спро́ба, ‑ы, ж.

1. Намаганне зрабіць што‑н. пры адсутнасці ўпэўненасці ў дасягненні поспеху. Партызаны спалілі мост і паспяхова адбівалі ўсе спробы ворага пераправіцца на гэты бераг. Шамякін. Нарэшце .. [Таццяна] зрабіла новую спробу зайсці ў пакой. Васілёнак. // Намаганне ажыццявіць што‑н. пры адсутнасці вопыту. Спробы збудаваць падводны човен мелі месца і ў Расіі. «Маладосць». // Першыя недасканалыя вынікі творчай дзейнасці. Канешне, толькі некаторая частка вясковых аўтараў падыходзіць так да сваіх літаратурных спроб. Чорны. Але як рэзка адрозніваюцца яны [кнігі] ад першых творчых спроб паэта! Бярозкін.

2. Праверка, выпрабаванне. Я распрацаваў праект пісталеціка і зрабіў адзін для спробы. Бядуля. Праз два дні павінна быць спроба лініі. Паслядовіч. // Праверка дакрананнем, на смак і пад. Ён [сейбіт] глядзеў гаспадарка, Браў на спробу рукою, Як ішло з малатарні. Быццам золата тое. Броўка. Андрэй Міхайлавіч .. прапусціў апісанне хэўсурскай джыгітоўкі, паездкі гасцей на Казбек .. і ў Кахецію для спробы славутых він. Самуйлёнак. [Паважны чалавек:] — Нясі, галубчык, мне якіх штук пяць [ракаў] на спробу. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусто́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Зруйнаваць, разбурыць, панесці матэрыяльныя страты. За гэты час .. вайна спустошыла ўсё, а жонку .. [чалавека] спалілі разам з домам. Караткевіч. [Ванэдык:] — Спустошыў жа злыдзень усё, адно вуголле ды бітую цэглу пакінуў. Кулакоўскі. // Разм. Давесці да галечы, беднасці; абабраць. [Карны атрад] арудаваў шмат дзён і выехаў пасля ўжо таго, калі спустошыў і ажабрачыў людзей. Чорны. // перан. Пазбавіць маральных сіл. зрабіць няздольным да актыўнага, творчага жыцця. [Лена:] — Не .. [Мікалай], а нехта чужы, нядобры. Госпадзі, .. як ён сябе спустошыў. Скрыган. Спрэчка з Віктарам спустошыла мяне. Савіцкі.

2. Зрабіць неўрадлівым (пра глебу); ператварыць у пустку. Снарады і бомбы ўсю .. [зямлю] перарылі, спустошылі, пакрылі чорнымі ды ржавымі выпалінамі. Мележ. [Бабуля:] — Трэці дзень не ем я. Гарачыня спустошыла нам землі. Дубоўка.

3. Разм. Знішчыць, звесці са свету. Спустошыць запасы. □ [Кулак Чыкілевіч] думаў аб розных бяздонных правалах зямлі, дзе калгасы асталююцца, аб заразе, якою б можна было б спустошыць усю скаціну ў калгасе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тара́н 1, ‑а, м.

Прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі (у ежу ідзе галоўным чынам у салёным і вяленым выглядзе).

тара́н 2, ‑а, м.

1. Старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены і якая мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам, прымацаваным ланцугамі на перасовачнай вежы. Сценабітны таран. // Спец. Выступ у насавой падводнай частцы баявога судна для нанясення ўдару па корпусу варожага судна. // Прылада, прадмет, якім можна разбіць што‑н., зрабіць прабоіну ў чым‑н.

2. Прамы ўдар, які робіць прабоіну.

3. Нанясенне ўдару носам карабля. вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою. Жыцця не шкадуючы, ворага гналі, Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі, — Вы [салдаты] білі таранам яго самалёты, Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі. Броўка.

4. Прарыў фронту і глыбокае ўкліненне ў размяшчэнне войск праціўніка, а таксама ўдарная група, якая выконвае гэты прарыў. Стратэгічны таран.

•••

Гідраўлічны таран — тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улюбёны, ‑ая, ‑ае.

1. Закаханы ў каго‑н. Калі салдаты пайшлі, Лёдзя, улюбёная на той момант у Пракопа, з нейкім асаблівым уздымам узялася за работу. Карпаў. // у знач. наз. улюбёны, ‑ага, м.; улюбёная, ‑ай, ж. Той (тая), хто закаханы ў каго‑н. [Патуцька:] — А гэты... улюбёны твой што — таксама на семінар? — Улюбёны? — дзяўчына ўскінула бровы і ўсміхнулася: Які ўлюбёны? Ці вы жартуеце? Ракітны. // Ачараваны, захоплены кім‑, чым‑н. Валодзька па-дзіцячы быў улюбёны ў.. [Корзуна], як у добрага казачніка. Кірэйчык. [Сакратар:] — Вёсцы трэба не проста людзі, а здольныя людзі, здольныя арганізатары, людзі, улюбёныя ў зямлю. Гаўрылкін.

2. Такі, якому аддаецца перавага ў параўнанні з чым‑н. іншым; аблюбаваны. Улюбёная страва. □ Простыя людзі, радавыя працаўнікі сталі ўлюбёнымі героямі паэзіі Броўкі. «Полымя». Гэта вуліца часта вадзіла Ільіча на Жураўліную горку — яго ўлюбёнае месца адпачынку. Сіпакоў. Маральная і філасофская алегорыя была ў Я. Коласа адным з улюбёных сродкаў мастацкага абагульнення жыццёвых назіранняў. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Застацца цэлым, непашкоджаным, не разбурыцца. Сяло ўцалела, не было відаць ніводнай спаленай хаты, каля сцен хат весела зелянелі клёна, ліпы і вастраверхія ігрушы. Мележ. Дом гэты, адзін з нямногіх у цэнтральнай частцы горада, уцалеў пасля варварскіх бамбардзіровак. В. Вольскі. // Аказацца ў наяўнасці, незрасходаваным. Пасядзяць, пагавораць людзі.. ды папросяцца за стол.. Якраз слоік баравічкоў ўцалеў, у гарлачыку мёду трохі. Гроднеў. // Не быць знішчанымі, згубленымі; зберагчыся. Захавалася вельмі мала сатырычных тэкстаў XVII стагоддзя.. Уцалела па некалькі спісаў «Прамовы Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». Казека. Яны [артысты] падаставалі з матчыных скрыняў, калі яна ў каго ўцалела, кашулі-вышыванкі, шаўковыя каснікі, фартушкі і кофтачкі. Няхай. // Застацца жывым, не загінуць. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі.. уцалелі. Гурскі. Адно думала [жанчына] і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі... М. Стральцоў. // Пазбегнуць чаго‑н., не падвяргацца чаму‑н. Уцалець ад суда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаму́т, ‑а, М ‑муце, м.

1. Частка вупражы, што складаецца з драўлянага каркаса (клешчаў), абкладзенага мяккім лямцам з унутранага боку (хамуцінай). — А конь на грэблі ў самай гразі распрогся: бацька гэтак засупоніў хамут, што супоня развязалася. Сабаленка. Спуджаны конь б’е ў хамут, прысядае на заднія ногі. Бажко.

2. перан. Разм. Пра якую‑н. абузу, клопаты, турботы. Карацей кажучы, [гаспадыня] прапануе мне зноў такі самы хамут, з такім самым, калі не большым, запасам смецця, бітай цэглы, рознага жалеззя... Дубоўка. [Гулякоў:] — Я паспытаў ужо. Жаніўся. Ведаю гэты мёд. Ведаю, што такое хамут на шыю. Кавалёў. // Прыгнёт, паднявольнае становішча. [Міхал:] — І гніся век, цярпі маўкліва, Пакінь ты ўсякую надзею Хамут з сябе зняць, дабрадзею! Колас.

3. Спец. Прыстасаванне кальцавой формы для змацоўвання, злучэння чаго‑н. Рысорны хамут.

4. Разм. груб. Некультурны, неадукаваны чалавек; хамула. Са мной Ігар нават гаварыць не хацеў — лічыў мяне проста вясковым хамутом. Сачанка.

•••

Біць у хамут гл. біць.

Запрэгчы ў хамут гл. запрэгчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хва́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Удалы, спрытны; маладзецкі. Пахмурна і ўрачыста выглядалі хвацкія хлопцы з пачэснага каравула. Лынькоў. [Клаўдзія Пятроўна:] — Я і не ведала, што ты [Харытон Ігнатавіч] ў мяне такі хвацкі прамоўца. Васілёнак.

2. Разм. Вельмі добры, слаўны. [Дзед:] — Кара цяпер добра здымаецца, свісцёлкі дужа хвацкія будуць. Рылько. Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі. Навуменка. // Вясёлы, заліхвацкі. З балалайкай у Андрэя заўсёды спалучалася ўяўленне шырокай вуліцы рускага сяла, хвацкай прыпеўкі. Пестрак. З прыемнасцю чуў, як падпяваў сабе гэты вясковы хвацкі танцор, слоў не знаходзячы ад весялосці. Брыль.

3. Разм. Спрытны, умелы. Хвацкія рукі ў дзеда. □ Паглядзеў пан на работу ды кажа: — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць, — і падаў Паўлюку сцізорык, дзе было многа ножыкаў і розных іншых прычындалаў. С. Александровіч.

4. Разм. Прыдатны для выкарыстання, ёмкі. Хвацкі рубанак. □ Даніла тым часам нікнуў за шафу і дастаў адтуль вельмі ж хвацкую кавеньку. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тут1 ‘у гэтым месцы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Мал., ТС, Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, Вруб., Федар. 4, Сержп. Прык.; докш., карэліц., Янк. Мат.); ‘у гэты час, тады’ (ТСБМ), ст.-бел. тутъ ‘у гэтым месцы’, ‘сюды’, ‘тады’, ту́то, ту́та ‘тс’ (ГСБМ). Укр. тут, рус. тут ‘тс’, стараж.-рус. тутъ ‘тут’, ‘там’, ‘пры тым’, ст.-рус. тутъ ‘сюды, у гэтае месца’, польск. дыял. tut ‘тут, тады’, ст.-чэш. і мар. tuť ‘тс’, славац. tuto, харв. tute ‘тут’. Прасл. *tu‑ъ/*tu‑to, *tu‑ta, утворанае ад прыслоўя *tu ‘тут, у гэтым месцы’, якое мае першапачатковую форму М. скл. адз. л. займенніка гэты’ (Борысь, 652) і ўказальнага займенніка (ta, to) (Фасмер, 4, 126; Праабражэнскі, 2, 22–23; Брукнер, 583; Махэк₂, 659; ESSJ SG, 697–698; ЕСУМ, 5, 686). Сюды ж: ту́тка ‘тут’ — тут, узмоцненае часціцай (суфіксам) ‑ка і яго варыянтамі (ашм., смарг., Сл. ПЗБ; ушац., Нар. лекс., ТС; в.-дзв., беш., ЛА, 2), ту́ткы ‘тс’ (драг., кобр., ЛА, 2), туцька ‘тс’ (полац., ЛА, 2); тут жа ‘адразу, без затрымкі’ (Юрч. Сін.); у складзе злучніка тут… тут ‘то… то’ (тут у зямлю рукі, тут к агню); ‘толькі’, ‘во… во’ (тут прывезлі швейныя машыны — тут разабралі) (Янк. 2); ту́та ‘ў гэтым месцы’, ‘тут’ (Нас., Бяльк., Яўс., Сцяшк. Сл., Гарэц.; в.-дзв., пруж., Сл. ПЗБ; лун., Шатал., ЛА, 2), ‘вось тут’ (Растарг.), туто (бяроз., ЛА, 2), ту́ты ‘тут’ (Нас.); прыслоўі, узмоцненыя часціцамі *‑ka/*‑ki: ту́така ‘тут’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 1, Скарбы, Ян.; калінк., З нар. сл., ПСл, Гіл., Сл. Брэс., Мат. Гом.; івац., Нар. сл., ЛА, 2; петрык., Яшк. Мясц.; люб., Жыв. НС; карэліц., докш., Янк. Мат., Сл. ПЗБ); ту́такі ‘тут’ (Ян.); ту́такі/ту́тэка ‘тс’ (Мат. Гом.), ту́тыка, ту́тыкі ‘тс’ (Яўс.); ту́тыка ‘вось тут’ (кобр., Нар. лекс.), ту́тэка ‘тут’ (пін., там жа), ту́тэка, ту́тока ‘тут’ (ТС), ту́тыка ‘тс’ (Сл. Брэс.); прыслоўі, узмоцненыя дзвюма (звычайна ласкальна-памяншальнымі) часціцамі (ці суфіксамі): ту́та‑ч‑ка, ту́ты‑ч‑ка, ту́тэ‑ч‑ка ‘тс’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), тута‑ч‑кі ‘тс’ (жытк., Мат. Гом.); ту́тачка, ту́тачкі, тутычка, тутычкі, тутъчка, тутэчкы (гродз., палес., ЛА, 2); тутацька ‘тс’ (бых., Яшк. Мясц.; круп., Сл. ПЗБ, Вушац. сл., Сцяшк. Сл., Жд. 3, Яўс.), ту́тыцька ‘тс’ (барыс., Сл. ПЗБ, Жд. 3, Яўс., Бяльк.), тутацькі ‘тс’ (бых., Мат. Гом.; талач., Шатал.), ту́тыцькі ‘тс’ (Яўс.), ту́тацькі, ту́тыцька, ту́тыцькі, ту́тыцікі, ту́тъцька (віц., маг., ЛА, 2), — адносна форм з цʼ Карскі (2–3, 69) меркаваў пра замену чʼ, а не тʼ, паколькі гэтыя формы вядомы толькі на поўначы Беларусі. Пацюпа (Arche, 2007, 3, 204) проціпастаўляе падзвінскае ‑цьк‑а падняпроўскаму ‑тк‑а; гэта датычыць, відаць, сцягнутай формы та́цька (ушацк., там жа), якое з ту́тацька і ту́цька ‘тс’ (полац., там жа). Да ласкальна-памяншальных адносяцца формы ту́тэнька (жаб., ЛА, 2), ту́танькі ‘тс’ (калінк., З нар. сл., Сцяшк. Сл.) і ту́тэнькі ‘тс’ (івац., Сл. Брэс.); з ва‑фармантам (з указальным значэннем) зафіксавана ту́това ‘тут, блізка’ (Клундук), тутакава ‘тс’ (Сцяшк. Сл.; свісл., Шатал.).

Тут2 ‘ мера, ступень’: вы так ядзіцё, што туту не знаеце (лёзн., Рэг. сл. Віц.). Няясна.

Тут3 ‘морва, Morus L.’ (Кіс.). З рус. тут ‘тс’, якое з цюркскіх моў: тур. tut, dut, азерб., тат., чагат. tut ‘тутаўнік’, апошняе з араб. tūt ‘тс’ (Фасмер, 4, 126; Міхельсон, 681; ЕСУМ, 5, 686).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адысці́, адыду́, ады́дзеш, ады́дзе; адышо́ў, -шла́, -ло́; адыдзі́; зак.

1. Пакінуць ранейшае месца; ідучы, аддаліцца ад каго-, чаго-н.

Ён адышоў ад вогнішча на ўзгорак.

2. разм. Пайсці, адправіцца куды-н.

Дзеці адышлі ў майстэрню.

3. Перамясціцца, аддаліцца (пра падзеі, з’явы прыроды і пад.).

Ваенная хваля адышла на захад.

4. перан. Падняцца ў якіх-н. адносінах на вышэйшую ступень.

Сын не далёка адышоў ад бацькі.

5. Пакінуць свае ранейшыя пазіцыі; адступіць.

Казакі зняліся з пазіцыі і адышлі за Нёман.

6. перан. Перастаць займацца якой-н. справай, пакінуць ранейшы занятак; адхіліцца ад ранейшага кірунку ў рабоце, гутарцы, разважаннях і пад.; парваць сувязь з кім-, чым-н.; зрабіцца далёкім, чужым для каго-, чаго-н.

А. ад тэмы размовы.

А. ад літаратуры.

А. ад спраў.

7. Адстаць, аддзяліцца, перастаць шчыльна прылягаць да чаго-н.

Завесы адышлі.

8. Дайсці да звычайнага, нармальнага стану; перастаць хварэць, адчуваць недамаганне; зрабіцца зноў адчувальным, рухомым (аб змерзлых, здранцвелых частках цела); супакоіцца, прыйсці ў сябе пасля зведанага перапалоху, гневу, хвалявання і пад.

Янка ўжо адышоў ад разгубленасці.

Малая ўжо за гэты час адышла, адужала.

Рукі сагрэліся і адышлі.

9. Перайсці ва ўласнасць каго-н. другога.

Дом адышоў сыну.

10. Закончыцца, мінуць, перастаць існаваць; зрабіцца гісторыяй, мінуўшчынай, легендай.

Жніво адышло.

11. разм. Перастаць дакучаць, турбаваць.

Адыдзі!

Адысці на задні (на другі план) — страціць актуальнасць, стаць другарадным.

Адысці ў нябыт (у мінулае) — не астацца ў памяці людзей.

|| незак. адыхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. адыхо́д, -у, М -дзе, м.; прым. адыхо́дны.

Адыходны промысел (уст.) — часовая, сезонная работа сялян па-за вёскай.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Па́сма, па́смо, па́сьмо ’некалькі нітак ці валокнаў, складзеных уздоўж’, ’трыццаць нітак’, ’пучок валасоў’ (ТСБМ, Маш., Шат., Касп., Бяльк., Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС; слуц. КЭС), ’змятая жменя льну’ (Яруш., Бес., Уладз., Мядзв.), ’галун’ (Яруш.), ’12 пар нітак у кроснах’ (КЭС, лаг.), каслаўка, пучок’ (КЭС, лаг.; Ян.), ’мера палатна ў шырыню’ (кобр., Сл. Брэс.; Ян.), глус. па́сьмяне ’трыццаць нітак’ (Янк. Мат.). Укр. па́смо, рус. пасмо, пасманка, пасменка, па́сменный, пасмёнок, пасменник, польск., н.-, в.-луж. pasmo, чэш., славац. pásmo, славен. pásmo, серб.-харв. па̏смо, макед. пасмо́, балг. пасмо́. Паводле Фасмера (3, 212), прасл. pasmo, якое з’яўляецца роднасным да лат. puõsms, puõsmis ’прасла ў плоце’. Трубачоў (Ремесл. терм., 102–103) лічыць, што прасл. pasmo — другасная форма ў адносінах да больш поўнай pasmę (Р. скл. pasmene), а лат. puõsms ’дробка льну, адбеленая ад кудзелі’, як і літ. põsmas ’пасма’, запазычаны са слав. моў. Адносна апошняга гэтаксама мяркуе і Махэк₂ (436). Аткупшчыкоў (Из истории, 260) сумняваецца ў старажытнасці суфікса ‑*men‑ у гэтым слове і лічыць, што рус. пасменка — больш позняе паводле свайго ўтварэння з другасным суфіксам ‑men‑. Аднак гэтаму, відаць, супярэчыць і наяўнасць бел. глус. па́сьмяне. Адносна этымалогіі прасл. pasmę (< *patsmnen) Трубачоў (Ремесл. терм., 102) выказвае дапушчэнне яго роднаснасці з герм. *faþma‑ ’пэўная колькасць пражы’ (> ст.-в.-ням. fadum, суч. ням. Faden ’нітка’) < і.-е. *pet‑/*pot‑. Іншыя ў якасці роднасных прыводзяць ст.-іран. afsman‑ ’верш (у гатах), вершаваны радок’, пачатак якога afs‑ узыходзіць да pas‑. Гэты корань у авесце азначае ’блытаць; путаць, умацоўваць адно на адным’ (Махэк₂, 436).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)