Пабо́чына ’бакавіна, бок пры разбіранні тушы’ (Бяльк., Нар. лекс.), ’абочына’ (Сл. ПЗБ), паббчыны, паббцні ’драўляныя брускі на ручках воза’ (Дэмб. II, 417), паббцні ’ручкі ў вузгалоўі воза’ (Сл. ПЗБ). Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад бок (гл.). Адпаведнікі ў іншых слав. мовах: рус. побо́чина ў розных значэннях, у тым ліку паўн. ’бакавіна ў саней, прадольны верхні брус, абшыўка калёс, доскі’, серб.-харв. побо́чина ’мяса паміж рэбрамі і бядром’, укр. побо́чина ’бакавая сцяна’ і г. д. Ц у пабоцні ў выніку цокання; адносна змешвання ц і ч у слаўгарадскіх гаворках, гл. Яшкін, Узаемадзеянне, 151 і наст. Параўн. яшчэ Філін (Происх., 261) аб наяўнасці цокання ў заходніх раёнах Бранскай вобласці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ркаць (пра крык варон), укр. каркати, рус. каркать ’тс’. Іншаславянскія паралелі маюць іншую фанетычную структуру і шэраг іншых значэнняў, якія суадносяцца толькі як гукапераймальныя: чэш. krkáti ’адрываць’, славац. kŕkať ’квакаць’, польск. karkać ’кудахтаць’, серб.-харв. kŕkati ’хлябтаць’, славен. kȓkati ’гудзець’ (аб пчолах). Агульная форма гэтых заходне- і паўднёваславянскіх слоў: kъrkati. Маюць бліжэйшую паралель у літ. kūrkti ’квакаць’. Што датычыцца ўсходнеславянскіх паралелей, то для іх нельга дакладна рэканструяваць архетып. Мы дапускаем karkati, якое цяжка суаднесці з kъrkati, з аднаго боку, і з літ. kar̃kti ’кудахтаць’, з другога; у якасці паралелі да апошняй літоўскай формы мы б чакалі бел. *карокаць і ўсх.-слав. паралелі з поўнагалоссем (Слаўскі, 2, 78).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́бка ’невялікая скрынка’ (ТСБМ), ’пасудзіна вялікіх памераў для ссыпання збожжа’, ’шырокая пасудзіна сярэдніх памераў з лазы для захавання мукі, круп і іншых рэчываў’, ’шырокая пасудзіна для сяўбы ўручную’, ’кошык для збірання грыбоў, ягад’, ’спецыяльная, шчыльна сшытая з ліпавай кары пасудзіна для збору мёду’ (З нар. сл.), ’прылада для лоўлі ўюноў’ (З нар. сл., Шатал., Крыв., Рам.), ’скрыначка, пенал’ (Бяльк.). Найбольш ужывальнае вытворнае ад кораб (гл.) слова. Параўн. укр. коробка, рус. коробка, чэш. krabka, польск. krobka. Паўднёваславянскіх паралелей да вытворных з суфіксацыяй на ‑ъка няма, бо такая суфіксацыя не характэрна для іх. Вядома, што паўд.-слав. мовы аддаюць перавагу сінанімічнаму суфіксу таго ж паходжання ‑ica: серб.-харв. кра̏бица ’каробачка’, славен. krábica ’каробка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кат ’кат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат. і інш.). Параўн. рус. кат ’тс’, укр. кат. У бел. мове лексема зафіксавана ў помніках XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 143). Слова вядома ў іншых славянскіх мовах. Параўн. яшчэ польск. kat, чэш. kat ’тс’. Паводле Фасмера, 2, 208 (з некаторымі сумненнямі), слова запазычана праз польск. мову з ням. дыял. (бавар.) kat(e), ням. Gatte ’падручны ката’. Не пераконваюць некаторыя старыя этымалагічныя версіі, якія прапанавалі раней (напр., тлумачэнне слова як вытворнага ад дзеяслова тыпу рус. ка́яться). Гісторыя лексемы патрабуе далейшых этымалагічных даследаванняў. Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 63, які з польск. katować выводзіць бел. катава́ць. Гл. таксама агляд у Шанскага, 2, К, 88.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катэ́лка ’хлебны, гліняны шарык’ (Касп.). Не вельмі яснага паходжання; няма, здаецца, падобных форм у іншых мовах (гл. СРНГ, Даль, Трубачоў, Эт. сл.). Зыходзіць трэба, магчыма, з вядомага ўтварэння, празрыстага марфалагічна *katalъka (ад *katati; з элементам ‑l‑, што сустракаецца ў дзеепрыметніках мінулага часу). Параўн. у Даля: ката́лка ’што качаюць, дзіцячыя цацкі на колах; чым качаюць, качалка для качання бялізны; на чым катаюцца, каток, горка, рагожка для катання’ (гл. яшчэ СРНГ, 13, 121–122). Магчыма, калісьці націск быў на першым складзе (параўн. рус. ка́талки ’гульня ў шар’). Пры перанясенні націску на другі склад нібы аднаўляецца вакалізм «э» пад націскам. Параўн. чаргаванне ў бел. мове эа ў залежнасці ад месца націску.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кацаве́йка ’кароткая кофта на ваце, футры або на падкладцы, кабат з рукавамі’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кацаве́йка ’кароткая куртка, кофта’, укр. кацаве́йка, кацаба́йка, куцба́йка. Паводле Фасмера, 2, 212–213, запазычанне праз польск. kucbaja, kuczbaja (і, магчыма, формы, узятыя з укр., kacabajka, kacawejka) з ням. мовы. Параўн. ням. Kutzboi ’грубае сукно’ (якое мае далейшыя сувязі ў ням. лексіцы). Гл. яшчэ падрабязна ў Слаўскага, 2, 11–12. Да гэтай групы слоў адносіцца і бел. кучбай ’тканіна з шэрсці’ (Нас.). Шанскі (2, К, 103) мяркуе, што ўкр. кацаве́йка (якое было формай-пасрэднікам і для некаторых форм іншых моў) узнікла з кацабайка пад уплывам дзеяслова веять, развеваться, з якім, быццам па народнай этымалогіі, было звязана.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўбаса́ ’кілбаса’ (БРС, Шат., Сцяшк.). Формы тыпу кілбаса (параўн. Нас.) запазычаны з польск. kiełbasa (гл. Слаўскі, 2, 143–144). Іншая форма, бел. каўбаса́ мае надзейныя адпаведнікі ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. колбаса́, укр. ковбаса́, ст.-рус. колбаса, балг. кълба́са, с.-балг. клъбаса, славац. klbása, польск. kiełbasa. Агульнай праформай тут можа быць *kъlbasa. Адрозніваюцца па форме чэш. klobása, славен. klobása, серб.-харв. коба̀сица, klobasa. Этымалогія гэтых слав. слоў вельмі няпэўная. Паводле Слаўскага, 2, 144, няпэўным таксама з’яўляецца сам прасл. характар усёй групы слоў і трэба шукаць крыніцу запазычання (прапанаваліся ў якасці крыніцы цюрк. мовы, ст.-яўр., франц.). Агляд у Слаўскага, 2, 144, у Фасмера, 2, 286. Гл. яшчэ Шанскі, 2, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́церка ’маладая, няўмелая маці’, ’самка жывёл, птушак з патомствам’ (Юрч.), мацеркі́, ма́цяркі, мацярке́, ма́ціркі ’жанчыны-маці’, ’маці’ ў мн. л. (ТСБМ, Янк. 1, ТС; зэльв., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Утворана ад мацер(а) ’маці’ як мат‑к‑а. У іншых значэннях лексемы ма́церка, ма́цярка, мацяркі́, мацёрка ’бульба-насенніца’, ’каноплі з насеннем’ (ТС, Сцяц., Сцяшк., Шчарб.; беласт., маст., Сл. ПЗБ; іўеў., Сцяшк. Сл.; шчуч., Нар. лекс.; браг., Мат. Гом.) утвараюць бел.-польск. ізалексу, параўн. польск. maciorki, maciórki, macierki, maciorka ’тс’ (Кандрацюк, Бел.-польск. ізал., 53). Аднак лексема ма́тірка ’жаночыя каноплі’ існуе ў палтаўскіх і бойкаўскіх гаворках, матёрка — у пензенскіх і томскіх. Арашонкава (БЛ, 48) лічыць бел. лексемы запазычаннем з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кула́к1 ’кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Нік., Няч., Бяльк., ТС). Укр. кулак, рус. кулак ’тс’. У беларускай і ўкраінскай мовах (а таксама ў некаторых іншых) запазычанне з рускай. Іншамоўныя крыніцы або ўнутраная форма рускага слова надзейна не вызначаны. Паводле Фасмера (2, 408), з цюрк. kulak ад kol, kul ’рука’ (параўн. Корш, AfslPh, 9, 513; Локач, 95).

Кула́к2 ’багаты селянін-уласнік’ (ТСБМ). Да кулак1 (гл.).

Кула́к3 ’драўляны малаток’ (Сл. паўн.-зах.). Да кулак1 (гл.).

Кула́к4 ’асобны шып кулачнага кола, што круціць шасцярню пасавага кола’ (КЭС, лаг.), ’зуб у шасцярні’ (Шат., Кліх). Параўн. кулак3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабе́ц ’хвасцец, Falko vespertinus L.’ (Касп.). Укр. дыял. кобець, кібець, рус. дыял. кобец, ст.-польск. kobiec, славац. kobec, серб.-харв. kòbac, славен. kóbec, scobec, мак. kобец, балг. кобец, кобъц. У слав. мовах гэтым словам называюць розных драпежных птушак: Falko, Pernis, Accipiter і інш. Прасл. kobьcь ’драпежная птушка сокал, ястраб’ утворана або гукапераймальным спосабам на слав. моўнай глебе, або, як мяркуюць некаторыя аўтары, больш старажытнае, з і.-е. сувязямі. Слаўскі (2, 295–296) прымае найбольш верагодную этымалогію, паводле якой kobьcь < kobiti ’варажыць, асабліва па лёту птушкі’, там жа абгрунтаванне гэтай версіі. Адносна іншых этымалогій гл. Фасмер, 2, 267–268; БЕР, 2, 501; Слаўскі, 2, 295–297 (там і літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)