ахво́та, ‑ы, ДМ ‑воце, ж.
1. Жаданне задаволіць якія‑н. свае патрэбы, імкненні, схільнасці, захапленні. У нашай цудоўнай Савецкай Айчыне шлях у жыццё ім шырока адчынен і да навукі, да усякай работы, абы ты здольнасці меў і ахвоту. Дубоўка. З гулам, з грукатам страшэнным Яна [маланка] рухае машыны. Хутка бегае па дроце (Не па ўласнай хоць ахвоце). Крапіва. Іліко плёскаўся ў вадзе, колькі было ахвоты. Самуйлёнак. Дзе няма ахвоты, там няма работы. Прыказка.
2. безас. у знач. вык. Ёсць жаданне што‑н. рабіць. Хай глядзіць ён [звярок] на людзей І на іх работу... Бор грыміць, звініць, гудзе, Мне спяваць ахвота! Бялевіч.
3. Разм. Пара цечкі, жаданне да спарвання ў самак.
•••
Адбіць ахвоту гл. адбіць (у 5 знач.).
Ахвота бярэ — ёсць жаданне да чаго‑н.
Паддаць ахвоты гл. паддаць.
Сагнаць ахвоту гл. сагнаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́ра, ‑ы, ж.
1. Упэўненасць у чым‑н., у здзяйсненні, ажыццяўленні чаго‑н. Вера ў свае сілы. □ Вера гартавала волю, надавала мужнасці. Шамякін. Маці больш не галасіла, Хоць з мякіны хлеб пякла, Бо адчулі рукі сілу, Вера ў сэрцы ажыла. Грахоўскі. Без меры няма веры. Прыказка.
2. Перакананне ў дадатных якасцях каго‑н. Ні суцяшэння, ні пажаданняў не трэба — Не, я не страціла чыстае веры ў людзей... Тарас. Цудоўны верш, наскрозь прасякнуты верай у чалавека і болем за яго. Бярозкін.
3. Перакананне ў рэальным існаванні звышнатуральных сіл. Вера ў бога. // Рэлігійнае вучэнне; веравызнанне. Каталіцкая вера.
•••
Браць (узяць) на веру што гл. браць.
Вачам веры не даваць гл. даваць.
Мера і вера гл. мера.
Мець веру ў каго-што гл. мець.
Сімвал веры гл. сімвал.
Служыць верай і праўдай гл. служыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
віта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Звяртацца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Толькі.. [Алесь] зноў узяўся за рычагі, як у другі раз пачуўся свіст і з-за алешыны, смеючыся і вітаючы яго паднятай рукой, выйшаў Васіль. Краўчанка. Цябе я, мора, не вітаю, Дзень добры не прыношу ў дар. Хадыка.
2. Сустракаць каго‑, што‑н. добразычліва, прыхільна, выказваючы павагу, грамадскае прызнанне. Вітаць герояў-касманаўтаў. □ Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Каршукоў. Высока ў небе ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. Краіны савецкае знатных людзей Вітае сягоння сталіца. Кляшторны. // Ухваляць, падтрымліваць што‑н. Вітаць смелае пачынанне. Вітаць прапанову.
3. Віншаваць. Вітаць з надыходзячым святам. □ [Пятрусь:] — Цяпер можаш мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.
4. без дап. Абл. Заходзіць, наведвацца. Варона гонар свой збаўляе, Ды зноў да сметніка вітае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абце́рціся, абатруся, абатрэшся, абатрэцца; абатромся, абатрацеся; пр. абцёрся, ‑церлася; заг. абатрыся; зак.
1. Абцерці сябе; выцерціся. Абцерціся ручніком. □ Потым [Пятрок] збольшага абцёрся рукавамі сарочкі і ўвайшоў у хату. Нікановіч. Трэба ж было адпачыць, абцерціся, бо на запыленых тварах блішчалі толькі вочы. Чарнышэвіч. // Ачысціцца, выцерціся, стаць бліскучым ад частага ужывання, трэння. Ужо абцерліся лемяхі аб жорсткую сырую зямлю і заблішчалі на сонцы. Галавач.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сцерціся ад частага ужывання, нашэння, трэння. Фарба на шафе абцерлася. □ Калі [Сідар] узяў вугаль у пальцы, убачыў, што ён зусім ужо абцёрся, пальцы ў сажу не мажуцца. Галавач.
3. перан. Разм. Засвоіць манеры, набыць звычкі, прынятыя ў калектыве, асяроддзі. Цяжка было ў школе, пакуль збольшага абцёрся. Таўлай. Нібыта Гарбачэня, няўжо ж, — прыглядаючыся, гаварыў пастух. — А божачка! Што значыць чалавек пабыў сярод людзей, як абцёрся — не пазнаць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́скавы і ласка́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны ласкі, любві; пяшчотны. Ласкавая маці. □ Сухенькая, тоненькая, як былінка, твар увесь у зморшчынах, як печаная груша, але якая прыветная і ласкавая была гэтая бабулька! Чарнышэвіч. // Які выражае ласку, любоў, пяшчоту. Ласкавы погляд. Ласкавыя словы. □ Нарэшце з’явілася і сама Марыя Міхайлаўна. Ужо немаладая, сярэдняга росту, з прыемным і ласкавым тварам. Мяжэвіч. Адказаць не змог хлапчына На дакор дзявочы, Бо пра ўсё яму сказалі Ласкавыя вочы. Дзеружынскі.
2. Ветлівы, далікатны ў абыходжанні; прыязны. Рагіна была далікатная з твару, здатная ў постаці, спрытная да работы і ласкавая да людзей. Адамчык. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе. Прыказка.
3. перан. Мяккі, лагодны. Пашумліваў вецер лагодны, ласкавы. Колас. Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў. М. Ткачоў.
•••
Будзь ласкавы гл. быць.
На ласкавым хлебе гл. хлеб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невыра́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, у якім дэталі, моманты вылучаюцца няярка, неяскрава. Андрэй Міхайлавіч бачыў усё, як праз сіта, і таму постаці людзей былі невыразнымі. Самуйлёнак. Хутка поўнач. Дзядуля спіць... У кутах — Невыразныя цені. Лявонны. Дзесьці з-за лесу, нарастаючы і ўзмацняючыся, набліжаўся невыразны шум... Ваданосаў. // Не зусім яскравы; цьмяны. На дарогах і ў нізінах цямнеюць мутныя лужыны халоднай дажджавой вады. А над усім гэтым панурым, невясёлых, пейзажам такое ж шэрае невыразнае неба. Ігнаценка. Як даўні сон, успамінаю трывожныя крыкі, невыразны бляск аўтамабільных фар. Жычка.
2. Не зусім зразумелы; няпэўны. Я падыходзіў да.. [вёскі] з невыразным пачуццём смутку і болю. Лупсякоў. Палонны спыніўся ля крайняй прыступкі, зрабіў невыразны жэст рукой — нешта падобнае на прывітанне. Казлоў.
3. Выказаны недакладна, няясна. Невыразныя думка. Невыразны адказ. □ Галілей муркнуў у невыразным тоне: — Кхе-кхе... Маладосць!.. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабо́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які існуе побач з галоўным, асноўным; менш істотны; другарадны. Першае месца сярод пабочнага тыпажу [у паэзіі М. Танка] па праву належыць вобразам бацькоў. У. Калеснік.
2. Чужы, не свой, старонні. З пабочных людзей толькі .. [Пруцікаў] адзін ведаў сцежку на наш новы астравок і мог хадзіць да нас самастойна. Казлоў. [Таццяна] апранацца стала .. па-сялянску, каб не кідацца ў вочы пабочным людзям. Шамякін.
3. Які не мае непасрэдных адносін да чаго‑н. [Дзяўчаткі] заўсёды прыходзяць сюды рыхтаваць урокі і амаль увесь час трацяць на пабочныя гутаркі. Гарбук.
4. Чый‑н., не свой, не ўласны. Пабочны ўплыў. □ [Таня:] Вера мае добрую прафесію. Гэта робіць яе незалежнай ад пабочнай ласкі. Машара.
5. Народжаны без шлюбу. Пабочны сын.
6. У граматыцы — які не звязаны фармальна-граматычнымі сродкамі са сказам і выражае адносіны да выказанай думкі. Пабочнае слова. Пабочнае словазлучэнне. Пабочны сказ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павыраста́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. Стаць высокімі, дарослымі (пра людзей). Прыйшоў .. [Зянон] з вайны і не пазнаў ні дзяцей — тыя павырасталі, ні жонкі — Дуся неяк змізарнела. Сабаленка. Язэпка рады быў кожнаму знаёмаму твару. А некаторых, з маладзейшых, ён ужо і не пазнаваў. Павырасталі без яго! Якімовіч. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Стаць вялікім, высокім (аб жывёлах, раслінах). Птушкі павырасталі і цяпер збіраліся разам. Чорны. Маладыя флянцы сасонак, пасаджаныя калісьці радамі, павырасталі ў гонкія дрэвы. Пальчэўскі.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Узнікнуць, з’явіцца — пра ўсё, многае. Вакол гарнізона да восені, быццам грыбы, павырасталі дзоты. Брыль.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Паўстаць перад вачыма — пра многіх, многае. Сяргей хутчэй адчуў, чым убачыў, што вакол яго фашысты. Нібы павырасталі з зямлі. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памякчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; пазбавіцца цвёрдасці. Косцю здалося, што памякчэў пад нагамі асфальт, пасвяжэла на вуліцы. Адамчык.
2. перан. Страціць суровасць, стаць больш лагодным. — Ды я не пра гэта, — адразу ж памякчэў, палагаднеў бацька, — я хацеў сказаць, каб ты не дурэў, не смяшыў людзей... Сачанка. Кастусь ведаў шмат сентыментальных рамансаў, якія даходзяць да таямніц жаночае душы, прымушаюць жанчыну расчуліцца, сэрца яе — памякчэць. Шынклер. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра твар, голас і пад.). Твар у Валянціна памякчэў, засвяціўся радасцю. Кулакоўскі. Суровы голас Яўгенні Пятроўны тут памякчэў. Грамовіч.
3. Стаць слабейшым, менш адчувальным; паменшыцца (пра з’явы прыроды). Памякчэлі Маразы, Сталі ветлымі Вятры, Паласкавелі Снягі, Раздабрыліся Дажджы. Лужанін.
4. Стаць цяплейшым (пра надвор’е, клімат). Надвор’е памякчэла. □ І ўсё ж памякчэла зіма, стала больш лагоднай. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыміты́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Просты, нескладаны па будове; груба зроблены. Прымітыўныя інструменты. □ Супраць гармат і мячоў радзівілаўскага войска ўзброены .. [народныя масы] былі вельмі прымітыўнай зброяй — сякерамі і косамі. Глебка. Недалёчка над каналам перакінуты прымітыўны мосцік. Пестрак. Нямецкую мову я крыху вывучаў і прымітыўныя сказы і звароты ведаў. Дубоўка. // Нізкі па ступені развіцця; недасканалы. Прымітыўная гаспадарка. Прымітыўны твор. □ Уважліва разглядаю ўзоры на сценах. Яны простыя, часам здаюцца нават .. прымітыўнымі. «Маладосць».
2. Недастаткова глыбокі, спрошчаны. Прымітыўны падыход да з’явы. Прымітыўны спосаб рашэння задачы. □ Гутарка ідзе аб прымітыўным падзеле на герояў станоўчых і адмоўных. Шкраба.
3. Недастаткова адукаваны, малакультурны. [Лорду] здавалася, а можа гэта было і сапраўды, што жыццё гэтых простых людзей, такіх прымітыўных і наіўных, шмат чым больш чалавечнае. Лынькоў.
4. Які адносіцца да ранніх стадый развіцця чалавецтва; першабытны. Прымітыўныя плямёны. Прымітыўнае мастацтва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)