спадарожнік, ‑а, м.
1. Чалавек, які ідзе або едзе разам з кім‑н., знаходзіцца разам у дарозе. За кінатэатрам Ніна Міхайлаўна сустрэла суседа. — Ну, цяпер у мяне ўжо ёсць спадарожнік да самага дома. Капусцін. У будзень .. спадарожнікаў не было і, вяртаючыся, Лёня стаяў у кузаве трохтонкі адзін. Брыль. Прахожыя азіраюцца на майго вельмі гаваркога спадарожніка і ўсміхаюцца. Каршукоў. // Той, хто разам з кім‑н. ідзе жыццёвай дарогай. А тыдзень назад .. [будаўнікі] не ведалі, што недзе жывуць такія цудоўныя іх равеснікі, што яны стануць неразлучнымі сябрамі, а можа і спадарожнікамі на ўсё жыццё. Грахоўскі. Прызнацца гэтаму чалавеку, які добра ведаў Юзіка, што яна [Люба] ўжо знайшла сабе новага спадарожніка, у яе не хапіла мужнасці. Васілевіч. // Тое, што пастаянна неабходна каму‑н. Кніга! Яна ўваходзіць у жыццё чалавека яшчэ ў маленстве і назаўсёды становіцца яго верным сябрам і надзейным спадарожнікам. Рунец.
2. Тое, што неразрыўна звязана з чым‑н., спадарожнічае чаму‑н. Баявая, бунтарская песня стала пастаянным спадарожнікам Ільіча. «ЛіМ». Рашучасць і валявая вытрымка заўсёды былі спадарожнікамі гераізму. Кулакоўскі. Імя, імя па бацьку, прозвішча — гэта сталыя спадарожнікі чалавека на працягу ўсяго жыцця. Бірыла. // Тое, што расце разам з чым‑н., знаходзіцца каля чаго‑н., сустракаецца разам з нечым. Кукуруза — спадарожнік іншых збожжавых у севазвароце. Спадарожнік нафты — прыродны газ.
3. перан. Той, хто часова і толькі знешне далучаецца да якога‑н. грамадска-палітычнага руху.
4. Нябеснае цела, якое рухаецца вакол планеты, зоркі. Спадарожнік Зямлі — Месяц.
•••
Карабель-спадарожнік гл. карабель.
Штучны спадарожнік — аўтаматычная касмічная станцыя або касмічны карабель, ці якое‑н. іншае штучнае касмічнае цела, якое круціцца вакол нябесных цел Сонечнай сістэмы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)