хадо́к, хадака, м.

1. Той, хто ходзіць пехатой. І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Асоба, якая паводле службовага або спартыўнага абавязку павінна многа хадзіць. Першы ішоў ляснік. За ім лёгкім крокам натрэніраванага хадака нячутна ступаў незнаёмец. Паўлаў. — Э, гэта недалёка! — быццам узрадаваўся стары. — Добры хадок да ночы дайшоў бы. Шамякін. // Разм. Той, хто пастаянна ходзіць па якіх‑н. справах. «Вось табе і хадок па судах», — успомніўшы тое, што сёння днём чуў пра Асмалоўскага, падумаў Сяргей з цеплынёй у душы. Сіўцоў.

2. Выбарная асоба, пасланая куды‑н. з даручэннем, хадайніцтвам. Вы ведаеце здарэнні, калі цар задавольвае просьбы. [Лабановіч:] — Але ці ведаеце вы такія здарэнні, калі цары высылалі хадакоў ад сялян у Сібір? А такія здарэнні былі. Колас. — Мяне сяляне паслалі да Леніна хадаком, з наказам, каб бальшавікі бралі ўладу. Гурскі.

•••

Не хадок куды — пра таго, хто больш не пойдзе, не хоча хадзіць. — Не, Ёсіп, з табою больш, я не хадок. Іду ў калгас угнаенні вазіць, — з нейкай асабліва вясёлай незалежнасцю паведаміў Макар. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчыме́ць, ‑міць; незак.

1. Востра балець, пячы ад драпін, раздражнення і пад. Назаўтра ўсе драпіны амаль зажылі, хоць рукі і ногі яшчэ шчымелі. Якімовіч. На першай галіне хлопчык парашыў адпачыць, бо балюча шчымелі запэцканыя ў смалу рукі. С. Александровіч. На руках шчымелі расціснутыя мазалі. Місько. / у безас. ужыв. Ад .. [дыму] душыла ў грудзях і шчымела ў горле. Казека.

2. Ныць, балець тупым болем. Успомніўшы пра хворасць сэрца, якое часта шчымела раней, у Адэсе да дактароў звярнуўся Калачынскі. Бялевіч. Шчымяць яго старыя раны, Нібыта чуе посвіст куль. Свірка. Пілі з парога ваду нагбом, Аж зубы шчымелі. Грачанікаў. // перан. Пра душэўныя пакуты, перажыванні. Сэрца .. [Марыі] шчымела ад нейкага незразумелага, трывожнага прадчування. Марціновіч. Тры месяцы .. [Шэлег] у лесе, а ўсё адно не перастае шчымець душа. Навуменка. / у безас. ужыв. У душы .. [Адама] шчымела, усё гняло яго. Чорны. // Хваляваць, турбаваць каго‑н., пастаянна напамінаць пра сябе. Сярод гэтай зменлівасці адна думка шчымела заўсёды: малое. Мележ.

3. Выклікаць адчуванне прыгнечанасці, суму, нуды і пад. Крыўда болькай шчымела ў Іванавых грудзях. Мыслівец. Так, гора сціхае, і боль атухае, і роспач перастае шчымець. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

год, -а, М -дзе, мн. гады́, гадо́ў, м.

1. Прамежак часу, за які Зямля робіць адзін абарот вакол Сонца.

Мінула два гады.

Засушлівы г.

Чатыры пары года: зіма, вясна, лета, восень.

2. Адрэзак часу, які ўключае ў сябе 12 каляндарных месяцаў.

Новы г. (наступаючы год, а таксама дзень 1 студзеня). Два гады ад нараджэння.

Г. ад году (з кожным годам). Круглы г.

Гадамі не сустракаемся.

3. Прамежак часу, у які праводзіцца цыкл якіх-н. работ, заняткаў.

Навучальны г.

Фінансавы г.

4. мн. Доўгі перыяд, у які нешта адбываецца, якому што-н. уласціва.

Пасляваенныя гады.

Гады маладосці.

5. мн. У спалучэнні з парадк. ліч.: адрэзак часу ў межах дзесяцігоддзя.

Васьмідзясятыя гады дваццатага стагоддзя.

6. мн. Узрост.

Ён ужо ў гадах (пажылы, стары). Не тыя гады.

Не па гадах.

7. Прамежак часу, на працягу якога адбываецца абарот якой-н. планеты вакол Сонца.

Г.

Марса.

Высакосны год — кожны чацвёрты год, які мае ў лютым не 28, а 29 дзён.

Светлавы год — адзінка адлегласці, роўная шляху, які праходзіць прамень святла за адзін трапічны год.

Трапічны год — прамежак часу, за які Сонца завяршае адзін цыкл змен пор года (напр.: ад аднаго вясенняга раўнадзенства да наступнага і пад.).

Гады ў рады (разм.) — вельмі рэдка (сустракацца, бачыцца).

З году ў год (разм.) — пастаянна, на працягу некалькіх гадоў.

|| ласк. го́дзік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.) і гадо́к, -дка́, мн. -дкі́, -дко́ў, м. (да 2 знач.).

|| прым. гадавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

Гадавая справаздача.

Г. план.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

круці́цца, кручуся, круціліся, круціцца; незак.

1. Рухацца па кругу або паварочвацца вакол сваёй восі; вярцецца. Майстар націснуў на кнопку, і свярло з лёгкім гулам пачало круціцца. Кулакоўскі. Вялікі шліфавальны камень пачынае хутка круціцца. Асіпенка. // Варочацца з боку на бок. Хлопчык круціўся, трызніў, мабыць, снілася яму нешта страшнае. Чарнышэвіч. // Беспарадкава рухацца; хадзіць вакол чаго‑н.; кружыцца. — Круціўся я на гэтым месцы з гадзіну, нічога больш, не знайшоў. Панёс свой грыб у санаторый, як святыню, у дзвюх руках. Лужанін. Хлопчык бездапаможна круціўся на адным Месцы, адмахваючыся ад сабакі сваёю шапкаю. Арабей. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа думкі, тэмы і пад. Размова Круцілася вакол незразумелых, чужых для слыху слоў: эканамісты, сацыял-дэмакраты, анархізм. Асіпенка. [Засмужац] паспрабаваў адагнаць сон, — нейкая надакучлівая думка неадчэпна, як сляпень, круцілася ў галаве. Мележ.

2. Быць ахопленым віхравым рухам; кружыцца. Снег марудна круціўся ў сумным зімовым паветры. Гарэцкі. // Уздымаць снег, пыл і пад.; месці (пра вецер, завіруху і пад.). Доўга яшчэ круцілася, не магла нацешыцца завіруха. Васілевіч. // Узнімацца ўверх колцамі; віцца (пра пыл, туман і пад.). Застаўшыся ў кузні адзін, Міша глядзеў у задуменні, як над горнам круціўся сівы, гаркаваты дымок. Арочка.

3. Разм. Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., каля каго‑, чаго‑н. Вакол дзеда круціліся ўнукі. Колас. [Новікаў] круціўся ля канторы і ўедліва дапякаў кожнага, хто трапляўся на вочы. Дуброўскі. // Увіхацца каля каго‑, чаго‑н. Колышаў круціўся каля машыны, ламаючы галаву, відаць, над тым, што зрабіць, каб выйсці з бяды. Мележ. «Я так і ведаў! — узгарэўся Алесь. — Круціся адзін каля трактара». Шахавец. // Неадступна хадзіць за кім‑н., заляцацца да каго‑н. На гэтым спектаклі мядзведзіцкі настаўнік круціўся ўсё каля Зосі. Крапіва. Сёлета Ігнат Пацапень прыехаў адзін і зараз жа пачаў круціцца каля Вікторыі Аркадзеўны. Паслядовіч. // Перашкаджаць, замінаць. Круціцца пад нагамі.

4. Не могучы ўседзець на адным месцы, неспакойна паварочвацца то ў адзін, то ў другі бок; вярцецца. Суддзя круціўся на крэсле, нібы пад яго падсыпалі жменю іголак. Лынькоў.

5. Разм. Быць у пастаянным клопаце. — І не адзін такі я: шумім, круціліся, а толку няма. Колас. Да вечара і да зары І ад зары да вечара Грукочуць МАЗы ў Мазыры і круцяцца дыспетчары. Грахоўскі. — А Сарока — жыве, круціцца цэлымі днямі ў працы, у клопатах. Такім калгасам кіраваць — гэта ж вам не жартачкі. Краўчанка.

6. Разм. Выкручвацца, хітрыць. Арлоўскі як ні круціўся, як ні муліўся, але такі здаўся. Чарнышэвіч.

7. Разм. Быць у любоўных адносінах з кім‑н.; любіцца. — А, усе яны такія, махнуў рукою Булаўка, — або замуж выходзяць, або круцяцца з другімі... Пальчэўскі. На начлезе [Марына], бывала, толькі з хлопцамі і круціцца. Скрыган.

8. Зал. да круціць (у 1 знач.).

•••

Галава круціцца гл. галава.

Круціцца ваўчком — вельмі хутка кружыцца, вярцецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кружы́цца, кружуся, кружышся, кружыцца; незак.

1. Паварочвацца вакол сваёй восі, рухацца па кругу; круціцца, вярцецца. Іграе гармонік, у вальсе кружацца пары. І Рыгор з Ларысай у агульным кругу. Б. Стральцоў. Мічман пачаў кружыцца пад музыку, танцаваць і рабіць усялякія выкрунтасы нагамі. Хромчанка. // Беспарадкава рухацца, мітусіцца. Слава не магла ўстаяць на адным месцы ні моманту. Яна кружылася, бегала, паказвала маці на мох і верас. Чорны.

2. Лятаючы, рабіць, апісваць кругі. Марудна цягнецца ў хаце летні дзень. Горача. Гудуць і кружацца роем мухі, у вочы лезуць. Колас. Самалёты сады нашы наліваюць, над полем кружацца, рунь падкормліваюць. Бялевіч. // Насіцца ў паветры (пра снег, пыл і пад.). Ціха, павольна кружыліся ў паветры сняжынкі, сцелючы мяккую пасцель зямлі. Васілевіч. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа тэмы, прадмета, думкі і пад. Думкі найбольш кружыліся ля свайго раёна. Як там? Што там? Пестрак. Едучы ў трамваі, Парамон Пісанец думаў пра сваё даручэнне. Думкі кружыліся навокал загадкавага прозвішча. Грамовіч.

3. Разм. Тое, што і кружыць (у 3 знач.). Так некалькі дзён і начэй .. [Пацейчык і немец] кружыліся па гэтым лесе, то выпускаючы адзін аднаго з вока, то зноў сыходзячыся. Чорны.

4. Разм. Тое, што і кружыць (у 4 знач.). Кружыцца мяцеліца, Сцежкі запарошвае. Валасевіч.

•••

Галава кружыцца гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

душы́ць 1, душу, душыш, душыць; незак., каго-што.

1. Пазбаўляць каго‑н. жыцця, сціскаючы горла, насільна спыняючы дыханне. [Ваўкі] часта падкопваліся пад хлявы і душылі авечак. Бядуля. // Наваліўшыся на каго‑н., моцна прыціскаць, прычыняць боль. Паліцэйскія з дзікай лютасцю накінуліся на Петрычука і пачалі біць, душыць яго. Анісаў. // перан. Прыгнятаць, не даваць развівацца чаму‑н. Царызм жорстка душыў культуру прыгнечаных народаў, падаўляў іх імкненне да нацыянальна-культурнага развіцця. Казека.

2. Перашкаджаць дыханню. Душыў каўнер нявыбеленае сарочкі, адчуваліся лёгкія мурашкі ўздоўж потнай спіны. Нікановіч. // Падступаць пад горла, пазбаўляючы магчымасці свабодна дыхаць (пра смех, кашаль і пад.). Кашаль душыць. // перан. Моцна ўзбуджаць (пра пачуццё злосці, гневу і пад.). Нянавісць да Стафанковічаў душыла Любу. Чорны.

3. перан. Прыгнятаць, гнясці, мучыць (пра думкі, перажыванні і пад.). Міколу душыла трывога за брата. Якімовіч. — Нейкая туга на дзеўку навалілася. Нешта душыць яе. Памізарнела, аж страх бярэ, — скардзіцца маці суседкам. Бядуля.

4. Заглушаць, не даючы праявіцца. Нехта ўсхліпвае побач, нехта душыць прыглушаныя слёзы. Лынькоў.

5. перан. Разм. Карміць пастаянна адной і той жа стравай. А гаспадыня ўсё нас бульбай з кіслым малаком душыць. Крапіва.

6. Мяць, расплюшчваць. Душыць ягады. // Расплюшчваючы, знішчаць. Душыць вусеняў. // Збіваючы з ног і падбіраючы пад сябе, калечыць, нішчыць. Танк душыў ворагаў.

душы́ць 2, душу, душылі, душыць; незак., каго-што.

Апырскваць або націраць духамі, адэкалонам. Душыць валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́вільны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае правілам, заснаваны на правілах (у 1 знач.); беспамылковы. Правільнае напісанне. □ Ярохін сказаў не на зусім правільнай, але выразнай англійскай мове: — Малайчына! Вы паглядзіце толькі, дзе ён пасадзіў нас. Па пятаку. Шамякін. // Заканамерны, рэгулярны. [Лютынскі:] Севазварот будуецца таксама толькі на строгім і правільным чаргаванні клетак. Крапіва.

2. Які адпавядае сапраўднасці; праўдзівы. [Валя] трымае.. [гадзіннік] у руцэ, просіць дзяўчыну-прадаўшчыцу завесці яго, паставіць стрэлкі на правільны час. Пестрак.

3. Такі, як патрэбна, які прыводзіць да патрэбных вынікаў. Правільны ўчынак. □ Адзіка правільным шляхам да шчасця — да заможнага і культурнага жыцця — для нас, сялян, з’яўляецца калгасны шлях. Брыль. // Разм. Добры, справядлівы (звычайна пра чалавека). — Правільны чалавек наш камандзір, — зазначыў ён нібы сам сабе. Краўчанка. — Правільны чалавек твой бацька, — пахваліў Васільеў. Алешка.

4. Рытмічны, раўнамерны, які дзейнічае пастаянна. Правільны пульс.

5. Які адпавядае правілам прапорцыі, сіметрыі. З аднаго боку над балотам цягнуўся вал досыць правільным паўкругам. Колас. Сталь — белая, бы чыстае срэбра, — правільным авалам астывала ля гарлавіны. Савіцкі. / Пра рысы твару. [Жанчына] мела надзвычай правільны твар з прыемным здаровым смуглым колерам. Карпюк.

6. Спец. Такі, усе стораны і вуглы якога роўны паміж сабой (пра многавугольнік). Правільны многавугольнік.

•••

Правільны дроб гл. дроб ​2.

Збіцца з правільнай дарогі гл. збіцца.

Збіць з правільнай дарогі гл. збіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усё 1,

гл. увесь.

усё 2, прысл.

1. Увесь час, заўсёды, пастаянна. Ён усё ў раз’ездах. Ён усё заняты. Ява ўсё злуецца. □ Іду, іду Па маёвым лесе, І ўсё мне здаецца: Вось-вось распукнецца Сэрца Мільёнамі ландышаў. Кірэенка.

2. Да гэтага часу, яшчэ і цяпер. Ён усё яшчэ вучыцца. □ Андрэя ўсё не было, і маці яшчэ больш занепакоілася аб сыне. Дуброўскі.

3. Толькі, выключна. Усё ты вінаваты. Справа расстроілася, і ўсё з-за вас.

4. У спалучэнні са словамі, якія абазначаюць змену прыметы або нарастанне прыметы. Вецер усё мацнее. Тэмпература паветра, усё павялічваецца. Усё больш і больш змяркалася. □ Сурова слухала бажніца модлы, А шум банкету ліўся ўсё гучней. З. Астапенка.

5. У спалучэнні з вышэйшай ступенню і злучнікам «чым» служыць для ўзмацнення проціпастаўлення. Занятак не вельмі што, але ўсё лепш, чым сядзець склаўшы рукі.

6. Аднак, тым не менш. Як ён ні стараецца, а ўсё не атрымліваецца добра.

•••

Усё ж; і ўсё ж — усё-такі, тым не менш. [Маці:] — Прырасла ты, Наташа, да свайго гэтага агароду моцна, а парваць з ім усё ж давядзецца. Асіпенка. І ўсё ж цуда адбылося. Капсуль разарваўся тады, калі дасталі яго з міны. Гроднеў.

Усё ж такі — тое, што і усё ж. І ўсё ж такі па нечым другім, невядомым і не распазнаным, было відаць, што.. [К. Чорны] слухае. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трапята́ць ‘трымцець, дрыжаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трыпыта́ты ‘лапатаць крыламі (пра птушак)’ (кобр., Жыв. НС), трапята́ццапастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць’ (ТСБМ, Нас.), ‘мігаць, мільгаць, няроўна гарэць (пра агонь)’ (ТСБМ), ‘дзейнічаць, імкнуцца штосьці зрабіць’ (ТСБМ, Юрч. СНЛ), ‘узмоцнена ў сполаху біцца (пра сэрца)’ (Юрч. Сін., Касп., Ян.), ‘моцна баяцца каго-небудзь’, ‘быць ахопленым непакоем’ (ТСБМ), перан. ‘жыць, існаваць’ (Нас., Ян.), ‘перабіраць ножкамі’ (Жд. 1); ‘адчуваць небяспеку (пра каня)’: конь трапе́ча, трапе́чыць, стрэ́пая вушамі (петрык., клім., іўеў., ЛА, 1), сюды ж трапата́цца: трапатаўся чырвоны сцяжок (Ю. Віцьбіч), ст.-бел. трепетати, трепетатися ‘дрыжаць, хвалявацца, баяцца’ (ГСБМ). Укр. трепета́ти, рус. трепета́ть ‘дрыжаць, трапятацца, матляцца, калаціцца, біцца’, польск. trzepiotać (się) (з XV ст.) ‘махаць крыламі’, ‘трэсціся’, ‘балбатаць’, з XVIII ст. trzepotać ‘хутка рухацца, выконваць хуткія рухі’, каш. třepotac ‘балбатаць, плявузгаць’, в.-луж. třepotać, třepjetać ‘дрыжаць, трэсціся’, чэш. třepetać, třepotać ‘махаць крыламі’, ‘узмахваць, махаць’, ‘дрыжаць, хістацца’, славац. trepotať (sa) ‘тс’, ‘грукатаць’, ‘развявацца (пра сцяг)’, ‘біцца (аб сэрцы, аб рыбе на зямлі)’, славен. trepetáti ‘трэсціся, дрыжаць, уздрыгваць’, харв. trepètati, серб. трепѐтати ‘дрыжаць’, балг. трептя́ ‘дрыжаць, матляцца, мігцець’, макед. трепети ‘дрыжаць, мігаць’, ст.-слав. трепетати ‘дрыжаць, трэсціся’. Прасл. *trepetati/*trepotati ‘інтэнсіўна выбіваць, трэсці, рухацца, размахваць’; звязана з *trepati > трапа́ць1 (гл.), ад якога ўтворана пры дапамозе суф. ‑et‑/‑ot‑, што абазначае гукаперайманне, роднаснае літ. trepùmas ‘спрытнасць’, ст.-грэч. τρέπω ‘паварочваю, схіляю’, лац. trepidāre ‘дробненька хадзіць’, ‘дрыжаць, уздрыгваць’, ‘мігаць, мільгацець’, ‘мітусліва спяшацца’, ‘баяцца’, ‘кідацца’, ст.-інд. tr̥práh̥ ‘неспакойны, мітуслівы’ < і.-е. *trep‑ ‘тупаць, дробна хадзіць, ступаць’, ‘перабіраць нагамі’ (Фасмер, 4, 99; Чарных, 2, 261; Брукнер, 583; Шустар-Шэўц, 1543; Скок, 3, 496–497; ЕСУМ, 5, 630). Сюды ж трапяткі́ ‘ахвочы да работы’ (Жд. 1), трапятлі́вы ‘рухавы, што без працы не пасядзіць’ (Варл.), трапяту́н ‘які знешне стараецца, а, па сутнасці, абыякава адносіцца да сваёй справы’ (Сцяшк. Сл.), ‘вельмі рухавы, вёрткі чалавек, здольны выкручвацца з непрыемнага становішча’ (Юрч., Вытв. сл.), ‘малое дзіця, якое перабірае ножкамі’ (Жд. 1), трапяту́ха ‘рухавая жанчына, старанная, працавітая, руплівая’ (лях., ЖНС; навагр., Жыв. НС; ганц., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трапята́нне ‘спосаб жыцця’, трапята́ннік ‘той, хто спрабуе штосьці зрабіць у жыцці’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спадаро́жнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які ідзе або едзе разам з кім‑н., знаходзіцца разам у дарозе. За кінатэатрам Ніна Міхайлаўна сустрэла суседа. — Ну, цяпер у мяне ўжо ёсць спадарожнік да самага дома. Капусцін. У будзень .. спадарожнікаў не было і, вяртаючыся, Лёня стаяў у кузаве трохтонкі адзін. Брыль. Прахожыя азіраюцца на майго вельмі гаваркога спадарожніка і ўсміхаюцца. Каршукоў. // Той, хто разам з кім‑н. ідзе жыццёвай дарогай. А тыдзень назад .. [будаўнікі] не ведалі, што недзе жывуць такія цудоўныя іх равеснікі, што яны стануць неразлучнымі сябрамі, а можа і спадарожнікамі на ўсё жыццё. Грахоўскі. Прызнацца гэтаму чалавеку, які добра ведаў Юзіка, што яна [Люба] ўжо знайшла сабе новага спадарожніка, у яе не хапіла мужнасці. Васілевіч. // Тое, што пастаянна неабходна каму‑н. Кніга! Яна ўваходзіць у жыццё чалавека яшчэ ў маленстве і назаўсёды становіцца яго верным сябрам і надзейным спадарожнікам. Рунец.

2. Тое, што неразрыўна звязана з чым‑н., спадарожнічае чаму‑н. Баявая, бунтарская песня стала пастаянным спадарожнікам Ільіча. «ЛіМ». Рашучасць і валявая вытрымка заўсёды былі спадарожнікамі гераізму. Кулакоўскі. Імя, імя па бацьку, прозвішча — гэта сталыя спадарожнікі чалавека на працягу ўсяго жыцця. Бірыла. // Тое, што расце разам з чым‑н., знаходзіцца каля чаго‑н., сустракаецца разам з нечым. Кукуруза — спадарожнік іншых збожжавых у севазвароце. Спадарожнік нафты — прыродны газ.

3. перан. Той, хто часова і толькі знешне далучаецца да якога‑н. грамадска-палітычнага руху.

4. Нябеснае цела, якое рухаецца вакол планеты, зоркі. Спадарожнік Зямлі — Месяц.

•••

Карабель-спадарожнік гл. карабель.

Штучны спадарожнік — аўтаматычная касмічная станцыя або касмічны карабель, ці якое‑н. іншае штучнае касмічнае цела, якое круціцца вакол нябесных цел Сонечнай сістэмы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)