Тарара́шкі, тарару́шкі ’месца забаў з танцамі, музыкай і пад.’ (Нас.), ст.-бел. тарарушка, тарарычка ’бразготка’ (1596 г., КГС, Ст.-бел. лексікон). Параўн. польск. tararuszki ’драбяза, глупства, забаўка’. Да тапара, тарарах (гл.); меркаванне пра старое запазычанне з польскай мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 103), як і вывядзенне непасрэдна з літ. tar̃ti ’гаварыць’ (параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 149), не маюць падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тахта́ ’шырокая канапа без спінкі’ (ТСБМ). Новае запазычанне праз рус. тахта́ ’тс’, што, відаць, з каўказскіх моў (Чарных, 2, 230). Не выключана і непасрэднае знаёмства са словам праз мясцовае татарскае насельніцтва, параўн. тур. tahta ’ўзвышэнне’ ў турэцка-польскім слоўніку з кітаба Хасяневіча 1840 г., гл. Мішкінене, Orientas, 116. Першакрыніцай можа быць перс. тӓхт ’трон; кушэтка; ложак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інстру́кцыя. Запазычанне з лац. instructio ’настаўленне’ праз польскае пасрэдніцтва. Ст.-бел. инструкция, инструкцыя ’інструкцыя, настаўленне’ (1522 г.), як і рус. инструкция (XVII ст.), са ст.-польск. instrukcyja (Булыка, Лекс. запазыч., 30; Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 89). Меркаванне аб перапынку ва ўжыванні слова і паўторным запазычанні з рускай (як Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. лекс., 233) неабгрунтаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вято́к, веточок ’маладзік’ (Нас.; Чач.). Польск. wietek, wiotek, чэш. валаш. vetek ’першая або апошняя квадра месяца’, якія з прасл. vetъxъ ’стары’; больш падрабязна гл. пад ветах. Што датычыцца бел. вяток, то яно, зыходзячы з даных геаграфіі (гродз., вілен., Нас.), семантыкі і фанетыкі, запазычана з польскай мовы. Праблематычным застаецца час, калі адбылося запазычанне. Магчыма, гэта даволі новае слова перыяду моцнага польскага ўплыву, а магчыма, і вельмі старое кантактнае запазычанне, калі польск. wietek, wiotek займала больш шырокую тэрыторыю (зараз толькі на поўдні, гл. Купішэўскі, Słownictwo, карта 3 і ст. 47–48). У такім разе семантычныя змены тыпу ’стары месяц’ — ’маладзік’ і да т. п. адбываліся таксама рана. Параўн. яшчэ бел. паўн.-зах. вётак ’назва старога месяца’ (Маш., Atlas, 2, карта 1). Верагодна таксама дапускаць незалежнае ўзнікненне бел. слова як утворанага з памяншальнай суфіксацыяй ‑ок і пад. (параўн. вятлюк) або фанетычным шляхам; параўн. жанік < жаніх.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снято́к ‘дробная азёрная рыбка сямейства корушкавых’ (ТСБМ; віц., З нар. сл.; Жук.), ‘гальян азёрны’ (маг., Жук.), снядкі (снѣдки) ‘сорт рыбы’ (дзісн., Яшк. Мясц.), снітка ‘нейкая рыба’ (пін., там жа). Рус. наўг. снито́к, снято́к, паўн.-усх. снето́к. Ст.-рус. снѣтъ (XVI–XVII стст.). Дапускаецца запазычанне са швед. дыял. stint ‘дробная марэна’, дац. stint ‘рыба накшталт вугра’, або с.-н.-ням., н.-ням. stint, адкуль ням. Stint ‘корушка’, або з фін. sintti ‘сняток’ з наступнай мэтатэзай; гл. Міклашыч, 312; Праабражэнскі, 2, 347; Тапароў, Этимология–1978, 158 і наст. Фасмер (3, 698) мяркуе таксама аб магчымасці запазычання ў ст.-рус. форме *смѧтъ з нейкай скандынаўкай крыніцы і потым пераходу ў *снѧтъ аналагічна ст.-рус. імені Къснѧтинъ = Константин. Для славен. snẹ̑tec, серб.-харв. snetac Бязлай (3, 280) дапускае запазычанне з рускай. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 333–334. Параўн. стынка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бро́вар ’вінакурня’. Укр. бро́вар. Запазычанне з польск. browar ’тс’ (параўн. browarz ’півавар’) < ням. Brauer. Гл. Брукнер, 42; Фасмер, 1, 215; Бернекер, 88; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 46; Шалудзька, Нім., 23; Рудніцкі, 213 (указваюць таксама на с.-в.-ням. і н.-ням. крыніцу). Ст.-бел. бровар ’бровар, піваварня’ вядома з XVI ст. (Булыка, Запазыч.). Бел. бровар ’півавар’ (Нас.) запазычана з польск. browarz ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бунчу́к ’бунчук’ (вядомае ўжо з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. бунчу́к, укр. бунчу́к, польск. buńczuk, bończuk ’турэцкі сцяг’ і г. д. Запазычанне з цюрк. моў (крым.-тат. bunčuk ’ракавіны, бусы на шыі каня’, тур. bundžuk і да т. п.). Корш, AfslPh, 9, 493; Праабражэнскі, 1, 53; Локач, 29; Фасмер, 1, 242; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 22; Цімчанка, 155; Рудніцкі, 1, 256–257.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́чыць ’заліваць бялізну лугам’ (Бяльк.), бук ’бочка, у якой заліваюць бялізну лугам’ (Бяльк.). Рус. би́чить ’тс’. Запазычанне з с.-н.-ням. bûken ’тс’ (ням. bauchen; да герм. сувязей ням. слова і этымалогіі гл. Клюге, 56). Мацэнаўэр, Cizí sl., 121 (але памылкова аб паходжанні ням. слова); Бернекер, 99; Фасмер, 1, 256. Шанскі (1, Б, 242) хоча бачыць тут славянскае гукапераймальнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бэр хадзіць ’слова для адгону кароў на пашы’ (Інстр. III). Можа, запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. (паляўнічы выраз) iść berem ’асцярожна, хаваючыся, падыходзіць да звера’ (Варш. сл., 1, 115, лічыць, што ber < укр. бер ’кладка, малы мосцік; сцежка’). Але хутчэй за ўсё звязана з выклічнікамі тыпу ўкр. бир, бирь, якія ўжываюцца як падзыўныя і адгонныя словы (падрабязней гл. пад бірко́вы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вару́нак ’акалічнасць, абставіны’ (Яруш.), вару́нкі ’ўмовы’ (Гарэц.); ’акалічнасці, умовы’ (Др.-Падб.). Ст.-бел. варунк ’умова’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 59), варунок ’тс’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. варунок (з XVI ст.). Запазычанне з польск. warunek, а гэта з ням. Wahrung. Гл. Булыка, Запазыч., 57; Чартко, там жа (апошні ст.-бел. варунк выводзіць прама з ням.); Цімчанка, 189; Рудніцкі, 319; Рыхардт, Poln., 110.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)