гуля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е; незак.

1. з кім-чым і без дап. Забаўляцца, пацяшацца (звычайна пра дзяцей).

Г. з катом.

Г. у жмуркі.

Дзеці гуляюць у кубікі.

Зробіш урокі — можаш г.

2. Хадзіць адпачываючы; прагульвацца.

Г. у парку.

3. у што. Праводзіць час за якім-н. спартыўным заняткам.

Г. у футбол.

4. перан. Перамяшчацца ў розных напрамках; распаўсюджвацца.

Па хаце гуляе вецер.

За акном гуляе завіруха.

Па твары гуляла ўсмешка.

5. Мець выхадны дзень, не працаваць.

Г. цэлы дзень.

6. Быць свабодным, незанятым (пра зямлю, рэчы і пад.).

Агарод гуляе.

7. Весяліцца (з танцамі, песнямі, музыкай).

Г. да ночы.

Г. вяселле.

8. з кім. Быць у блізкіх адносінах; любіцца (разм.).

Гуляць з агнём — брацца за рызыкоўную справу, не думаючы аб выніках.

Гуляць у маўчанку (разм., неадабр.) — ухіляцца ад размовы.

|| зак. пагуля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е і згуля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е (да 3 знач.).

|| аднакр. гульну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 7 знач.).

|| наз. гульня́, -і́, ж. (да 1 знач.) і гуля́нне, -я, н. (да 1, 2, 5 і 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Тапы́рыць ’паднімаць, ставіць тарчма, настаўляць (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц.), тапы́рыць ’апранаць з шыкам’ (Нас.), тапы́рыць ву́шы ’стрыгчы вушамі (пра каня)’ (Жыв. св.), тапы́рыцца ’стаяць тарчма, напружвацца, супраціўляцца’ (ТСБМ), ’распускаць пер’е, настыбурчвацца’ (Шат., Гарэц., Нас.), ’гневацца, злавацца’, ’апранацца з шыкам’ (Нас.), ’задавацца, фанабэрыцца’ (Некр. і Байк.), сюды ж тапы́ря ’капрызнік, капрызніца’ (Юрч. Фраз. 2), тапы́рны ’горды, напышлівы, вычварны’ (Шпіл.). Укр. дыял. топи́рити ’натапырваць’, рус. топы́ритъ ’падымаць дыбка, натапырваць’. Да пы́рыць (гл.), якое, як мяркуюць, роднаснае да пяро́, пе́р’е (ЕСУМ, 5, 598; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 98), што неабавязкова. Пачатак слова ідэнтыфікуюць з экспрэсіўным ‑то‑ ў рус. растопы́ритъ ’развесці, расставіць’ (Фасмер, 3, 446; сумненні гл. Пятлёва, Этимология–1978, 66), або выводзяць з прыстаўкі ото‑ ў рус. отопы́риться ’надуцца, наставіцца, распушыць пер’е’, гл. Тадораў, Зб. Варбат, 361: тут адмаўляецца агульнае паходжанне з рус. топо́рщить ’тс’ (гл. тапоргичыць, тапыршчыць). Несумненна збліжэнне некалькіх этымалагічна розных, але блізкіх па значэнні слоў, параўн. яшчэ тапарашчыць, тапурыць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бібліятэ́ка, ‑і, ДМ ‑тэцы, ж.

1. Падабраны пэўным чынам збор кніг, які з’яўляецца прыватнай або грамадскай уласнасцю. Класная бібліятэка. □ Кніг з сабой [Валерый] захапіў мала, усе даўно перачытаў, а ў прарабавай бібліятэцы толькі тэхнічныя даведнікі і падручнікі. Б. Стральцоў. У дзедавай бібліятэцы я натрапіў на зборы легенд і казак. Бядуля. // Назва серыі кніг, блізкіх па тыпу або прызначаных для пэўнай катэгорыі чытачоў. Бібліятэка настаўніка. Бібліятэка паэта.

2. Установа, якая збірае і захоўвае кнігі і іншыя друкаваныя і рукапісныя творы, прапагандуе і выдае кнігі чытачам. Гарадская бібліятэка. Публічная бібліятэка. Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна. □ І цяпер нікога з хлопцаў у пакоі не было: хто пайшоў у бібліятэку, хто ў кіно. Шахавец. // Будынак названай установы; пакой, у якім захоўваюцца кнігі.

•••

Бібліятэка-чытальня — бібліятэка з залай для чытання, якая абслугоўвае масавага чытача.

Бібліятэка-перасоўка — бібліятэка, якая перыядычна мяняе сваё месцазнаходжанне.

[Грэч. biblíon — кніга і thēkē — сховішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наблі́зіць, ‑бліжу, ‑блізіш, ‑блізіць; зак.

1. каго-што. Прысунуць блізка да каго‑, чаго‑н. [Палагея] наблізіла твар да самай шыбы. Шамякін. // Зрабіць больш блізкім у прасторавых адносінах, змясціць блізка або бліжэй да чаго‑н. Наблізіць вытворчасць да крыніц сыравіны. □ [Грушэўскі:] — Горад трэба наблізіць больш да прыроды. Мурашка.

2. перан., што. Зрабіць такім, які адпавядае інтарэсам, патрабаванням каго‑, чаго‑н. Уся работа з’езда [пісьменнікаў Беларусі] была прасякнута імкненнем наблізіць літаратуру да надзённых задач сучаснасці. Гіст. бел. сав. літ.

3. што. Зрабіць больш блізкім па часу, паскорыць надыход чаго‑н. Сваімі баявымі справамі партызаны і падпольшчыкі намнога наблізілі час вызвалення Беларусі. «Маладосць».

4. каго. Дапусціць да больш блізкіх адносін з кім‑, чым‑н. Здарэнне з Максімам не аддаліла ад яго Веру, а наадварот, наблізіла. Машара.

5. каго-што. Зрабіць падобным на каго‑, што‑н., блізкім да каго‑, чаго‑н. Наблізіць пераклад да арыгінала. □ Каб наблізіць сваю ролю да ролі прамоўцы на сходзе, Пракоп кашлянуў, устаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Млець ’траціць прытомнасць, свядомасць’, ’абміраць’, ’слабнуць, нямець’, ’вянуць’, ’баяцца’, ’доўга парыцца ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Шат., Гарэц., Растарг., ТС; тураў., КЭС; КЭС, лаг.; смарг., Сл. ПЗБ). Укр. млі́ти, рус. млеть, ст.-рус. мьдлити, польск. mdleć, чэш. omdlíti, ст.-чэш. mdléti, славац. mdlieť, славен. medléti, medȅl, medlȇn ’слабы, худы’, харв. mlȇdan ’худы’, ст.-ц.-слав. мъдлъ. Не зусім яснае слова. Паводле Скока (2, 442), харв.-славен. прыметнікі — самастойныя ўтварэнні з blijed ’бледны, цьмяны’. Бязлай (2, 175) супастаўляе славен. medléti з рус. модеть ’слабець’ (гл. бел. мадзе́ць) і з медленный (як Бернекер, 2, 64 і Фасмер, 2, 632), але і з літ. maũsti ’ныць, сумаваць, быць прыгнечаным’, выводзячы прасл. форму mъdъlъ — другую ступень рэдукцыі да muditi, аднак дапускаючы таксама і кантамінацыю розных блізкіх лексем: maleti, mleti, mlahav. Махэк₂ (356–357) апрача рус. медлить дадае яшчэ меледа́ ’прамаруджванне’, выводзячы прасл. форму mьdъ, а паводле меледи́тьmeld‑. Сюды ж бел. мля́вы ’пазбаўлены бадзёрасці, вялы, слабы, стомлены, павольны’ (ТСБМ) < мляўкі ’тс’, ’парны, гарачы, які даводзіць да млявасці’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.), млевота ’стомленасць’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́стань, ро́станькі, ро́стынькі, ростанкі, растане́, ростані ’месца скрыжавання дзвюх або некалькіх дарог’ (ТСБМ, Стан., Касп., БРС, Гарэц., Нік., Бяльк., Нар. Гом., Нас., Яшк., Байк. і Некр., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Кос., Мікуц.; полац., Янк. 2), ростань ’дарога на бязлеснай мясцовасці’ (віц., Рам.); ро́стыні, растанькі ’скрыжаванне дарог’ (гарад., рэч., ЛА, 2); растанькі́, растаньке́, рыстанкі́, растанцы́, растанцэ́, ро́станькі, ро́станкі, ро́стункі, растані́, ро́стані, растайне́, раста́нішча ’месца, дзе дарогі разыходзяцца, ростані’ (ЛА, 2); на ро́станях ’у стане вагання пры выбары далейшага шляху’; ро́стань ’час, праведзены далёка ад блізкіх’ (ТСБМ). Ст.-рус. росстани, ростани ’скрыжаванне дарог, ростані’ (1524 г.), рус. дыял. росста́нка ’скрыжаванне дарог, ростань’, ро́сстань, роста́нь ’разгалінаванне дарог’, росстани ’месца за вясковымі весніцамі, дзе развітваліся з нябожчыкам’; польск. rozstaj, rozstajne drogi, ст.-польск. drogi rozstanne; славен. razstânek ’раставанне’, razstáti se, razstâjati se, серб. ра̀станак і харв. rȃstanak ’расстанне, разлука’, ра̀стајаті се ’разлучацца’. Можна дапусціць першаснае прасл. *orz‑stajь ’перакрыжаванне дарог’; на гатую лексему пазней паўплывала аддзеяслоўнае ўтварэнне *prz‑stanьje ’расстанне’, і ў частцы дыялектаў у выніку кантамінацыі ўтварылася *orz‑stanjь > ростань. Сюды ж пазнейшае ростань ’расстанне, разлука’ (Гарэц.), ’усялякае расстанне’ (Мядзв.). Параўн. расстанне, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ну́дзіць, ‑дзіць; безас. незак.

1. Пра млосны стан, які бывае перад рвотай. Хлопцы вярнуліся да рукзакоў, той-сёй прыклаўся да сваіх пляшак, бо самалёт добра кідала і некаторых пачало нудзіць. Новікаў. Ванду нудзіла. Каб не зваліцца з ног, яна прытулілася да сцяны. Мяжэвіч.

2. перан. Разм. Пра пачуццё агіды да каго‑, чаго‑н. [Шпакоўскі:] — Нудзіць мяне, калі ты ныеш. Гурскі. Мяне ўжо нудзіла ад .. [балаганных] відовішчаў. Мікуліч.

нудзі́ць, нуджу́, ну́дзіш, ну́дзіць; незак.

1. па кім-чым і без дап. Тое, што і нудзіцца. — Так, мы ўсе тут нудзім па радзіме ды па блізкіх, але... Ліба не дасказала. — Толькі ў адных больш шансаў на зварот, а ў другіх іх меней... Гартны. Цяпер.. [дзядзька Язэп] не так нудзіць, больш можа гаварыць аб Міхале — прывык патроху, што памёр ён. Чорны.

2. каго і без дап. Выклікаць, наганяць пачуццё нуды. Па-ранейшаму [Міканор] не таіў, што ўся гэта гаворка нудзіць яго. Мележ. Апошні агеньчык мой дагарае. І студзіць, і нудзіць асенні дождж. Вярба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

коро́ткий

1. каро́ткі;

коро́ткая волна́ радио каро́ткая хва́ля;

коро́ткое замыка́ние эл. каро́ткае замыка́нне;

коро́ткое чутьё охот. каро́ткі нюх;

коро́ткий уда́р воен. каро́ткі ўдар;

2. (дружественный) блі́зкі;

в коро́тких отноше́ниях, на коро́ткой ноге́ у блі́зкіх адно́сінах;

коро́ткое знако́мство блі́зкае знаёмства;

коро́ткая па́мять каро́ткая па́мяць;

коро́ткая распра́ва ху́ткая распра́ва;

ум ко́роток ро́зум каро́ткі;

ру́ки ко́ротки ру́кі каро́ткія;

в коро́тких слова́х у не́калькіх сло́вах;

до́лго ли, ко́ротко ли праз некато́ры час, ці мно́га, ці ма́ла.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Асве́р ’вага ў студні, рычаг для падымання бярвення’ (ДАБМ, карты, 242–244, тэкст, 807–810), ацьвер, асвір, асверына, асвера, асверг, асверх, свира, свиршня, свирэня, перасвир, перасверт (!), свирэць. Рус. пск., калін. асвер, освер. Ці не сюды ўкр. свірка ’вяроўка, якой замацоўваецца пуга да пугаўя’? Лат. svèrt ’важыць, падважыць’, літ. sver̃ti ’важыць, балансаваць’, svãras ’вага’, лат. svīra, sviris, svērts, svìrts, svir̃kstenis, svirstene, літ. svirksnìs, svar̃tis, svar̃stis ’асвер’. Фрэнкель (949), Фасмер (3, 156–157), Трубачоў (Слав. языкозн., V, 173) лічаць слова роднасным балтыйскім словам. Міклашыч (331) лічыў роднасным балтыйскім мовам слова освиреть (форма асвер у яго слоўніку адсутнічае); Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1154) таксама звязваў рус. освер з балтыйскім словам. Краўчук, Цыхун (Лекс. балтызмы, 15, 51), Урбуціс (Baltistica, 5, 1969, 151), Лаучутэ (Kalbotyra, 22, 2, 78), зважаючы на пашырэнне слова на тэрыторыях, сумежных з Літвой і Латвіяй, шэраг форм, блізкіх да балтыйскіх, адсутнасць у славянскім слове ўнутранай матываванасці лічаць асвер і роднасныя ўтварэнні запазычанымі з балтыйскай. З гэтым трэба пагадзіцца, прычым крыніцай шэрагу форм была, відаць, латышская мова. Пачатковае а‑ можа тлумачыцца як фанетычная пратэза (ці як захаванае ад утвараючага дзеяслова прэфіксальнае). Корань узыходзіць да і.-е. *(s)u̯er‑ ’падвешваць, падважваць; цяжкі’ (Покарны, 1150; Траўтман, 296). Гл. свер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кага́т ’бурт’ (БРС, ТСБМ), ’яма для захавання бульбы’ (Бяльк.), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’стог’ (чач., Мат. Гом.), параўн. у Яшкіна, 83, ветк. кагацішча ’месца, дзе стаяла сцірта (кагат) сена’. Укр. міргар. кагат ’куча’, дан. ’куча рыбы, па-асабліваму складзеная і пакрытая чаротам’, палес. кагата ’яма для сховы бульбы зімой’, рус. смал. кагат ’конусападобная куча бульбы ў полі’. На думку Лучыца-Федарца, БЛ, 3, 1973, 57, кагат з’яўляецца іранізмам. Лінгвагеаграфія слова быццам не супраць гэтага, аднак існуюць пэўныя фармальныя і семантычныя цяжкасці. У якасці блізкіх да магчымай іранскай крыніцы Лучыц-Федарэц прыводзіць асец. къахт ’яма’, къахын ’выдзеўбаць’, kʼахуn : kʼaxt ’капаць’. Аднак, паводле Абаева, 1, 620, гэта слова з’яўляецца параўнальна рэдкім для асец. мовы прыкладам адназоўнікавага дзеяслова, ад kʼax ’нага’, першапачаткова такім чынам, ’капаць нагой’ (аб жывёлах), а само слова kʼax не іранскае, гл. Абаеў, 1, 619. Зразумела, што ненадзейнасць асецінскай паралелі вымушае яшчэ больш сумнявацца ў патэнцыяльнай іранскай крыніцы. Апрача гэтага, значэнне ’яма’, якое дазваляе меркаваць аб сувязі іран. і слав. слоў, нельга, безумоўна, лічыць першапачатковым для слав. лексем, тым больш што словы з такімі значэннямі суадносяцца геаграфічна і ўказваюць на другасны іх характар. Слова нагадвае вандроўны культурны тэрмін, аднак крыніца запазычання невядомая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)