фла́гман, ‑а, м.

1. Камандуючы буйным злучэннем ваенных караблёў (атрадам, эскадрай, дывізіяй).

2. Вядучы карабель ці самалёт у калоне суднаў (самалётаў), на борце якога знаходзіцца камандуючы; самы лепшы або самы буйны карабель (самалёт) якога‑н. флоту, флатыліі.

3. перан. Пра што‑н. самае буйное, галоўнае сярод падобных. Флагман беларускай тэкстыльнай прамысловасці, які ўзвялічыў у нашай краіне і за яе межамі славу беларускага лёну, — так выглядае Аршанскі льнокамбінат у рэспубліканскім аспекце. Палтаран.

4. Персанальнае воінскае званне асоб вышэйшага начальніцкага саставу ў Ваенна-марскім флоце СССР у перыяд 1935–1940 гг.

[Гал. vlagman.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

культу́ра, -ы, мн. -ы, -ту́р, ж.

1. толькі адз. Сукупнасць дасягненняў чалавецтва ў вытворчым, грамадскім і духоўным жыцці.

Гісторыя культуры.

Матэрыяльная к.

Духоўная к.

2. толькі адз. Адукаванасць, культурнасць, выхаванасць.

Грамадства высокай культуры.

3. толькі адз. Ступень, узровень развіцця якой-н. сферы чалавечай дзейнасці.

К. земляробства.

К. вытворчасці.

К. мовы.

4. Сфера чалавечай дзейнасці, звязаная з мастацтвам, асветнай дзейнасцю і пад.

Работнікі культуры.

Дом культуры.

5. толькі адз. Развядзенне, вырошчванне якой-н. расліны; культываванне.

К. лёну.

К. бульбы.

6. звычайна мн. Віды раслін, якія разводзяцца, вырошчваюцца.

Тэхнічныя культуры.

Зерневыя культуры.

7. Мікраарганізмы, вырашчаныя ў лабараторных умовах у пажыўным асяроддзі (спец.).

К. стрэптакокаў.

|| прым. культу́рны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Культурныя традыцыі народа.

К. чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

надёргать сов. нарва́ць; надра́ць; навырыва́ць; наску́бці; нашмо́ргаць;

надёргать гвозде́й нарва́ць (надра́ць) цвіко́ў;

надёргать се́на из сто́га наску́бці се́на са сто́га;

надёргать ни́ток из тка́ни нашмо́ргаць ні́так з ткані́ны;

надёргать поле́ньев из поле́нницы нацяга́ць пале́н з кастра́;

надёргать льна нарва́ць ільну́ (лёну);

надёргать цита́т навырыва́ць цыта́т.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Палойка1 ’палавіна галоўкі квашанай капусты’ (Сцяшк., Мат. Гом.), палу́йка ’тс’ (Шат.), ’палавіна’ (Сл. ПЗБ), ’капусная галоўка’ (Сл. Брэс.). Рус. арл., варонеж. полу́йка ’дубовыя дошчачкі на дно для бочак’. З палоўка < пол‑, палова1 (гл.).

Палойка2 ’жменя (або 10 жменяў) абтрапанага або ачэсанага лёну’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; Інстр. I, III; КЭС, слуцк.; З нар. сл.). Мабыць, тое ж, што і палойка1, г. зн. палова ад таго, што можна ўзяць дзвюма рукамі.

Палойка3 ’невялікая рачулка, якая цячэ праз балота’ (Сл. ПЗБ). Да ліць (гл.) з іншай агаласоўкай кораня. Параўн. палой, а таксама ст.-рус. полой (1614 г.) ’рукаў ракі, які аддзяляецца ад асноўнага рэчышча і зноў з ім злучаецца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́ндзель ’звязка льну’ (ТС), пу́ндэль ’тс’ (ТС), пундэль ’старая мера ільну, роўная 12 кг (30 фунтам)’ (ашм., Сл. ПЗБ), пундэлік, пундэляк ’тс’ (шальч., уздз., глыб., Сл. ПЗБ), пундэлік, бунтэляк, бунтэлік ’звязка лёну з завучанымі пасля часання канцамі’ (мін.-маладз., Шчарб.), ст.-бел. пундель ’мера вагі (кала 25 фунтаў)’. Лічыцца, што слова запазычана з літ. pundelis ’старая мера ільну’ (Скурат, Меры, 115; Булыка, Лекс. запазыч., 156), што ў сваю чаргу магло быць запазычана з ем. дыял. pundel ’тс’ (Сл. ПЗБ); у апошнім выпадку, а таксама па лінгвагеаграфічных прычынах літоўскае пасрэдніцтва не з’яўляецца абавязковым, параўн. суч. літ. pundas ’звязка, скрутак, клунак, цюк, пук’. На некаторыя формы паўплывала запазычанне бунт ’звязка, пук’ (гл.). Гл. таксама пунтэль ’звязка счэсанага і сплеценага льну’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́рт1 ’прыстань, месца для прыходу і стаянкі караблёў’ (ТСБМ, Ласт.); ст.-бел. портъ ’тс’ (з XVI ст.), што, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 122; Запазыч., 253), са ст.-польск. port (з 1471 г.), якое ад лац. portus ’тс’ (Банькоўскі, 2, 706). Не выключана другаснае запазычанне праз рус. порт з ням. Port або франц. port ’тс’.

По́рт2 ’льняная, канапляная або баваўняная тканіна ці пража’, ’тканіна з ільняных ці пяньковых нітак’ (ТСБМ, Нас., Уладз., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’кудзеля, чэсаная напалам — воўна з лёнам’ (Бяльк., Байк. і Некр.), ’пах ад гарэлага адзення з лёну’ (Нас., Байк. і Некр.), ’рэшткі спаленай анучкі’ (Скарбы), ст.-бел. портъ ’тканіна; адзенне’: портъ царскыи (Альтбаўэр, 165), сюды ж по́ртны, по́ртавы ’парцяны’ (хойн., Мат. Гом.; Байк. і Некр.), по́рця ’бялізна’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), по́рце ’тс’ (Сцяшк. Сл.); параўн. укр. порт ’канапляная або льняная нітка ў ваўнянай тканіне’, рус. порт ’(льняная або баваўняная тканіна’, ст.-рус. пъртъ ’кавалак тканіны; шматок; пялюшка’, польск. part, parć ’адрэз тканіны на адзенне’, славен. ṕrt ’кавалак палатна; прасціна’, харв. pȑt ’адзенне з лёну’, серб. пр̏тен ’ільняны’, балг. пъртуши́на ’паношаныя апранахі’, ст.-слав. прьтъ ’кавалак палатна’. Прасл. *pъrtъ выводзяць з *porti ’пароць’ (Фасмер, 3, 334): можа разглядацца як аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння ад *rūti > *ryti/*rъvati > *po‑rъtъ ’тое, што адрэзана, адарвана’ > ’тканевы адрэз, шматок’. Першасным для порт можна дапусціць значэнне ’адрэз сукна’, ці, як падае Сной (511), — ’адарваны кавалак тканіны’. Малаверагодна роднаснасць з літ. spartas ’завязка’ і грэч. σπάρτος ’расліна, з галін якой скручвалі вяроўкі’, параўн. Бязлай, 3, 130.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́сма, ‑ы, ж.

1. Некалькі нітак або валокнаў, складзеных удоўж. Пасма лёну, канапель. // Спец. Адна з частак, на якія дзеліцца маток пражы.

2. Пучок валасоў. Нэля моўчкі нахіліла галаву, пасма жаўтаватых валасоў упала на бледны лоб. Лупсякоў. Дома я застаю камлюкаватага, з сівымі пасмамі ў барадзе чалавека. Скрыган. // Пучок якога‑н. валакністага матэрыялу, шэрсці і пад. На каўняры растаў іней, і аўчына мокрымі доўгімі пасмамі ліпла да шчок. Пташнікаў. // перан. Пра што‑н., што прыняло выцягнутую прадаўгаватую форму; паласа чаго‑н. Пасма туману. □ Пасмы хмар збіраліся на небасхіле. Маўр. Пасмы святла заблудзіліся на аснежаным пляцы. Бядуля. У баку таварнай станцыі манеўровы паравоз пускаў пасмы дыму. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трашчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога ўтвараюць трэск, шум, стук, лёскат. — Ну, хоць бы з парачку трашчотак! — Гаворыць дзядзька: — Ну, нічога, І так мы зробім шуму многа І ўсім зайцам задамо страху! Колас. Адно вартаўнікі хадзілі па вуліцы ды бесперастанна трашчалі трашчоткамі. Чарот. // Ударны музычны інструмент, які складаецца з набору драўляных дошчачак.

2. перан. Разм. Той (тая), хто многа, не сціхаючы, гаворыць; балбатун (балбатуха). — Ды што вам гаварыць, трашчоткам, — стары чамусьці раззлаваўся, махнуў рукой і лёг на печы. Шамякін.

3. Машына для ачышчэння насення лёну.

4. Спец. Прыстасаванне для свідравання адтулін у цяжкадаступных месцах або з вялікім дыяметрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галу́шка1 ’галушка’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ), таксама ’шарык, галачка’ (Касп.). Рус. галу́шка, укр. галу́шка, польск. gałuszka (hałuszka; гэты апошні варыянт запазычаны з укр.; гл. Брукнер, 133). Адносіны паміж асобнымі словамі ў слав. мовах даволі складаныя. Рус. слова лічыцца запазычаннем з укр. (гл. Шанскі, 1, Г, 20). Укр. галушка, паводле Шанскага (там жа), хутчэй за ўсё ўзята з польск. мовы (gałuszka < gała). Штосьці пэўнае адносна бел. слова сказаць цяжка, бо няма дастатковых даных адносна гісторыі гэтай лексемы. Аб слове галу́шка ў бел. дыялектах гл. падрабязна Сцяц. Нар., 36–37, які адзначае, што як назва стравы слова галушкі малаўжывальнае і часцей яно сустракаецца ў форме галушка (адз. л.) са значэннем мучнога шарыка ў зацірцы.

Галу́шка2 ’звязка апрацаванага лёну’. Гл. галу́шка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Біць. Рус. бить, укр. би́ти, ст.-рус., ст.-слав. бити, польск. bić, чэш. bíti, балг. би́я, серб.-харв. би̏ти і г. д. Прасл. biti bii̯ǫ. Корань дыфтангічны *bhei̯‑. Параўн. грэч. φιτρός ’ствол дрэва, кол, калода’, ст.-в.-ням. bīhal ’сякера’ (ням. Beil), ірл. benim (*bnināmi) рэжу, б’ю і г. д.’ Бернекер, 117; Траўтман, 33; Фасмер, 1, 169; Слаўскі, 1, 31. Махэк₂ (54–55) рэканструюе biti bьjǫ. Ад слав. biti ўтворана шмат розных вытворных: bi‑dlo (параўн. бел. бі́ла ’спінка ложка; язык у звоне і г. д.’, бі́ліцы ’набіліцы’), bi‑čь ’біч’, bi‑tva ’бітва’; асабліва многа форм ад *bi‑t‑ (біта́; бітка ’падбітае яйцо; снапы, раскладзеныя на таку для малацьбы; ахапак сухога лёну; вялікая суконная хустка’ < ’бітая хустка’; біту́к ’коўдра, палавік’; біту́н ’задзірысты чалавек’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)