жыццё, -я́, н.

1. Сукупнасць з’яў, якія адбываюцца ў арганізмах, асобая форма існавання і руху матэрыі, якая ўзнікла на пэўным этапе яе развіцця.

Узнікненне жыцця на Зямлі.

Ж. раслін.

Законы жыцця.

2. Фізіялагічнае існаванне чалавека, раслін, усяго жывога ад зараджэння да смерці.

Ж. — бясцэнны дар.

3. Час такога існавання ад яго ўзнікнення да канца, а таксама ў які-н. яго перыяд.

Кароткае ж.

Пад канец жыцця.

Ж. пражыць — не поле перайсці (прыказка).

4. Дзейнасць грамадства і чалавека ў розных праявах.

Грамадскае ж.

Вясковае ж.

5. Навакольная рэчаіснасць.

Сувязь навукі з жыццём.

Правесці прапанову ў ж.

6. Ажыўленне, праяўленне дзейнасці, энергіі.

На вуліцы чулася ж.

Аддаць жыццё за каго-, што-н. — памерці, ахвяраваць сабой.

Даць жыццё каму-н. — нарадзіць каго-н. (высок.).

Кончыць жыццё — памерці.

Не ад добрага жыцця — з гора, з бяды, не па сваёй ахвоце.

Не на жыццё, а на смерць — не шкадуючы жыцця.

Паміж жыццём і смерцю — знаходзіцца ў вельмі небяспечным стане.

Паплаціцца жыццём — загінуць.

Пуцёўка ў жыццё — веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю.

Пытанне жыцця або смерці — пра што-н. вельмі важнае, рашаючае.

|| прым. жыццёвы, -ая, -ае (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паразі́т, ‑а, М ‑зіце, м.

1. Расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ўсярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт. — Ёсць, сынок, такая расліна — паразіт. Ам[я]л[о]й завецца. Яна не сама здабывае харч, а смокча сокі з бярозы. Мяжэвіч. Міхаленя сказаў, што малярыю выклікае паразіт-плазмодый, што цяпер малярыя лечыцца акрыхінам. Алешка. // Насякомае, якое жыве на целе чалавека і корміцца яго кроўю. Найчасцей .. [наглядчыку] даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі. Колас. / Аб словах. У Пранцыся на кожным кроку неяк самі па сабе прарываюцца шматлікія словы-паразіты. Ярош.

2. Той, хто жыве з чужой працы; дармаед. Радасць працы ва ўсіх творах маладога Купалы азмр[очв]аецца разуменнем таго, што гэта праца не на сябе, а на чужых, на паноў, што яна паднявольная, што з яе кормяцца паразіты. Івашын. Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць, А паразітамі мяркуюць век пражыць. Валасевіч.

3. Разм. Ужываецца як лаянка.

[Ад грэч. parásitos — нахлебнік, дармаед.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Прабыць які‑н. час, трымаючыся за што‑н. Пратрымацца за поручні.

2. Захавацца, не змяніцца на працягу якога‑н. часу. Вось пратрымалася сухмень дзён дзесяць, і лісце на бярозцы пачало жаўцець. Гаўрылкін.

3. Не адступіць, не здацца, утрымаць пазіцыі на працягу якога‑н. часу. Пратрымацца на ўмацаванай пазіцыі. □ Злучэнне пратрымалася да прыцемак. М. Ткачоў.

4. Вытрымаць, устаяць (перад якімі‑н. цяжкасцямі) на працягу якога‑н. часу, да якога‑н. тэрміну. «Яшчэ, яшчэ пратрымацца!» — загадала сама сабе дзяўчынка і чакала, калі ёй стане цёпла. Бураўкін. // Разм. Пражыць. — Жыццё цяпер не тое, дый ты яшчэ, можа, не адзін год пратрымаешся, калі даглядаць. Лупсякоў. Мушу я цяпер прызнацца, Што хацеў бы пратрымацца І яшчэ гадоў дзесятак Ці другі, на добры лад. Гілевіч. // Прабыць дзе‑н., захаваць за сабой месца на працягу якога‑н. часу. Загады, якія .. [Глушко] аддае, правільныя, бо калі б было інакш, то на пасадзе майстра ён не пратрымаўся б і дня. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.

1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.

2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.

3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.

4. Разм. Біцца некаторы час.

5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.

•••

Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вежа; зак.

1. што. Звязаўшы, завязаўшы вузлом, прымацаваць да чаго‑н. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў .. поруч. Чарнышэвіч. // Прымацаваць да чаго‑н. пры дапамозе вяроўкі, рэменя і пад. [Параход] прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. Лынькоў. За канаўкаю чалавек прывязаў каня да мізэрнай астачы плота і сам крута павярнуў за вугал. Чорны.

2. перан.; каго. Цесна звязаць з кім‑, чым‑н., паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Без млына Нічыпар не мог пражыць. Пятнаццаць гадоў моцна прывязалі яго да старой, пахілай будыніны. Асіпенка. Некалькі разоў за той дзень .. [Антон] ўкрадкам варочаўся да дарогі і кожны раз адыходзіў назад. Але вялікая сіла прывязала яго да гэтага месца. Чорны.

3. перан., каго. Выклікаць прывязанасць да каго‑н. — І наогул — ён асілак-чалавек. Увойдзе, абзавецца і адразу прывяжа да сябе. Лужанін.

4. што. Спец. Звязаць з якім‑н. арыенцірам, суаднесці з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ужы́ць 1, ужыву, ужывеш, ужыве; ужывём, ужывяце; зак. (пераважна з адмоўем «не»).

Змагчы жыць, пражыць дзе‑н., з кім‑н.; ужыцца. Там ніхто не ўжыве. □ [Соня:] — З табою ні адна не ўжыве, ні адна не зразумее... Сачанка.

ужы́ць 2, ужыву, ужывеш, ужыве; ужывём, ужывяце; зак., што.

1. Прымяніць што‑н. для чаго‑н., з якой‑н. мэтай. Ужыць новы метал. Ужыць строгую меру. Ужыць зброю. □ [Лявон:] Тут смеласць не паможа, хітрасць ужыць трэба! Козел. Лена ведала ўсе .. прапісныя педагагічныя ісціны з тэхнікума тэарэтычна, а як іх ужыць на практыцы, цяжка было нават уявіць. Няхай. // Знайсці прымяненне чаму‑н. Ёсць дзе папрацаваць .. спецыялісту, ужыць свае веды. «Звязда».

2. Выкарыстаць, скарыстаць, прымяніць дзе‑н. Напярэдадні пасяджэння .. [Дывінец] ужыў, нарэшце, разец сваёй канструкцыі і за змену выканаў сем дзённых норм. Асіпенка. І сказаць папраўдзе,.. [Алёша] не ведаў, як абысціся з імі [грашамі], на што растраціць, як іх ужыць. Васілевіч. // Выкарыстаць на пісьме, у мове, абыходжанні і пад. Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова. Лынькоў. [Піліп Тарасавіч] гатовы цяпер ужыць любую метафару, абы выбіць з-пад ног грунт у праціўніка. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -ло́; -вядзі; -ве́дзены; зак.

1. каго-што. Памагчы прайсці куды-н., праз што-н.

П. атрад цераз балота. П. праз агароды.

2. што. Вызначыць, прачарціць.

П. граніцу.

3. чым па чым. Зрабіць рух чым-н. прыціснутым да паверхні.

П. рукой па валасах.

4. што. Пракладваючы, збудаваць, устанавіць.

П. канал.

П. тэлефон.

5. каго (што). Развітваючыся, прайсці разам з кім-н. да якога-н. месца.

П. сястру на вакзал.

6. каго (што). Адправіць куды-н.

П. сына ў армію.

Дзяжурны па станцыі правёў апошні поезд.

7. каго-што. Паглядзець услед таму, хто або што аддаляецца.

П. каго-н. вачамі.

8. што. Дамагчыся ажыццяўлення чаго-н., увасобіць.

П. ідэю ў жыццё.

9. што. Выканаць, ажыццявіць, зрабіць (якія-н. дзеянні, работу).

П. ўборку ўраджаю.

П. рэпетыцыю.

10. каго-што. Тое, што і аформіць (у 2 знач.; спец.).

П. рахункі па касавай кнізе.

11. што. Пражыць, прабыць які-н. час дзе-н. або якім-н. спосабам.

П. некалькі гадоў у ссылцы.

Весела п. свята.

12. каго (што). Ашукаць, перахітрыць (разм.).

Гэтага чалавека цяжка п.

|| незак. право́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. правядзе́нне, -я, н. (да 1—4, 8—10 знач.), право́д, -у, М -дзе, м. (да 1 знач.), право́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 1, 4 і 10 знач.; спец.) і право́дзіны, -дзін (да 5 і 6 знач.).

Правод або праводка суднаў цераз канал.

Праводка лініі.

Праводка рахункаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абы́ 1, злучнік.

1. умоўны. Далучае ўмоўныя даданыя сказы з дапушчальна-абмежавальным адценнем. Ужываецца пераважна ў спалучэнні з часціцай «толькі». Пасля дажджу бывае ясна, і мокрыя плечы высахнуць адразу, абы толькі замест дажджавых кропель на чалавека не падалі кулі або каменне. Чорны. [Саша] усё будзе ведаць: мае ўчынкі, думкі, абы вярнулася наша шчасце. Шамякін.

2. мэтавы. Далучае даданыя сказы са значэннем мэты, якое ўскладняецца абмежавальна-паясняльным адценнем. [Дзямід Сыч:] — Ты зрабіўся вельмі добры, Мікалай Лявонавіч. Ты хочаш прымірыць усіх, абы ціха было. Паслядовіч. Нехта іграе на раллі, барабанячы як папала, абы мацней гуло. Скрыган.

3. часавы. Разм. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу, калі падзеі, пра якія гаворыцца ў галоўнай частцы, пачынаюцца адразу пасля падзей, адзначаных у даданай частцы; адпавядае злучнікам «толькі», «як толькі». Абы вольная хвіліна, то яе [Міхаліны] ужо ў хаце няма. Чарнышэвіч. [Юрка Пятровіч:] — Бачыце самі — абы кашляць, дык і ў плач. Брыль.

абы́ 2, часціца.

Надае значэнне непаўнацэннасці дзеянню, прадмету, паслабляе патрабаванні да дзеяння, прадмета. Абы сказаць. □ [Новікаў:] — Мозг не хоча адпачываць. Яму абы чым, але заняцца. М. Ткачоў. [Слімак:] — Ціхі я чалавек, непрыкметны. Мне дзень абы пражыць, і дзякуй богу. Лынькоў. // Ужываецца ў сказах, якія выражаюць нежаданне чаго‑н. [Хлапчук:] — А папу напляваць, жывыя вы ці мёртвыя. Яму абы грошы! Бажко.

•••

Абы дзень да вечара гл. дзень.

Абы з рук гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, даставіць да якога‑н. месца; давалачы. Дацягнуць лодку да вады. // Разм. Павольна, з цяжкасцю давезці, данесці да якога‑н. месца. Пакуль Антонава кабыла дацягнула свой воз да млына, зрабілася зусім цёмна. Новікаў. // без дап. Разм. З цяжкасцю даехаць, даляцець да якога‑н. месца. Самалёт паступова зніжаўся, нягледзячы на ўсе мае намаганні трымацца набранай вышыні. Я адразу зразумеў, што нам не дацягнуць да базы. Шамякін.

2. Працягнуць, правесці, пракласці да якога‑н. месца. Дацягнуць да лесу тэлефонны провад. // перан. Давесці што‑н. пачатае да канца ці да пэўнай ступені выканання. Дацягнуць урок да канца. Дацягнуць да нормы.

3. Праспяваць да канца; дапець. Як дацягнуў запявала апошняе слова, дзесяткі галасоў, няроўных, але ўпэўненых, падхапілі песню, узнялі яе ўгору і запоўнілі песняй пустынную вуліцу. Галавач.

4. і без дап. Разм. Правесці час да якога‑н. моманту. Дацягнуць час да вячэры. □ Каб толькі дацягнуць да ночы, там можна было б знайсці дарогу дадому. Лобан. // Пражыць, праіснаваць да якога‑н. часу, падзеі; дажыць. [Бацька] даўно ўжо чакаў гэтага моманту, даўно ўжо думаў, як дацягнуць да ўраджаю. Маўр. Дажыў Макарый да сівых валос І дацягнуў аж да вайны Айчыннай. З. Астапенка.

5. Разм. Зацягнуць выкананне чаго‑н., не зрабіць што‑н. своечасова. Дацягнуць здачу экзамена да вясны. □ — Дацягнулі да апошняга... Загубілі дзяўчынку! — злаваўся Сцепанец. Гарбук.

•••

Ледзь дацягнуць ногі — з цяжкасцю дайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сма́га1 ‘моцнае жаданне піць’, ‘недахоп вільгаці, суша, спёка’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Бяльк., Пятк. 2, Шат., Нік. Очерки, Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), сма́га, сьмя́га ‘тамленне, млосць’, сма́га ‘белы згустак на губах’ (Ласт., Варл.), ‘засмягласць вуснаў пры гарачцы’, ‘іржа на збожжы’ (Арх. Федар.), ‘марыва ад спёкі’, ‘загар’ (Гарэц.), сма́гнуць ‘знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні’, ‘перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот)’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк.; драг., З нар. сл.; пух., Сл. ПЗБ), ‘марнець’ (ганц., Сл. ПЗБ), сма́жыць ‘гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.)’, безас. ‘пра сухасць у роце, выкліканую смагай’, ‘апякаць прамянямі, паліць (пра сонца)’ (ТСБМ, Нас., Байк., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Укр. сма́га, сма́гнути, сма́жити ‘тс’, рус. зах., паўд. сма́га, сма́гнуть, смя́гнуть, сма́жить ‘тс’, стараж.-рус., ст.-рус., ц.-слав. смага ‘агонь; сухасць; гарачка’, ст.-польск. smaga ‘сухасць у роце’, smażyć ‘сушыць, падпякаць’, в.-луж. smaha ‘загар’, smahnyć, smažíc, н.-луж. smaga ‘апёк; поле пад парам’, smagnuś, smažyś, чэш. старое smaha, smáha ‘пах нечага спаленага’, smahnouti ‘сохнуць, сушыцца’, славац. smažiť ‘сушыць’ харв. дыял. smȁga ‘вялікая прагавітасць’, серб.-харв. сма̀гнути ‘пацямнець, загарэць’, славен. smága ‘смуглая скура’, smágniti ‘тужыць’. Цяжка звесці да адной праформы. Прасл. *smaga выводзяць з *smažiti ‘сушыць на сонцы’ па тыпу *slava*slaviti (гл. Бязлай, 3, 268), параўноўваюць з літ. smogóti ‘сушыць’ (гл. Рэйзак, 584), дзе кароткая ступень вакалізму суадносіцца з *smagnǫti ‘тс’. Вакалізм славянскіх слоў тлумачыцца ўплывам *pražitiпражыць’ і роднасных, аднак поўнасцю прыняць версію перашкаджаюць формы з каранёвым ‑o‑ (гл. смаголь). Махэк₂ (559) набліжае гэтыя словы да ням. schmachten ‘сохнуць, мучыцца смагай або голадам’. Гл. Фасмер, 3, 663 з іншай літ-рай, Шустар-Шэўц, 1317. Міклашыч (311) і Праабражэнскі (2, 333) адносяць сюды ж смуглы (гл.) з іншай ступенню чаргавання. Паводле Куркінай (Этимология–1985, 11), для праславянскага стану характэрна этымалагічнае гняздо з чаргаваннем асноў *smeg‑/*smog‑/*smaga. Гл. яшчэ смяга.

Сма́га2, смага́ ‘налёт пылу, копаці’ (смарг., чэрв., Сл. ПЗБ). Семантычная кантамінацыя смага і смуга (гл.).

Сма́га3 ‘гора, бяда’, сма́гнуць ‘гараваць, бедаваць’ (слуц., Моўныя адзінкі і кантэкст, Мн., 1992, 268), сма́га ‘гора, бяда, няшчасце’ (Сл. рэг. лекс.). Параўн. укр. дыял. смага́ ‘бяда’. Няясна; магчыма, працяг семантычнага развіцця смага1 (гл.), сма́гнуць. Параўн. ЕСУМ, 5, 315.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)