рассе́яцца, ‑сеецца; зак.
1. Сеючыся, падаючы, рассыпацца ў розныя бакі, папасці ў розныя месцы. І бур’ян парос. Як хутка ён рассяліўся, рассеяўся па ўсім двары, па ўсёй вёсцы... Сачанка. Што гэта? [Лебядзіны] пух рассеяўся па зямлі? Бядуля.
2. Стаць рассеяным (у 3 знач.). Пучок святла рассеяўся.
3. Разысціся, разбегчыся ў розныя месцы, у розныя бакі. Пасля немцы зніклі, яны рассеяліся за дрэвамі, кустамі і сценамі і адтуль стралялі. Чорны. Натоўп на вуліцы паволі рассеяўся. Брыль. // Паступова радзеючы, знікнуць, разысціся (пра туман, дым і пад.). Туман, які нядаўна ахінаў вяршаліны бяроз на тым баку вуліцы, нечакана рассеяўся. Алешка. Калі дым рассеяўся, варожай пяхоты ў ляску ўжо не відно было. Кулакоўскі. // перан. Прайсці, знікнуць (пра якое‑н. пачуццё). І не сплюшчыць мне воч, І трывога мая не рассеецца: Хіба жарты — усю ноч салаўі за аселіцай! Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рахма́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не баіцца чалавека; спакойны, нязлосны (пра жывёлін, звяроў). [Сястра] паведамляла, што скаціна вельмі рахманая — дзіця можа падаіць, што малако ў яе густое, як масла. Сабаленка. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў .. [каваля] станавіліся рахманыя, .. пакорлівыя. Дубоўка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя, — да пераезду свайго ў пушчу яны доўга жылі ў заапарках. «Беларусь». / у перан. ужыв. Ціхая, рахманая Свіслач калі-нікалі бурна разлівалася вясной. Новікаў. Вецярок такі рахманы, Нібы рунь палёў І травы Прыляцеў ён калыхаць. Жычка.
2. Памяркоўны ў адносінах да іншых; згаворлівы; дабрадушны, лагодны. Сусед мой ціхі быў, рахманы. Лойка. [Мачаха] была вельмі добрая і рахманая, да мяне адносілася як да свайго дзіцяці. В. Вольскі. // Які выяўляе памяркоўнасць, дабрадушнасць; ласкавы. Раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.
1. Узяцца за што‑н. (пра двух або некалькіх асоб). Трэба было з’ехаць з гары. Гара была высокая, стромая. Сёмка з Марцінам пабраліся за аглоблі. Колас. [Надзя і Барыс] пабраліся за рукі і павольна пайшлі па агародах. М. Ткачоў.
2. Разм. Пажаніцца; стаць мужам і жонкай. Гэтую бярозу пасадзіў Андрэй, яе [Алены] чалавек, калі яны пабраліся. Мележ.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ператварыцца ў што‑н., набыць іншы выгляд у многіх месцах. Валасы пабраліся сівізною. □ Вада шырока разальецца, І снег на кашу пабярэцца. Колас. Ад сонца, ад дажджоў фанера парэпалася, пабралася парахнявымі пухірамі. Лынькоў.
4. Абл. Пайсці, выправіцца куды‑н. І я, не чакаючы, калі адыдзе цягнік, памалу пабраўся назад, у вёску. Сачанка. Са слязамі на вачах, паўз сценку, старая .. пабралася ў сенцы. Жук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паро́ць, пару, пораш, пора; незак., каго-што.
1. Калоць, тыкаць чым‑н. вострым. — Капешка саломы на гумне стаяла, дык.. [немцы] шомпаламі яе поруць, партызан шукаюць. Сіняўскі. Каця прыкладам пачала пароць снег, выкапала нейкі каменьчык. Карпюк. // Разбураць, спорваць, зрываць. Пеця расказваў мне, як некалі пароў ён гнёзды на ліпах у былым панскім маёнтку. Мыслівец.
2. Разразаць ніткі, якімі што‑н. зашыта; распорваць, расшываць. Пароць старую адзежыну.
3. Разм. Бадаць. Каровы поруць адна адну.
4. Колючы, тыкаючы чым‑н., прымушаць вылезці адкуль‑н.; выпорваць. Да Толі з Алесем прыходзілі яшчэ Валодзя і Сцёпка, і разам яны паролі тых трусоў з малінніку тычкамі. Брыль. // Выганяць, праганяць. [Антось:] — Калі б мелі свой кавалачак зямлі, то.. — ніхто не пароў бы, з месца не гнаў бы. С. Александровіч.
•••
Глупства пароць — гаварыць, рабіць абы-што.
Пароць гарачку — рабіць што‑н. неабдумана, паспешліва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
партэ́р, ‑а, м.
1. Ніжні паверх звычайна тэатральнай залы з месцамі для гледачоў. Пражане любяць свой тэатр. Усе месцы, і ў партэры, і на ярусах, былі запоўнены. Мележ. // перан.; зб. Разм. Людзі, што займаюць гэтыя месцы. У тую хвіліну, калі зарагатаў партэр і калі Гогіберыдзе зразумеў у чым справа, — кроў прыліла да галавы, яго ахапіў гнеў. Самуйлёнак.
2. Адкрытая частка парку або саду, размешчаная звычайна на роўнай мясцовасці, аформленая газонамі, кветнікамі, вадаёмамі. Ад замка вялі ўніз травяныя партэры. Караткевіч.
3. У некаторых краінах — назва паверха над падвальнымі памяшканнямі; першы паверх. Што там! — яны не адчувалі нават цяжару таго, што валаклі неўзабаве з партэра на паверх: пры гэтай дзяўчыне раяль здаўся ім... от, нібы ложак які. Брыль.
4. Спец. Становішча ў спартыўнай барацьбе, калі барэц ляжыць на дыване або, стоячы па каленях, абапіраецца на дыван рукамі.
[Фр. parterre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.
1. Змяць, ператварыць у камяк. Скамячыць паперу. Скамячыць адзенне. □ Зіна з абурэннем скамячыла прачытанае пісьмо, кінула яго ў кут. Гамолка. Курачка скамячыў у руках кашулю, якую яшчэ не паспеў надзець. Чарнышэвіч. Ну што будзе, калі я скамячу з мякішу галачку і шпурну яе ў ночвы, дзе сястра будзе мыць бялізну? Грамовіч. // Шчыльна сціснуць, самкнуць; згарнуць. Хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў .. [Уладзю] за плечы. Чорны. — Вось якія яны [барозны] твае!!! — і ахоплены дзікай злосцю, Кузьма скамячыў здаровую фігу і з сілаю сунуў Петраку ў нос. Нікановіч.
2. перан. Сказіць, сапсаваць. Шум галасоў скамячыў.. словы [Карпуся]. Баранавых. Незнаёма-металічны тон рашучага загаду і кулямётная чарга адразу скамячылі ўсе яго гарачыя пачуцці. Паслядовіч. Аб’езд першага ўчастка не пагоршыў, не скамячыў таго радаснага настрою, які пакінуў пасля сябе другі ўчастак. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спу́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Спужаўшы, прымусіць пайсці, паляцець, пабегчы адкуль‑н. Над галовамі пралапатала чарада белых галубоў — нехта іх спудзіў. Гурскі. Я чую возера ўсплёскі: То сом прачнуўся на зары І спудзіў шчупака. Броўка. Увайшоў [бегемот] у чаротнік, спудзіў птушак, пачаў там валаводзіцца ды трашчаць. Маўр. Прытаіўся Гушчык, каб ваўка не спудзіць, і чакае ціха, што далей тут будзе. Дубоўка. / у перан. ужыв. Спудзіў трэск аўтаматаў Раніцой цішыню. Смагаровіч. // перан. Прымусіць знікнуць (які‑н. настрой, пачуццё і пад.). Што іх спудзіла сон, Што яны паглядаюць на захад? Танк.
2. Напалохаць, спужаць. І ўвесь народ ураз мятнуўся, І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла бы шчэпку ў перавале. Як бы хто іх тут страшна спудзіў. Колас. — Сватамі дзевак не спудзіш, — засмяялася.. [Аленка] і да мяне [Сені] прытулілася. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сту́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да стукнуцца.
2. Стукаючы (у дзверы, акно), прасіць дазволу ўвайсці куды‑н. [Пляменніца:] — Ноччу з’явіліся паліцыянты, доўга стукаліся. Машара. [Хлопчык:] — А дарогу замяло, дык усе стукаюцца да нас. Бажко. // перан. Спрабаваць знайсці доступ куды‑н.; хадзіць, звяртацца да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. просьбай. Калі жыхары Гарадоцкага павета, асабліва сяляне, кідаліся ў пошуках кавалка хлеба, то першым горадам, у вокны якога яны стукаліся, быў Піцер. Дуброўскі. Куды ні хадзіў бацька, да якіх начальнікаў ні стукаўся, нічога не памагала. .. Тады [у час вайны] ўсё было на вагу золата, і аконныя рамы таксама. Васілёнак. // перан. Даваць знаць пра сябе. У сэрца стукаюцца чыстыя, як неба, жаданні. Лынькоў. Яшчэ не ўсведамляў Жарнавік па-сапраўднаму сваёй трывогі, якая стукалася ў сэрца. Пестрак.
•••
Стукацца ў дзверы — звяртацца да каго‑н. з просьбай аб чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сусе́д, ‑а, М ‑дзе; мн. суседзі, ‑яў; м.
1. Чалавек, які жыве паблізу каго‑н. або побач з кім‑н. Потым Алік бліжэй «пазнаёміўся» з Леўкіным — яны сталі суседзямі, атрымаўшы сумежныя пакоі ў адной кватэры. Дадзіёмаў. Дзяцей з двара нікуды не выпускалі — каб яшчэ не надумаліся па суседзях хваліцца: «А наш татка дадому вярнуўся!» Васілевіч.
2. Той, хто займае месца, бліжэйшае да каго‑н. Фёдар Каваль сядзеў і ўсё паглядаў у акно, аж пакуль не прачнуліся суседзі па купэ. Хомчанка. Міхасёвым суседам справа, каля машыны № 7, стаіць Толя Касёнак. Брыль. Разам з .. [Толем] ішоў Міхась Прахарэвіч — яго лагерны дружбак і сусед па палаце. Якімовіч.
3. Дзяржава, мясцовасць, якія мяжуюцца з іншай дзяржавай, мясцовасцю, а таксама насельніцтва іх. Мае браты, мае суседзі, свабодны, новы польскі люд! Няхай жа песняй звонкай медзі красуе наша дружба тут! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што на каго-што.
1. Падняўшы што‑н. (звычайна цяжкае, грувасткае), пакласці, нагрузіць, наваліць. Узваліць мех на спіну. Узваліць куфар на воз. □ Сашка ўзваліў па плечы лодку, Вадзік узяў вёслы і вуды, і яны падаліся да возера. Гамолка. Чалавек дваццаць сялян, узваліўшы невад на сані, выходзіць на затокі. Колас. Павярнуўся [вознік], выскраб з-пад сябе сена і ўсё ўзваліў на Раю. Новікаў.
2. перан. Разм. Прымусіць выконваць якую‑н. работу, абцяжарыць работай. [Заранік:] — Мала паездак, дык на мяне яшчэ і сельгасаддзел узвалілі. Хадкевіч.
3. перан. Незаслужана абвінаваціць у чым‑н., прыпісаць каму‑н. што‑н. ганебнае. [Языковіч] узваліў на Зіну Дарошка бадай усю віну за недахопы ў брыгадзе. Кавалёў.
•••
Узваліць на плечы каго, чые, каму — тое, што і ускласці на плечы каго, чые, каму (гл. ускласці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)