Басурма́н1 ’басурман’, ст.-бел. бесурман, бесурмянин, бусурмянин (Булыка, Запазыч.), рус. басурма́н, бусурма́н, ст.-рус. бесерменин, бесурменин, укр. басурма́н, бусурман. Запазычанне з цюрк. моў, дзе адпаведнае слова азначае ’мусульманін’. Параўн. тат., казах. musulman, тур. müslim, müslüman, müsürman, кірг., кумык., балкар. busurman (цюрк. словы з перс.). Меліаранскі, ИОРЯС, 10, 4, 113–116; Шэльд, Slavia, 2, 290; Фасмер, 1, 132; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 19 (< тат.); Шанскі, 1, Б, 54 (падтрымлівае тат. версію); Рудніцкі, 270–271, гл. яшчэ Сольмсен, KZ, 37, 590. Варыянт тыпу бесурман і пад. лічыцца запазычаннем з цюрк. дыял. варыянта (гл. Фасмер, 1, 160). Параўн. басурма́н2.

Басурма́н2 ’заняпалы чалавек’ (Касп.). Ужыванне ў якасці экспрэсіўнага слова басурма́н1 (гл.) ’мусульманін’. Таксама і ў іншых мовах. Параўн. рус. дыял. бусурма́н ’разбойнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бацькі́1 ’parentes’ (Нас., Касп., Шат., Сцяшк. МГ, Бяльк., БРС, Гарэц.), укр. батьки́ ’тс’ (да геаграфіі ўкр. слова гл. Бурачок, Назви, 24–25, карта). У рус. мове няма (параўн. толькі батьки́ ’бацькі’ з гаворак у Літве). Ужыванне мн. ліку ад ба́цька (гл.) з новай семантыкай (’бацька і маці’). Такое словаўжыванне вядома і ў іншых і.-е. мовах (параўн. Гуер, LF, 42, 421–433, Přispěvky, 63–74). Крымскі (Тюрки, II, 208–209) вылучыў неверагодную ідэю растлумачыць значэнне слова бацькі калькіраваннем з араб. мовы (праз цюрк. пасрэдніцтва). Крытыку гл. Бялецкі, Принципы, 214–219.

Бацькі2 ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (цэнтр.-палес.; Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што гэта назва, як і іншыя назвы раслін, herba sacra, дзе выкарыстоўваюцца тэрміны роднасці, абумоўлена яе папераджаючай зло функцыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ацо́ўкнуць ’пачаць кіснуць, быць нясвежым (пра малако)’ (Сцяц.), ацоўкнуць, сцоўкнуць (слонім., Арх. Бяльк.), ацоўклае ’якое пачало кіснуць, але яшчэ не скісла (малако)’ (Сцяц., Арх. Бяльк.), цоўклое і цаўклое (малако) (КСТ). Хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор ад соўкнуць ’сунуць, стукнуць, піхнуць’ (семантыка, звязаная з ’біць, стукаць, піхаць, сунуцца’, тыповая для назваў пракіслага малака, параўн. осовуватэ ’абрызглае (пра малако)’ (драг., Вешт., дыс., магчыма, ад соваць); да фанетыкі параўн. цок сок’, цыроп ’сіроп’ (Сцяшк.). Менш верагодна ад цоўт (цовт) ’від печыва’ (Сцеп., 169); адпаведныя яму словы ў іншых славянскіх мовах могуць мець значэнне ’грудка, камяк’, параўн. укр. цовта ’груда’, чэш. calta masla (на сценках посуду); пра іх паходжанне гл. Махэк₂, 80; Брукнер, 55, і асабліва Хінцэ, ZfSl, 8, 733; тады ацоўклае < ацоўтлае ’малако, якое зрабілася камянямі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жамяра́1 ’шалупінне’ (Касп.), ’жамерыны’ (полац., Нар. сл., 76, 198), ’адходы ад воску’ (ашмян., З нар. сл., 208), ажаме́ры ’жамерыны’ (полац., Нар. сл., 76, 195), жамяру́ха (ашмян.) жэмухі ’адходы ад воску’ (рагач., З нар. сл., 208). Рус. калін., пск. жемёра, жемера́, жимера́, ’жамерыны’, ’адходы ад воску’, ’гушча ад кофе, чаю, квасу’, кур. жемери́ха ’жамерыны.’ Суфікс ‑ер‑а, ‑ʼар‑а мае, відаць, як і ‑ар‑а (Сцяц., Бел. нар. сл., 202), зборнае значэнне. Корань жем‑, жьм‑ прадстаўлены ў жаць2 і шэрагу іншых слоў (гл. жмаць). Першаснае значэнне ’адходы пры выцісканні’, як жаме́рыны (гл.).

Жамяра́2 ’драбяза (пра дзяцей)’ (вілейс., Жыв. сл., 78, 94). Рус. уладз. жемера́, жимера́ ’непаседа’. У выніку пераасэнсавання жамяра́1 (гл.): ’дробныя рэчыўныя адходы’ > ’драбяза наогул’ > ’дробныя дзеці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зайздросціць ’перажываць раздражненне, выкліканае перавагай іншых’. Рус. беламор., арханг., пячор, за́здрить ’убачыць’, паўн.-дзвін. зазрить ’лічыць ганебным’, укр. за́здрити ’зайздросціць’, за́здріти ’пабачыць’, польск. zazdrościć ’зайздросціць’, чэш. zazřiti ’убачыць’, славац. zazrieť ’глянуць, убачыць; глянуць варожа’, дыял. zazrosť, zazdrost ’зайздрасць’, славен. zazréti ’ўбачыць’, серб.-харв. за̀зрети ’убачыць; спужацца; выказаць незадавальненне’; параўн. балг. за̀зор ’сорам, жах’, макед. зазор ’сорам’. Ст.-слав. зазьрѣти ’злавацца, дакараць, абурацца’. Ст.-рус. зазьрѣти ’убачыць’ (XI ст.), ’зайздросціць’ (XII ст.), ’дакараць’ (XI ст.), Бел. форма, відаць, з польск. з устаўным ‑й‑. У ст.-бел. з XVI ст.: зайздрость, заздрость (Крыўчык, Труды яз., 39). Польск. zazdrościć утворана ад наз. zazdrość, што ў сваю чаргу утвораны ад дзеясловаў, прадстаўленнях формамі тыпу рус. дыял. зазрить, заздрить (дзе ‑д‑ устаўное), якія выніклі шляхам прэфіксацыі дзеяслова zьrěti ’глядзець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуёк ’птушка Charadrius dubius ці Charadrius hiaticula’. Рус. зуёк, зуй ’тс’, у гаворках таксама назва іншых птушак (Tringa minuta, T. temincei, Totanus calidris, T. fuscus і інш.), серб.-харв. зу̏јак ’жук Scarabeus stercoririus’. Ст.-рус. зуй ’назва птушкі’ (XVII ст.). Зуёк памянш. да зуй, назвы птушкі, верагодна, гукапераймальнай (параўн. серб.-харв. зy̑j ’гудзенне’, зык. Гараеў, 119; Фасмер, 2, 108; Шанскі, 2, З, 114; Антропаў, дыс. Праабражэнскі пярэчыць Гараеву, але этымалогіі не дае). Младэнаў (ССУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 64) услед за Міклашычам (404) падводзіць пад корань *zu‑ < і.-е. *gʼheu̯‑, *gʼhou̯‑ (параўн. зваць), у Покарнага (1, 413) *gʼhau‑, *gʼhau̯ə‑ ’крычаць, зваць’, прычым піша, што гэта можа быць гукапераймальнае слова. Скок (3, 664) лічыць zújati гукапераймальным, адкуль і зујак. Параўн. яшчэ з зуй1, зуй2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каз ’скажэнне’ (Гарэц.), магчыма, сюды ж kazý (Федар. Рук.). Укр. каз ’шал, шаленства’, толькі ў прымаўцы «Нехай на тебе каз найде!», рус. наўг., кем., арх. казь ’дрэнь, бруд; падла’. Рус. слова адрозніваецца фармальна і семантычна і, магчыма, наогул сюды не адносіцца, польск. дыял. kaz ’загана’, ’бяльмо’, чэш. kaz ’агрэх, дэфект (напрыклад, у тканіне)’, славац. kaz ’недахоп, дэфект’, славен. kàz ’загана, немач’, ’дэфект у тканіне’, серб.-харв. каз ’вырадак’ (слова адзначана ў XVIII ст.). Меркаваць аб статусе як бел., так і іншых слоў цяжка; Трубачоў (Эт. сл., 9, 174–175) лічыць, што прыведзеныя формы дазваляюць рэканструяваць прасл. kazъ — адваротнае вытворнае ад kaziti, гл. казіць. Што датычыцца статуса бел. каз, параўн. яшчэ ўсх.-бел. кажены ’пракажоны’ і сказа ’дэфект і да т. п.’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гара́, -ы́, мн. го́ры і (з ліч. 2, 3, 4) гары́, гор, ж.

1. Значнае ўзвышша, што ўзнімаецца над мясцовасцю або выдзяляецца сярод іншых узвышшаў.

Каўказскія горы.

Спускацца з гары.

Снежная г.

2. толькі мн. Горная краіна, гарыстая мясцовасць.

Жыхары гор.

Паход у горы.

3. перан., чаго, з чаго. Вялікая колькасць чаго-н. складзенага ў кучу.

Г. дроў.

Горы кніг.

4. Памяшканне, прастора паміж столлю і дахам у будынку; гарышча.

Злажыць сена на гару.

Зёлкі сушаць звычайна на гары.

5. (з прыназ. «у», «з», «на»). Вышыня, верх.

Шум чуўся з гары.

Абяцаць залатыя горы — абяцаць надта многа.

Гарою стаяць за каго-што — усімі сіламі абараняць.

Горы варочаць — вельмі многа рабіць.

Горы вярнуць на каго (разм., неадабр.) — няславіць каго-н., гаварыць пра каго-н. многа непрыемнага.

Горы перавярнуць — зрабіць вельмі значную работу.

Не за гарамі

1) пра нешта блізкае, што хутка наступіць;

2) блізка, недалёка (быць, знаходзіцца).

|| памянш. го́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж. (да 1 і 3 знач.).

|| прым. го́рны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Г. хрыбет.

Горная краіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Асла́ асялок (БРС, Сцяшк.), асёлак (Сцяшк., Бір. дыс., Выг. дыс., Смул.), усёлак ’мянташка’ (Выг. дыс.). Рус. осла, осёлок, укр. осла, оселок, польск. osła, osełka, палаб. våslă, н.-луж. woslica, славац. osla, славен. ósla, ст.-слав., ст.-рус. осла ’тс’, в.-луж. wósła ’граўвакка (мінерал тыпу пясчаніку)’. У рускай, славацкай яшчэ ’закаліна ў хлебе’, у славенкай ’зацвярдзенне залоз’, у польскай дыял. ’брусок рознага рэчыва’, напр. масла. Параўн. чэш. дыял. мянушка Osla. Паводле Фасмера, 3, 157, сюды ж балг. осил ’восць’, што наўрад ці правамерна без прамежкавых фактаў; Трубачоў (Зб. Курыловічу, 332) лічыць літ. aslà ’земл. падлога, мянташка’ запазычаным з польскай ці іншых славянскіх моў. Не выклікае сумненняў, што прасл. *osla ўтворана ад і.-е. кораня *ăkʼ‑; звычайна пры гэтым звяртаюць увагу на яго значэнне востры’ і супастаўляюць з арм. asełn ’ігла’, грэч. ἀκόνη ’асялок’ (Мейе, Études, 419) ці англ. ail ’асялок’. Аднак наяўнасць верхнялужыцкага значэння дае магчымасць лічыць, што першаснае значэнне тут не ’вастрэнне’, а ’камень’, што звязвае слова з ст.-інд. ásman камень, неба’ і пад. Нельга выключыць, што ў словах асёлак, аселіца ’лугавіна на прысядзібным участку’, аселіна ’неаранае поле, пакінутае для пашы’ адлюстраваліся нейкія старыя сувязі з *os(ь)la ’камень > глеба’ (Міклашыч, — па Безлаю, Vodna im., 2, 65). Зыходнае значэнне ’камень’ дае больш магчымасцей для тлумачэння значэнняў ’закаліна ў хлебе’, ’зацвярдзенне’ і іншых значэнняў слова асла і вытворных побач з ’мянташка’. Нельга быць пэўным у правамернасці сувязі значэнняў ’востры’ і ’камень’ у індаеўрапейскіх мовах, магчыма, тут аманімія кораняў; у карысць адзінства кораня сведчыць хец. aku ’востры камень’ (Іванаў, Общеинд., 45), але санскрыцкае значэнне ’камень’ і неба’ сведчыць хутчэй пра іншыя семантычныя адносіны. Параўн. асялок, асёлка, асілак, востры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труска́лкі, труска́ўкі, труска́вкы ‘клубніцы, Fragia viridis Duch.’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Выг., Сл. Брэс., Скарбы, Жд. 2; карэліц., Янк. Мат.; гродз., маг., мін., Кіс.; зах.-бел., Сл. ПЗБ); труска́вчына ‘ягада клубніц’ (Клім.); труска́лка ‘тс’ (Нік., Оч.), труска́ўка ‘тс’ (Кіс.), тру́скаўкі ‘суніцы, Fragaria ananassa Duch.’ (маг., мін., гродз., Кіс.; бяроз., ЛА, 1). Этымалогія няпэўная, звязваецца з назвамі іншых раслін, параўн. укр. тру́скавка ‘суніца’, труск, траскавка ‘тс’, польск. truskawka ‘клубніца’, вял.-польск. truśkawki, tryśkawki ‘тс’, truskawiec, truskawice ‘птушыны драсён, Polygonum aviculare L.’, truskowie ‘палын палявы, Artemisia campestris L.’; в.-луж. truskalca ‘суніца’, ‘клубніца’, чэш. truskavec ‘драсён птушыны’, jahodník truskavec ‘клубніца’, ст.-чэш. truskavicě ‘тс’, славац. truskavica ‘тс’, drúzgavica ‘чарэшня’, druzgavec ‘суніцы’, truskavec ‘хваснік, пярыльцы, Hippuris vulgaris L.’, славен. tróska, trúskavica, truska(vka), tróskva ‘суніца’, серб. труска, харв. truska, trȍskot, druzgavac ‘тс’. Паўн.-слав. *truskavъka/*truskavica (паводле Борыся, 645). У паўднёвых славян можа выступаць галосная ‑o‑ ў аснове. Зыходзячы са славянскага матэрыялу, нельга растлумачыць матывацыю назвы. Дапускаюць, што назва абумоўлена: трашчаннем на зубах насення пладоў (ЕСУМ, 5, 659); спецыфічным шумам (трэскам) пры зрыванні пладоў (Махэк₂, 655; Шустар-Шэўц, 1539); трэскам пры ламанні сцяблінак з лістамі — аналогіі маюцца ў розных мовах: укр. хрускавка, хру́ставка ад хрускати, хрусті́ти ‘хрусцець’, чэш. praskavec < praskati ‘трэскацца, лопацца, трашчаць’, в.-луж. pruskelcy < pruskotać ‘трашчаць’, літ. braškė ‘клубніца’ < braškė́ti ‘трашчаць’, нова-в.-ням. Knackbeere < knacken ‘хрусцець’, польск. truskawka < trusk ‘трэск, хруст’, ст.-рус. трускъ ‘трэск’, рус. дыял. труск ‘тс’ (Брукнер, 578; Махэк, 104–105; Борысь, 645). У беларускай мове (як і ў іншых славянскіх мовах) назва клубніц была перанесена з назвы суніц у першай палове XVIII ст., калі шляхам перакрыжавання віржынскіх і чылійскіх суніц былі выведзены гатункі клубніц.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)