Снято́к ‘дробная азёрная рыбка сямейства корушкавых’ (ТСБМ; віц., З нар. сл.; Жук.), ‘гальян азёрны’ (маг., Жук.), снядкі (снѣдки) ‘сорт рыбы’ (дзісн., Яшк. Мясц.), снітка ‘нейкая рыба’ (пін., там жа). Рус. наўг. снито́к, снято́к, паўн.-усх. снето́к. Ст.-рус. снѣтъ (XVI–XVII стст.). Дапускаецца запазычанне са швед. дыял. stint ‘дробная марэна’, дац. stint ‘рыба накшталт вугра’, або с.-н.-ням., н.-ням. stint, адкуль ням. Stint ‘корушка’, або з фін. sintti ‘сняток’ з наступнай мэтатэзай; гл. Міклашыч, 312; Праабражэнскі, 2, 347; Тапароў, Этимология–1978, 158 і наст. Фасмер (3, 698) мяркуе таксама аб магчымасці запазычання ў ст.-рус. форме *смѧтъ з нейкай скандынаўкай крыніцы і потым пераходу ў *снѧтъ аналагічна ст.-рус. імені Къснѧтинъ = Константин. Для славен. snẹ̑tec, серб.-харв. snetac Бязлай (3, 280) дапускае запазычанне з рускай. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 333–334. Параўн. стынка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)