склюд, ‑а, М ‑дзе, м.

Цяслярская сякера для склюдавання, абчэсвання бярвення. Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва, гладка спушчанага пад склюд. Колас. Частыя ўдары сякер і склюдаў абганялі сухія сукі і зялёныя ралы... Гартны. Мабыць, жадаючы шчыра дабра, Бацька мне рана пачаў давяраць Молат у кузні, каня ў баразне, Склюд на будоўлі і цэп у гумне. Непачаловіч. // перан. Разм. Пра худога, згорбленага чалавека або жывёліну. У вагон трапіла група студэнтаў з будаўнічага факультэта. Адзін з іх — галалобы, худы, гарбаносы, як склюд. Карпаў. Конь, высокі худы склюд, нязграбна перастаўляе ногі і вязе Ёселеву краму далей па вёсцы. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ладка,

1. Прысл. да салодкі.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне салодкасці, салодкага смаку. У роце соладка.

3. безас. у знач. вык. Разм. Пра стан здавальнення, шчасця, дастатку. Хоць не соладка і ў лесе было, але ж лес, брат, ёсць лес. Кожнае дрэва здавалася сцяной, за якой можна ўхавацца. Чыгрынаў.

4. безас. у знач. вык., каму-чаму і без дап. Пра радасныя, прыемныя адчуванні. Сэрцу соладка. На душы соладка, лёгка. □ Неба ўгары кружылася; зямля, нібы вялізная касавокая талерка, усё хінулася кудысь і вагалася, гатовая вось-вось абрынуцца ў невядомую прорву, і ад таго было соладка, боязна і хмельна. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стру́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Тонкая вузкая спіралепадобная стужка дрэва, металу і пад., якая ўтвараецца пры апрацоўцы іх паверхні струганнем. Тонкія смалістыя стружкі спіралькамі ля[ця]ць з рубанка ўгору і залацістай віхурай сыплюцца на дол. Дуброўскі. Упіваючыся ў метал, фрэза гоніць тонкую распаленую стружку. Васілёнак. // Тонкая вузкая спіралепадобная палоска, зрэзаная нажом і пад. з чаго‑н. Мыльныя стружкі.

2. зб. Тонкія вузкія спіралепадобныя палоскі драўніны, якія атрымліваюць на спецыяльных станках і выкарыстоўваюць для ўпакоўкі, набіўкі і пад. Да самай вясны могуць у стружках ляжаць і не псуюцца [грушы]. Бялевіч.

•••

Сагнаць стружку гл. сагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узагна́ць, узганю, узгоніш, узгоніць; зак., каго-што.

1. Заставіць каго‑н. узысці куды‑н., апынуцца дзе‑н.; загнаць каго‑, што‑н. Узагнаць ката на дрэва. Узагнаць машыну на платформу. □ [Богдан:] — Пабачым, ці не можна будзе туды [на сенажаць] скаціну ўзагнаць. Дуброўскі.

2. Разм. Прымусіць устаць, падняцца адкуль‑н., змяніць становішча. [Андрэй:] — Як хочаш, але я цябе [Івана] заўтра рана ўзганю з ложка. Чарнышэвіч. Саскочыла Эма з ложка, Узагнала цялушку на ножкі. Глебка. // Успудзіць. Глухі стрэл узагнаў над гаем варон. Асіпенка. Машына брала пад горку. Праязджалі вёску. На краі дарогі, мінаючы лужыну, узагналі чародку мокрых шпакоў. Пташнікаў.

3. Насадзіць. Узагнаць абручы на бочку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эфі́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эфіру; знаходзіцца ў эфіры. Эфірная прастора.

2. Кніжн. Вельмі тонкі, незвычайна лёгкі. Эфірнае адзенне. // перан. Бесцялесны, незямны. — Не! Я не якое-небудзь эфірнае стварэнне, а жанчына, якая ведае, як і граблі, і рыдлёўку, і сякеру трымаць у руках, — рэзка адказала Галіна. Рамановіч.

3. Які ўтрымлівае эфір (у 4 знач.). Эфірны шкіпінар. □ [Ніна Іванаўна:] — Не забывайцеся, што гэтае дрэва [грэцкі арэх], а больш дакладна, ягоныя прыгожыя лісты, вельмі багатыя фітанцыдамі, якія, як вы ўжо добра ведаеце, забіваюць шкодных мікробаў, што ў лістах ёсць эфірны алей. Дубоўка. // Які ўласцівы эфіру як хімічнаму рэчыву. Эфірны пах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́гада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Невялікі сакавіты плод некаторых кустовых і травяністых раслін. На кустах ядлоўцу чарнеюць ягады. В. Вольскі. Паспелі ягады каліны, Ляцяць кляновыя лісты. Матэвушаў.

2. толькі мн. (я́гады, ягад). Ядомыя плады гэтых раслін як прадукт харчавання, прадмет промыслу, гандлю і пад. Па гэтых сцежках хіба выпадкова маглі прайсці людзі — па грыбы ці па ягады. Шамякін. З вялікай ахвотай падмацаваліся хлопцы ягадамі ды назбіралі яшчэ ў шапку. Маўр.

•••

Вінная ягада — сушаны плод фігавага дрэва; інжыр.

Воўчыя ягады — чырвоныя або чорныя плады ядавітых лясных раслін.

Аднаго поля ягады (ягадкі) (неадабр.) — пра людзей, падобных у якіх‑н. адносінах адзін да аднаго.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Капы́л1 ’кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, Яруш., Касп., Бяльк., Грыг., Гарэц., Некр. і Байк.; КЭС, лаг.). «Не мерай усіх на свой капыл» (Янк. БП), ’дэталь саней’, ’дубовы брусок, што ўстаўляецца ў полаз, а за яго закручваецца вяз для злучэння палазоў’ (Сцяшк., Сержп. Грам.), укр. копил ’тс’, рус. копыл ’тс’. Адпаведна да вядомай версіі звязана генетычна з балг. копеле ’незаконнанароджаны’, серб.-харв. ко̏пил ’тс’ (Бернекер, 564; Фасмер, 2, 320; Трубачоў, Эт. сл., 11, 32–34). Семантычна гэта тлумачыцца як пераход тыпу рус. пасынок ’пасынак’ і ’падпорка, лішняя галіна, больш тонкі з двух ствалоў, якія выраслі з аднаго кораня’. Але гэта тлумачэнне не пераконвае, хаця ўкр. копил мае таксама значэнне ’незаконнанароджаны’ і можна меркаваць аб праславянскім характары лексемы, якая застаецца этымалагічна непразрыстай. Да таго ж першае значэнне застаецца за межамі семантычнага пераходу. Ці не звязана капыл ’кавалак дрэва ў форме ступні’ з прасл. kopyto (адпаведна з фармантамі: рэгулярным ‑ylъ (SP, 1, 112) і нерэгулярным ‑yto (гл. капыта).

Капы́л2 ’матыка для апрацоўкі ляда’ (Малчанава, Мат. культ.; Маш., Шатал.), ад капаць («капылом капылім бульбу»Шатал.). З фармантам ‑ylъ (SP, 1, 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́ць1 ’ачышчаць дрэва ад кары’ (Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Янк. 3., КЭС., лаг.). Сувязь з лексемай кара (гл.) відавочная. Аднак цяжка вызначыць тып гэтай сувязі. Прасл. koriti мае другасныя значэнні і значэнне, зафіксаванае на ўсх.-слав. глебе (укр. корити, рус. корить), не мае адпаведных паралелей у іншых славянскіх мовах. Аднак калі прасл. koriti разглядаць як карэлят да čьrtǫ črěsti (?) ’рэзаць’, то значэнне ’ачышчаць дрэва ад кары’ можна разглядаць як першаснае, а kora як ’штосьці зрэзанае’.

Кары́ць2, укр. корити, рус. корить, чэш. kořiti ’пакараць’, славац. korit sa ’пакарацца’, в.-луж. korić ’пакараць’, польск. korzyć ’карыць’, балг. коря ’тс’, макед. кори ’тс’, серб.-харв. ко̀рити ’тс’, славен. koriti ’тс’: koriti sę ’спрачацца’. Найбольш верагодным з’яўляецца параўнанне з лац. carināre ’здзекавацца’, ірл. caire ’вымова, знеслаўленне’. Параўн. з апошнімі ст.-слав. корити ’знеслаўляць’, славац. koriťsa ’здзекавацца’, рус. коритись ’тс’. Семантычныя адрозненні двух радоў дзеясловаў вымушаюць нас дапусціць ідэю аб суіснаванні аманімічных дзеясловаў koriti1 і koriti2, якія, напрыклад, ва ўсходнеславянскіх мовах поўнасцю зліліся. Тады, магчыма, рэфлексацыі koriti1 са значэннем ’пакараць’ і адпаведна koriti sę1 ’спрачацца’ можна суаднесці з літ. kãras ’вайна’, гот. harjis ’войска’ (супраць Фрэнкель, 220 і Трубачоў, Эт. сл., 11, 76–77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сні́тка1 ‘расліна, Aegopodium L.’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Меер Крыч., Сцяшк.; мін., віц., Кіс.; ашм., бярэз., мін., шчуч., навагр., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), сны́тка ‘тс’ (Нас., Бяльк.; маг., Кіс.; Дэмб. 1; бялын., Нар. сл.; круп., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), сніць, шныць ‘маладыя лісточкі агароднай расліны’ (Гарэц.). Укр. сні́тка, снить, снит, сни́тка, рус. снить, сни́тка, сныть, сны́тка. Дыял. прасл. (усх.-слав.) *snětь/*snitь — рэканструкцыя Мяркулавай (Очерки, 62 і наст.), якая супастаўляе іх з польск. śniat ‘ствол дрэва’ (XVII ст.), чэш. snět ‘галіна’, snítek, snítka ‘калода’, славац. дыял. snět ‘ствол дрэва’, sneto ‘галіна’, а таксама ўкр. закарп. snit, snita ‘калода’, якія ўзводзяцца да і.-е. *snoi̯t‑, суадноснага з *snei̯t‑ ‘рэзаць’. Параўн. гоц. sneiꝥan, ст.-в.-ням. snīdan, ням. schneiden ‘рэзаць’. Матывацыя — тоўсты ствол расліны (“дудка”). Гл. Махэк₂, 564. Іншая версія — параўнанне з прасл. *snětъ ‘галаўня (у збажыне)’ (гл. сняцей), што не супадае па значэнні; гл. Фасмер, 3, 698–699 з літ-рай.

Сні́тка2 ‘птушка пліска’ (ПСл). Да сі́тка (гл. сітаўка) з устаўным ‑н‑.

Сні́тка3 ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Няясна. Магчыма, да сніт ‘дошка’ (гл. снет) або непасрэдна з ням. Schnitt ‘разрэз’, Schnitz ‘кавалак, скрыль’, сюды ж, відаць, і выраз выстругало его, як снітку (пра бягунку) (Федар. 4, 345).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Івярэ́нь ’пень’ (Мат. Гом.), ’трэска’ (Маш., 74), і́вірынь ’старчаком’ (Бяльк.). Рус. дыял. и́верень ’асколак’, ’вырваны кусок’, ’зарубка на бервяне’, ’няроўнасць, шурпатасць на вычасаным дрэве’, ’загана, шчарбіна, трэшчына (на посудзе)’, ’выгіб, зігзаг’, и́вор ’кусок, частка, асколак чаго-н.’, и́вернем ’зігзагам, выгібам’, ’няроўна’, укр. и́верь ’зарубка ўпоперак дрэва’, и́верень ’трэска, адсечаная ўпоперак дрэва’ (Грынч.), польск. wiór ’трэска’, ’стружка’, палаб. jėver ’трэска’, чэш. дыял. iver ’тс’, славац. íver ’абрубак, трэска’, славен. ivȇr ’трэска, абрэзак’, серб.-харв. и̏ве̑р ’трэска’, балг. и́вер ’тс’, макед. ивер, иверка ’тс’. Ст.-рус. иверень ’трэска, асколак’, ’вырваны ці выразаны кусок’ (XVII ст.), ст.-бел. иверь, иверень ’асколак, трэска’ (Гарб.). Вытворныя формы на ‑ень толькі на ўсходзе слав. тэрыторыі. Прасл. *jьverъ (Трубачоў, Эт. сл., 8, 250–251) ці *iverъ звязваюць з *verti (гл. вярцець). Бернекер, 1, 439; Трубачоў, Этимология 1970, 18. Супастаўленне са ст.-інд. vr̥çcáti ’адсякае, коле, валіць’ (Гараеў, 120; Младэнаў, 196) выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Махэк₂ (213) недастаткова абгрунтавана прапануе сувязь з iskať ’шчапаць’, адсюль i‑ver‑o, дзе корань i < iz‑ < eiz‑ < eiǵ + суф. ‑ver‑. Дыскутуецца і паходжанне пачатковага i‑: у ім бачаць прыстаўку *jь (Трубачоў, Эт. сл., 8, 251), пратэзу (Бернекер, 1, 439; Міклашыч, 97, з сумненнем) ці, што мала верагодна, прыдыхальны i‑ (Брукнер, 623).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)