Жы́ла ’крывяносны сасуд’, ’частка зямной кары, запоўненая пародай або вадой’, ’асобны провад кабелю’. Рус., укр., балг., макед. жила, польск. żyła, в.-луж. žila, н.-луж. žyła, чэш. žila, славац. žila, славен. žíła ’жыла’, серб.-харв. жи̏ла ’галінка кораня, жыла, бізун’. Ст.-слав. жила ’крывяносны сасуд’, ст.-рус., ст.-бел. (Скарына) жила ’тс’. Літ. gýsla, ст.-прус. ‑gislo (у складаным слове pettegislo), лат. dzīsla ’жыла’, арм. ǰil ’жыла’, лац. fīlum ’нітка, валакно, ткань; сухажылле’. І.‑е. *g​hīslo‑, адкуль балт., слав., а таксама арм. і лац. Покарны, 1, 489; Фасмер, 2, 54–55; Мейе, Études, 420; БЕР, 1, 545; Скок, 3, 680; Тапароў, E–H, 250–251; Траўтман, 87, 90; Ачаран₂, 4, 127; Вальдэ-Гофман, 497; Эрну-Мейе, 235. Таго ж кораня жычка (гл. Брукнер, 669 і наст.). Махэк₂ (727), як і некаторыя іншыя, спрабуе пашырыць кола і.-е. роднасных слоў герм., у прыватнасці ням. Geissel ’бізун’, што, аднак, выклікае сумненні. Шанскі (1; Д, Е, Ж) не выключае (спасылаючыся на Пагодзіна, Следы, 276) магчымасці сувязі жыла з жыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́люсць, пе́лясць ’канец карыта, выступы ў ночвах, на якія клалі мыла, бялізну’ (Касп.; глыб., чэрв., пух., Сл. ПЗБ), пелюсці ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), ’папярочная дошка, прыбітая зверху ў канцах лодкі’ (пух., Сл. ПЗБ), пе́лясць ’спінка ў ложку’ (Сцяшк. Сл.), смал. пеле́стинка ’тонкая пласціна’, рус. дыял. пе́листь ’ручка карыта’, польск. дыял. peluść, peluście ’тс’, чэш. pelest ’спінка ў ложку ў галавах і ў нагах, бакавая дошка ў ложку’, мар. ’канцы каменнага карыта’. Відаць, генетычна ўзыходзіць да і.-е. асновы *pelə‑/*plē > прасл. *pelena/plena (Махэк₂, 443 і 458), якая ў слав. мовах выступае з рознымі суфіксамі. Разглядаемая лексема ўтворана пры дапамозе суф. ‑ut‑ (pelʼ‑ut‑tь > пелюсць) ці ‑et‑ (pel‑et‑tь > pelest). Семантычны бок лексемы засяроджваецца на паняцці ’тонкае, выцягнутае, плоскае’, ’абалонка’, параўн., напрыклад, зах.-бранск. пелю́стка ’невялікі квадратны кавалачак раскатанага для варэнікаў цеста’, гл. таксама пялёстакасобны лісток з вяночка кветкі’, што, магчыма, выводзіцца з *pelestъ, *pelʼustь ’канец, край чаго-небудзь’ (Борысь, SFPS, 23, 106; БЕР, 5, 139).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кале́на, -а, н.

1. (мн. кале́ні, -яў іе́нь). Сустаў, які злучае бядровую і галёначную косці; месца згібу нагі.

Сагнуць нагу ў калене.

2. (толькі мн., кале́ні, -яў іе́нь). Нага ад каленнага сустава да таза.

Узяць дзіця на калені.

3. (мн. кале́ны, -ле́н). Асобнае звяно, адрэзак у складзе чаго-н., які з’яўляецца злучэннем такіх жа адрэзкаў.

К. бамбука.

К. жалезнай трубы.

4. (мн. кале́ны, -ле́н). Частка чаго-н. непрамога, сагнутага ад аднаго павароту да другога.

К. дарогі.

К. ракі.

5. (мн. кале́ны, -ле́н). У музычным творы: асобная частка, закончаны матыў.

Салавей заспяваў на сем кален.

6. (мн. кале́ны, -ле́н), перан. У танцы: асобны прыём, фігура з эфектам.

Кадрыля на шаснаццаць кален.

7. (мн. кале́ны, -ле́н). Пакаленне ў радаслоўнай.

Мора па калена каму — нічога не страшна, нічога не цяжка.

|| памянш. кале́нца, -а, мн. -ы, -аў, н. (да 3 і 5 знач.).

|| прым. кале́нны, -ая, -ае (да 1 знач.).

К. сустаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ка́мень, -ю і -я, Т -ем, мн. камяні́, камянёў, м.

1. -ю, зб. Цвёрдая горная парода (за выключэннем металу) у выглядзе суцэльнай масы або асобных кавалкаў.

Вуліца выбрукавана каменем.

Будаўнічы к.

2. -я. Асобны кавалак такой пароды.

Збіраць камяні ля дарогі.

Каштоўны к.

3. мн. Цвёрдыя саляныя і іншыя ўтварэнні ў некаторых унутраных органах.

Камяні ў печані.

Камень на сэрцы — душэўны цяжар, гора.

Каменя на камені не пакінуць — разбурыць усё.

Кідаць каменем у каго — асуджаць, ганьбаваць каго-н.

Найшла (наскочыла) каса на камень — сутыкнуліся розныя непрымірымыя погляды, інтарэсы, характары.

Насіць камень за пазухай — мець злосць на каго-н., быць гатовым адпомсціць каму-н.

Як камень у ваду — бясследна прапасці, знікнуць.

|| памянш.-ласк. каме́ньчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.).

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый — намякаць на што-н., неадабральна адзывацца пра каго-н.

|| прым. каме́нны, -ая, -ае (да 1 знач.).

К. падмурак.

Каменны мяшок — турма.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пункт, -а, М -кце, мн. -ы, -аў, м.

1. Месца, якое характарызуецца пэўнымі адзнакамі і можа быць выкарыстана для неабходных дзеянняў.

Камандны п.

Зборны п.

Прызыўны п.

Перагаворны п.

Самы высокі п. гары.

2. Асобнае палажэнне, раздзел у складзе чаго-н. (дакумента, выкладання і пад.).

Асноўныя пункты даклада.

Выкласці па пунктах (таксама перан.: паслядоўна).

3. Асобны момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння.

Кульмінацыйны п.

4. Асноўнае паняцце геаметрыі, а таксама механікі, фізікі — месца, якое не мае вымярэння, мяжа адрэзка лініі.

П. перасячэння прамых.

П. апоры.

П. прылажэння сіл.

П. сонцастаяння.

5. Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан.

П. замярзання.

П. плаўлення.

Населены пункт — горад, пасёлак, вёска і пад., дзе пастаянна жывуць людзі.

Пункт погляду (або гледжання) на што — чыя-н. думка, погляд на што-н.

У мяне на гэта свой пункт погляду.

|| памянш. пу́нкцік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

жы́ла, ‑ы, ж.

1. Разм. Крывяносны сасуд.

2. Разм. Тое, што і сухажылле. Стаяў Патапавіч на адным сваім пункце і цяпер стаіць: не хапайся адразу за многае, а то жылы трэснуць. Кулакоўскі.

3. Трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне. Залатаносная жыла.

4. Разм. Багністае месца з падземнай крыніцай. — Тут.. [фашысты] хутка не пройдуць Вунь каля таго куста такая жыла, што засмокча іх з галавой. Шамякін.

5. Асобны провад кабелю. Правады — сотні жыл — Неслі сілу ў сёлы. Бялевіч.

•••

Выцягнуць (усе) жылы гл. выцягнуць.

Залатая жыла — пра вельмі багатую крыніцу даходу.

Ірваць жылы гл. ірваць.

Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) гл. кроў.

Напінаць жылы гл. напінаць.

На ўсе жылы; з усіх жыл — на поўную сілу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апрача́, апро́ч ’акрамя’, апро́ч ’асобна’ (Янк. Мат., Янк. I, Яруш.), апры́ч ’апрача’ (Касп.), апрі́ч ’апрача, асобна’ (Бяльк., Яруш.), опричёнки (Мядзв.), апрічо́ннік, апрічо́ння ’асобніна, прыгатаванае асобна’ (Бяльк.). Ст.-рус. опрочь, опроче ’апрача; асобна’, опричь ’апрача’, адкуль у старабеларускую мову ўжо ў XV ст. (Карскі, 1, 69). Рус. опри́чь ’апрача’, дыял. опричи́, опро́чь, опрочи́, укр. опрі́ч, опрі́че, дыял. опро́че ’апрача’, ’асобна’. Польск. oprócz, prócz ’апрача’, памор. proč ’тс’, ст.-польск. oprócz ’без’, ’акрамя’. Магчыма, славен. opríčen, ’сучасны’, pròč ’прэч’. Формы з карэнным о/а і і/ы маюць, напэўна, рознае паходжанне, прычым першасна апроч, апрача азначала ’акрамя, апрача’, апрыч і пад. ’асобна’; пазней адбылася кантамінацыя значэнняў, у выніку чаго цяпер абодва гэтыя значэнні ёсць у абедзвюх формах. Апроч, апрача — роднасныя з рус. прочий ’іншы’, прочь ’прэч’ і пад., якія Фасмер (3, 386) слушна выводзіць з кораня *prok‑ услед за Міклашычам, Младэнавым, Брукнерам, Праабражэнскім. Ст.-слав. прокъ азначала ’астатак’, а прочей тлумачылася як параўнальная форма да прыметніка прокъ, прокыи ’лішні’, а‑ трэба лічыць хутчэй за ўсё пратэзай. Заходнеславянскія формы з ‑е‑ (польск. precz > бел. прэч) тлумачаць як рэфлекс форм з ‑ъ‑ (адкуль і ‑о‑ ў рус. прочь) (Голуб-Копечны, 298). Формы апрыч і пад., магчыма, роднасныя з чэш. pryč ’прэч’; тлумачэнне вакалізму як звязанага з ъ, o, а тут сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі (гл. Праабражэнскі, 1, 654; Брукнер, 437). Старажытнарускія формы опришь, опрись, оприсьнъ (побач з опричьнъ), укр. опришок ’разбойнік’ (< ’чужы’, ’асобны’?) указваюць на магчымасць трактаваць ч як замену былога ш ці c, якія ў сваю чаргу звязаны з х; і.-е. коранем слова магло б быць *preu̯s (Покарны, 809–810, 845), параўн. прыскаць, прышч (тое, што выскачыла з-пад скуры’); для значэння ’разбойнік’ параўн. выскачка той, хто выскаквае з агульнай групы’, для значэння ’асобна’ — ’тое, што выскаквае з адзінай групы’. Гэта гіпотэза паходжання нявытлумачанага слова патрабуе, аднак, пэўных удакладненняў у сувязі з ст.-бел. опришный (XV ст., Карскі, Труды, 313), опршине (XV ст., Карскі, 1, 389), опричьныйасобны, спецыяльны, уласны’ (1562, Карскі, Труды, 206). Параўн. Хрэст. гіст., 1, 483; Гіст. мовы, 1, 107, 196. Булахаў (Працы IM, 7, 142) няўпэўнена сцвярджае, што ў такіх прыкладах шн на месцы чьн фанетычна. Але Карскі (1, 389) адзначаў, што ў старажытных помніках такая з’ява вельмі рэдкая, а прыклады даў толькі са словам опришный, опришне; Гіст. лекс., 92, адносіць опришный да паланізмаў, запазычаных у XV ст., аднак у польскай мове таго часу такое слова не адзначаецца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пункт, ‑а, М ‑кце, м.

1. Пэўнае месца ў прасторы або на паверхні чаго‑н.; кропка. Сымон нічога не бачыць навокал сябе, вочы яго блішчаць, пазіраюць у адзін пункт. Колас. Апошнім пунктам у Еўропе, дзе мы спыніліся, быў Капенгаген, сталіца Даніі. Новікаў. За невялічкай вёскай каля выгану быў самы высокі пункт ваколіцы. Бядуля.

2. Месца, памяшканне, прыстасаванне і прызначанае для якіх‑н. мэт. Камандны пункт. Назіральны пункт. Зборны пункт. Перасыльны пункт. Дыспетчарскі пункт. Прызыўны пункт.

3. Асобны раздзел, параграф афіцыйнага дакумента або якога‑н. іншага тэксту, які абазначаецца лічбай або літарай. Пункт першы. Пункт «а». □ [Сакратар абкома:] — У вашых мерапрыемствах ёсць пункт аб разгортванні сацыялістычнага спаборніцтва. Сіўцоў. // Пытанне, тэма, прадмет, пэўнае месца (думак, меркаванняў і г. д.). І калі мацерыны разважанні даходзілі да гэтага пункта, яна гатова была.. разарваць Маню на кавалкі... Васілевіч.

4. Асобны момант, перыяд у развіцці чаго‑н. Калі ўжо ўсе гэтыя справы.. дайшлі да кульмінацыйнага пункта і, можна сказаць, катастрафічнага завяршэння, .. [Тварыцкі] сам вельмі выразна сфармуляваў свае адчуванні і сваю свядомасць таго, што Слава радасная і не ведае пакутнага жыцця. Чорны. Ульянін прыход на Гармізаў хутар быў паваротным пунктам у Арыніным жыцці. Колас.

5. Адно з асноўных паняццяў матэматыкі, механікі, фізікі: месца, якое не мае вымярэнняў, не падлягае вызначэнню. Пункт перасячэння прамых. Пункт апоры. Пункт сонцастаяння.

6. Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой агрэгатны стан. Пункт замярзання. Пункт кіпення. Пункт плаўлення.

7. Адзінка вымярэння друкарскіх літар і прабельнага матэрыялу.

•••

Мёртвы пункт (спец.) — стан звёнаў механізма, калі яны знаходзяцца ў імгненнай раўнавазе.

Населены пункт — горад, пасёлак, вёска і пад., дзе жывуць людзі.

З пункту гледжання (погляду) якога або каго — у пэўных адносінах, разглядаючы што‑н. з таго або іншага боку.

Пункт погляду (гледжання) — пэўны погляд на рэчы, пэўныя адносіны да чаго‑н.

[Ням. Punkt.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпо́ха, ‑і, ДМ эпосе, ж.

1. Вялікі прамежак часу ў развіцці прыроды, грамадства, навукі і г. д., які вызначаецца якімі‑н. характэрнымі асаблівасцямі. Савецкая эпоха. Эпоха Адраджэння. □ Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла эпоху пераходу ад капіталізму да сацыялізма ў сусветным маштабе. «Звязда». // Асобны перыяд у гісторыі, развіцці якой‑н. навукі, віду мастацтва і пад. Яго [Я. Купалы] творчасць складае цэлую эпоху ў мастацкім развіцці беларускага народа, з’яўляецца славутай старонкай у гісторыі беларускай культуры. Івашын. // Перыяд у развіцці грамадства, звязаны з жыццём і дзейнасцю выдатнага чалавека. Эпоха Скарыны. Эпоха Пятра I.

2. У геалогіі — падраздзяленне геалагічнага перыяду. Верхняя эпоха мелавога перыяду мезазойскай эры.

3. У астраноміі — момант, з якога пачынаюць адлік часу, звязаны з рухам якога‑н. нябеснага цела.

•••

Сучасная эпоха — гістарычны перыяд пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізма і будаўніцтва камуністычнага грамадства, крушэння каланіялізму і перамогі нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый.

[Ад грэч. epochē — прыпынак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асо́ба (БРС, Нас., Яруш.). Рус., укр., балг. особа, серб.-харв. о̀соба, польск., чэш., славац., славен. osoba, в.-луж., н.-луж. wosoba. У старабеларускай са значэннем ’форма, сукупнасць рыс, твар’ (Гіст. мовы, 1, 219). У ст.-рус., ст.-слав. толькі особь, ст.-рус. особѣ ’особна’. Літ. asabà ’асоба’ з польскай ці беларускай (Фрэнкель, 18). У польск. osoba з XV ст. Звычайна лічаць, што назоўнік утвораны з прыслоўнага выразу о собѣ ’особна’ (Фасмер, 3, 162). Гэта, аднак, незвычайны шлях утварэння назоўнікаў. Хутчэй трэба лічыць утвораным з вядомага ўжо ў стараславянскіх помніках дзеяслова особити (сѧ) ’жыць асобна’ як бяссуфіксны назоўнік. Рускае слова, вядомае з пачатку XVIII ст., Вінаградаў, Очерк, 32; Фасмер лічыць запазычаным з польскай, а Шанскі, КЭСРЯ, 315, — агульнаславянскім. Улічваючы час фіксацыі рускага слова (прыкладна на стагоддзе пазней, чым у заходнерускіх помніках), магчыма, трэба пагадзіцца з Вінаградавым і інш. Позняя фіксацыя і старабеларускія значэнні гавораць у карысць таго, што беларускае слова трэба лічыць запазычаным з польскай, дзе пашырана, магчыма, пад чэшскім уплывам. Дзеяслоў *osobiti ўтвораны непасрэдна ад прыслоўнага выразу *о sobě ці, хутчэй, ад праславянскага прыметніка *osobъ, што захаваўся ў выглядзе асобы, утворанага ад *о sobě; адсюль і асобны (*osobьnъ); ад асоба ’персона’ — асабовы, асабісты (магчыма, на польскай глебе).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)