зака́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Запэцкаць каплямі чаго‑н.; абкапаць. Закапаць сукенку чарнілам.

2. Ка́паючы, увесці куды‑н. (лякарства). Ідучы на работу, мама загадала мне: — Вова, у дванаццаць гадзін закапаеш Наташы вочы. Васілевіч.

зака́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць капаць.

закапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што.

1. Паклаўшы ў паглыбленне, засыпаць, закідаць чым‑н. зверху. Асноўную сваю маёмасць перад ад’ездам у лес закапалі ў зямлю. Залескі. — А дзе ж вы падзелі грошы? — Закапалі, бацюшка, у стайні, каля другога стойла. Якімовіч.

2. перан. Разм. Паклёпамі, даносамі падвесці пад абвінавачванне. — Ах, паслугач панскі, глядзі ты — чалавека хацеў закапаць... Але вось сам няхай цяпер гэтага хлеба паспытае. Чарот.

3. Засыпаць, зараўнаваць што‑н. Закапаць яму. Закапаць роў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́скра, ‑ы, ж.

1. Маленькая часцінка распаленага або палаючага рэчыва. Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Стралялі іскрамі ў грубцы бярозавыя дровы. Васілевіч.

2. Яркі зіхатлівы водбліск, бліскучая кропка. Вось першы промень над зямлёю бліснуў — І іскраў у расе не пазбіраць. Панчанка. На агромністым чорным полагу неба трапяталіся зеленаватыя іскры зорак. Паслядовіч.

3. перан.; чаго. Пачатак, пробліск, праяўленне якога‑н. пачуцця, думкі, таленту. Іскра радасці. Іскра надзеі. □ Здавалася, у .. моцным целе [Майбарады] звініць кожны мускул, а ў вачах ніколі не згасалі іскры вясёлага смеху. Шамякін.

•••

Электрычная іскра — форма імгненнага электрычнага разраду.

Аж іскры з вачэй пасыпаліся — пра замарачэнне ад болю ў выніку моцнага ўдару па галаве.

Божая іскра — пра адаронасць, наяўнасць таленту ў каго‑н.

Закінуць іскру (у душу) гл. закінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачу́цца, ачуюся, ачуешся, ачуецца; зак.

1. Прыйсці да памяці, ачнуцца; акрыяць. Колькі ехала і як ехала, [Зося] не ведала. Ачулася толькі, калі конь сам на двор узышоў. Крапіва. Праз хвіліну яна ачулася, акрыяла, разгарнула крылцы і фуркнула з рукі настаўніка ў свежае веснавое паветра. Колас.

2. Падаць голас, стаць чутным; пачуцца. Першай ачулася Рагіна і выбегла з-за перагародкі. Адамчык. Рыгор пачуў стук крокаў, якія раптам ачуліся ззаду і хутка набліжаліся да іх. Гартны. Каб у нас мядзведзі вяліся. Не-е... А вось ачуліся. Пташнікаў.

3. Прачнуцца, праявіцца. [Вера:] — Шанавала я свае пачуцці да вас, таму маўчала, чакала, можа, бацькоўскае сэрца ачуецца. Дуброўскі.

4. Апынуцца. Карцела жаданне як найхутчэй кончыць дарогу, выйсці з цеснага душнага вагона і ачуцца на вуліцы Рыгі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баба́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. аднакр.

Разм.

1. Учыніць выбух, выстраліць, загрымець. Саханчук адбегся пад насып, залёг, і адразу ж гулка бабахнуў яго кавалерыйскі карабін. Асіпенка. У сто гармат бабахне гром. Лужанін. / у безас. ужыв. Разведчык дымам апісаў вялізную чорную дугу. Па ім зноў ўдарылі знішчальнікі, і ў паветры гулка бабахнула. Алешка.

2. Утварыць моцны гук ударам, стукнуць. Страшыдла знікла; а потым хвастом як бабахне па вадзе. Юрэвіч. Недзе ў сенцах глуха бабахнулі дзверы, і ўсё сціхла. Асіпенка. Зрываючыся з прывязі галля, Бабахне бэра, як скарбонка лета. І сутыкнуцца груша і Зямля — Малая і вялікая планеты. Макаль.

3. Рашуча, нечакана сказаць што‑н. Алена.. пералічыла, колькі вось такіх прапаноў марынуецца на заводзе, і нарэшце бабахнула: — Я думаю, мы можам арганізаваць грамадскае канструктарскае бюро. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паня́цце, ‑я, н.

1. Адна з форм адлюстравання свету ў мысленні чалавека, якая ўзнікае як вылучэнне і абагульненне прадметаў пэўнага класа. // Разуменне, якое адлюстроўвае найбольш агульныя істотныя ўласцівасці, сувязі і адносіны прадметаў і з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці. Паняцце трохвугольніка. Паняцце прыбавачнай вартасці. □ У паняцце «беларуская мова» ўваходзіць як беларуская літаратурная мова, так і народная мова ва ўсёй сукупнасці яе разнастайных гаворак. Юргелевіч.

2. Уяўленне аб чым‑н.; веданне чаго‑н. Кожная вышывальшчыца павінна мець паняцце аб колерах. Данілевіч. // звычайна мн. (паня́цці, ‑яў). Сукупнасць поглядаў на што‑н.; ўзровень разумення чаго‑н. Па вобразу жыцця і па паняццях земляробчы клас усёй Заходняй Еўропы прадстаўляе як бы адно цэлае. Лушчыцкі. // Разм. Здольнасць разабрацца ў чым‑н.; разуменне, меркаванне. [Дзед Сымон:] — Я вось так гляджу: павінен чалавек да ўсяго мець паняцце. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папалі́ць 1, ‑палю́, ‑па́ліш, ‑па́ліць; пр. папалі́ў, ‑палі́ла; зак., каго-што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, спёкай і пад. усё, многае. У Лядах на Нёмане стаяў партызанскі дазор, а ў зрубе.. — застава. У зрубе, а не ў хаце, таму што ад восені хат у Лядах не было: іх папалілі фашысцкія карнікі. Брыль. [Янка:] — Ты, вось, паглядзі на луг, на груды: папаліла іх сонца з вясны. А прайшлі дажджы, яны пачалі ажываць. Колас.

2. і без дап. Паліць некаторы час.

папалі́ць 2, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́; ‑льём, ‑льяце́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; ‑ліём, ‑ліяце́; пр. папалі́ў, ‑ліла́, ‑ліло́; зак., што і чаго.

Разм. Ліць доўга, неаднаразова; выліць у вялікай колькасці. Папаліць вады на грады. □ [Карызна:] — Каб мне столькі радасці, колькі кожная слёз папаліла за свой век. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

параўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак., з кім-чым.

1. Рухаючыся, аказацца на адной лініі з кім‑, чым‑н. [Фурманка] параўнялася з Цітковай хатай, потым гукі яе шырока рассыпаліся па валасным двары. Лобан. Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Кожную раніцу, як толькі сонца параўняецца з вяршалінамі ліпы, што стаіць у канцы агарода, Тамара бярэ збан з малаком і нясе яго бабцы Кацярыне. Сіняўскі.

2. Стаць роўным, аднолькавым. І вось ён, век той чалавечы, — І параўняліся ўжо вы. Як станеш побач — плечы ў плечы І галава да галавы. Гаўрусёў.

3. Стаць нароўні з кім‑, чым‑н. у якіх‑н. адносінах. Нашы хлопцы, як заўсёды, У працы беззаганныя, Толькі цяжка параўняцца З дзеўчынай стараннаю. Русак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

партрэ́т, ‑а, М ‑рэце, м.

1. Малюнак, рысунак, вялікая фатаграфія чалавека або групы людзей. Скульптурны партрэт. □ На адной сцяне віселі партрэты Карла Маркса і Леніна. Колас. Змітрок і Таня разам глянулі на сцяну, дзе побач з партрэтам бацькі з нядаўняга часу вісеў і матчын партрэт. Ваданосаў. // Разм. Пра таго, хто вельмі падобны да каго‑н. — [Дачка] у яго адна была і, акрамя таго, — выліты партрэт нябожчыцы-жонкі. Мележ.

2. Апісанне знешнасці персанажа ў літаратурным творы. Вось як жывога, дзядзьку бачу. Я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак. Колас. // Характэрныя рысы, агульная характарыстыка каго‑, чаго‑н. Часта з адзінкавых трапных дэталей або асобных персанажаў ствараецца калектыўны партрэт воінскай масы, народа. Дзюбайла.

•••

Кабінетны партрэт — фатаграфія пэўных памераў (18×24); невялікі партрэт.

[Фр. portrait.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калы́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць. Маці дзяўчынкі .. падышла да калыскі, падвешанай да столі. Шахавец. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль.

2. перан. Месца, дзе што‑н. узнікла і атрымала развіццё. Навагрудак і Навагрудчына сталі калыскай генія вялікага польскага паэта [А. Міцкевіча]. Лойка. Вось ён, Пецярбург! .. Гняздо абсалютызму і калыска рэвалюцыйнага руху. Гартны.

3. Вісячы памост для падымання на вышыню рабочых, будаўнічых матэрыялаў і інш., а таксама для работы на вышыні. Вунь высока пад дахам ў хісткіх калысках Аздабляюць фасады майстры-маляры... Звонак.

•••

Ад (з) калыскі — змалку, з дзіцячых гадоў. Ад калыскі да магілы Выціскалі сокі, Кроў пілі, цягнулі жылы Каты-крывасмокі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мок, мокла; незак.

1. Станавіцца мокрым, вільготным; намакаць. Каля панурага старажытнага будынка караля мок пад дажджом маршчыністы стары.., зазываючы паесці гарачых сасісак. Мележ. З бярозы цурком палілася вада, мокла вопратка. Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Псавацца ад празмернай вільгаці. Дошкі Грачоў прывёз для новых сенцаў, і частку іх склаў у двары, пад сцяной хлеўчука. Частку, каб не моклі, перацягаў на гарышча. Ракітны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у вадзе або іншай вадкасці для набыцця новых якасцей. У цэбры ля студні мокла лаза. Пестрак. Ну, што, здаецца, кусок дрэва, Той чорны дуб, што ў рэчцы мок, А вось жа выйшаў кад[а]ўбок, Майстэрства дзіва. Колас.

•••

Мокнуць у гарэлцы — многа і часта піць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)