ску́ла 1, ‑ы, ж.

1. Адна з парных касцей чэрапа, размешчаная ніжэй вочніцы над верхняй сківіцай твару, а таксама адпаведная частка твару. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Увесь гэты чалавек, выраз яго твару, вострыя скулы, гарачы тон прамовы нечым прываблівалі. «Маладосць». Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Брыль.

2. Спец. Выгіб корпуса судна ў тым месцы, дзе борт, закругляючыся, пераходзіць у днішча.

ску́ла 2, ‑ы, ж.

Гнойны нарыў, фурункул. Пан доўга ганяўся за зайцамі, крычаў на ўсё горла супраць ветру, вось і села яму скула ў горле. Якімовіч. [Вацік:] — Дык нельга ж цярпець такі боль: скулу трэба выціснуць, а рану загаіць. Баранавых.

•••

Гадзіць як благой (ліхой) скуле гл. гадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усту́п 1, ‑а, м.

Частка чаго‑н., якая адступае ад асноўная лініі, утвараючы ступень, выемку. Уступ катлавана. Уступы гор. □ Ля невялікага віру, які пераходзіць у доўгую затоку, [мы] спыніліся, аглядаючы кожны ўступ ля берага. Ігнаценка. Па другі бок.. [вуліцы], там, дзе канчаецца асфальт, не крута, а ўступамі, штораз усё ніжэйшымі, пачынаецца спуск да Дняпра. Палтаран.

усту́п 2, ‑у, м.

Пачатковая частка кнігі, артыкула, музычнага твора і пад., уводзіны да чаго‑н. Уступ да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». □ Уступ [Трэцяй сімфоніі Р. Пукста] пачынаецца магутнай, моцнай па гучанню кароткай завершанай тэмай. Дубкова. І Міхась па .. голасу [маці] здагадаўся: гэта толькі ўступ, а галоўнае — наперадзе. Сіўцоў. // Прадмова, уступнае слова. Ян Дрда, папрасіўшы ўвагі, у кароценькія ўступе сардэчна, па-сяброўску вітае нас — беларускіх таварышаў. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́йность

1. кра́йнасць, -ці ж.;

переходи́ть из одно́й кра́йности в другу́ю перахо́дзіць з адно́й кра́йнасці ў і́ншую;

кра́йности схо́дятся кра́йнасці сыхо́дзяцца;

впада́ть в кра́йность упада́ць у кра́йнасць;

до кра́йности да кра́йнасці;

в кра́йности у кра́йнім вы́падку;

2. (тяжёлое положение) ця́жкае стано́вішча; (беда) бяда́, -ды́ ж.;

быть в кра́йности быць у ця́жкім стано́вішчы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Перасту́п1 ’парог у хаце’ (віц., Нік. Очерки; Касп.). Ад пераступі́ць, да пера- і ступа́ць (гл.). Лексема супрацьпастаўлена слову парог (< *porgъ), гл.; апошняе ўжывалася для наймення падрубаў: у дзвярной сцяне падруба рабілася з тоўстага (да 50 см таўшчынёй) камля дрэва (параўн. лац. līmen ’парог’ — літ. liemuõ ’ствол дрэва’), каб засцерагчы хату ад пранікнення ў яе свойскіх птушак, земнаводных і інш. гнюсу, снегу, вільгаці, а з хаты — малых дзяцей (Махэк₂, 478). У гэтым выпадку пераступ — мяжа, што аддзяляе сваё ад чужога, добрае ад злога, параўн. польск. przestąpić próg ’выйсці на двор’ > ’выехаць з айчыны’, рус. преступник ’злачынца’. Сюды ж пераступіць ’схадзіць’ (добр., Мат. Гом.).

Перасту́п2, перасту́пнік ’пярэступ, Bryonia alba L.’ (віц., гродз., Кіс.), перастук ’расліна, падобная да хмелю, абвівае платы; у яе корань, як у бульбіны ці бручкі; яго даюць карове ’як спорацца” (каб давала больш малака)’ (ТС), укр. переступень, рус. переступень, uoRbZK. przestąp, чэш. мар. pristup ’тс’. Расліна з’яўляецца чарадзейнай, небяспечнай для розуму і душы. У яе корані знаходзіцца нячыстая сіла — так меркавалі, зыходзячы з формы яе кораня. На сёмы год з кораня выходзіць, выступае д’яблянё, пераходзіць на каго-небудзь (Махэк, Jména, 227). Да пера- і ступаць (гл.), параўн. перастойны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вандрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Падарожнічаць, рабіць падарожжа. Трэба часцей вандраваць па роднай краіне, трэба больш яе вывучаць! В. Вольскі. // Разм. Доўга хадзіць, ездзіць дзе‑н.; блукаць. Кожны дзень пасля школы.. [вучні] вандравалі па мястэчку. Чарнышэвіч. Усюды ў прысадах зелянелі ўжо вербы, за вёскаю на паплавах, у лужынах вады, вандравалі даўганогія буслы. Лупсякоў. // Разм. Пераходзіць ад аднаго да другога, з аднаго месца ў другое на працягу доўгага часу (аб прадметах, з’явах і пад.). З вуснаў у вусны вандравала навіна [аб прыездзе гасцей]. Бядуля.

2. Жыць, часта мяняючы месца жыхарства, пастаянна перамяшчацца; бадзяцца. Калектыў увесь час «жыў на калёсах», вандраваў па вёсках і мястэчках. «ЛіМ». Каб зарабіць, я летам з бацькам Па розных вёсках вандраваў. Журба.

3. Весці неаселы спосаб жыцця, пераязджаць з месца на месца; начаваць. Першабытныя людзі не мелі сталага жыхарства і ўвесь час вандравалі з месца на месца групамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэманстра́цыя, ‑і, ж.

1. Масавае шэсце для выражэння якіх‑н. грамадска-палітычных настрояў. Першамайская дэманстрацыя. Дэманстрацыя пратэсту супроць вайны. □ Рабочыя пачынаюць пераходзіць ад эканамічных стачак да стачак палітычных, да арганізацыі палітычных дэманстрацый пад баявым лозунгам «Далоў самадзяржаўе!». «Полымя».

2. Нагляднае азнаямленне з чым‑н., публічны наказ чаго‑н. Дэманстрацыя кінафільмаў. Дэманстрацыя экспанатаў на выстаўцы. Спалучыць тлумачэнне з дэманстрацыяй доследаў.

3. Дзеянні, учынкі і пад., якія выражаюць пратэст супроць каго‑н.; задзірлівыя паводзіны. Гэта выйшла, як і хацеў таго Гунава, падкрэслена непрыязна. Але Сімон, які зразумеў дэманстрацыю Гунавы, зрабіў такі выгляд, што нічога непрыемнага ў гэтым для сябе не бачыць. Самуйлёнак. Гутарка брала прыкры напрамак. У ёй гучала ўскосная дэманстрацыя супроць Рыгора. Гартны.

4. Праяўленне, сведчанне чаго‑н. Выбары ў Саветы з’яўляюцца велічнай дэманстрацыяй адзінства і згуртаванасці савецкага народа.

5. Ваенная аперацыя, якая мае на мэце адцягнуць увагу праціўніка ад месца галоўнага ўдару.

[Ад лац. demonastratio — паказванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імгла́, ‑ы, ж.

1. Ападкі ў выглядзе вельмі дробных кропелек вільгаці; імжа. Над хатай Біруковых шумела рабіна, бо вецер пабольшаў і восеньская імгла пачынала пераходзіць у дробны дождж. Кулакоўскі. Імгла дробнымі кропелькамі асядала на суконную світку, на шапку, на твар. Чарнышэвіч. // Крышталікі інею ў паветры, дробны снег. Марозная імгла. □ Час прыйшоў ўставаць, пачынала світаць. За мяцельнай трухою дарог не відаць. Як развітваўся з ёй, снег сляпіў іх імглой. Куляшоў.

2. Пялёнка туману, дыму, пылу; смуга. А магчыма, тут і сапраўды стаяла імгла з выпарэнняў і пылу. Карпаў. Мы багну ўздымалі з адвечнай дрымоты, Каналамі рэзалі нетры балотаў — І з тванню знікала туманаў імгла. Броўка.

3. перан. Пра тое, што перашкаджае добра бачыць, успрымаць навакольнае. Стаіць пастух, А вочы наліваюцца імглой... Танк. // Выраз смутку, задуменнасці на твары, у вачах і пад. Накрыла ясны твар дзявочы Задумы сумная імгла. Багдановіч.

4. перан. Пра што‑н. невыразнае, незразумелае, забытае. З імглы ўспамінаў ўстаюць: Пакінутыя лес і нівы, Дзе хмары над рачным абрывам Чаўнамі белымі плывуць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турбо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які турбуецца аб кім‑, чым‑н., клапоціцца пра каго‑, што‑н. Турботы чалавек. / у паэт. ужыв. Турботны родны дом Шчаслівых не пабудзіць. Голуб. // Які адлюстроўвае неспакой, хваляванне. Цімох углядаецца, пазірае пільней .. З яго твару сходзіць турботная заклапочанасць, проблескі дзікай радасці праменяцца ў яго цёмных бліскучых вачах: з высокай вежы палаца .. паплыў борзда ўгору белаваты дым. Колас. Белы колер халата і шапачкі .. вельмі ж неяк ідзе да .. вялікіх, чорных, .. турботных вачэй [Ганны Пятроўны]. Брыль.

2. Напоўнены рознымі турботамі, неспакойны. Сёння ў Машы вельмі турботны дзень: трэба спакаваць хатнія рэчы, бо заўтра досвіткам выязджаюць! Гроднеў. Прыемна і самому заадно з .. [Януком] яшчэ разок перакінуцца ў думках туды, дзе прайшло яго [Васіля] хоць і цяжкае, турботнае, але навек незабыўнае маленства. Кулакоўскі. Так уваходзіць юнак Аляксандр Віташкевіч у жыццё. Цяжкае, але прываблівае. Турботнае, але сваё, кроўнае, роднае — рабочае жыццё. Кавалёў. // Які выражае, выяўляе турботу. — А жыццё? Жыццё доўгае наша? — пераходзіць [Эльга] на трапяткі і турботны шэпт. — Бачу, назаўсёды ідзеш, нядобры твар у цябе. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свой1 займ. ‘які належыць сабе, уласцівы сабе, мае адносіны да сябе, уласны’, ‘які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. свій, рус. свой, польск. swój, в.-луж., н.-луж. swój, чэш. svůj, славац. svoj, серб.-харв. сво̑ј, славен. svoj, балг. свой, макед. свој, ст.-слав. свои. Прасл. *svojь ‘свой’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. swais, swaia ‘свой’, літ. sãvas, лат. savs ‘тс’, ст.-в.-ням. swîo, geswîo ‘брат жонкі, цесць, сваяк’ < *svei̯o‑, ст.-інд. svás ‘уласны’, авест. xva‑, hva‑, ст.-перс. uva‑ ‘тс’, грэч. ‘сябе’, гоц. swes ‘уласны’, ст.-лац. sovos, лац. suus ‘тс’; гл. Траўтман, 251 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 792; Майргофер, 3, 566. Да і.-е. *su̯o‑ ‘свой’; гл. Борысь, 590; Сной₁, 625; агляд літ-ры гл. Фасмер, 3, 583; Шаўр, Etymologie, 38–39. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1392–1393; БЕР, 6, 562–563. Параўн. таксама формы без ‑в‑: ст.-слав. себе (гл. сябе).

Свой2 ‘скрутак, трубка выбеленага палатна’ (Сцяшк., Жд. 2, Сержп., З нар. сл.; браг., Нар. сл., ТС, Ян., Мат. Гом., Скарбы), сво́ец ‘тс’ (гарад., Сл. ПЗБ), ‘мера самаробнай тканіны’ (Інстр. 3), свуй ‘трубка палатна’ (стол., Нар. лекс.). Ад *свіць ‘звіць’ < віць; відаць, паходзіць з гаворак, дзе прыстаўка с‑ не пераходзіць у з‑. Параўн. сувой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мяжа́, ‑ы; мн. межы, ‑аў; ж.

1. Вузкая палоска неўзаранай зямлі паміж двума палеткамі. Межы дзялілі поле праз кожную палосу. Даніленка. За гумном, па мяжы ішлі мужчыны і гаманілі. Нікановіч. // Прыродная або ўмоўная лінія падзелу паміж асобнымі ўчасткамі, уладаннямі. Гэты бераг [ракі] можна было лічыць мяжой, за якой пачыналіся лясныя абшары. Маўр. [Маша і Васіль] перайшлі мяжу, якая раздзяляла землі іх калгасаў. Шамякін.

2. Пагранічная лінія паміж сумежнымі дзяржавамі; граніца. Недалёка была дзяржаўная мяжа, і празрыстымі адвячоркамі бачыў я сілуэты коннікаў-пагранічнікаў. Мікуліч. // перан. Аб чым‑н., што дзеліць, аддзяляе адно ад другога. На мяжы восені і зімы. □ Цяпер .. [Рыгор] лішні раз адчуў, што ў яго жыцці прайшла высокая мяжа, паабапал якое два розных светы. Гартны.

3. перан. Норма, рубеж чаго‑н. дазволенага, магчымага. [Вікторыя Аркадзьеўна] ніколі не дазваляла ні сабе, ні .. [мужчынам] пераходзіць пэўную мяжу як у гаворцы, так і ва ўчынках. Паслядовіч. Сонца ўсё перагрэла, напаліла да апошняй мяжы, здаецца, расплавілася само. Ракітны. [Машыны] могуць быць яшчэ больш дасканалымі, больш прыгожымі, больш зручнымі, бо няма мяжы прагрэсу тэхнікі. Лынькоў.

•••

За мяжой — у замежных дзяржавах.

За мяжу — у замежныя дзяржавы.

З-за мяжы — з замежных дзяржаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)