне. Кавалёў. // Перастаць гучаць; заціхнуць (пра размову, крык, спеў і пад.). Людзі хіснуліся, сціх гоман у задніх радах. Шамякін. На дарозе раз-пораз чутны былі выбухі смеху. І калі яны ўжо сціхлі, Аксіння ўзваліла мех на спіну і павольна пайшла. Ракітны. У пакоях цішыня, Сціхлі песні, крыкі. Гілевіч. // Перастаць злавацца, хвалявацца, непакоіцца і пад. [Яўхім] доўга тупаў у хляве, пад павеццю, не мог ніяк умерыць злосць, сціхнуць душою. Мележ. // перан. Перастаць выяўляць адзнакі жыцця. З наступленнем ночы вёска сціхла.

3. Паменшыцца ў сіле, аслабець; спыніцца (пра з’явы прыроды). А вецер свішча, гудзе, Сціхнуць не хоча. Чарот. Грымоты сціхлі, і па лісці Лапочуць кроплі — дождж ідзе... Кусянкоў. Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. Кляўко. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Пушча сціхла, як сціхае натоўп людзей у першую хвіліну ўрачыстасці. Шамякін. Сціхлі хвалі па Бярозе, Змоўк гармат гарачы гул. А. Александровіч. // Перастаць распаўсюджвацца (пра чуткі і пад.). Пагалоскі сціхлі. // Суняцца (пра боль і пад.). Боль у нагах сціх. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Калі сціхла радасць першага спаткання, Максім выпусціў з абдымкаў сябра. Машара. Пачуцці іхнія [Малашкіна і Сашы] сціхлі, прытаіліся, як гэтая плынь ракі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расці́, расту, расцеш, расце; расцём, расцяце; пр. рос, расла, ‑ло; незак.

1. У выніку жыццёвага працэсу павялічвацца, станавіцца большым, даўжэйшым, вышэйшым і пад. (пра жывыя істоты, арганізмы). Быў чэрвень, Калі ўсё расло і цвіло... Броўка. А ракіта тая як расці ды расці, — вырасла да самага неба. Якімовіч. Платон Назаравіч адхіляецца, адступае на крок; аглядае Алеся так, як бацька сына, якога доўга не бачыў, кажа з ухвалай: — А ты расцеш, хлопча. Шамякін. // З’явіўшыся, павялічвацца, падаўжацца (пра валасяное покрыва, поўсць). Скура над ілбом садрана, магчыма, і сапраўды не будуць расці валасы. Кулакоўскі. Падласы еў адну мякіну, Тарчком на ім расло шчацінне. Крапіва. // Станавіцца больш сталым, дарослым. [Самоцька:] — Я яго б’ю, катую, ушчуваю. Гэтак мой дзед вырас .., гэтак і маё дзіця расце. Чорны. // Праводзіць дзе‑н., у якіх‑н. умовах сваё дзяцінства, раннія гады. Расці ў вёсцы.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічвацца колькасна, у памерах, у аб’ёме. Хутка расце новы дом. Расце народны дабрабыт. Растуць надоі малака. □ Буданы хутка раслі адзін пры адным. Мележ. Вялізарная наледзь расла вакол вадакачкі і цягнулася да самых рэек. Лынькоў. А ў лясах Палесся тым часам адзін за адным нараджаліся і раслі атрады народных мсціўцаў. Краўчанка. // Падыходзіць, паднімацца (пра цеста). // Узмацняцца, мацнець. Дружба паміж сябрамі расла і мацнела. Гамолка. «Арцель .. [Вольга Апалонаўна] збіраецца карміць ці што?» — не раз думаў Юрка, і ў яго душы расло нездавальненне ўсім гэтым парадкам жыцця ў доме Пеўніка. Навуменка. // Станавіцца больш гучным; мацней гучаць. Крык шырыўся, рос, палату ўсе двары, усю вуліцу. Лынькоў.

3. перан. Удасканальвацца, развівацца. [Капітан:] — Зайздрошчу ўрачам у шпіталі. Людзі там сапраўды працуюць, растуць. Алешка. [Сцяпан Рыгоравіч] працаваў у гандлі, працаваў і рос ад радавога прадаўца да старшыні райспажыўсаюза. Кірэйчык.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджвацца, існаваць (пра расліны, калі ідзе гутарка аб раёне іх пашырэння). У возеры растуць водарасці. Сасна расце на пясчаніках. // Знаходзіцца, быць (пра расліны ў працэсе росту). Каля хат раслі кучаравыя вішанькі; былі тут ігрушы і яблыні. Колас. [Абапал дарожкі] густа раслі рамонкі, півоні, астры і незабудкі. Ваданосаў. На ўбітай дарозе трава не расце. Прымаўка.

•••

Вялікі расці! — ужываецца як адказ дарослых на падзяку дзяцей.

На вярбе грушы растуць у каго гл. груша.

Расці на лес гледзячы — а) пра хуткі рост; б) пра гадаванне дзяцей без нагляду, без бацькоўскай навукі. Мікодым — удавец, мае дваіх дзяцей, якія ў як кажуць, растуць на лес гледзячы, бо бацька не вельмі іх даглядае. Марціновіч.

Расці як грыбы (пасля дажджу) — узнікаць хутка і ў вялікай колькасці.

У роце расце — а) пра адсутнасць апетыту, жадання есці; б) пра непрыемную на смак страву.

Хоць трава не расці — пра поўную абыякавасць да чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трымце́ць, ‑мчу, ‑мціш, ‑мціць; незак.

1. Быць ахопленым трымценнем; дрыжаць, калаціцца. [Лоўгач] толькі цяпер заўважыў чырвоныя плямы на белых абвіслых шчоках, заўважыў, як трымціць у Марфы абвіслая губа.. Савіцкі. Трымцелі рукі, млела здаровая нага, а на хворую балюча было ступаць, кружылася галава. Місько. // Мігаць, мігацець (пра агонь, святло). Чаму сярод зорных гронак, Што ў рэчку зляцелі з кручы, Як абручальны пярсцёнак. Трымціць маладзік бліскучы? Макаль. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Валі] надрываўся, трымцеў, і вочы былі поўныя жалю і смутку. Гроднеў. // Утвараць з рознымі адценнямі гукі. Так ад раніцы і да вечара Ён [шпак] трымцеў у сто дзевяць адценняў, Быццам цёплае чалавечае У прастор пераліць хацеў ён. Чэрня. // Трэсціся, калыхацца. Лістота трымцела над галавою і рэдка падала. Пташнікаў. А мая бярозка стаяла, пазірала на ўсё гэта і, здаецца, задаволена варушыла галінкамі, на якіх з гарэзным імпэтам трымцелі лісточкі і гайдаліся каташкі. Васілёнак. Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // Дрыжаць (пра лёгкі рух паветра, смуту, марыва і пад.). Нагрэтае паветра трымцела на фоне блакітнага далягляду. Беразняк. Стаяла гарачыня, над палямі з ранку да вечара трымцела празрыстае марыва. Чаркасаў. // Злёгку калыхацца, пакрывацца рабізною (пра ваду, раку і пад.). Ад лёгкага павеву ветрыка вада рабацілася, трымцела. Пальчэўскі. Гайдаецца шумна сасна, і хвалі трымцяць на азёрах. Глебка. // перан. Узмоцнена і часта біцца (пра сэрца). Малыя, .. стараючыся не паказаць адзін аднаму, што сэрца трымціць ад страху, лазілі ў зараснікі. Мележ. І ў грудзях маіх сэрца трымціць Нераскрытай вясковай пупышкай. Бураўкін. Антон Паўлавіч ішоў дадому, а сэрца соладка трымцела ад задавальнення. Пянкрат. // чым. Часта рухаць, варушыць. Калі сонца прабівалася скрозь краны, часамі, нібы з другога свету, вырываўся і хутка-хутка трымцеў цёмнымі крыльцамі матылёк. Карпюк. // Махаючы крыламі, трымацца ў паветры (пра птушак, матылькоў і пад.). Нібы падвешаныя на нітачцы, трымцелі на адным месцы ў паветры ледзь бачныя птушачкі. С. Александровіч.

2. Дрыжаць, трапятаць ад моцнага хвалявання, якога‑н. унутранага пачуцця. [Кастусь:] — Не трэба мне .. грошай, калі за іх апошнім сабакам, трэба быць і вечна трымцець ад страху. Машара. // перан. Прабівацца, праяўляцца, выяўляцца дзе‑н., у чым‑н. Але недзе ў грудзях яшчэ трымціць радасць, і ты адчуваеш, што тое, што было, застанецца назаўсёды ў тваёй душы, як дарагі скарб. Асіпенка. Недзе на самым дне душы .. [Барыса Хмары] трымцела крыўда. Васілевіч.

3. Дрыжаць, калаціцца ад удараў, стуку і пад. Хвалі з такой сілай білі ў барты, што сцены каюты трымцелі дробна-дробна. Лынькоў. Ходырам хадзілі драбіны, на калдобінах і паваротах падлятаў насціл, трымцелі атосы. Жычка.

4. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баязлівасць перад кім‑, чым‑н. Стаіць на адным месцы Марыля, трымціць, калоціцца... А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё, выбіраюць, .. пакуюць... Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягну́цца, цягнуся, цягнешся, цягнецца; незак.

1. Размяшчацца дзе‑н., працягваючыся, выцягваючыся (пра канат, вяроўку і пад.). Цягнуліся густыя правады. Адамчык. // Распаўсюджвацца, размяшчацца ў якім‑н. напрамку (пра шэраг прадметаў). Агарод цягнуўся паўз дарогу. Чорны. // Размяшчацца на вялікай адлегласці, прасторы. На далёкія вёрсты цягнецца лес. Скрыган. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. Адразу за вёскаю пачынаўся і цягнуўся па абодва бакі дарогі на некалькі кіламетраў сад. Сачанка.

2. Мець уласцівасць павялічвацца ў даўжыню, шырыню. Рызіна цягнецца. Скура цягнецца.

3. Працягваць руку, галаву да каго‑, чаго‑н., падавацца ўсім корпусам у якім‑н. напрамку. Палкоўнік паволі ўзнімаўся на сваім крэсле і, ухапіўшыся рукамі за край стала, цягнуўся да твару Васіля. Лынькоў. Да папярос цягнуліся мазолістыя пальцы, і каробка ўмомант пусцела. Шамякін. Цягнецца ручка, каб месяц забраць: Добра, каб з небам у хатцы гуляць! Грамыка. // Выцягвацца, імкнуцца ў якім‑н. напрамку пры росце (пра расліны). Шумяць бары, І сосны, як прамяні, цягнуцца да сонца. Танк. [Сцяпан:] — Я гляджу, жыта нішто будзе. І лён добра цягнецца. Гіль.

4. Мець схільнасць, імкнуцца да каго‑, чаго‑н. Людзі цягнуцца да культуры. «ЛіМ». [Уля] бачыла, як цягнуўся.. [Мікола] да яе, зусім малады і нявопытны. Паўлаў. Дачка шчырэла з году ў год, Цягнулася да ведаў. Барадулін.

5. Разм. Станавіцца навыцяжку (перад начальствам; пра ваенных).

6. З цяжкасцю ісці; ледзь перастаўляць ногі, плесціся. Нібы разбіты паралюшам, ледзь валочачы ногі і спатыкаючыся, Мікалай цягнецца дадому. Дамашэвіч.

7. Заставацца пасля руху (пра след). А след мой цягнецца істужкай. Журба. Імчацца МАЗы ў цемнату Ад вечара да раніцы, І пыл за імі на хаду Бясконцым шлейфам цягнецца. Грахоўскі.

8. Рухацца ў адным напрамку цугам, чарадой. Цягнуцца доўгім ланцугом абозы. Шынклер. Праязджаеш далей і бачыш, як цягнуцца ў поле адна за адной фурманкі, гружаныя мінеральным угнаеннем. Краўчанка. // Наплываць (пра думкі). І думкі цягнуцца нясмела — і сумна, сумна на душы. Машара. Цягнуцца дзедавыя думкі тоненькай доўгай ніткай. Бядуля.

9. Павольна распаўсюджвацца слабым струменем (пра дым, пах і пад.). Дымок цягнуўся спачатку скупымі струменямі. Мележ. Дым не ўзнімаўся ўгору, а слаўся па балоце, цягнуўся доўгімі пасмамі. Шамякін.

10. Быць адстаючым; адставаць па якіх‑н. паказчыках. Падумаць толькі: Коля Раманаў, які ледзь цягнуўся на тройках, раптам атрымлівае пяцёрку. Рунец. Саўгас сапраўды карыстаўся дрэннай славай, цягнуўся ў хвасце. «Звязда».

11. Працягвацца, праходзіць марудна, доўга (пра час). Дзень улетку вялікі. Доўга цягнуўся ён, пакуль цень ад ціхай ночы не лёг на зямлю. Чорны. Драпеза, аднак, не верыў, што гэты неафіцыйны нейтралітэт можа цягнуцца доўга. Паслядовіч. Час цягнуўся пакутліва доўга. Калодзежны.

12. Раздавацца, гучаць (пра мелодыю, песню). Цягнуўся альт, Грымеў басіла. Глебка.

13. Струменіцца. Ад акна да падлогі цягнуўся сіняваты пучок промняў. Беразняк.

14. Валачыся па зямлі. Лейцы цягнуліся па зямлі.

15. Зал. да цягнуць.

•••

Цягнуцца на нітку — старацца з апошніх сіл.

Цягнуцца (плесціся) у абозе — адставаць ад іншых, быць у хвасце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труба́1 ‘доўгі, пусты ў сярэдзіне, прадмет круглага сячэння’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сцяшк.), у тым ліку назвы канкрэтных прадметаў такой формы: ‘драўляны або духавы медны інструмент з раструбам на канцы’ (ТСБМ, Варл., Ян., Касп., ТС, Вруб., Пятк. 2, Сержп. Прымхі; ашм., Стан.), ‘цэментаваны абруч у калодзежы’ (Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ), ‘сувой палатна або скрутак іншых матэрыялаў’ (мсцісл., дзятл., Жыв. сл., Брасл. сл., Варл.; талач., клец., ЖНС; ваўк., маг., чэрык., ЛА, 4; шальч., Сл. ПЗБ), пераносна таксама ‘абжора’ (Нас., ТС; клец. Бел. дыял. 3, Сцяц.), ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), памянш. тру́бка, трубачка; акрамя назваў розных прыбораў і прыстасаванняў цыліндрычнай формы таксама ‘люлька’ (Бяльк.), ‘горла (дыхальнае)’ (Бяльк., Мат. Гом.), ‘калодка ў коле’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Ласт., Касп., Мат. Гом.; лаг., мёрск., в.-дзв., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘вузкая рыбацкая лодачка’ (Касп.), ‘кулёк’ (ТС), ‘месца ў сцябле, адкуль выплывае колас’ (петрык., Шатал.), ‘ражок паляўнічага; лігаўка’ (Касп., Мат., Бес.; краснап., Яшк.), ‘цвёрдая частка пяра’ (брагін., Шатал.; ст.-дар., рэч., калінк., ЛА, 1), ‘жалезны шпень з адтулінай (у калаўроце)’ (в.-дзв., Шатал.), тру́бкі ‘адросткі пер’яў пасля лінькі’ (ст.-дар., ЛА, 1), ст.-бел. труба ‘доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння’, ‘музычны інструмент’, перан. ‘выразнік ідэй’ (ГСБМ), ‘адзінка колькасці тканіны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. тру́ба, труба́ ‘доўгі пусты прадмет’, ‘капец, загібель’, ‘комін’, тру́бка ‘назва розных прадметаў, прыстасаванняў у форме трубы’, ‘сцябло злакаў’, рус. труба́ ‘дудка, кішка, вузкі рукаў з цвёрдага матэрыялу, пусты ў сярэдзіне, адкрыты з канцоў’, ‘комін’, ‘рэчышча’, ‘паветраная труба’, ‘зруб калодзежа’, рус. астрах. ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’, ‘скрутак палатна’, ‘натоўп людзей’, польск. trąba ‘від духавога інструмента’, ‘віхравы рух паветра’, ‘хобат (слана)’, ‘комін’, ‘адмысловы скрутак ільну ці пачасся, прыгатаваны для прадзення’, каш. trǫba ‘тс’, ‘калодка ў коле’, н.-луж. tšuba ‘комін’, tšubka ‘дудка’, в.-луж. truba ‘скрутак, рулон’, ‘комін’, ‘труба (музычная)’, trubka ‘люлька’, ‘трубачка’, чэш. trouba ‘духоўка, печ’, ‘вадаправодная труба’, ‘ражок пастуха’, славац. trúba ‘музычны інструмент’, ‘ражок, дудка’, ‘духоўка’, славен. tróba ‘труба’, ‘муфта’, ‘духавы інструмент’, ‘смерч’, серб. тру́ба ‘горн’, ‘клаксон’, ‘скрутак (палатна)’, харв. trúba, trûblja ‘тс’, ‘дудка’, макед. траба ‘скрутак матэрыі’, дыял. трамба ‘духавы інструмент’, тромба ‘сувой’, балг. тръба́ ‘труба’, ‘рулон матэрыі’, ст.-слав. трѫба ‘духавы музычны інструмент, ражок’. Прасл. *trǫba з першасным значэннем ‘духавы музычны інструмент’ запазычана, відаць, са ст.-в.-ням. trumba ‘труба’, trumpa ‘барабан’, ‘духавая труба’ альбо з раманскіх моў, параўн. с.-лац. trumba ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Борысь, 641; Сной₂, 785). Менш верагодным з’яўляецца гукапераймальнае ўтварэнне ў славянскіх мовах незалежна ад германскіх моў (Младэнаў, 642; Мацэнаўэр, Cizí sl., 85; Скок, 3, 513). Значэнні: ‘комін’, ‘скрутак’, ‘паветраны вір’ — другасныя (Борысь, 641). Спецыфічнае значэнне захавалася ў венг. toromba ‘пук саломы’ (1463 г.) < слав. *trǫba (Хелімскі, Слав. языкозн. X, 349), што адпавядае гродз. haroch u̯jecścia u̯ try truby (Федар. 5, 701), гл. трубой. Паўднёваславянскія словы, аднак, маглі быць запазычаны з італ. tromba (Махэк₂, 653). Сюды ж трубаку́р ‘заўзяты курэц’ (Некр.), труба́ч ‘выканаўца ігры на трубе’ (Некр. і Байк.): ст.-бел. певци и трубачи близу его (Сл. Скар.), трубачы́сты ‘камінар’ (Сцяшк.), трубі́ла, трубі́ло ‘надакучлівы чалавек’ (Нас., Янк. 3.), ‘чалавек з гучным голасам’ (Юрч. Вытв.), ‘абжора’ (Нас., Юрч. Вытв.), трубі́на неадабр. ‘нягодны чалавек’ (віл., Сл. ПЗБ), тру́бі́на ‘скрутак’ (Рэг. сл. Віц.), трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых’ (ТСБМ), трубча́сты, трубкава́ты ‘які мае форму трубак’ (ТСБМ), трубі́ць ‘дзьмуць у трубу, прымушаючы яе гучаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прык., Яўс., Янк. 2, 3; ТС; паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘сігналіць, гукамі падаваць сігнал’ (ТСБМ, Сцяц., ТС, Скарбы), экспр. ‘плакаць’ (Яўс., Янк. 2, Янк. 3., Кольб.), ‘голасна размаўляць’, ‘кракаць (пра качак)’ (пух., Сл. ПЗБ), трубі́ті ‘квакаць (аб жабах)’ (ДАБМ, камент., 895), ‘прагна і шмат есці’ (ТСБМ, Нас., Сцяц., Мат. Маг., Яўс., ТС, Янк. 2, Федар. 7; слонім., мёрск., Нар. лекс.), ‘піць, ссаць’ (ТС), ‘гаварыць не слухаючы’, ‘весці пустыя размовы’ (Нас., Бяльк.), ‘разносіць па людзях чуткі’ (ТСБМ, Янк. 2), трубле́ньне ‘дудзенне ў трубу’ (Юрч. Вытв.), трубы́ты ‘жэрці’ (пін., Жыв. сл.).

Труба́2 ‘хвост лісы (паляўнічы жаргон)’ (ТСБМ, Сцяшк.), рус. труба́ ‘тс’. У выніку пераносу значэння паводле падабенства. Параўн. выраз разм. трымаць хвост трубой ‘быць актыўным, быць у добрым настроі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)