заця́ць, затну, затнеш, затне; затнём, затняце; пр. зацяў, ‑ла, ‑ло; зак., што.

1. Заціснуць, сцяць. Зацяць зубы. Зацяць вусны. □ Маці будзіць жаць, Але сон зацяў твае павекі... Глебка. // перан. Затаіць у сабе, у душы. Відавочна было, што пытанне гэтае, аб якім з самага пачатку ўсе думалі, турбаваліся.., прымусіла цяпер усіх зацяць у душы балючы, трывожны сум. Быкаў. // перан. Прыпыніць, сцішыць, зрабіць нячутным (дыханне). Іван зацяў дыханне, стараючыся як найлепей пацэліць, і, трошкі не падпусціўшы сабаку да каменя, стрэліў. Быкаў.

2. Пазбавіць магчымасці дыхаць, гаварыць. Увайшоўшы ў бацькаў пакой, .. [Сашка] не выгаварыў ні слова, быццам паралюш зацяў яму мову. Чорны. / у безас. ужыв. Вада была такая халодная, што ў Ніны зацяло дыханне. Мележ. // безас. Разм. Адняць мову, голас. Бабы змоўклі адразу, як зацяло ім. Чорны.

•••

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) — нічога няма, няма чым заняцца. [Сярмяжка:] — Паглядзеў я, хлопча, што сумна табе, няма за што рукі зацяць. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Кружок з дрэва, косці, пластмасы (звычайна белага або чорнага колеру), прызначаны для гульні на спецыяльнай дошцы.

2. толькі мн. (ша́шкі, ‑шак). Гульня па пэўных правілах на дошцы з 64, 100, 144 светлых і цёмных клетак кружкамі адпаведнага колеру паміж двума праціўнікамі. Клопікаў пасля вячэры іграў у шашкі са сваім старым дружбаком. Лынькоў.

3. Разм. Пра тое, што мае форму, узор клетак. Рысунак у дробную шашку.

4. Кубік спрасаванага выбуховага рэчыва. Піраксілінавая шашка. Дымавая шашка. □ Падрыўнікі заклалі шашкі, па камандзе падпалілі кароткія бікфордавыя шнуры і адбегліся ў адхон. Краўчанка.

ша́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Халодная зброя ў выглядзе доўгага, злёгку сагнутага клінка (у адрозненне ад шаблі мае не металічныя, а скураныя ножны). Закашляўся Максім, кракнуў, бы гусь, стараста, а ўраднік паправіў ля боку шашку ды разгладзіў далоняй вусы. Каваль.

[Ад кабард. sešxo.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

война́ прям., перен. вайна́, -ны́ ж.;

Вели́кая Оте́чественная война́ Вялі́кая Айчы́нная вайна́;

Пе́рвая мирова́я война́ Пе́ршая сусве́тная вайна́;

Втора́я мирова́я война́ Друга́я сусве́тная вайна́;

справедли́вая освободи́тельная война́ справядлі́вая вызвале́нчая вайна́;

несправедли́вая захва́тническая война́ несправядлі́вая захо́пніцкая вайна́;

объяви́ть войну́ аб’яві́ць (абвясці́ць) вайну́;

быть в состоя́нии войны́ быць у ста́не вайны́;

развяза́ть войну́ развяза́ць вайну́;

холо́дная война́ хало́дная вайна́;

гражда́нская война́ грамадзя́нская вайна́;

экономи́ческая война́ эканамі́чная вайна́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Меч1 (м. р.) ’старадаўняя халодная зброя’ (ТСБМ, Яруш.), (ж. р. — Рам. 5; швянч., Сл. ПЗБ; Нар. Гом., ТС). Укр. меч і міч, рус. меч, перм. мечо́, ст.-рус. мечь, польск. miecz, н.-луж. mjac, в.-луж. mječ, чэш., славац. meč, славен. mȅč, серб.-харв. ма̏ч, макед., балг. меч, ст.-слав. мечь. Прасл. mečь і mьčь, якія разглядаліся як запазычанне з гоц. *mēkeis (гоц. mēki — В. скл.), ст.-ісл. mϰ kir, ст.-англ. méce, ст.-сакс. mâki (Міклашыч, Fremdw., 112; Мее, 110, 184; Вондрак, Vergl. gr., 1, 62), як роднасныя з лац. mactō, ‑āre ’забіць, зарэзаць’ (Торп, 303), са ст.-грэч. μάχη ’бітва’ (Младэнаў, 295), з ірл. machtaim (Вальдэ-Гофман, 2, 4). Фасмер (2, 612–613) дапускае запазычанне слав. і гоц. слоў з адной, невядомай нам крыніцы; Мартынаў (Лекс. взаим., 217–218) дапускае магчымасць запазычання з Блізкага Ўсходу праз каўказскія мовы (пры цюркскім пасрэдніцтве), параўн. дзідойск. mačʼa ’шабля’, куанадск. mīča ’кінжал’, груз. maχva ’востры меч’ і інш., ст.-грэч. μάχαιρα < ст.-яўр. mekērā(h). Сюды ж ме́чнік ’мечаносец’, ’рамеснік, які вырабляў мячы’ (ТСБМ), ст.-рус. мечьникъ (гл. Львоў, Рус. и слав. языкозн., 1972, 180).

Меч2, мечы́ны ’плоская дошчачка ў пачатку і на канцы драбіны’, ’папярочныя перакладзіны ў драўлянай баране’ (Смул.), укр. валынск. ме́чики ’лёстачкі ў драбіце’. Да мыч (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

та́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца тайнай для каго‑н., які скрываецца ад іншых, вядомы нямногім. Першая тайная сустрэча з бацькам парушыла спакой, стрэмкай увайшла ў сэрца. Карпаў. Адна ў цябе сяброўка І друг табе адзін — халодная вінтоўка, Надзейны карабін. Вазьмі яго і дбайна, Як будзе цішыня, Схавай у месцы тайным Да заўтрашняга дня. Глебка. // Які дзейнічае скрыта, замаскіравана. Тайны вораг. □ Прайдзіся ж ты, сціплая песня, па мужных слядах Смалячкова, Па снайперскіх тайных засадах, па плошчах і шумных палях. Броўка. // Які скрываецца ў душы, не паведамляецца нікому. Дзесяцігодку я закончыў з тайнай надзеяй вучыцца на кінаакцёра. Асіпенка. Кожнаю вясенняю парой Я выходжу з тайнаю надзеяй На шляхі і на прасторы ніў. Танк. // Такі, узнікненне, паходжанне якога незразумела, неўсвядомлена. Тайнае прадчуванне.

2. Загадкавы, таямнічы. Тайнае знікненне дакументаў. □ Я зразумеў увесь тайны сэнс .. слоў, кінутых ім [Усцінычам] ноччу, у лесе, у засадзе. Лынькоў.

3. Звязаны з сакрэтнасцю. Тайны дагавор. // Прызначаны для вядзення сакрэтных спраў, сакрэтны. Тайная паліцыя. Тайны агент.

•••

Тайнае галасаванне гл. галасаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; пр. узлез, ‑ла; заг. узлезь; зак., на што.

1. Залезці, узабрацца на што‑н. высокае, на верх, на паверхню чаго‑н. Узлезці на тэлеграфны слуп. Узлезці на рыштаванні. Узлезці на самы верх. □ Рыгор спрытна схапіў рэчы і ўзлез на заднюю пляцоўку задняга вагона. Гартны. Вязень узлез на столік, што стаяў пад акенцам, узяўся рукамі за краты, упёрся ў іх галавой і, прагна глядзеў на турэмны двор. Таўлай. // перан. Падняцца ўверх (па службе і пад.). А хацеў лічыцца Ён [Цярэшка] тузом у трэсце. Як жа падлаўчыцца — На пасаду узлезці. Гілевіч.

2. Разм. Надзецца, налезці (пра адзенне, абутак). Вот узлез на нагу. □ Прымяраю, ці ўзлезе на плечы Ватоўка, кашуля. Куляшоў.

3. Разм. Наступіць на што‑н. Андрэй не ведаў, куды падзецца ад сораму. Ён баяўся сустрэцца позіркам з Зояй, а тут па табе — на нагу ўзлез. Хадановіч.

4. Разм. Ступіць, уз’ехаць куды‑н. [Грасыльда:] — Вясна сёлета была халодная, дажджы. На поле не ўзлезеш. А сеяць — сёй. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штык 1, ‑а, м.

1. Халодная колючая зброя ў выглядзе вялікага нажа, якая насаджваецца на канец ствала вінтоўкі, карабіна, аўтамата. Дзям’ян яшчэ раз нырнуў штыком.. [ворага] ў грудзі і, забраўшы зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. Напарнік тым часам вырваў штык з кудзелі, адступіўся ў сенцы, завярнуў вінтоўку штыком наперад і рынуўся ў хату. Лецка. // перан. Ужываецца для абазначэння ваеннай сілы як сімвал яе. Браты, мы ведаем — Няроўнае змаганне: Супроць вас штык, Астрогі, катаванне. Колас. Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі. // У спорце — плоская сталёвая пласцінка з шляпкай ці цыліндрам на тонкім канцы, якая надзяецца на ствол стрэльбы, карабіна. Фехтаванне на штыках.

2. Спец. Узброены баец, салдат (ужываецца як адзінка падліку пяхоты). Як атрад партызанскі ішоў з баёў, Небагата ў атрадзе было штыкоў: Хто скалечаны, Хто паранены... Лужанін.

•••

Прымкнуць штык гл. прымкнуць.

Падняць (узняць) на штыкі гл. падняць.

Сустрэць (прыняць) у штыкі гл. сустрэць.

Як штык — поўнасцю, зусім (гатовы да чаго‑н., здаровы і пад.).

[Ад польск. sztych.]

штык 2, ‑а, м.

Спец. Асобы марскі вузел пры звязванні тоўстых вяровак, канатаў.

штык 3, ‑а, м.

Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хоць.

1. злуч. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў знач.: нягледзячы на тое, што.

Х. было ўжо позна, ніхто не спаў.

Х. прыпякала сонца, вада ў рэчцы была халодная.

2. злуч. уступальны (звычайна ў спалучэнні з загадным ладам або інфінітывам). Ужыв. ў пачатку даданых сказаў, у якіх выказваецца дапушчэнне, вызначаецца крайняя мяжа, ступень праяўлення чаго-н., магчымасць якога-н. выніку.

Нікога не слухае, х. ты яго забі.

3. злуч. уступальны. Ужыв. пры супастаўленні сказаў або членаў сказа з узаемным выключэннем.

Бабка х. старая, але рухавая.

4. злуч. супраціўны. Указвае на абмежаванасць таго, аб чым гаворыцца; па знач. набліжаецца да злучнікаў «аднак», «але», «між тым».

Купіў, х. непатрэбна.

5. часц. ўзмацн.-вылуч. Ужыв. ў знач.: самае меншае, ва ўсякім выпадку.

Раскажы х. коратка пра сябе.

6. часц. ўзмацн.-абмежавальная (звычайна ў спалучэнні з часціцай «бы»). Ужыв. ў знач.: нічога больш, акрамя гэтага, усяго толькі.

Х. бы крыху пацяплела.

Х. бы раз глянуць на яе.

7. часц. ўзмацн. Ужыв. ў знач.: нават, няхай нават.

Я х. заўтра гатова ў дарогу.

8. часц. вылуч. Ужыв. ў знач.: напрыклад.

Калі ты х. вернешся?

9. часц. ўзмацн. (у спалучэнні з неазначальным займеннікам і прыслоўем). Ужыв. ў азначальным знач.: любы, усякі, у любое месца, у любы час.

Я цяпер х. што з’ем.

Ён цяпер х. куды паедзе.

Хоць бы і так — няма нічога дрэннага ў чым-н.

Хоць бы што каму (разм.) — ніяк не рэагуе, не звяртае ўвагі на каго-, што-н.

Хоць куды, у знач. вык. (разм.) — вельмі добры, выдатны ва ўсіх адносінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сту́дзень1 (студзѣнь) ‘сцюжа, холад’ (Шымк. Собр.), сту́дэнь ‘холад на дварэ’ (малар., Цыхун, вусн. паведамл., ст.-бел. студень ‘тс’: з велѣкое стꙋдени (XVI ст., Карскі 2–3, 40). Параўн. укр. сту́дінь ‘сцюжа’, стараж.-рус. студень ‘холад’, серб.-харв. сту̏ден ‘сцюжа, холад’, ст.-слав. стоудень ‘холад’. Прасл. *studenь ‘холад, сцюжа’, абстрактны назоўнік, утвораны ад дзеепрыметніка залежнага стану *studenъ з папярэдняй заменай першаснай асновы на ‑ĭ‑ ж. р. асновай на ‑ja‑ (Борысь, Etymologie, 335). Гл. сцюдзёны.

Сту́дзень2 ‘першы месяц года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Стан., Некр. і Байк.), ‘снежань’ (Нас., Байк. і Некр.). Параўн. укр. сту́дзень ‘снежань’, серб.-харв. сту̀дени ‘лістапад’. Гл. студзень1.

Сту́дзень3 ‘калодзеж’ (Нас.), сту́дзін ‘тс’ (Бяльк.), студзянцы́ ‘месца на балоце, дзе заўсёды халодная вада’ (глус., КЭС), ст.-бел. студенецъ ‘калодзеж, студня’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. студени́ця ‘крыніца’, дыял. сту́день ‘тс’, рус. студене́ц ‘крыніца; калодзеж’, польск. studzienka, чэш. studánka, дыял. studánec, серб.-харв. студе́нац, славен. studénec, sdenz, sdȇnec, балг. студене́ц, макед. студенец, ст.-слав. стоуденьць ‘крыніца’. Прасл. *studenьcь ‘крыніца’, *studenъka, г. зн. ‘студзёная крыніца’, што ўтворана ад дзеепрыметніка *studenъ < *studiti ‘студзіць’, параўн. халадні́к ‘крыніца халоднай вады, якая выбіваецца з-пад зямлі’ (Сцяшк.). Гл. Фасмер, 3, 787; Бязлай, 3, 337. Сюды ж студзяні́к ‘міфічны дух, які жыве ў студні ці ў сажалцы’ (Сцяшк. Сл.}.

Сту́дзень4 ‘квашаніна’ (ТСБМ, Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Пятк. 2, Сцяшк., Жыв. сл., Нар. лекс., ЛА, 4), сту́дзіна ‘тс’ (ТСБМ), сту́дзяніца, сту́дзянь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), студзяні́на ‘тс’ (З нар. сл., Жыв. сл.), студзёнка ‘тс’ (Сцяшк.), сьцю́дзень ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп.). Параўн. укр. студелина, студе́не́ць ‘тс’, рус. сту́день ‘квашаніна’, польск. дыял. studzielina, studzenina, studzieniec ‘тс’, славац. дыял. stuďenina, stuďeno ‘тс’ і інш. Да *studiti ‘студзіць’, гл. наступнае слова. Параўн. сту́дня, засту́да, засту́дзі́на ‘квашаніна’ (Бел. дыял.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

я́драны, ‑ая, ‑ае.

1. З буйным спелым ядром. У старых хвоях ёсць такія ўтульныя дуплы, што можна назапасіць сухіх ядраных арэхаў на дзве зімы. Кандрусевіч.

2. Буйны, пруткі, сакавіты (пра зелень, плады і пад.). Такароўшчына славілася на ўсю ваколіцу найлепшым збожжам — чыстым і ядраным. Бядуля. [Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду. Сачанка. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

3. Здаровы, моцны, мажны (пра чалавека). Дзявочасць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суровая з арыгінальнымі замерамі — у Наталі. Гартны.

4. Свежы, халаднаваты, падбадзёрлівы (пра паветра, надвор’е). У пакой рынула ядранае марознае паветра — на дварэ панавала зіма, быў пачатак снежня. Васілёнак. / Пра ноч, раніцу і пад. Ноч была халодная, ядраная, як заўсёды бывае пасля жніва. Лынькоў. А жнівеньскія ночы былі ўжо ядраныя, асабліва пад раніцу. Сабаленка.

5. Грубаваты, але яркі і выразны; салёны (пра слова, мову і пад.). Лаянка яго [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю, рассыпаецца круглымі ядранымі словамі пад парасонамі высозных вязаў і ліп. Колас. Лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з .. [дзедавых] вуснаў. Бядуля. // Чысты, гучны (пра голас, гукі і пад.). — Во, во, — ядраным смехам падхапіў Мяжэнны. Гроднеў. У гэтым месцы і днём і вечарам было рэха — ядранае і чыстае. Пташнікаў.

6. Вельмі моцны, надзвычайны (па ступені праяўлення сваіх якасцей). Вось паволі ўсплывала ў памяці аблітая месячным святлом таполя, а вось нібыта Марына схілілася да Васіля, і такі яркі за вуліцай выган у маладым і ядраным бляску. М. Стральцоў. Яму прыемна было тут гэтак, як некалі, піць ядранае пітво, мелькам праглядаць газету. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)